Кірычук Сцяпан Міхайлавіч

Біяграфічны нарыс

Кірычук Сцяпан Міхайлавіч – кандыдат тэхнічных навук (1999), доктар сацыялагічных навук, ганаровы прафесар Цюменскай дзяржаўнай архітэктурна-будаўнічай акадэміі, сапраўдны член Муніцыпальнай акадэміі Расійскай Федэрацыі.

Сцяпан Міхайлавіч Кірычук нарадзіўся 18 мая 1949 года ў в. Мазуры Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і сялян. Яго бацька, Міхаіл Якаўлевіч Кірычук, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, дайшоў да Берліна.

Пачатковую школу Сцяпан Кірычук скончыў у роднай вёсцы, васьмігодку – у в. Дзямідаўшчына, што ў трох кіламетрах ад в. Мазуры. Далей вучыцца трэба было ў в. Гарадзец, што за 11 км ад роднай вёскі. На сямейным савеце вырашана было паступаць у Брэсцкі чыгуначны тэхнікум.

У 1968 годзе Сцяпан Кірычук з адзнакай закончыў Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту. Паколькі меў права выбару, куды паехаць працаваць, выбраў поўнач – Цюмень. З таго часу гэты край стаў яго другой радзімай. Праз некалькі год да яго пераехалі і бацькі.

Пачаў працаваць рамонтным рабочым пуцявой машыннай станцыі № 170 у Цюмені. З 1968 года па 1970 год служыў у Савецкай арміі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Цюмень. Больш дваццаці гадоў працаваў на чыгунцы, прайшоў усе вехі – ад пуцявога рабочага да начальніка.

У 1985 годзе пасля заканчэння Уральскага электрамеханічнага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту (цяпер – Уральскі дзяржаўны ўніверсітэт шляхоў зносін) па спецыяльнасці «інжынер шляхоў зносін – будаўнік» быў прызначаны намеснікам начальніка Цюменскага аддзялення Свярдлоўскай чыгункі.

Сцяпан Міхайлавіч вядомы працай у заканадаўчых і выканаўчых органах улады. У палітыцы з 1990 года. У 1990–1991 гадах – старшыня Калінінскага раённага Савета народных дэпутатаў, з 1991 года па 1993 год – старшыня Цюменскага гарадскога Савета народных дэпутатаў. Пасля распаду СССР чатырохразова выбіраўся мэрам Цюмені на прамых усенародных выбарах (1993–2005).

З сакавіка 2005 года па 17 верасня 2018 года – член Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, прадстаўнік ад адміністрацыі Цюменскай вобласці. З 25 лістапада 2011 года па 14 верасня 2014 года – старшыня Камітэта Савета Федэрацыі па федэратыўным уладкаванні, рэгіянальнай палітыцы, мясцовым самакіраванні і справах Поўначы (затым – першы намеснік камітэта). З 2011 года ўваходзіў у камісію Парламенцкага сходу Саюза Расіі і Беларусі па інфармацыйнай палітыцы.

У верасні 2018 года склаў паўнамоцтвы сенатара датэрмінова ў сувязі з абраннем дэпутатам Цюменскай гарадской Думы VII склікання. Член Усерасійскай палітычнай партыі «Адзіная Расія».

Сцяпан Міхайлавіч – кандыдат тэхнічных навук (1999), доктар сацыялагічных навук, дацэнт, ганаровы прафесар Цюменскай дзяржаўнай архітэктурна-будаўнічай акадэміі, сапраўдны член Муніцыпальнай акадэміі Расійскай Федэрацыі. У 2005 годзе ў Цюменскім дзяржаўным нафтагазавым універсітэце абараніў доктарскую дысертацыю «Муниципальное управление как объект социально-политического изучения». Аўтар шматлікіх навуковых прац, манаграфій: «Социальный мониторинг – основа муниципального управления» (2004), «От местного управления к местному самоуправлению» (2005), навучальнага дапаможніка «Управление муниципальным образованием» (2008) і інш. Член навукова-рэдакцыйнага савета «Большой Тюменской энциклопедии» (2004).

Узнагароджаны медалём «За освоение недр и развитие нефтегазового комплекса Западной Сибири» (1981), ордэнам Дружбы народаў (1986), медалём ордэна «За заслуги перед Отечеством» IІ ступені (1998), ордэнам «За заслуги перед Отечеством» IV ступені (2010), ордэнам Аляксандра Неўскага (2015), Ганаровай граматай Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, знакам «За заслуги перед Тюменской областью» (2019), медалём Савета Еўропы і іншымі дзяржаўнымі і грамадскімі ўзнагародамі. Ганаровы грамадзянін горада Цюмені (2005), Цюменскай вобласці (2017).

У 2016 годзе С. М. Кірычук узначальваў місію назіральнікаў ад СНД у Брэсцкім рэгіёне на выбарах у Палату прадстаўнікоў. І, безумоўна, наведаў сваю малую радзіму. «Я с удовольствием съездил в Мазуры, увидел дуб в четыре обхвата, на котором отец делал мне качели, а потом я точно так же делал качели своим сыновьям, когда они приезжали в деревню. Люблю бывать в родных местах. Потому что здесь, как нигде больше, подпитываешься такой мощной энергией, что этого заряда хватает на долгие месяцы и даже годы. Как будто я снова на свет родился», – дзяліўся ўражаннямі Сцяпан Міхайлавіч.