Макарук Міхаіл Маркавіч

Біяграфічны нарыс

Макарук Міхаіл Маркавіч — кандыдат ваенных навук, генерал-маёр авіяцыі, ваенны лётчык-інструктар I класа.

Нарадзіўся 1 жніўня 1945 года ў в. Мацы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння Стрыгаўскай сярэдняй школы вырашыў паступаць у Чарнігаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча, але не прайшоў па конкурсе. Працаваў старшым піянерважатым у Рынкаўскай сярэдняй школе Кобрынскага раёна. Юнак валодаў добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, захапляўся мадэліраваннем, разьбой па дрэве, любіў спорт.

У 1963–1967 гадах Міхаіл Макарук – курсант Чарнігаўскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча. З 1967 года па 1973 год – лётчык-інструктар, намеснік камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі вучэбнага палка Чарнігаўскага вучылішча. У 1973–1976 гадах – слухач Ваенна-паветранай акадэміі імя Ю. А. Гагарына.

З 1976 года М. М. Макарук – камандзір авіяцыйнай эскадрыллі, намеснік камандзіра авіяцыйнага палка, інспектар упраўлення ваенна-вучэбных устаноў ВПС СССР. З 1978 года М. М. Макарук, які добра валодае іспанскай і англійскай мовамі, знаходзіўся на ваенна-дыпламатычнай рабоце. У 1978–1989 гадах ён памочнік ваеннага аташэ пры пасольствах СССР у Рэспубліцы Куба, Рэспубліцы Індыя, у 1989–1991 гадах – ваенны, ваенна-марскі і ваенна-паветраны аташэ пры пасольстве СССР у Федэрацыі Малайзія.

З 1991 года М. М. Макарук – памочнік галоўнакамандуючага ВПС, намеснік начальніка ўпраўлення ВПС Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. У 1997–2000 гадах –ваенны, ваенна-паветраны і ваенна-марскі аташэ пры пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Іспаніі, з 2001 года – у Рэспубліцы Куба.

1 жніўня 2005 года Міхаіл Маркавіч сышоў у запас у сувязі з пенсійным узростам. Актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю. Член прэзідыума Агульнарасійскай арганізацыі «Офицеры России». Член Асацыяцыі ветэранаў Карыбскага крызісу. З 2018 года Міхаіл Маркавіч – першы віцэ-прэзідэнт Расійскага таварыства дружбы з Кубай. З’яўляецца кіраўніком Маскоўскага аддзялення Міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Содружество воинов-интернационалистов «кубинцев».

Пражываючы ў Маскве, высокапастаўлены дзеяч памятае, што яго малая радзіма – у Беларусі, на Брэстчыне. У Кобрынскім раёне пахаваны яго бацькі, дзяды і прадзеды. Тут жывуць яго родныя сёстры, блізкія сябры, землякі. Таму і імкнецца ён часцей бываць у родных краях. Падчас сваіх адпачынкаў Міхаіл Маркавіч заўсёды прыязджае ў родныя месцы.

Аб жыцці і дзейнасці

Макарук Міхаіл Маркавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. – Мінск, 2002. — С. 437. – (Імі ганарацца землякі).

Макарук Міхаіл Маркавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. — Кобрын, 2017. — С. 89–90.

75 гадоў з дня нараджэння М. М. Макарука (1945) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. — Кобрын, 2018. — С. 143.

Гурда, В. Орел крылатого племени Брестчины / Владимир Гурда // Кобрин-информ. – 2006. – 12 января.

М. М. Макарук – кандидат военных наук, генерал-майор авиации, уроженец д. Мацы Кобринского района.

Гурда, В. Генерал-лейтенант из деревни Мацы / В. Гурда // Кобрынскi веснiк. – 2003. – 11 студзеня. – С. 6.

В настоящее время М. М. Макарук – военно-морской атташе при посольстве Российской Федерации в Республике Куба.

Макарук Михаил Маркович [Электронный ресурс] // Офицеры России. – Режим доступа: http://oficery.ru/cp.html. – Дата доступа: 18.10.2019.

Макарук Михаил Маркович [Электронный ресурс] // Российское общество дружбы с Кубой. – Режим доступа: http://www.roscuba. ru/community/structure/. – Дата доступа: 18.10.2019.