Кульчыцкі Андрэй Міхайлавіч

Біяграфічны нарыс

Кульчыцкі Андрэй Міхайлавіч (у манастве Аляксандр) (1826-1888) — царкоўны дзеяч, гісторык. Кандыдат багаслоўя (1857).

Нарадзіўся Андрэй Кульчыцкі ў 1826 годзе ў в. Камень-Шляхецкі Кобрынскага павета Гродзенскай губерніі (цяпер в. Акцябр Кобрынскага раёна) у сям’і святара. Атрымаў імя Андрэй у гонар святога апостала Андрэя Першазванага.

Выпускнік Літоўскай духоўнай семінарыі (1841-1847). З 1847 года А. Кульчыцкі — свяшчэннік Петрапаўлаўскай царквы ў Кобрыне. Толькі пяць гадоў працягвалася служэнне Андрэя Кульчыцкага ў Кобрыне, пасля чаго ўвесь ход яго жыцця крута змяніўся. У 1852 годзе ён аўдавеў. Па правілах таго часу, удовін святар для таго, каб працягваць сваё служэнне, павінен быў прыняць манаскі пострыг. 8 лістапада 1852 года свяшчэннік Андрэй Кульчыцкі прыняў манаства і атрымаў манаскае імя Аляксандр.

У 1853 годзе для працягу духоўнай адукацыі паступіў у Санкт-Пецярбургскую Духоўную Акадэмію. Вучоба ў акадэміі — адным з лепшых вышэйшых навучальных устаноў у тагачаснай Расіі — адкрывала перад маладым іераманахам бліскучыя перспектывы.

У 1857-1866 гадах А. Кульчыцкі займаецца місіянерскай працай у Пекіне. Падчас знаходжання ў Кітаі вывучае традыцыі і побыт гэтай краіны. Адным са значных яго жыццёвых  дасягненняў гэтага перыяду — складанне руска-кітайскага слоўніка.

Пасля вяртання ў Беларусь А. Кульчыцкі працуе інспектарам Полацкай духоўнай семінарыі (1866). 20 красавіка 1869 года ўзведзены ў сан архімандрыта.

З 1871 года — настаяцель царквы пасольства Расіі ў Рыме. З 1878 года — епіскап Туркестанскі, Кастрамскі, Галіцкі. У Туркестане ён заснаваў пры возеры Ісык-Куль Свята-Троіцкі мужчынскі манастыр, пра які працягваў клапаціцца нават у Кастраме.

28 сакавіка 1882 года А. Кульчыцкі ўзнагароджаны ордэнам святой Ганны I ступені.

Аўтар прац па гісторыі царквы, геаграфічных нататкаў і інш.

Памёр 16 снежня 1888 года. Пахаваны ў Кастрамскім Іпацьеўскім манастыры, у царкве праведнага Лазара.

Працы

Александр (Кульчицкий), епископ. Несколько слов, поучений и речей / Александр (Кульчицкий), епископ. — СПб., 1887, — II, 201 с.

Александр (Кульчицкий), иеромонах. Брак у китайцев / Александр (Кульчицкий), иеромонах // Китайский благовестите, 1907. -№7-10 ; 1908 -№ 16/17, 23-26, 29-32; 1909 — №2-6. (Отдельный оттиск — Пекин, 1908).

Александр (Кульчицкий), епископ. Религиозно-нравственное состояние инородцев Туркестанского края и необходимость учреждения для них Православной Миссии / Александр (Кульчицкий), епископ // Православный благовестник, 1893 — №20. (Отдельный оттиск — М., 1893).

Аб жыцці і дзейнасці

Кульчыцкі Андрэй Міхайлавіч // Людзі навукі нашага краю:біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Дзяржаўная ўстанова культуры «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2017. – С. 82 : фат.

Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2018. – 512 с.

Гл. на с. 44 – А. М. Кульчыцкі.

Митрополит Астанайский и Казахстанский Александр (Могилёв). Преосвященный Александр Кульчицкий, православный миссионер (1826-1888) : жизнеописание / Митрополит Астанайский и Казахстанский Александр. — Москва, 2012. — 304 с.

Черепица, Н. В. Кульчицкий Андрей Михайлович / Н. В. Черепица // Регионы Беларуси : энциклопедия. — В 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. — Минск, 2009. – Кн. 1. — С. 515.

Комаров Н. Свято-Троицкий миссионерский монастырь при озере Иссык-Куль в Туркестане / Н. Комаров // Православный благовестник. — 1894 — №4, 6, 8. (Отдельный оттиск — М., 1894).

Кончина и погребение в Бозе почившего Преосвященнейшего Епископа Александра // Костромские епархиальные ведомости. – 1889. — № 1.