Кужыр Павел Рыгоравіч

Біяграфічны нарыс

Кужыр Павел Рыгоравіч — вучоны-фізік, кандыдат фізіка-матэматычных навук, педагог, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Павел Рыгоравіч Кужыр нарадзіўся 1 студзеня 1946 года ў в. Батчы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацька Рыгор Фёдаравіч працаваў на чыгуначнай станцыі Жабінка, маці Надзея Пятроўна – даяркай у калгасе. Павел выдатна закончыў сем класаў у Батчынскай школе, потым вучыўся ў СШ № 2 г. Кобрына. Карпатлівая праца, мэтанакіраванасць, глыбокія веды дазволілі юнаку закончыць школу з залатым медалём. 

У 1963 годзе Павел Кужыр паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. І. Леніна (БДУ) на фізічны факультэт, пасля заканчэння якога (1968) пайшоў у аспірантуру на кафедру тэарэтычнай фізікі. Пасля аспірантуры працаваў малодшым, потым старшым навуковым супрацоўнікам навукова-даследчага інстытута прыкладных фізічных праблем пры БДУ. Паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэарэтычнай і ядзернай фізіцы «Эффекты высших приближений в угловой корреляции при электромагнитных переходах ядер» (1973).

З 1979 года П. Р. Кужыр пераходзіць на выкладчыцкую работу ў Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). Працаваў дацэнтам кафедры фізікі, з 1995 года загадчыкам кафедры «Фізіка». Дысцыпліны, якія выкладаў: механіка, малекулярная фізіка і тэрмадынаміка; электрычнасць і магнетызм; оптыка і ядзерная фізіка. Вобласць навуковых інтарэсаў П. Р. Кужыра: радыяцыйная бяспека, методыка выкладання фізікі. Унёс навуковы ўклад у радыяцыйную бяспеку, методыку выкладання фізікі.

У рамках рэалізацыя сумесных навуковых праектаў з БНТУ Павел Рыгоравіч з’яўляўся даследчыкам, кіраўніком навуковай групы «Магнетарэалогія і нанаматэрыялы» (Інстытут фізікі Ніцы (INPHYNI) і дацэнтам Універсітэта Ніцы Сафіі Антыполіс.

Аўтар больш за 300 навуковых і навукова-метадычных прац. Апублікаваў вучэбныя дапаможнікі, якія маюць грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, сярод якіх: «Радиоционная безопасность», «Прикладная ядерная физика», «Сборник задач по курсу общей физики» ў 3 частках.

П. Р. Кужыру прысвоена званне «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (1995). У 2002 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь назначана імянная стыпендыя за выдатныя заслугі ў вобласці падрыхтоўкі інжынерных кадраў.

У сям’і П. Р. Кужыра тры пакаленні фізікаў, тры дынастыі вучоных. Дзеці Паўла Рыгоравіча выбралі шлях свайго бацькі і дасягнулі поспеху. Паліна Паўлаўна і Павел Паўлавіч – вучоныя, прафесары, кандыдаты фізіка-матэматычных навук. Любоў да ведаў у гэтай сям’і перадаецца генетычна. Працягвае сямейныя навуковыя традыцыі і ўнук Іван, прафесійная дзейнасць якога цесна звязана з фізікай. Дынастыі з’яўляюцца ў сем’ях, дзе людзі захоплены сваёй прафесіяй, дзе з пакалення ў пакаленне перадаецца вопыт, навуковыя веды.

Павел Рыгоравіч Кужыр памёр 10 красавіка 2023 года.

Ён ніколі не забываў пра сваю малую радзіму, падтрымліваў цесную сувязь з землякамі. У Кобрыне жыве яго родная сястра Валянціна Рыгораўна, да якой да апошняга часу ён разам з сям’ёй прыязджаў у госці, праводзіў свой водпуск. Даўнія сяброўскія адносіны звязвалі Паўла Рыгоравіча з былымі аднакласнікамі, у тым ліку з Міхаілам Дземчуком (1946–2016), вядомым дзяржаўным і грамадскім дзеячам, прафесарам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужаным дзеячам навукі Рэспублікі Беларусь.