Культура Беларусі

Брэн Келясцін Іванавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя :[у 6 т.]. — Мінск, 2011. — Т. 2. — С. 49.

БРЭН Келясцін Іванавіч (каля 1800, Брэстчына — 29.3.1875), беларускі краязнавец, этнограф, фалькларыст, святар. Скончыў Жыровіцкую духоўную семінарыю (1831). Святар у Кобрыне, з 1838 настаяцель царквы ў в. Старыя Корні Бельскага павета Гродзенскай губ. Асн. праца Б. — «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета Гродзенскай губер- ні…» (нап. 1856) — прысвечана матэрыяльнай і духоўнай культуры бел. насельніцтва на тэр. Падляшша (цяпер Беласточчына). Змяшчае 38 нар. песень, у т.л. 14 вясельных з апісаннем вясельных абрадаў, 24 загадкі, 15 прыказак, 2 казкі, дадзены параўнальны аналіз беларусаў і мазураў, апісаны іх знешні выгляд, побыт, разумовыя здольнасці, маральныя якасці і інш., аднолькавае і адрознае ў іх культурах, вераваннях, фальклоры. Рукапіс захоўваецца ў архіве Геагр. т-ва Рас. Федэрацыі ў Санкт-Пецярбургу. Фалькл. запісы Б. ўвайшлі ў кнігі серыі «Беларуская народная творчасць»: «Вяселле. Песні» (кн. 2, 1981; кн. 4—6, 1985—88), «Гульні, забавы, ігрышчы» (2003).

Літ:. Лобач М. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павету свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х г. XIX ст. // Беларускі каляндар. Беласток, 1986.