Крэчэўскі, П. Мандаты БНР : даклад / Пётра Крэчэўскі // Спадчына. – 1993. — № 1. – С. 2-10.

Крэчэўскі Пётра

Мандаты БНР

Даклад чытаны ў Беларускім Студэнскім Клюбе

ў Празе 16 студзеня 1926 г.

Усебеларускі Кангрэс 1917 г., у ліку каля 2000 дэлегатаў Іменем Беларускага Сувэрэннага Народу, абвесьціў рэспубліканскі лад на тэрыторыі этнографічнае Беларусі. Працы сваей Зьезд да канца не давёў і быў разогнаны рукамі насільнікаў — Маскоўскіх бальшавікоў. Кангрэс быў разогнаны аружнай сілай, a беларуская тэрыторыя акупавана Маскоўцамі. Давясьці справу да канца Кангрэс даручыў выбранай Кангрэсам Радзе Зьезду і Выканаўчаму Камітэту, якія, ня гледзячы на бальшавіцкі тэрор на другі жэ дзень пасьля разгрому 18.XII.17 г., сабраўшысь у Дэпо Лібаво-Роменскай чыгункі, вынясьлі рэзалюцыю, у каторай абвесьцілі сябе насіцелямі сувэрэннай улады Беларускага Народу. Рада Зьезду сабралась патаемна і ўхваліла такія пастановы:

1) лічыць, што першы Усебеларускі Зьезд разогнаны сілаю;

2) Раду Зьезду прызнаць выкаяаўчым органам Зьезду;

3) папоўніць Раду Зьезду дэлегатамі зямляцтва;

4) — 5) лічыць распушчанымі ўсе беларускія арганізацыі, існаваўшыя дагэтуль, апроч, цэнтральнай Вайсковай Рады, якая існуе як орган, падуладны Радзе;

6) склікаць другі Усебеларускі Зьезд у найкаротшы тэрмін і

7) для павялічэньня аўтарытэту Рады, Прэзыдіумам Рады зрабіць Прэзыдіум Зьезду, павялічыўшы яго адным намесьнікам Старшыні і двумя Сэкрэтарамі.

(Зборнік «Беларусь», бал. 199-200)

Рада Зьезду, папоўненая прэдстаўнікамі з мейсц, у 1918 г. перэтварылась у Беларускі Парлямэнт — Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, a Выканаўчы Камітэт у Раду Народных Міністраў.

У такім выглядзе, на падставе права самаакрэсьляньня народаў, пастаноў Усебеларускага Кангрэсу і абвешчэньня Рады Рэспублікі 25 сакавіка 1918 г.- была вызнана Беларуская Дзержава — Беларуская Народная Рэспубліка.

З гэтымі актамі лічылісь ня толькі нашы прыяцелі, але і нашы ворагі. Гэта мы бачым з тых заяў, якія былі зроблены на перэгаворах у Рызе Старшынямі Расейскай і Польскай Дэлегацый.

Старшыня Савецкай Дэлегацыі Іоффе ў сваей дэклярацыі 24 верасьяя 1920 г. на 7-м сходзе расейска-польскай Канфэрэнцыі заявіў: «Выходзячы з поўнага прызнаньня прынцыпу самаадзначэньня, РСФСР ужо ў 1917 г. прызнала і нязьменна прызнае безумоўна і без усякіх агранічэньняў незалежнасьць і сувэрэннасьць Польскай Рэспублікі; у 1918 г.- незалежнасьць Украіны і Беларусі, a ў 1920 г. падпісала мірную ўмову з Незалежнай і Сувэрэннай Літоўскай Рэспублікай».

Toe самае заявіў і Старшыня Польскай Дэлегацьгі Домскі 4 кастрычніка 1920 г.:

«Польская Рэспубліка, не чакаючы пачыну з боку Расеі, вызнала незалежнасьць Літвы, Украіны і Беларусі».

(Акт Рэгэнцыйнай Рады 1918 г.)

На падставе гэтых заяў Рыжская ўмова 18.ІІІ.21 г. сьцьвердзіла гэта прызнаньне. § 1 умовы гаворыць:

«Абедзьве дагаварываючыяся стараны, згодна прынцыпу самаадзначэння народаў, прызнаюць незалежнасьць Украіны і Беларусі».

Акупанты беларускай тэрыторыі як на Захадзе (Палякі), так і на Усходзе (Расейцы), прызнаўшы сувэрэннасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, a тым самым і яе законадаўчыя і выканаўчыя органы, бэз згоды і ў адсутнасьці на Канфэрэнцыі Рады Рэспублікі і Ураду падзялілі паміж сабой Беларусь Рыжскай умовай і сталі шукаць спосабаў набыць нейкіх, хоць і заведама фальшывых, сувэрэняых правоў на тыя тэрыторыі, якіх яны пазбавілі адна другую. Гэты момант у тым-жа § Рыжскай умовы зафіксаваны так:

«Расея і Украіна адмаўляюцца ад усякіх правоў і дамаганьняў на землі, распаложаныя на Захад ад граніцы.

Са свайго боку, Польшча адмаўляецца на карысьць Украіны і Беларусі ад усіх правоў і дамаганьняў на землі, распаложаныя на Усход ад гэтай граніцы».

Важна адзначыць тут, што афіцыяльных прадстаўнікоў ад Савецкай Беларусі на Канфэрэнцыі не было, a таму і Іоффе не адважыўся побач з Расеяй і Украінай сказаць, што і Беларусь адмаўляецца ад зямель, ляжачых на Захад ад Рыжскай граніцы.

Само сабой разумеецца, што ні Расея, ні Польшча ня мелі права як прэтэндаваць на беларускую тэрыторыю, так і адмаўляцца ад той, іншай часткі не належачэй ім зямлі, згодна папярэдняму вызнаньню незалежнасьці і сувэрэннасьці Беларусі.

РСФСР на Усходзе знашла выхад і абвесьціла паўторна, як толькі ўбачыла, што вайна 1920 г. праграна, Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, Улада, утвораная Маскоўскімі акупантамі, сама сабой прэтэндаваць на сувэрэннасьць не магла. Тут запанавала дыктатура прышлага маскоўскага пралетарыяту над Беларускім сялянствам з некаторай дамешкай і нацыянальна-беларускага элемэнту камуністычных напрамкаў. Гэта не была воля народу, a прымус акупантаў.

Зусім іначэй глядзела на справу Польшча. Страціўшы надзею на граніцы 1772 г., Польшча не хацела адмовіцца ад нейкага сувэрэнітэту на падставе гістарычных правоў Люблінскай вуніі 1569 г. на значную частку Заходняй Беларусі, 3 Менскам уключна. Дзеля гэтага Пілсудскі і Падарэвскі, прыкінуўшысь прыяцелямі Беларусі, угаварылі Старшьшю Рады Міністраў Луцкевіча ў Парыжу выехаць у Варшаву і Менск, каб там распачаць нібыто дзержаўную дзейнасьць і склікаць чарговую сэсію Рады. Гэта абецанка была дана пад варункам, што Луцкевіч угаворыць Раду і беларускае грамадзянства стаць на лаяльны шлях да Польшчы.

Фальш і недарэчнасьць гэтай справы была вочывіста для ўсіх загранічных прэдстаўнікоў Беларускай Дзержаўнасьці, але суперэчыць гэтаму і адмовіцца ад паездкі ў Менск на чарговую, быццам сэсію Рады, было немагчыма, бо варункі складалісь так, што бэз іхняга ўдзелу пастанова аб лаяльнасьці да Польшчы была-б вынесена абавязкова, так як на гэтым грунце ўжо даўно працаваў Нацыянальны Камітэт у Менску і да яго далучыўся ня толькі Старшыня Рады Народных Міністраў Луцкевіч, але і Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Лёсік са сваім Намесьнікам Уласавым.

Пілсудскаму і яго спадручнаму у Менску — Ваевудскаму, хацелася атрымаць ад Рады Рэспублікі мандат на сувэрэнітэт у Заходняй Беларусі.

Калі высьветлілась, пасьля прыезду загранічных дэлегатаў у Менску, што большасьць Рады настроена варожа да Польшчы і ні на якія кампрамісы з Польшчай пайсьці не можа, тады Ваевудскі, паманіўшы міліонамі перад палёнафільскай часткай Рады, запатрабаваў расколу Рады. Але настрой у Радзе і паміж беларускім грамадзянствам быў настолькі варожы да Польшчы і перэкідчыкаў — Радных, што пакорные Пілсудскаму сябры Рады не адважыліся прысьці на сход Рады 13 сьнежня 1919 г.

Сход Рады за прысутнасьцю кворума адбыўся бэз палёнафілаў і замест прывітаньня Пілсудскаму, як яны прапанавалі, выняс рашучы пратэст супроць акупантаў.

Рада Б. Н. Р. не здрадзіла сувэрэнітэту свайго народу і захавала мандаты і правы на ўладу.

Новаабранаму Прэзыдіуму Рады былі перэданы вярхоўныя правы Беларускага народу, да тае пары, пакуль яны ня будуць мець магчымасьці зьвярнуцца на Бацькаўшчьшу.

Аднак, ня гледзячы на такі абарот справы, на другі ці трэці дзень пасьля праўнага і паўнамочнага сходу Рады адбыўся і прыватны сход адкалоўшыхся палёнафілаў, якія пабаяліся выявіць свой твар перэд Беларускім народам, і яны, зыйшоўшысь на кватэры Уласава, стварылі фальшывы прэдстаўнічы орган Беларускага народу, патрэбны для Палякоў, пад назвай «Найвышэйшай Рады».

Але пачуцьцё «Найвышэйшых» было надзвычайна дрэннае, бо нават і Палякі абачылі, што ніякай юрыдычнай цэннасьці такая ўстанова мець ня можэ і на яе падставе прэтэндаваць на голас Беларускага народу, a тым баржджэй на сувэрэннасьць Беларусі, не прыходзіцца.

Пры такіх варунках нават Старшыня Польскай Дэлегацыі Домскі ў Рызе ня мог карыстацца заявай Найвышэйшай Рады, падпісанай Іваноўскім, што беларускі народ згаджаецца на культурна-нацыянальную аўтаномію ў Польшчы. Здрада Найвышэйшай Рады стала яснай ня толькі для Палякоў, але і самых «Найвышэйшых». Свае мандаты, як нікому непатрэбныя сьведкі абмылак і здрады, прывёз у Рыгу і здаў Радзе Рэспублікі адзін з членаў Найвышэйшае Рады ў 1921 г.- Тэрэшчэнка.

He ўдаўшаяся спроба захопленьня мандатаў праз Раду Рэспублікі прьшусіла Польшчу шукаць абходнага спосабу пры дапамозя Віленскага Сойму, скліканага на 8 студзеня 1922 г.

Усьвядомленае сваей нацыянальнасьці і сваіх правоў, як нам вядома, беларускае жыхарства байкатавала выбары ў Сойм. Сойм праваліўся, скампрамітаваўшы Польшчу ў вачах Эўропы і яшчэ больш падкрэсьліў значэньне мандатаў Б. Н. Р. Але Польшча ня траціла надзеі і надалей.

У зьвязку з тым, як з часам умацоўвалася становішча акупантаў беларускіх тэрыторый, і асабліва пасьля прызнаньня «Статус-кво» пастановай Амбасадараў 14 сакавіка 1923 г. за Польшчай і прызнаньнем некаторымі з вялікіх дзяржаў Антанты РСФСР, — стала павялічацца смага і на беларускія мандаты.

Старыя спосабы былі немагчымы, жыхарства як пад Польшчай, так і ў Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік адносілась варожа да акупантаў. Трэба было знайсьці новы спосаб — спосаб раскладу самога Ураду і Прззыдіуму Рады. Польшча натраўлівала на кампрамітацыю беларускіх дзержаўных устаноў — беларускіх палёнафілаў, РСФСР — камуністаў у Менску і камуніствуючых у Вільні, a Літва ўжо ўнясла заразу раскладу ў самы Урад.

Гэнай бруднай справай занялася і частка С-Р. партыі заграніцай. (Извещение 8.ХІІ.23 г.)

Літва скарысталася цяжкім матэрыяльным становішчам Рады Рэспублікі і Ураду і запрапанавала Старшьше Рады Міністраў — Ластоўскаму службу на акрэсьленай пэнсыі і нейкую, для вока, беларускую культурную працу, замест шырокага супрацоўніцтва з Беларускім Урадам на падставе ўмовы 11 кастрычніка 1920 г.

Сымпатыі Ластоўскага да Літвы былі ўсім даўно ведамы, але да Гэнуэзскай Канфэрэнцыі яны ня шкодзілі беларускай справе і ня суперэчылі ўмове з Літвой.

Пасьля падачы ў Гэнуі ў 1922 г. заявы на імя Старшыні Рады Міністраў Літоўскай Рэспублікі Гальваноўскага аб перадачы Вільні Літве, на што беларусы ніколі не згаджалісь і не маглі згодзіцца бэз народнага вырэшэньня, Ластоўскі, a таксама і Цвікевіч, падпісаўшы гэную заяву, змушаны былі падацца ў адстаўку. Адстаўку ў адсутнасьці Старшыні Рады Рэспублікі прыняў Намесьнік Старшыні В. Захарко. Пры звароце з Прагі Старшыні Рады Рэспублікі пры новых умовах і адказе як Ластоўскага, так і Цвікевіча ад паданай заявы, часова была ўтворана Дзержаўная Калегія пад кіраўніцтвам Старшыні Рады, у якую былі запрошаны, за адсутнасьцю людзей за граніцай, зноў Ластоўскі і Цвікевіч. Аднак ужо пасьля ўсяго таго, што было, — прошлай салідарнасьці не заставалася і адносіны паміж сябрамі ўраду с кожным днём псавалісь, і надалей працаваць у такіх умовах ужо было немагчыма.

20 красавіка 1923 г. Ластоўскі змушан быў выйсьці ў адстаўку і са складу Калегіі, падаўшы такую заяву:

«Яго Дастойнасьці пану Маршалку Прэзыдыуму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Высокапаважаны Пётр Антонавіч. Пры існуючых узаімаадносінах далейшую працу лічу для сябе немагчымай, a дзеля гэтага прашу Вас ад сягоняшней даты лічыць мяне выбыўшым са складу Дзержаўнай Калегіі. Прыміце запэўненьне ў належнай да Вас пашане і прыхільнасыц. В. Ластоўскі».

Пратаколам ад таго 20 красавіка 1923 г. адстаўка Ластоўскага была прынята.

Ластоўскі адышоў, адмовіўшысь зусім ад палітычнай справы, абецаючы ня толькі не перэшкаджаць справе, a нават памагаць (той-жа пратакол 20.IV.23 г.).

Аднак з ад’ездам Рады Рэспублікі і Ураду ў Прагу Ластоўскі мусіў рабіць ня тое, што яму хацелася, a тое, што прыказываў Літоўскі Урад. Хутка прышлося абачыць Ластоўскага ў Жэнэве як беларускага прэдстаўніка ў ролі абаронцы Літоўскіх інтэрэсаў.

У гэтай супэрэчнасьці з яго заявай адыгрывалі не малую ролю і асабістыя ўзаімаадносіны паміж Ластоўскім і Цвікевічам, які таксама адмовіўся ехаць у Прагу, ссылаючысь на сваё фамілійнае становішча, a фактычна сачыўшы нейкія свае асабістыя мэты.

Перад ад’ездам у Прагу паўстала пытаньне і аб утварэньні новага Ураду. Цвікевіч зусім не адпавядаў становішчу Старшыні, бо і да яго ўжо не было веры пасьля Гэнуэзскай заявы, але, нажаль, і не было другой, адпаведнай гэтаму становішчу асобы. Прышлося даручыць утварэньне габінэту ўсё-ж такі Цвікевічу, асабліва пасьля яго раптоўнай і скромнай заявы, што яму будзе надзвычайна непрыемна, калі старшынства будзе аддана другому, бо ён на правох былога намесьніка Старшыні ў сваю апошнюю паездку ў Прагу рэкамэндаваўся Чэхаславацкаму Міністру Загранічных спраў як Старшыня Рады Міністраў Б. Н. Р.

Прышлося зрабіць уступку, але ўсё-ж такі, ня верачы яму цалкам, абмежыць яго дзейнасьць, аб чым можэ сьведчыць ніжэй паданая пастанова:

ПРАТАКОЛ

Аб’еднанага Сходу Членаў Прэзыдіуму Рады і Ураду Б. Н. Р. ад 23 жніўня 1923 г. м. Коўна.

Былі прысутны: П. Крэчэўскі, А. Цвікевіч, В. Захарка, Л. Заяц, Я. Варонка і У. Пракулевіч.

СЛУХАЛІ:

1. Заяву Старшыні Ураду Б. Н. Р. А. Цвікевіча аб стварыўшымся Урадзе ў складзе: Старшыні Рады. Міністраў і Міністра Загранічных Спраў А. Цвікевіча, Міністра Асьветы Я. Варонкі, вык. аб. Міністра Фінансаў В. Захаркі, Дзержаўнага Кантралёра Л. Зайца і Дзержаўнага Пісара У. Пракулевіча.

ПАСТАНАВІЛІ:

2. Новы склад Ураду прыняць да ведама. Падцьвердзіць, што ўся праца Ураду вядзецца згодна пастановы Рады Рэспублікі ад 13 сьнежня 1919 г. Прэзыдіумам Рады і Радай Народных Міністраў супольна пад кіраўніцтвам Старшыні Рады Рэспублікі П. Крэчэўскага.

УВАГА: Прэзыдіум Рады і Рада Народных Міністраў асобна не заседаюць.

Старшыня Рады Рэспублікі П. Крэчэўскі, Старшыня Рады Міністраў А. Цвікевіч, сябры Рады Мітстраў: В. Захарка, Л. Заяц, Яз. Варонка, Дзержаўны Пісар У. Пракулевіч.

2 лістапада 1923 г. Рада і Урад аканчальна пераехалі ў Прагу і там як эмігранты знайшлі поўную падтрымку з боку Чэхаславацкага Ураду на роўне з усімі эмігрантамі народу быўшае Расеі. Цвікевіч хоць і застаўся ў Коўне, але карыстаўся аднолькава з усімі падтрымкай і ў гэты самы момант углядаўся то на Літвіноў, то на Савецкую Беларусь.

Літва, жадаючы падтрымаць Ластоўскага, агітавала сама на Віленшчыне супраць Беларускага Ураду і ўжывала для гэтых мэтаў Ластоўскага. Увесь час х-дэкі Беларускія ў Вільні былі ў зносінах з х-дэкамі Літоўскімі, у руках якіх была ўлада.

Началі гаварыць, што трэба дагаварыцца беспасярэдня з Віленшчынай, абмінаючы Урад, і вясьці справы з народам. Ластоўскі ў сваіх мэтах гэта падтрымліваў. Віленшчына пачала гутаркі аб спыненьні працы Ураду і перэтварэньні яго для культурнай працы ў Нацыянальны Камітэт. Прыслана была нават нейкая дзікая пастанова Краёвага Цэнтру ад 11 лютага 1924 г., дзе прапанавалася спыніць працу Ураду, на што яны ня мелі ніякага права, і залажыць Камітэт, які бы зьвязаўся з Лігай Нацый, a ўсім арыентавацца на Усход, пакінуўшы для культурнай працы ў Літве Ластоўскага.

Думка аб спыненьні Ураду падхапілася камуністамі, якія пачалі напіраць у гэтым сэнсе на спрыяючых ім паслоў Беларускага Пасольскага Клюбу ў Варшаве праз Варшаўскае Полпрэдства.

Такім чынам да раскладаючэй працы Ураду БНР Польшчы і Літвы далучылася Масква і стала сачыць за гэтай справай. Два гады рабіліся падкопы пад Беларускую Дзержаўнасьць, і справа ніяк не ўдавалась, бо на варце даручаных яму інтарэсаў беларускага народу цьверда стаяў Прэзыдіум Рады.

Нарэшце ў 1925 г. камуністы захапілі ў свае рукі беларускія галоўкі ў Вільні і пачалі націскаць, як мы даведаліся толькі пасьля Бэрлінскай Канфэрэнцыі, яа Цвікевіча, патрабуючы здачы мандатаў БНР.

Аб гэтым гаварыла і адбыўшаяся 2 верасьня 1925 г. нарада, аб якой Цвікевіч Прэзыдіуму Рады да Бэрлінскай Канфэрэнцыі не дакладаў. A паміж іншым там Цвікевіч, ня маючы ніякага права гаварыць за Раду Рэспублікі, Прэзыдіум якой толькі і мог вясьці размову аб мандатах, абяцаў здаць мандаты, склікаўшы канфэрэнцыю ў Бэрліне.

Прэдстаўнікі Віленшчыны і Савецкай Беларусі, хоць і абяцалі зьявіцца на Канфэрэнцыю, але яе зьявілісь, ня хочучы браць адказнасьць за авантуру Цвікевіча.

Да самага моманту скліканьня канфэрэнцыі 10 кастрычніка ніхто ня ведаў, што будзя за канфэрэнцыя і хто сапраўды на ёй будзе. He вядома было нават, на які кошт канфэнцыя склікаецца.

Акрэсьляна з нахілам на Менск Цвікевіч выступаць баяўся, ведаючы, што спачуцьця ў гэтым напрамку яго акцыя мець ня можэ, a таму працаваў паціху. Зьвязаны пратаколам 23 жніўня 1923 г. Цвікевіч адкрыта выступаць і ня мог, бо яго Старшынства было фікцыяй. Трэба было законспіравацца і, апіраючысь, быццам-бы, на Край, напіраць усе сілы на ліквідацыю Ураду.

Прыкрывалась гэта і перэгаворамі з Літвой. Літва была зацікаўлена ў ліквідацыі Ураду, каб дагаварыцца з прыватнымі асобамі ў стасунку да Вільні і Віленшчьшы, вырваўшы ад іх прызнаньне Вільні за Літвой.

Патайные перэгаворы з камуністамі Менска і Масквы падавалі надзеі Цвікевічу, што камуністы за перэдачу мандатаў даруюць яму ўсё прошлае і ўзнагародзяць добрай пасадай у Менску. Але, нажаль, камуністы ня зналі ці не хацелі знаць, што гэтыя мандаты Цвікевічу не належаць. Цвікевіч рабіў выгляд, што ён гэта зрабіць можэ, калі толькі раней аб гэтым ніхто не даведаецца. Дзеля гэтага ў свой прыезд у Прагу Цвікевіч запэўніў усіх, што справа аб мандатах на канфэрэнцыі ставіцца не будзе, a на нарадзе 2 верасьня сам па сабе згодзіўся перэдаць мандаты Менску.

Каб таемніца не раскрылась, невядомым нам чынам пасьля перэгавораў з Пурыцкісам, быўшым Міністрам Загранічных Спраў у Літве, Цвікевіч вырваў ад Літвіноў 3000 літаў на канфэрэнцыю і рабіў уражэньне, што гэта канфэрэнцыя склікаецца для абгавораў Літоўска-Беларускіх узаемаадносін, a не з той мэтай, якую сачыў Цвікевіч і ўжо атрымаў грошы ад бальшавікоў.

Таемніца гэта была раскрыта толькі ў Бэрліне, калі на абгавор была пастаўлена зьменнатычніцкая рэзалюцыя і за яе галасавалі тыя, хто, як відаць, раней быў у змове з Цвікевічам, але яшчэ поўнасьцю не аддаваў сабе адчоту ў тым, што гэта ёсьць авантура прадажы мандатаў.

Ніхто не сумлеваўся ў тым, што Менск становіцца цэнтрам культурна-нацыянальнай працы ва Усходняй Беларусі, як і прызнаваў у гэтым яго дасягненьня. Але нам таксама было вядома, што ўся палітычная і эканамічная праца ў Савецкай Беларусі вядзецца чужынцамі, элемэнтам прышлым, нічога супольнага з Беларусьсю ня маючым. Да гэтае пары Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка не мае сваей беларускай камуністычнай партыі, a мае сэкцыю Усесаюзнай камуністычнай партыі на Беларусі.

Але партыя РКП, цяпер Усесаюзная, хацела мець мандаты БНР як сувэрэннай установы ня толькі на Усходнюю, но і на Заходнюю Беларусь. Торг з гэтага і пачаўся.

Як крумкачы сядзелі за вуглом прыёмшчыкі мандатаў Ульянаў і Жылуновіч у Бэрліне, прысланыя з Менску, каб заплаціць сваіх 30 срэбрэнікаў Цвікевічу за жывую душу Беларускага народу.

Паводжэньне Членаў Ураду Зайца і Пракулевіча было невыразнае ня гледзячы на тое, што пры ад’езьдзе з Прагі ім дана была інструкцыя, абгавораная ўсімі разам, a з іхняга боку падана заява аб адстаўцы. Вось гэта заява:

«Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі П. Крэчэўскаму. Прымаючы пад увагу, што пытаньне ліквідацыі Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі можэ быць пастаўлена на павестку дня канфэрэнцыі ў Бэрліне, просім прыняць, гр. Старшыня, нашу адстаўку, каб мець свабодныя рукі ў абароне Беларускай Дзержаўнасьці на падставе Усебеларускага Кангрэсу 1917 г.

Дзержаўны Кантралёр Л. Заяц

Выкон. абав. Міністра Фінансаў

В. Захарко

Дзержаўны Сэкрэтар У. Пракулевіч».

Прага, 4 кастрычніка 1925 г.

На заяве рэзалюцыя: Адстаўка прынята 10 кастрычніка 1925 г.

Старшыня П. Крэчэўскі.

Апрача таго, у інструкцыі гаварылась:

1. Правы Канфэрэнцыі выплываюць з паўнамоцтваў канфэрыруючых старон. Рэзалюцыі і пастановы набываюць сілы толькі пасьля зацьверджэньня іх праўнымі органамі трох частак Беларусі на раўнапраўных асновах.

2. Дэлегаты Ураду БНР едуць на Канфэрэнцыю з інфармацыйнымі мэтамі. Абмен поглядамі з адпаведнымі кіраўнікамі трох частак этнаграфічнай Беларусі і перэконаньне ў добрай волі супрацоўніцтва на карысьць адраджэньня Беларусі могуць даць дэлегатам права прыняць у Канфэрэнцыі ўдзел на стала.

3. Пры разьбежнасьці поглядаў, толькі падаўшы адстаўку на рукі Старшыні Рады БНР. Сябры Ураду могуць прыняць удзел у Канфэрэнцыі пэрсанальна, бэз адказу за іх паводжэньне Ураду.

Ня гледзячы на паданую адстаўку, невыпаўненьне інструкцыі і супроць пастановы 23 жніўня 1923 г., Члены Ураду Пракулевіч і Заяц, пад гіпнозам Цвікевіча, пайшлі на здрадны крок авантурнага рэвалюцыянізму — сэпаратнага сходу Ураду, нават бэз чацьвертага члена Ураду, прысутнага на канфэрэнцыі, В. Захарко і падпісалі пратакол прызнанья Савецкай Беларусі.

Пратэст Захарко прымусіў авантурнікаў перэглядзець пратакол і напісаць другую рэдакцыю толькі аб ліквідацыі Ураду, пад якой бы мог падпісацца і Захарко, каб спыніць авантуру Цвікевіча тут і не даць магчымасьці выступіць яму як Старшыні Рады Народных Міністраў у Менску.

Разумеецца, і такая форма не меняла зьместу авантуры і не магла мець юрыдычнага значэньня як бязпраўная з усіх бакоў пастанова.

Аднак і пасьля гэтага Цвікевіч, Заяц і Пракулевіч, падпісаўшысь як Міністры, прылажылі сваю першую пастанову як дадатак да пратаколу і перэдалі прыёмшчыкам.

Трудна думаць, каб прэдстаўнікі СССР і Менску не бачылі ўсей авантуры Цвікевіча. Усё роўна пры адстаўцы ці нават бэз адстаўкі пратакол аб ліквідацыі Ураду, a тым баржджэй, перэдачы мандатаў бэз зацьверджэньня Старшыні Рады, ніякай вагі мець ня мог і зьяўляўся падлогам і спэкуляцыей з аднаго боку, і юрыдычным абсурдам, разьлічаным на несьвядомасьць, калі не сказаць на глупоту, як сябе, так і тых, каму гэтыя пастановы і мандаты гатавалісь.

Што гэта так, можэ сьведчыць і ліст быўшага Старшыні Ураду БНР Цвікевіча, надрукованы ў «Савецкай Беларусі» (15.XI.25, Hp. 259 /1558/), дзе авантурызм Цвікевіча знайшоў апошні свой выраз і сказаў тое, чаго не было нават у пратаколах, але на чым асабіста Цвікевіч хацеў здабыць ласку камуністаў:

«Пасьля гэтага німа нічога дзіўнага, калі Урад рашыў здаць свае мандаты і тым падкрэсьліць значэньне Менску».

Вышла падвойная авантура. Замест ліквідацыі Ураду, як установы, Цвікевіч ліквідаваў толькі сябе і сваіх таварышоў — Зайца і Пракулевіча і цяпер ад імені Ураду гаворыць у «Савецкай Беларусі», што Урад рашыў здаць мандаты.

У высьцігах выслугоўваньня перэд камуністамі гэта група зайшла так далёка, што рэзалюцыяй на канфэрэнцыі ў Бэрліне абвесьціла ўсіх, хто выступае супроць Савецкае Беларусі, здраднікамі справы вызваленчага беларускага руху («Савецкая Беларусь», 18.XI.25, Hp. 262).

Атака на Урад БНР пад уплывам камуністаў вялася на Віленшчыне даўно, але дасягнула свайго аппогею як раз у часе канфэрэнцыі.

У гэты момант былі надрукованы (Жыцьцё Беларуса, 10.Х.25 г.. Hp. 10, Беларуская крыніца, 11.Х.25 г.. Hp. 3) агідныя артыкулы, дакараючыя Беларускі Урад куском эмігрантскага чорнага хлеба, запамятаваўшы тое, што адзін пасол у Варшаўскім Сойме меў у месяц больш пэнсыі, як усе чатыры сябры Ураду разам. Ня будзем гаварыць аб тым, ці кожны з іх рабіў у чатыры разы болей працы на карысьць Беларусі, ніх Урад, но факт астаецца фактам.

Аб гэтым можна было-б і не пісаць, але той факт, што на Канфэрэнцыю не зьявілісь прэдстаўнікі Віленшчыны і Менску, калі яны лічылі, што гэта патрэбна для адраджэньня Беларусі, каб узяць на сябе адказнасьць, прымушае мяне гаварыць аб гэтым.

Гэта запатрэбаваньне ліквідацыі было ня толькі запатрэбаваньнем газэтным, але і пунктамі нарады прэдстаўнікоў Віленшчыны 2 верасьня.

Відаць, што язык гаварыў адно, a сумленьне і адкрытае выступленьне ў гэтым напрамку на Канфэрэнцыі спужалі храбрых ліквідатароў, і яны вырэшылі лепш палажыцца на авантурызм Цвікевіча, які скончыць гэту справу самаліквідацыей, гэта знача самагубствам і выдасьць ім расьпіску ў тым, што просіць у сьмерці Беларускага Ураду нікога не вініць. Як і заўжды бывае, Вільня ў гэты адпаведны момант умыла рукі.

Такім чынам, Цвікевіч і компанія ліквідавалі сябе і выкінулі свае імёны з Беларускай Незалежніцкай Групы, але ўстанова як Урад засталася. Выканаўчая ўлада да часу перайшла ў рукі Прэзыдіуму Рады і можэ быць узноўлена, калі гэта будзе патрэбна.

Юрыдычнай падставай дзеля гэтага служыць пастанова Рады Б. Н. Р.

13 сьнежня 1919 г.

Дармо гэтую пастанову са сваім выхадам са складу Беларускага Ураду хацеў скампрамітаваць і Ластоўскі, калі надрукаваў у Літоўскай газэце «Летува» (24.ІХ.25, Hp. 215) сваё абвешчэньне, дзе гаворыць:

«Беларускі Урад, выбраны ў Менску 13.XII.1919 г. Пленумам Рады БНР у працівалежнасьць яўна Палёнафільскай «Наявышэйшай Радзе», скончыў сваё існаваньне 20 траўня 1923 г., калі галава Ураду В. Ластоўскі злажыў свае паўнамоцтва. Новы Урад ня мог быць сфармаваны, так як яе было правамоцнага органу, які бы мог яго выбраць. Па Канстытуцыі Беларускі Урад павінен быў выбірацца выключна Пленумам Рады Рэспублікі».

Апрача таго, што такой пастановы не было, В. Ластоўскі дармо хацеў даказаць, што з яго адыходам ад Ураду нічога не засталося і ніхто не мае права стварыць новы Урад.

Факт нават з яго жыцьця ў бытнасьці Старшыні Ураду гаворыць зусім не на яго карысьць.

Так 6 чэрвеня 1920 г. мы маем пратакол сходу Прэзыдіуму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, запісаны ўласнаю рукою В. Ластоўскага:

СЛУХАЛІ:

Пытаньне аб тым, што некаторые Члены Ураду (Рады Міністраў) Беларускай Народнай Рэспублікі, па варункам варожых акупацый на Беларусі, не маглі ўзяць удзелу ў даручанай ім Урадовай Працы, што адбілась і адбіваецца на працы Рады Народных Міністраў.

ПАСТАНАВІЛІ:

Каб пазбавіцца шкод, якія выплываюць з гэтага ненармалышга становішча,- скарыстаць надзвычайныя паўнамоцтвы, перэдадзеныя Радай Беларускай Народнай Рэспублікі 13 сьнежня 1919 г. Прэзыдіуму Рады і даручыць Старшыне Рады Народных Міністраў, гр. Вацлаву Ластаўскаму, зрабіць належныя і вымаганыя варункамі Дзержаўнай працы рэорганізацыі габінзту Рады Народных Міністраў з уключэньнем у яе новых асоб і партфэляў.

Віцэ-Маршалак Прэзыдіуму Рады ВНР В. Захарко.

Віцэ-Маршалак Прэзыдіуму Рады БНР Палута Бадунова. Сэкрэтар Прэзыдіуму Рады БНР Яз. Мамонько.

Як бачым, у адносінах да надзвычайных правоў — вярхоўнай улады на Беларусі — Прэзыдіума Рады — і да гэтай пары нічога не зьмянілась. Здрадны адыход ад працы асоб ня можэ меняць Канстытуцыю Рэспублікі. На іх мейсцы як абаронцаў незалежнасьці, могуць быць другія людзі.

Наша нешчасьце ў тым, што на працягу ўсей дзержаўна-адраджэнскай працы мы на адпаведных становішчах выканаўчай улады бачылі мала сумленных людзей і цяпер яны апынуліся ў варожым стане свайго народу. Людзі, якія ўчора служылі ідэалу незалежнасьці і будавалі сваю палітычную кар’еру, сёньня яе паганяць…

Німа пакуль дзержавы і німа аружжа бароцца з гэтым злом, але гэта ня значыць, што мы ў роспачы павінны адмовіцца ад сваіх лепшых ідэалаў. Права не ў сіле. Часовая перэмога — ня ёсьць закон на будучыню. Рамантызм ідэі творыць рэальнасьць, a не наадварот. Рэальнасьць падпарадкоўвае слабейшых (!), a моцны духам рамантызм змагаецца і накрэсьлівае новые шляхі будучыні.

He апраўдаўшыя народнага даверра рэалісты адыйшлі ў старану ці перайшлі ў варожы стан, a цьверды рамантызм ідэі незалежнасьці і яе дзержаўных устаноў жывець далей і будзе жыць, пакуль жыве сама ідэя.

П. К.