Куварына, Т. Край, куды вяртаюцца буслы / Таццяна Куварына // Маладосць. -2006. — № 11. – С. 106-111.

І. П. Панасюк – чалавек, які імкнецца адрадзіць свой родны край — в. Лелікава.

КРАЙ, КУДЫ ВЯРТАЮЦЦА БУСЛЫ

Веска Лелікава, што ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, у адзін са жнівеньскіх дзён стала знакамітай. Па Беларускім тэлебачанні і у рэспубліканскіх газетах паведамілі, што на сродкі Івана Паўлавіча Панасюка, саракашасцігадовага прадпрымальніка з Новасібірска і ўраджэнца гэтых мясцін тут пабудаваны тэнісны корт. З’ява і сапраўды унікальная. Hi адна вёска не толькі ў Беларусі, а, можа, і ва ўсім СНД не можа такім пахваліцца.

ПАДАРУНАК РОДНАЙ ВЁСЦЫ

У дзень урачыстага адкрыцця гэтага спартыўнага збудавання і мне там пашчасціла пабываць. Мерапрыемства было прымеркавана да 468-га дня нараджэння вёскі. I яна сустрэла нас раніцай як сапраўдная імянінніца — прыбраная, упрыгожаная. Спрыяла падзеі і надвор’е, бо жнівень сёлета, як ніколі, назаляў дажджамі. Да месца падзеі нас прывялі ўказальнікі «тэнісны корт», што былі клапатліва прыбіты да слупоў. Ва ўсім адчувалася грунтоўная падрыхтоўка да свята, што вельмі ўразіла мяне і маіх спадарожнікаў — артыстаў ансамбля «Церніца» і каардынатараў праектаў грамадскай арганізацыі «Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой «Радзіма» Г. А. Навіцкую і Н. А. Тактасунаву. Хутка перад вачыма паўсталі новыя прыгожыя драўляныя пабудовы — дом з мансардай, лазня, кухня з навесам, з густам аформленае вялікае падвор’е з моднымі цяпер «альпійскімі горкамі», упарадкаванымі газонамі, і нават невялікім вадаспадам. Але асаблівае захапленне выклікала тое, дзеля чаго і была створана ўся гэта інфраструктура — тэнісны корт, які нічым не адрозніваўся ад тых, што бачыла ў сталіцы.

Сабралася шмат гасцей, мо, першы раз за свой сталы ўзрост вёска вітала адначасова столькі афіцыйных асоб і знакамітасцей. Пажадаць поспеху «наванароджанаму» прыехалі начальнік упраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Станіслаў Буко, намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканкама і намеснік Беларускай тэніснай асацыяцыі (БТА) Аляксандр Кернажыцкі, выканаўчы дырэктар БТА Анатоль Якаўлеў, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык, старшыня Кобрынскага райвыканкама Мікалай Кенда, намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Іванюк, артысты, сярод якіх Паліна Смолава, ансамбль «Церніца», вакальна-інструментальны ансамбль «Лейся, песня» з Расіі, спявак з Расіі Вадзім Казачэнка і іншыя і, бадай, галоўнымі на свяце былі зоркі тэніса сусветнай велічыні — Уладзімір Валчкоў, Вольга Барабаншчыкава, яна ж цяпер яшчэ і спявачка і тэлевядучая, і вядомы беларускі трэнер Марат Звераў (бацька і трэнер вядомай тэнісісткі Наталлі Зверавай).

Падчас урачыстага адкрыцця Кобрынскай федэрацыі тэніса «Лелікава» і аднайменнага першага ў нашай краіне сельскага тэніснага клуба шмат цёплых слоў было сказана ў адрас яго ініцыятара і стваральніка Івана Паўлавіча Панасюка. У прыватнасці, Леанід Цупрык сказаў:

— Я павінен выказаць словы ўдзячнасці чалавеку, які уклаў усе свае патрыятычныя пачуцці, любоў да роднай Беларусі ў гэты спартыўны цуд, чалавеку, які імкнецца адрадзіць свой родны край.

Адначасова- «імянінніку» ён уручыў падзячнае пісьмо, у якім ёсць такія словы: «Брэсцкі аблвыканкам выказвае шчырую падзяку за ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту ў Брэсцкай вобласці. Дзякуючы вашай настойлівасці і мэтанакіраванасці, фінансавай падтрымцы створаны ўмовы для развіцця і папулярызацыі тэніса ў вобласці».

Не хавалі сваіх эмоцый і вядомыя спартсмены, якія далі для мясцовых аматараў тэніса майстар-клас. Пасля гульні Уладзімір Валчкоў дзяліўся ўражаннямі:

— Не думаў, што ў вёсцы можна арганізаваць такое свята: пабудаваць сучасны корт, прыцягнуць зорак, запаліць адной ідэяй аматараў тэніса і кіраўнікоў раёна. Упэўнены, што для Лелікава — гэта падзея беспрэцэдэнтнага маштабу. Прыемна быць часткай гэтага мерапрыемства. Радуе, што ў Беларусі з’явіліся першыя парасткі клубнага тэніса, менавіта праз аматарскія спаборніцтвы развівалі гэты від немцы. Так у іх выраслі вядомыя Марк Шціх, Бернд Карбахер і шмат іншых. Зараз у нашай краіне тэнісу надаецца вялікая увага… Камусьці будаўніцтва корта ў вёсцы можа паказацца справай бесперспектыўнай, аднак менавіта летуценнікі і аптымісты рухаюць планету наперад. Кіраўнікі гэтага праекта бачаць у тэнісе не толькі магчымасць рабіць на гэтым прыбытак, а ў першую чаргу хочуць зацікавіць як мага больш дзяцей. Сюды ўкладзена вельмі шмат пазітыва. Хочацца верыць, што вельмі хутка пачнуць спаборнічаць адзін з адным і айчынныя клубы, садзейнічаючы з’яўленню новых беларускіх зорачак. Да таго ж гэта пляцоўка адпавядае сусветным стандартам. На такім пакрыцці мы рихтуемся ў Мінску да турніраў самага высокага ўзроўню. Акрамя магчымасці правядзення гарачых баталій, тут створаны цудоўныя ўмовы для добрага адпачынку. Спадзяюся, што калі-небудзь прыеду ў Лелікава са сваёй сям’ёй, сябрамі: палавіць рыбу, пагуляць у тэніс, пасядзець вечарам ля вогнішча.

Каля корта сустракалі гасцей юныя лелікаўчане — будучыя тэнісісты — у спартыўнай форме, пра якую таксама паклапаціўся Іван Паўлавіч. На майках і кепках надпіс «Вёска Лелікава» і бусел, якога выбралі ў якасці сімвала гэтага спартыўнага цэнтра. Дарэчы, як растлумачыў мясцовы краязнавец Пётр Шапяцюк, і назва вёскі звязана з гэтай птушкай, бо на мясцовым дыялекце «лэлека» — гэта бусел. I сапраўды, быццам у пацвярджэнне таго, што нездарма менавіта гэта птушка абрана сімвалам, якраз за дзве-тры хвіліны перад пачаткам афіцыйнага адкрыцця пачуўся клёкат, і ўсе як па камандзе паднялі галовы ўверх. Гэта было неверагодна. Нечакана і немаведама адкуль з’явілася вялікая чарада буслоў і зрабіла аблёт месца падзеі. Усе, ашаломленыя, не маглі вымавіць і слова. Потым Іван Паўлавіч запытае ва ўладыкі Іаана, епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага пра гэту з’яву і пачуе ў адказ: «Гэта было Боскае бласлаўленне».

Не хаваў свайго добрага настрою галоўны арганізатар і стваральнік:

— Я адчуваю вялікую радасць ад таго, што нешта добрае зрабіў для маіх землякоў. Увасобіць у жьщцё задуманае было нескладана, так як мяне падтрымалі сябры, супрацоўнікі, аднавяскоўцы. Праекты, якія

Юныя жыхары Лелікава сфатаграфаваліся на памяць са знакамітым тэнісістам Уладзімірам Волчковым (злева) і стваральнікам тэніснага корту Іванам Панасюком на фоне спартыўнай пляцоўкі.
Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык і Іван Панасюк адкрываюць свята —Дзень нараджэння Лелікава.

я ажыццяўляю, часта з’яўляюцца сацыяльнымі, гуманітарнымі. Заўсёды лічыў, што кожны чалавек павінен клапаціцца аб радзіме. Трэба памятаць свае карані. Прасцей за ўсё было пабудаваць такі корт у Мінску, здаваць яго ў арэнду і зарабляць грошы. Аднак у нас была іншая мэта. Гэтым збудаваннем могуць карыстацца ўсе жадаючыя зусім бясплатна, у любы час, удзень і ноччу. Для гэтага тут прадугледжана падсветка. Акрамя таго і зімой тут можна гуляць у тэніс, бо корт забяспечаны падагрэвам.

Іван Паўлавіч заклапочаны лёсам сваёй роднай вёскі, якую любіць і ніколі не забывае. Разумее, што калі нічога не рабіць, то хутка тут і корт нікому не будзе патрэбны.

Усё менш застаецца тут моладзі. У гэтым годзе толькі чацвёра дзяцей на ўсю вёску з 920 жыхароў пайшлі ў першы класс. I ўсё, што ён тут робіць — заасфальтаваў вясковую вуліцу, пабудаваў гэты комплекс— робіць дзеля таго, каб турыстычныя кампаніі рабілі на гэтым грошы, ствараючы рабочыя месцы для яго аднавяскоўцаў.

— Я хачу, каб мая вёска і любімая Беларусь квітнела, праслаўлялася, — марыць ён.

Калі яшчэ ішло будаўніцтва спартыўнага комплексу і невялікай гасцініцы з адпаведнай інфраструктурай, Урад Беларусі прыняў Нацыянальную праграму экалагічнага і сельскага турызму, і гэтая акалічнасіць не магла не парадаваць нашага суайчынніка.

Выступаючы ў якасці госця з Новасібірска — старшыні праўлення Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра «У імя святой Еўфрасінні Полацкай» на Трэцім Усебеларускім народным сходзе, які адбыўся 2—3 сакавіка 2006 года, Іван Панасюк і выказаў удзячнасць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь за тое, што ён шмат робіць для вёскі. Што ён першы за ўсю гісторыю Беларусі кіраўнік, цікавасць якога да развіцця малых гарадоў, беларускіх мястэчак і вёсак носіць не дэкларатыўны, не фармальны, а самы што ні на ёсць глыбінны характар.

— Доўгі час і сам думаў, як дапамагчы сваёй малой радзіме, і вырашыў паасабістым пачыне далучыцца да Дзяржаўнай праграмы па адраджэнні беларускай вёскі ў адным, асобным населеным пункце, дзе нарадзіўся, адкуль пайшоў у вялікае жыццё, — падзяліўся ён планамі з высокай трыбуны.

Адкрыты корт — толькі частка з задуманага. Прадпрымальнік не збіраецца прыпыняць будаўніцтва. У яго грандыёзныя планы: ён марыць узвесці ў Лелікаве два крытыя корты сусветнага ўзроўню, драўляныя гасцініцы для турыстаў на беразе маляўнічага возера Свендраж, што разлеглася ў вёсцы, недалёка ад пабудаваных ужо ; аб’ектаў. Марыць, што пра яго родную вёску даведаюцца ў свеце, што з часам тут адбудуцца сусветныя чэмпіянаты па тэнісе, не менш чым Кубак Дэвіса. А пра тое, што гэта магчыма, ніхто з тых, хто ведае Івана

Паўлавіча, не сумняваецца. Бо калі ён нешта задумвае, заўсёды дабіваецца вынікаў. Тым болей, што першая прыступка да мэты ўжо ёсць — атрыманы дазвол на правядзенне ў Лелікаве міжнародных турніраў. Ды і Марат Звераў падтрымлівае пачынанні Панасюка і кажа, што калі яшчэ будуць пабудаваны два крытыя корты — у поспеху можна не сумнявацца.

ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ ЛЕЛІКАВА

У тым, што аднавяскоўцы шчыра любяць сваю малую радзіму, было відаць па тым, што прыехалі яны на свята здалёку — з Масквы, Мурманска, Мінска, Брэста і іншых гарадоў. Такое свята тут праходзіць ужо ў трэці раз, і заўсёды з размахам і добра арганізавана. Адным з ініцыятараў правядзення такіх святаў таксама Іван Паўлавіч.

У кожнай справе ёсць лідэр і, як мне здалося, менавіта Панасюк і тут з’явіўся тым маторам, які «завёў» усіх. Хаця на маё пытанне, ён сціпла адказаў, што «Адзін у полі не воін» і што без аднадумцаў у яго б нічога не атрымалася.

— Павінна быць каманда і зацікаўленасць улады, — сцвяржае ён. — Вось такую падтрымку я адчуваю з боку Кобрынскага райвыканкама, у прыватнасці, старшыні Мікалая Аляксеевіча Кенды і яго намесніка Валерыя Пятровіча Іванюка, мясцовых уладаў.

Я звярнулася да Валерыя Пятровіча з просьбаю пракаменціраваць падзею, на што ён адказаў:

— Мы вельмі ўзрушаны размахам свята. Нават на раённым узроўні мы не праводзім такіх буйных мерапрыемстваў. Гэта свята вёскі, як мне здаецца, праходзіць на міжнародным узроўні.

У камандзе аднадумцаў — ураджэнцы вёскі: Ігар Трубчык, вядучы Сталічнага тэлебачання з Мінска, прафесійна вёў свята, Іван Губар, які скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін, факультэт міжнароднага права, цяпер бізнесмен, па прыкладзе Івана Паўлавіча таксама дапамагае вёсцы. Браты — палкоўнікі з Мінска Міхаіл і Уладзімір Шапецюкі заказалі званы для мясцовай Свята-Дзмітрыеўскай праваслаўнай царквы. Загадчык Кабрынскага раённага аддзела адукацыі Валянцін Трубчык і іншыя аднавяскоўцы не забываюць пра роднае Лелікава.

Нельга не згадаць і мясцовага краязнаўца Пятра Сцяпанавіча Шапецюка, які напісаў гісторыю сваёй роднай вёскі і вядзе летапіс дзён сённяшніх у сваёй кнізе «Скарбонка майго краю». У гэтай кнізе змешчана шмат цікавых звестак, запісаны сярод іншага і мясцовыя прымаўкі і прыказкі, якія даюць яркае ўяўленне пра мясцовы дыялект: «Пушла Гандзя жэто жатэ, та і забула сарпа взятэ, сарпа взяла — хліб забула… такі Гандзя ўдома була», «Купэв бэ вола, но кішэня гола» і іншыя.

Свята пачалося з вуліцы Новай, якая пераўтварылася на гэты дзень у вуліцу Мастацтваў. Ля кожнага дома гасцей чакалі міні-выставы вырабаў народнай творчасці— тут жанчыны яшчэ памятаюць традыцыйныя для беларускай вёскі рамёствы — умеюць ткаць, добра вышываюць, вяжуць. Сваё майстэрства перадаюць дзецям і ўнукам. Ганна Іванаўна Трубчык, напрыклад, развесіла для агляду вышываныя ручнікі, сурвэткі, абрусы з прыгожымі ўзорамі. Настасся Фамінічна Шапяцюк паказвала свае тканыя вырабы, якія могуць быць прадстаўлены і на выставах рэспубліканскага ўзроўню, настолькі усё зроблена з густам і акуратна.

А свята ўдалося на славу… Яно нікога не пакінула абыякавым — ні гасцей, ні вяскоўцаў. У час канцэрта ўзнагароджвалі пераможцаў лепшай хаты, падворка, ветэранаў вайны, лепшых калгаснікаў, шматдзетныя сем’і, сямейную пару, якая адзначыла «залатое» вяселле, настаўнікаў. Самы лепшы падарунак атрымала загадчыца фельчарска-акушэрскага пункта Галіна Уласюк— скутэр, каб магла своечасова дапамагчы хворым. Галіна Мацвееўна расчулілася, бо не чакала такога падарунка. У вёсцы яна жыве ўжо 22 гады, прыехала сюды па размеркаванні, але, як прызналася, палюбіла гэтую вёску за сардэчнасць яе жыхароў. Асабліва ўзрадаваўся падарунку Аляксандр Мікалаевіч Разанка, старшыня Дзівінскага сельсавета, да якога адносіцца Лелікава:

— Сельсавет праявіў ініцыятыву па ўпарадкаванні вёскі, а вось што артысты

выступілі — гэта заслуга Івана Панасюка. I што асабліва, як старшыні сельсавета, мне прыемна, што спонсары сёння падарылі скутэр— гэта вялікая дапамога медработніку. — I не без гонару дадаў, — наш раён прыгранічны, мы часта бываем у суседняй Украіне і бачым, што параўнанне не ў іх карысць. Наш райцэнтр, нашы вёскі лепш упарадкаваны. Самі ўкраінцы, якія прыязджаюць да нас у госці, падобраму нам зайздросцяць.

Іван Паўлавіч Панасюк у адзін з момантаў
падчас правядзення свята.

Сам канцэрт таксама быў падарункам. Дзякуючы Івану Паўлавічу тут выступілі ўдзельніца конкурсу «Еўрабачанне-2006» Паліна Смолава, Вольга Барабаншчыкава, ансамбль «Церніца», вакальна-інструментальны ансамбль з Расіі «Лейся, песня», спявак з Расіі Вадзім Казачэнка. Лелікаўчане — удзячныя гледачы, таму ўсім артистам хапіла шчырых апладысментаў.

А потым быў феерверк. Можа, упершыню многія вяскоўцы ўбачылі гульню святла не па тэлевізары, а ўвачавідкі. Свята надоўга запомніцца ўсім: і арганізатарам, і гледачам.

Асабліва дзецям. Можа, для іх гэта і больш за ўсё патрэбна: каб бачылі, як любяць, сваю вёску дарослыя, ды вучыліся з такой жа павагай адносіцца да яе, да працаўнікоў-аднавяскоўцаў.

КАРАНІ

Іван Паўлавіч нарадзіўся ў сям’і калгаснікаў. Маці працавала даяркай, а бацька кавалём. Яго маленькага, калі бацькі ішлі на працу ў калгас, даглядалі дзве сястрычкі — васьмігадовая Марыя і шасцігадовая Насця. Марыя Паўлаўна ўспамінае:

— Бацькі працавалі ад зоркі да зоркі. Маці можа месяцы два і пабыла ў дэкрэце. Так што мы з сястрой розныя даручэнні выконвалі па доме ды за брацікам глядзелі. 3 ім было легка. Хаця і быў ён жвавым, але слухаўся. Як падрос, стаў нам ахвотна дапамагаць. 3 дзяцінства працавіты, стараўся сам зарабіць грошы — збіраў грыбы, ягады ды здаваў, а з сямі гадоў ужо дапамагаў пасвіць кароў. Добра вучыўся ў школе, вельмі добрая ў яго памяць, кніжкі любіў чытаць. Заўсёды быў актыўным у школе, у сям’і і ў вёсцы.

Цяпер нам дапамагае. Бацькоў ужо няма. Пакуль быў жывы старэйшы брат Валодзя, а ён у апошнія гады хварэў на цукровы дыябет, Іван вазіў яго нават у Маскву на лячэнне. Ён вельмі любіць Радзіму. Часта прыязджае, бывае, што кожны месяц, а то і раз у два месяцы. Ён увесь час гаварыў мне, няхай бы хто з тваіх дзяцей вярнуўся ў вёску, дапамагу, бо сам пакуль не магу вярнуцца— трымае праца і сям’я. Мая дачка Вольга з мужам Валерам пагадзіліся і вярнуліся ў вёску, каб тут працягнуць наш род.

У размову ўключаецца малодшая сястра — Настасся Паўлаўна:

— З дзяцінства Ваня марыў быць ваенным, у 14 гадоў паехаў адзін паступаць у Сувораўскае вучылішча. I паступіў.

СІБІРСКІ ПАЛЯШУК

Пасля заканчэння Сувораўскага, а затым Новасібірскага вышэйшага ваеннага вучылішча Іван Паўлавіч служыў у розных месцах, а ў Новасібірску — апошнім месцы службы — пасля адстаўкі ў званні падпалкоўніка вырашыў заняцца прадпрымальніцтвам. Чалавек актыўны, працавіты, ён змог і ў бізнесе знайсці сябе, дабіцца поспеху. Хутка ўзначаліў савет дырэктараў вядомай у Сібіры групы кампаній. Але настальгія па Беларусі, па родным Лелікаве актыўна праявілася ў імкненні аб’яднацца з іншымі беларусамі, якія жывуць у Новасібірску, а, як аказалася, іх нямала — каля 30 тысяч.

З групай аднадумцаў стварылі ў 2001 годзе Беларускі культурна-адукацыйны цэнтр імя беларускай святой Еўфрасінні Полацкай. Яго клопатамі быў пабудаваны храм у гонар беларускай святой, які стаў цэнтрам царкоўнага жыцця праваслаўных беларусаў Сібіры. Беларусь стала бліжэй. Дарэчы, на эмблеме БКАЦ таксама прысутнічаюць буслы: яны быццам узлятаюць у неба на фоне трох праваслаўных купалоў. Сімвал Лелікава, сімвал Радзімы.

У цэнтры збіраюцца выхадцы з Беларуси якім патрэбны зносіны з землякамі, каб мець магчымасць пачуць родную мову, каб пачуць беларускія песні. Работа тут вядзецца вялікая. Адно пералічэнне мерапрыемстваў заняло б не адну старонку. Гэта і арганізацыя Дзён беларускай культуры з запрашэннем артыстаў з Беларусі, і выпуск газеты «Мая Радзіма», і дапамога беларусам-пенсіянерам, і ўсім тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Гэта можа быць і пуцёўка ў санаторый, і харчовы набор, і шмат іншага. Арганізаваны самадзейныя калектывы, якія годна прадстаўляюць беларускую культуру ў рэгіёне, Беларусы таксама матэрыяльна падтрымалі будаўніцтва дзіцячага дома ў Балотным. 3 2003 года ў Новасібірску намаганнямі дыяспары на гарадскім тэлебачанні працуе беларускі канал. А зусім нядаўна тут прайшоў заключны гала-канцэрт фестывалю-конкурсу беларускай інструментальнай музыкі «Карані Сваяцтва адвечныя ў музыцы Белай Русі» на сцэне Палаца культуры імя Горкага ў горадзе Новасібірску. На працягу некалькіх гадоў напярэдадні Дня горада Новасібірска БКАЦ у імя святой Еўфрасінні Полацкай праводзіць гарадскія і рэгіянальныя фестывалі, прысвечаныя роднай Беларусі. Нашы суайчыннікі ў чарговы раз падарылі сібіракам радасць ад дакранання да беларускай музыкі.

За вялікую асветніцкую дзейнасць, прапаганду духоўнай спадчыны беларускага народа ў Расійскай Федэрацыі Іван Паўлавіч Панасюк быў узнагароджаны ў лістападзе 2004 года медалём Францыска Скарыны, які яму ўручыў у Мінску Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка.

Ва ўсякай справе патрэбны ініцыятар, энергічны і аўтарытэтны лідэр. А як кажа блізкі сябар Івана Паўлавіча Іван Пратасаў, які прыехаў на Свята вёскі з Масквы, на такіх высокаадукаваных людзях, трымаецца наша культура і духоўнасць. У яго хапае мудрасці не толькі падымаць свой бізнес, але і шмат рабіць для грамадства. Вакол яго заўсёды збіраецца шмат добрых людзей — ён іх быццам прыцягвае.

Падчас свята ў Лелікаве, там была і невялікая дэлегацыя сібірскіх беларусаў з Новасібірска. Людміла Шчаслівенка, прафесійны музыкант, якая ўзначальвае ў БКАЦ мастацкую самадзейнасць, чытала са сцэны свой верш, прысвечаны Панасюку. Мне запомніліся такія радкі:

Храм возведен, и корт построен,

И крепко сам сидит в седле,

Вот если б каждый смог такой же

След оставить на земле!

Так, гэта сапраўды высакародная справа — пакінуць добры, след на зямлі. Абмежаванаму эгаісту такое не пад сілу. Для гэтага патрэбны асаблівы склад характару і душы, чулы на людскія клопаты і спадзяванні. А гэта вялікі талент, запалены іскрай Божай і добрым выхаваннем.

ЗАМЕСТ ПАСЛЯСЛОЎЯ

Пасля сустрэчы з Іванам Паўлавічам у яго родным Лелікаве, у адной з рэспубліканскіх газет прачытала, што корт у Лелікаве працуе: там трэніруецца першая группа вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак. Для 30 падлеткаў трэніроўкі праводзіць мясцовы настаўнік фізкультуры. Новая пляцоўка стане філіялам дзіцячай спартыўнай школы агульнафізічнай падрыхтоўкі раённага камітэта прафсаюза работнікаў агра-прамысловага комплексу, які размяшчаецца ў весцы Верхалессе і якая ўжо мае конна-спартыўную і футбольную секцыі. Жыццё ў Лелікаве выходзіць на новую, больш высокую арбіту.

Таццяна КУВАРЫНА

Мінск—Лелікава—Мінск