Марціновіч, А. Адам Сузін / Алесь Марціновіч // Гісторыя праз лёсы. Т 8 / Алесь Марціновіч. – Мінск, 2020. – Кн. 1. — С. 8-29.

Лепш пазнай – тады і запранай

Рухаліся хутка, хоць там, дзе праязджалі, і адсутнічала ўезджаная дарога. Прабіраліся інтуітыўна. Аднак раўнюткая посцілка стэпу, упрыгожаная дзясяткамі рознакаляровых кветак, была на дзіва трывалай. Быццам перад гэтым яе нехта старанна ўтрамбаваў. Коні лёгка пераадольвалі вярсту за вярстой. Адчуваючы блізкую прысутнасць чалавека, яны прыспешвалі свой крок. Верылася, што хутка пакажацца стойбішча султана. Але па-ранейшаму сустракалі толькі адзінокія юрты. Так называлі сваё конусападобнае жыллё не толькі казахі, але і іншыя народы-качэўнікі.

Пад вечар паказалася стужка ракі. Праваднік яе назваў Чунгуртай. Сузін жа, паглядзеўшы на карту, упэўніўся, што гэта Утва. На другім беразе яе ўбачылі некалькі аулаў. Крыху воддаль стаялі белыя юрты казацкіх афіцэраў. Пераправіўшыся праз Утву, накіраваліся да іх. Не паспелі павітацца, як убачылі Бай-Мухамеда.

Насустрач упэўнена, з пачуццём уласнай годнасці, крочыў рослы чалавек у блакітным халаце. На нагах у яго былі зялёныя саф’янавыя боты. Шаўковую цюбецейку дапаўняла невялікая шапка з аўчыны. Адаму Дамінікавічу хапіла аднаго позірку, каб атрымаць поўнае ўяўленне аб незнаёмцу. Прамыя чорныя валасы («цвёрдыя, шчаціністыя», — падумаў Сузін). Гэтакія ж чорныя, крыху раскосыя вочы, пукатыя скулы…

За султанам спяшаўся хтосьці з яго бліжэйшага акружэння. Гэта заўважалася па тым, як упэўнена ён адчуваў сябе. За ім, на невялікай адлегласці, крочылі некалькі пажылых казахаў.

Бай-Мухамед някепска размаўляў па-руску. Прадставіўся, а потым назваў таго, хто знаходзіўся поруч. Свайго сваяка Махмуда. Як таго патрабавалі мясцовыя звычаі, падрабязна распытваў падарожнікаў пра іхняе жыццё. Аднак мэтай прыезду не цікавіўся. Калі падышлі да юрты, на здзіўленне Сузіна, зноў паціснуў яму руку. Павёў туды, дзе загадзя былі пастаўлены дзве раскладныя табурэткі.

Усеўшыся на адну з іх, другую прапанаваў Адаму Дамінікавічу. Пацікавіўся яго жыццём-быццём. Рабіў гэта тактоўна і недакучліва. Казахі з яго акружэння сядзелі поруч на разасланых дыванах. Яны ўважліва слухалі, не ўмешваючыся ў размову. Яна, хоць і працягвалася даўгавата, і гэтым разам не кранулася мэты прыезду падарожнікаў.

Адам Сузін таксама пра многае распытваў. Аднак да галоўнага не падыходзіў. Пацікавіўся здароўем блізкіх султана і яго самога, справамі ў жузе. Неўпрыкмет размова зайшла пра надвор’е. Дый шмат пра што іншае, з чым звязана жыццё чалавека і ягоны настрой.

Нарэшце Бай-Мухамед запрасіў у юрту.

Колькі піць кумысу

Сузін неаднойчы бываў у жыллі простых казахаў. На ягонае здзіўленне, султанава юрта знешне нязначна адрознівалася ад іх жытла. Вылучалася толькі сваімі памерамі. А яшчэ пасланымі белымі кашмамі — падсцілкамі з лямца. Затое ўнутранае ўбранства свед- чыла, што ў ёй жыве чалавек багаты.

Сцены ўпрыгожваў арнаментаваны лямец. Дол усцілалі дываны, таксама з лямцу. На белай паверхні яго вылучаліся вышытыя ўзоры з чорнай і чырвонай воўны. Насупраць дзвярэй ля сцяны стаяла шмат куфраў. Ляжалі падушкі і скураныя матрацы. Былі нагрувашчаны розныя цюкі — таксама, відаць, з нейкім багаццем. Хоць, магчыма, і з тым рыштункам, які спатрэбіцца пры пераездзе ў новае качэўе.

Справа ад уваходу, за палатнянай, крыху адхінутай фіранкай за нечаканымі гасцямі з цікаўнасцю назіралі жанчына і некалькі дзяўчат. Яны час ад часу «стралялі» ў іхні бок сваімі чорнымі вачыма. Няйначай гэта была султанава жонка і яе дочкі.

Аднак Бей-Мухамед не прадставіў іх. Гэта прытым, што паводле казахскіх звычаяў мясцовыя жанчыны паводзілі сябе больш-менш свабодна. Пры мужчынах твар не закрывалі. Пытацца, хто яны, не тактоўна. Зразумеў, што час паведаць аб мэце свайго прыезду:

— У мяне, ваша ханская міласць, ёсць даручэнне з Арэнбурга.

Па вачах султана заўважыў, што яму хочацца як мага хутчэй даведацца, што гэта за даручэнне. Ды стрымаў цікаўнасць. Не спяшаўся адкрывацца і Адам Дамінікавіч:

— Пагаворым, калі крыху адпачну. Самі разумееце — шлях няблізкі і ўвесь час у сядле, — і тут жа запытаўся: — Не супраць, калі пажыву некалькі дзён у вас?

— Калі ласка, — замітусіўся Бай-Мухамед. — Дзе вы знойдзеце такое свежае паветра!

— Свежае паветра — гэта добра, — пагадзіўся Сузін, — але ўрачы раілі мне піць кумыс.

Пачуўшы пра кумыс, Бай-Мухамед яшчэ больш ажывіўся:

— Абавязкова будзе. Колькі пажадаеце, — паглядзеў з хітраватым прыжмурам сваіх вузкаватых вачэй: — А ўрач казаў, што лепш за ўсё есці пры гэтым?

— Раіў свежую бараніну.

— А якую? V

— Прызнаюся шчыра: не пацікавіўся. Хоць, па-мойму, бараніна ёсць бараніна…

— Не ўсялякая падыдзе, — праявіў дасведчанасць Бай-Мухамед, — але бараніна пазней будзе. Калі да кумысу прывыкнеце.

— Да кумысу трэба прывыкаць? — здзівіўся Адам Дамінікавіч. — Я ж яго я неаднойчы піў…

— Значыць, вам проста пашанцавала. Кумыс і нашкодзіць можа.

— Пра гэта і падумаць не мог.

— А вам і не трэба думаць. Гэта павінны ведаць тыя, хто кумыс прапаноўвае. Хоць, бадай, вы яго не так і шмат выпівалі.

— Як вам сказаць…

— Кумыс напачатку шкодны ў вялікай колькасці…

Бай-Мухамед, відаць, закрануў сваю любімую тэму. Аб лекавых

вартасцях кумысу, яго прыгатаванні і правільным ужыванні гатоў быў гаварыць бясконца. Сузін лавіў сябе на думцы, што гэтая гаворка яму ўжо надакучыла. Падтрымліваў яе толькі з-за звычайнай ветлівасці. Хацелася крыху папіць кумысу і паспаць. Ведаў ужо, што пад вечар прыедзе сябра Бай-Мухамеда султан Ірцен Каратаеў. Будзе наладжаны пышны прыём. Вядома, з удзелам шаноўнага госця. Але ці прынясуць кумыс?

Тут як тут цюленгут

А ў гэты момант адзін з цюленгутаў, слуг султана, якраз і шчыраваў над налітым у вялікую скураную місу «белым нектарам». Так казахі называлі кумыс. Узяўшы драўляную лыжку, старанна ўзбоўтваў яго. Каб змяшаць сываратку, якая пры заквасцы аддзялілася ад асноўнай масы.

Калі Адам Дамінікавіч змірыўся, што цяпер так і не паспрабуе гаючага напітку, з падносам з’явіўся цюленгут. На ім стаяў посуд з кумысам і шклянкі. Напоўніўшы іх, першую паднёс Сузіну. Але той не прыгубіў яе, а прапанаваў Бай-Мухамеду. Султану падобны знак павагі спадабаўся. Выпіўшы кумыс, ён вярнуў шклянку:

        — Цяпер ваша чарга, мой шаноўны госць.

Адам Дамінікавіч з задавальненнем асушыў яе. Быў не супраць выпіць яшчэ некалькі. Але яго спыняла папярэджанне, што да кумысу неабходна прывыкаць паступова. Бай-Мухамед зразумеў ягоную нерашучасць, усміхнуўся:

        — Не бойцеся, гэты кумыс не нашкодзіць вашаму здароўю.

Узрадаваны Сузін спыніўся толькі пасля таго, як у посудзе не засталося ні кроплі.

       — А цяпер, калі ласка, адпачніце, — нарэшце прапанаваў султан і загадаў цюленгуту: — Праводзь майго дарагога госця.

Той адвёў яго ў асобную юрту, якая, па ўсім відаць, і выкарыстоўвалася для адпачынку. Здарожаны за дзень, Адам Дамінікавіч прылёг на кашму. Аднак ці то пасцель аказалася для яго нязвыклай, ці з-за таго, што стомленасць прывяла да нервовага перанапружання, заснуў не адразу. Дый паспаць доўга не змог, бо быў разбуджаны тым жа цюленгутам, які і праводзіў яго сюды:

         — Султан запрашае вас на чай.

Хацелася адмовіцца, але адмовіцца — значыць, выказаць непавагу.

        — Праз хвіліну буду.

На шклянку чаю сабраліся блізкія султану людзі. Але гэты напой адрозніваўся ад таго, які Сузін прывык піць. Замест цукру ў напой дабаўлялі густую ўзбітую смятанку. I падавалі спецыяльна звараныя ў сале кавалачкі кіслага цеста. Яны называліся баўрсакі. Такі чай яму не надта спадабаўся. Але зрабіў выгляд, што п’е яго з задавальненнем. Падзякаваў за атрыманую найвялікшую асалоду. Бай-Муха- мед застаўся задаволены. Паабяцаў да вечара не трывожыць.

Бай — Мухамед і ўрачысты абед

Слова сваё стрымаў. Па прыездзе Каратаева яго паклікалі толь кі тады, калі пачынаўся ўрачысты прыём. Даючы зразумець, што абодва госці для яго аднолькава шаноўныя, Бай-Мухамед пасадзіў іх побач з сабой.

Здзівіла, што ў султанаву юрту свабодна заходзілі не толькі за- прошаныя. З’явіліся і тыя, хто сам выказаў такое жаданне. Усе яны здароўкаліся з султанам, паводзячы сябе з ім на роўных. Хоць садзіліся паўкругам. Кожны ведаў сваё месца. Толькі гэта і нагадвала аб тым, што тыя, хто сабраўся разам, розняцца па маёмасным стане. Заходзіць жа ў юрту ў час прыёму султан нікому не забараняў.

Аднак простыя казахі звярталіся да яго не па імені. Называлі «таксырам». Калі ж віталі султана ці за нешта былі асабліва ўдзячныя, прыкладалі абедзве рукі да грудзей і прамаўлялі «алдзіяр».

Гасцей сабралася чалавек каля сарака. Абслугоўвалі іх некалькі цюленгутаў. Частаванне пачалі з кумысу. Падносілі яго ў ёмістых фарфоравых піялах. 3 іх напаўнялі шклянкі.

Першымі выпілі гаспадар з Каратаевым. Потым пачаставалі Сузіна. Нарэшце прыйшла чарга іншых гасцей. Тыя набліжаліся ў знак павагі і ўдзячнасці на каленях. Узяўшы піялу, гэтаксама адыходзілі назад. Кожны частаваўся ў сваім крузе.

За кумысам падалі моцны чай. Адной шклянкі яго ставала, каб адчуць сябе бадзёрым. Пасля з’явіліея тазы з вадой для мыцця рук. Без гэтага было не абысціся. Збіраліся падаваць мясныя стравы. Асаблівай гігіены патрабаваў бешбармак. У перакладзе — «пяць пальцаў». Бешбармак — спецыяльна падрыхтаванае мяса. Гэта вялізныя кавалкі тушы барана, звараныя ў булёне. Яго часцей бяруць рукамі з агульнага посуду.

Частаванне пачалося з нарэзанай тонкімі кавалачкамі пячонкі, адваранай з тлушчам барана. Была таксама сыравэнджаная каўбаса з каніны — так званыя казы. Падалі і смажанку з той жа пячонкі, лёгкага і мяса, па-мясцоваму — куардак. I толькі пасля гэтага ўсім прапанавалі бешбармак.

Каратаеў, як галоўны госць, атрымаў галаву. Але не стаў яе есці, а, адрэзаўшы вушы, перадаў іх маладым мужчынам. Гэтаксама адразаў і раздаваў невялікія кавалачкі мяса.

Да трапезы запрашаліся і госці, якія сядзелі воддаль ад святочнага стала. Бай-Мухамед і Каратаеў у знак павагі не проста частавалі іх. Калі тыя падпаўзалі на каленях, самі клалі ім мяса ў рот. Паколькі гэта быў надта сытны пачастунак, яго запівалі моцным булёнам — саршой. Яе цюленгуты прынеслі ў аб’ёмных піялах.

Ад з’едзенага і выпітага Сузіну стала цяжкавата дыхаць. Таму, калі ўслед за саршой зноў прынеслі кумыс, хацеў адмовіцца. Бай- Мухамед, здагадаўшыся пра ягоны намер, падахвоціў:

— Якраз гэтага пітва вам цяпер і не стае.

         — Але ж я і так столькі выпіў, — здзівіўся Адам Дамінікавіч.

         — Кумыс пасля сытнай ежы ніколі не лішні, — супакоіў яго султан.

Як у ваду глядзеў. Сузін незаўважна выпіў шклянку, другую…

Адчуў, што цяжар ад ежы, быццам рукой зняло. Болып за тое, у галаве з’явіўся лёгкі хмель, які бадзёрыў. Хацелася як мага даўжэй знаходзіцца ў гэтым сяброўскім гурце.

Зацікаўленая гаворка не змаўкала ні на хвіліну. Кожны адчуваў сябе свабодна. Быў упэўнены, што ён можа выказацца і ў сваёй споведзі знойдзе паразуменне.