Ляхоўскі, У. Прэзыдэнты Рады Беларускае Народнае Рэспублікі / Уладзімір Ляхоўскі // Спадчына. – 1997. — № 4. – С. 7-8.

Пётра Крэчэўскі (Крэчаўскі)

Нарадзіўся 7 жніўня 1879 г. у Кобрынскім павеце Горадзенскае губэрні. Пасля закачэння Віленскае духоўнае сэмінарыі ў 1902 г. настаўнічаў, перад Першай сусветнай вайной працаваў у Віленскім дзяржаўным банку. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. узначаліў Раду жаўнерскіх і рабочых дэпутатаў Барысава, увайшоў у БСГ. Удзельнік Усебеларускага Кангрэсу 1917 г., быў абраны ў склад яго выканаўчага камітэту. У 1918 г., пасля абвешчання БНР, у нацыянальным урадзе выконваў абавязкі дзяржаўнага кантралёра, народнага сакратара фінансаў, узначальваў Цэнтральную Беларускую гандлёвую палату. Адзін з лідэраў Беларускае партыі сацыялфэдэралістаў. На снежанскай сесіі рады БНР у Мінску ў 1919 г. абраны яе Старшынёй. З-за палітычных пераследаў польскіх акупантаў напачатку 1920 г. пераяжджае ў Коўна (Летуву). Удзельнік Першае Ўсебеларускае палітычнае канфэрэнцыі ў Празе-Чэскай у верасні 1921 г.

У 1923 г. разам з кіраўніцтвам БНР пераяжджае на сталае жыхарства ў Чэха-Славаччыну. Актыўна бараніў нацыянальныя інтарэсы беларускага народу на міжнароднай арэне. У мэмарандумах БНР у Лігу Нацыяў асуджаў дыскрымінацыйную ў дачыненні да Беларусі.  Рыскую мірную дамову, выкрываў імпэрыялістычную сутнасць палітыкі Масквы і Варшавы на беларукіх землях. Не прызнаў рашэнняў Бярлінскай палітычнай нарады 1925 г. пра фактычнае скасаванне БНР. Выявіў сябе як здольны публіцыст, гісторык і паэт. Памёр 8 сакавіка 1928 г. пахаваны на праскіх Альшанах.