Мартынава Марыя Аляксееўна

Біяграфічны нарыс

МАРТЫНАВА Марыя Аляксееўна – кандыдат хімічных навук.

Нарадзілася 23 студзеня 1952 года ў горадзе Кобрыне Брэсцкай вобласці. Бацька, Аляксей Міхайлавіч Мартынаў (1904–1999), даследчык гісторыі Кобрыншчыны, першы дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава, ганаровы грамадзянін горада Кобрына.  Ад бацькоў яна атрымала любоў да кніг, рознабаковасць інтарэсаў і ўменне ладзіць з людзьмі. Калі Аляксей Міхайлавіч быў аўтарытэтам для ўсіх у пытаннях навукі і палітыкі, то маці, Лідзія Пятроўна, вядомая ў горадзе акушэрка, была аўтарытэтам у галіне медыцыны і вядзення хатняй гаспадаркі.

З дзяцінства Марыя ведала больш, чым яе аднакласнікі, і карысталася беспярэчным аўтарытэтам. У школу яна пайшла на год раней агульнапрынятага, скончыла сярэднюю школу

№ 2 з залатым медалём. Адразу пасля заканчэння школы паступіла на фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, які скончыла ў 1973 годзе.

З 1978 года Марыя Мартынава працавала ў Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (да 2004 года – Інстытут фотабіялогіі НАН Беларусі).

З 1983 года па 1986 год праходзіла навучанне ў аспірантуры лабараторыі хіміі ліпідаў Інстытута біяарганічнай хіміі імя М. М. Шамякіна АН СССР (Масква), дзе ў 1987 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю «Исследование липопротеидов плазмы крови человека с помощью липид-специфических флуоресцентных зондов» (навуковы кіраўнік член-карэспандэнт, прафесар Л. Д. Бергэльсон) па спецыяльнасці «Біяхімія».

На працягу 43 гадоў М. А. Мартынава прапрацавала ў Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі. З 2005 года па 2018 год яна ўзначальвала лабараторыю біяфізікі і інжынерыі клеткі. З 2011 года ўваходзіла ў склад групы навукова-арганізацыйнага суправаджэння Дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, такіх як ДПНД «Фундаментальныя асновы біятэхналогіі» (2011–2015), ДПНД «Біятэхналогіі» (2016–2020). Была членам Беларускага грамадскага аб’яднання фотабіёлагаў і біяфізікаў і Беларускага таварыства біяхімікаў і малекулярных біёлагаў.

Марыя Аляксееўна з’яўлялася адным з вядучых навукоўцаў Беларусі ў галіне ліпідалогіі, вывучэння малекулярна-мембранных механізмаў фарміравання ўні- і мульціламелярных ліпасом, якія ўтрымоўваюць інкапсуляваны лекавы прэпарат. Яна ўнесла істотны ўклад у сусветную распрацоўку тэхналогій вытворчасці і формаў лекавых прэпаратаў новага пакалення, якія значна больш эфектыўна лечаць і бяспечныя для арганізма ў параўнанні са звычайнымі лекамі з іх негатыўнымі пабочнымі наступствамі.

М. А. Мартынавай праведзены работы па даследаванні ўмоў лакальнага асептавання пітнай вады «Аквадзіў» шляхам азанавання і распрацаваны тэхналагічны рэгламент на яе апрацоўку азонам перад разлівам і бутэляваннем, на падставе якога вырабляецца прадукцыя вышэйшай катэгорыі якасці і рэалізуецца ў гандлёвай сетцы. Марыя Аляксееўна актыўна развівала ў лабараторыі новы напрамак – распрацоўку экспрэс-метадаў ацэнкі індывідуальнай адчувальнасці клетак да хіміяпрэпаратаў з выкарыстаннем першасных клетачных культур.

Апублікавана больш за 120 навуковых работ у часопісах, зборніках матэрыялаў канферэнцый і з’ездаў. М. А. Мартынава атрымала восем патэнтаў на вынаходствы і карысныя мадэлі, з іх адзін патэнт на вынаходства СССР і адзін патэнт на вынаходства Расійскай Федэрацыі. Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь зацверджаны дзве Інструкцыі па ўжыванні («Оценка влияния противоопухолевых лекарственных средств на опухолевые клетки рака молочной железы в первичной культуре», «Определение чувствительности опухолевых клеток рака молочной железы в первичной культуре к противоопухолевым лекарственным средствам с целью выбора оптимальных схем химиотерапии»), атрыманы тры акты аб укараненні распрацовак у навучальны працэс у вышэйшых навучальных установах.

За шматгадовую плённую навуковую дзейнасць, значны ўклад у развіццё навуковых даследаванняў у галіне біяфізікі М. А. Мартынава ўзнагароджана граматамі шэрагу ўстаноў і Падзякай Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі (загад НАН Беларусі ад 23.01.2017 № 15-к).

14 верасня 2021 года ва ўзросце 69 гадоў Марыя Аляксееўна Мартынава раптоўна памерла.

Пражываючы і працуючы ў сталіцы, Марыя Аляксееўна ніколі не забывала пра свой родны горад, часта прыязджала ў Кобрын, у бацькоўскі дом, марыла пасля завяршэння працоўнай дзейнасці абавязкова вярнуцца сюды. Яе адрознівалі бясконцая любоў і адданасць сваёй сям’і і сваёй малой радзіме. Больш за 20 гадоў Марыя Аляксееўна арганізоўвала сустрэчы памяці, прысвечаныя яе бацьку – заснавальніку і першаму дырэктару кобрынскага музея.

Марыя Аляксееўна жыва цікавілася жыццём горада. Заўсёды наведвала гарадскія мерапрыемствы, прысвечаныя розным памятным падзеям, удзельнічала ў канферэнцыях на гістарычныя тэмы. Штогод, у святочны дзень 9 мая, абавязкова з букетам кветак з уласнага агарода, прыходзіла на мітынг і ўскладала жывыя кветкі ля абеліска.