Лобач, М. С. Брэн Келясцін Іванавіч / М. С. Лобач // Асветнікі зямлі Беларускай, Х ― пачатак ХХ ст. : энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 2010. — С. 65.

Беларускі краязнавец, збіральнік фальклору К. І. Брэн (каля 1800 — 1875) служыў святаром у Кобрыне.

Брэн Келясцін Іванавіч

(каля 1800-29.3.1875)

Беларускі краязнавец, збіральнік фальклору. Нарадзіўся на Брэстчыне. Скончыў Брэсцкае шасцікласнае вучылішча. У канцы 1820-х гадоў вучыўся і працаваў пісьмаводам у Жыровіцкай семінарыі. 3 1831 святар у Кобрыне, з 1838 настаяцель царквы ў в. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губ. Аўтар працы «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета Гродзенскай губерні…» (нап. ў 1856), у якой адлюстравана матэрыяльная і духоўная культура беларускага насельніцтва на тэрыторыі Падляшша. Складаецца з 6 раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У працы 38 песень (з іх 14 вясельных), 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі. Вясельныя песні пададзены ў адпаведнасці з апісаннем вясельных абрадаў, іншы фальклорны матэрыял змешчаны ў дадатку. Ёсць малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, жылых і гаспадарчых будынкаў і іх планы. Аўтар параўноўвае штодзённы побыт беларусаў і мазураў, вылучае адметнае і аднолькавае ў іх культуры. Рукапіс зберагаецца ў архіве Геаграфічнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу.

Літ:. Лобач М. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павета свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў XIX стагоддзя // Studia polskolitewskobialoruskie/ Warszawa, 1988.

М. С. Лобач.