Марціновіч, А. Бешбармак? Яшчэ той смак! / Алесь Марціновіч // Далекае – блізкае : знаёмствы, адкрыцці, дыялогі : у 2 кн. / [укл. В. Рацэвіч ; прадм. С. Ананьевай]. – Мінск, 2019. – Кн. 2. – С. 59-72.

Пра камандзіроўку Адама Сузіна на поўдню ад так званай Арэнбургскай лініі, дзе здаўна качавалі нашчадкі старадаўніх казахскіх родаў.

Алесь Марціновіч

БЕШБАРМАК? ЯШЧЭ ТОЙ СМАК!

Адам Дамінікавіч і ўраднік, які суправаджаў Сузіна разам з шасцю казакамі, спадзяваліся, што казах, якога ўзялі ў якасці правадніка, дапаможа хутка знайсці месца, дзе знаходзілася качэўе султана Бай-Мухамеда Айчувакава. Аднак дарога туды аказалася няблізкай, таму і заняла цэлы дзень. А да ўсяго не абышлося без таго непрадбачанага, аб чым загадзя не падумалі.

Праваднік, як хутка даведаліся, слаба ведаў гэтую мясцовасць, а казахі, якія трапляліся на іх шляху, варожа ставіліся да казакоў, таму не толькі не даводзілася разлічваць на традыцыйную гасціннасць мясцовых жыхароў, гатовых падзяліцца нават з выпадковым падарожнікам самым апошнім, а і развітвацца з імі, часам пра- глынуўшы кавалак крыўды.

Калі ж у адным з аулаў Адам Дамінікавіч папрасіў кумысу, які ўрачы як адзіны сродак для папраўкі здароўя прапісалі яму піць, казахі, да якіх звярнуўся, робячы выгляд, што ім не хочацца адмаўляць добраму чалавеку, ды нічога не зробіш — дапамагчы няма ніякай магчымасці, ледзь не ў адзін голас загаласілі:

— Кумыс жок! Жок кумыс!

Сузін паспеў ужо крыху вывучыць казахскую мову, ва ўсякім разе выразы, якія часта выкарыстоўваюцца, ведаў, таму лёгка зразумеў што адказалі: «Кумысу няма! Нямакумысу!»Паслятолькіўсміхнуўся. Ды не скептычна, а быццам неяк вінавата, таму што прымусіў гэтых добрых людзей хлусіць — побач пасвіліся выкармленыя кабылы. Сумна адказаў:

— Няма, дык няма.

Казахі сарамліва адвялі вочы, ніякавата адчуваў сябе і праваднік, але Адам Дамінікавіч не стаў настойваць на сваім, бо даўно паспеў ужо вывучыць традыцыі мясцовага насельніцтва і ведаў, што, калі казахаў хтосьці пакрыўдзіў, дарэмна ўгаворваць, усё адно ніколі ўжо яго паважаць не будуць, а часам гэтую затоеную крыўду могуць перанесці і на ягонага супляменніка. Да казакоў жа ў іх было менавіта такое стаўленне, бо яны, выконваючы загад начальства, неаднойчы наводзілі парадак ў стэпе, пры гэтым дзейнічалі ваяўніча, не шкадуючы тых, хто не хацеў падпарадкоўвацца.

Падзеі ж апошнім часам разгортваліся так, што рускаму царызму, кіруючыся сваімі захопніцкімі інтарэсамі, давялося ўмяшацца ў звыклае жыццё качэўнікаў.

На поўдні ад так званай Арэнбургскай лініі, куды быў накіраваны ў камандзіроўку Сузін, здаўна качавалі нашчадкі старадаўніх кіргізскіх родаў (кіргізамі ў той час называлі і казахаў), асноўным заняткам якіх з’яўлялася жывёлагадоўля, а паколькі для шматлікіх статкаў патрабаваліся вялікія пашы, то і даводзілася пастаянна перамяшчацца з месца на месца. Аднак на пераезды ўплывала не толькі гэта, але і жаданне прытрымлівацца традыцый, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Паколькі ў шматлікіх невялікіх казахскіх ханствах захавалася кіраванне па родах, то кожны род альбо аул меў свой шлях перамяшчэння, які штогод праходзіў звычайна з поўначы на поздзень, а потым вандравалі ў зваротным накірунку. I так працягвалася не адно стагодцзе. Толькі зімой спыняліся там, дзе напаткала іх сцюжа і маразы. У гліняных дамах заставаліся да таго часу, пакуль снег не пачынаў раставаць і тады, сабраўшы свае няхітрыя пажыткі, разам са статкамі рухаліся ў іншае месца. У асобных выпадках паддаваліся нябачнаму і нячутнаму поклічу продкаў таму нечакана маглі пакінуць месца з сакаўной травой для коней і падацца туды, дзе для жывёлы не ставала неабходнай колькасці ежы, там і заставаліся, бо іншага выбару ў іх не было. Іншыя б роды, даведаўшыся, што адступіліся ад традыцый, адразу асудзілі б.

У цэлым жа казахская народнасць па сваім складзе была неаднародная. У яе ўваходзілі тры групы плямёнаў ці па-мясцоваму жузаў: Старэйшы, Сярэдні і Малодшы на чале з ханамі, якія ажыццяўлялі сваю ўладу праз султанаў. Малодшы жуз якраз і знаходзіўся на тэрыторыі, дзе цяпер рухаўся са сваімі суправаджаючымі Сузін.

Да паездкі Адама Дамінікавіча падшурхнулі рапарты султапаў заходняй і сярэдняй часткі тэрыторыі гэтага жуза Бай-Мухамеда Айчувакава і Журсупа Нураліева, якія даслалі ў жніўні 1832 г. у Пагранічную камісію, у якой служыў Сузін. Казахскія правіцелі паведамлялі пра абстаноўку, што склалася на іх тэрыторыі. Дый там ніякіх сакрэтаў не было, добра ведаў яе і сам Сузін.

Казахі апынуліся як бы між двух агнёў. З аднаго боку яны адчувалі на сабе націск хівійскіх ханаў, а з другога — свае пазіцыі імкнулася ўмацаваць Расія, якая паступова распаўсюджвала на гэтым краі ўласныя парадкі. У 1824 г. царскі ўрад адмяніў у Малодшым жузе ўладу ханаў і падзяліў яго на тры часткі на чале з султанамі, якія з гэтага моманту былі, па сутнасці, неабмежаванымі ў сваіх дзеяннях, раней іх кіраванне было слабым, бо панавала свайго роду «феадальная дэмакратыя». Ёй шмат у чым спрыяла і тое, што згодна з казахскімі звычаямі кожны прадстаўнік народнасці павінен быў ведаць сваіх продкаў да сёмага калена, таму часам аказвалася і так, што звычайны казах знаходзіўся няхай і ў далёкім сваяцтве з тымі ж ханамі ці султанамі, а яны не маглі не прызнаць гэтага і таму адпаведна ставіліся да яго.

Змены, якія прыйшлі з царскім урадам, прывялі і да таго, што быў адменены родавы прынцып кіравання. Малодшы жуз падзяліўся на 32 дыстанцыі, на чале якіх ставіліся прызначаныя начальнікі, якія знаходзіліся ў падпарадкаванні султанаў. За кожным султанам замацоўвалася па дзвесце казакоў.

Паклапацілася Расія і аб умацаванні паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Каспійскага мора, куды да заліва Мёртвы Култук была адпраўлена экспедыцыя пад кіраўніцтвам падарожніка і прыродазнаўцы Грыгорыя Карэліна. Высадзіўшыся ў Туманных гарах, каля скалы Кізілташ, дэталёва абследаваўшы гэтую мясцовасць, прыйшлі да высновы, што якраз тут неабходна ўзвесці ўмацаванне, якое і было пабудавана ў 1834 г. і стала называцца Новааляксандраўскім. Апошняе, безумоўна, выклікала абурэнне ў хівінскага хана, і той, баючыся нападу, нават загадаў узбекам карміць коней для паходу, але хутка астудзіў свой пыл.

Сузін павінен быў высветліць, як да падобных змен у жыцці ставяцца самі казахі, а таксама яму важна было ведаць настрой мясцовых султанаў.

Выехаўшы з Арэнбурга, Адам Дамінікавіч спачатку пабываў у так званай Ілецкай Абароне, дзе пазнаёміўся са здабычай солі і алебастру, а потым наведаўся ў Буранны фарпост, размешчаны ў сарака вёрстах ад абароны. А ўжо адтуль, пераправіўшыся праз раку Ілек, 2 чэрвеня 1834 г. апынуўся ў стэпе, дзе па звестках і было качэўе султана Бай-Мухамеда, але дакладна ў якім месцы, ніхто сказаць не мог. У тым ліку і праваднік. Даводзілася па дарозе распытваць казахаў, якія трапляліся на іхнім шляху. Тыя ж, на жаль, не надта ахвотна ўступалі ў кантакты…

— Няма дык няма, — паўтарыў Сузін і лёгкім рыўком апынуўся ў сядле.

На коней селі і яго спадарожнікі. Казахі пры гэтым не сказалі ні слова, апе па іх насцярожаных позірках было відаць, як ім хочацца, каб няпрошаныя госці зніклі як мага хутчэй.

— Но! — крыкнуў Сузін і прышпорыў каня, які галопам узяў з месца.

Рухаліся хутка, хоць і ўезджанай дарогі і не было, але раўнюткая посцілка стэпу, упрыгожаная дзясяткамі рознакаляровых кветак, была надзіва трывалай, быццам перад гэтым яе паспеў нехта ўтрамбаваць, і неаднойчы выпрабаваныя няпростым шляхам коні лёгка пераадольвалі вярсту за вярстой, а адчуўшы блізкую прысутнасць чалавека, прыспешвалі свой крок.

У гэты момант у Сузіна і яго спадарожнікаў успыхвала спадзяванне, але, калі наперадзе паказваліся адна-дзве пахілыя юрты, вярталася ранейшая няўпэўненасць. Яе не развейвала і гутарка з казахамі, якія пазіралі на іх насцярожана, асабліва не жадаючы ўступаць у размову.

Ці то яны і сапраўды не ведалі месцазнаходжанне султана, ці то проста не хацелі ім казаць. Таму даводзілася ехаць ні з чым.

Толькі пад вечар, калі паказалася стужка ракі, якую праваднік назваў Чунгуртай, на карце Сузін убачыў сапраўдную назву Утва. На другім беразе было відаць некалькі аулаў. Сумнення не заставалася: падарожнікі прыбылі на месца. Пераправіўшыся праз Утву, накіраваліся туды, дзе размяшчаліся белыя юрты казацкіх афіцэраў, падначаленых султана.

Не паспелі прывітацца, як убачылі самога Бай-Мухамеда. Насустрач падарожнікам упэўнена, з пачуццём уласнай годнасці крочыў рослы чалавек, апрануты ў блакітны халат і ў зялёныя саф’янавыя боты. Сузін заўважыў, што невялікая баранавая шапка ў яго была надзета паверх шаўковай цюбецейкі. Яшчэ заўважыў і тое, што султан схільны да паўнаты.

Прамыя чорныя валасы (цвёрдыя, шчаціністыя, падумаў Адам Дамінікавіч), гэткія ж чорньм, крыху раскосыя вочы, а таксама высокія скулы лёгка выдавалі ў ім нашчадка тых, хто шмат стагоддзяў назад парадніўся з казахскім стэпам.

За султанам хутка ішоў яшчэ адзін чалавек, якія адчуваў сябе гэтаксама ўпэўнена, а ўжо на невялікай адлегласці ад яго крочылі некалькі пажылых казахаў.

Бай-Мухамед нядрэнна размаўляў па-руску. Назваўшы сваё імя і таго, хто знаходзіўся з ім поруч — гэта быў сваяк султана Махмуд, Бай-Мухамед, як таго і патрабавалі казахскія звычаі, пачаў падрабязна распытваць падарожнікаў пра іхняе жыццё, аднак пра мэту прыезду не пацікавіўся і запрасіў да сябе ў юрту. Калі пад’ехалі да яе, султан, на здзіўленне Сузіна, зноў паціснуў яму руку і павёў туды, дзе для іх загадзя былі пастаўлены два раскладныя табурэты.

Усеўшыся на адным з іх, а другі прапанаваўшы Адаму Дамінікавічу, Бай-Мухамед зноў пачаў распытваць пра некаторьм моманты з жыцця госця, робячы гэта тактоўна і ненавязліва, а казахі, размясціўшыся побач на разасланых дыванах, уважліва іх слухалі, не ўмешваючыся ў размову. Але і ў гэты раз гаворка, хоць і працягвалася даўгавата, так і не кранулася прычыны наведвання Сузіным уладанняў Бай-Мухамеда.

Сам Адам Дамінікавіч таксама пра многае распытваў, аднак не спяшаўся падыходзіць да галоўнага пытання, бо ведаў ужо, што казахі асабліва цэняць таго чалавека, які прыходзіць да іх не толькі каб вырашыць свае справы. Пацікавіўся здароўем блізкіх султана і яго самога, тым, як ідуць справы ў жузе. Потым размова зайшла пра надвор’е і шмат пра што іншае, што тым не менш так ці інакш уплывае на жыццё чалавека, яго настрой.

Нарэшце Бай-Мухамед запрасіў да сябе ў юрту.

Сузіну неаднойчы даводзілася бываць у юртах казахаў меў дастаткова поўнае ўяўленне аб іх пабудове і прызначэнні таго, што знаходзілася там. На ягонае здзіўленне, султанава юрта знешне нязначна адрознівалася ад жылля простых жыхароў стэпу. Хіба што яна вылучалася сваімі памерамі, а яшчэ белымі кошмамі — посцілкамі з лямцу. А вось унутранае ўбранне сведчыла аб тым, што тут жыве чалавек багаты.

Сцены юрты былі ўпрыгожаны лямцам з арнаментам, а дол яе ўсцілалі дываны з таго ж лямцу, на белай паверхні якога вылучаліся вышытыя чорнай і чырвонай шэрсцю ўзоры. А яшчэ насупраць дзвярэй ля сцяны стаяла шмат куфраў, ляжалі падушкі і скураныя матрацы, нагрувашчаны розныя цюкі — таксама, відаць, з нейкім багаццем, а магчыма, і тымі рэчамі, якія спатрэбяцца ў дарозе, калі давядзецца пераязджаць на новае месца.

Адам Дамінікавіч заўважыў што справа ад уваходу, за палатнянай, крыху адхінутай фіранкай, за нечаканымі гасцямі з цікаўнасцю назіраюць жанчына і некалькі дзяўчат, час ад часу страляючы ў іхні бок сваімі чорнымі вачыма. Гэта была султанша і яе дочкі, але Бай- Мухамед не стаў прадстаўляць іх, хоць паводле казахскіх звычаяў мясцовыя жанчыны маглі паводзіць сябе болын свабодна і не закрывалі пры мужчынах твар. А Сузін палічыў нетактоўным распытваць, хто гэта. Вырашыў што нарэшце настаў час паведаміць Бай-Мухамеду, чаму ён завітаў у гэтыя краі.

— У мяне, ваша ханская міласць, ёсць даручэнне з Арэнбургу.

Па вачах султана было відаць, што яму хочацца як мага хутчэй даведацца, што гэта за даручэнне, але ён стрымаў сябе і не прамовіў ні слова. Не спяшаўся раскрываць карты і Сузін:

— Думаю, лепш буцзе, калі пагаворым аб гэтым пасля таго, як я з дарогі крыху адпачну. Самі разумееце — шлях няблізкі, і ўвесь час у сядле.

I зноў паспяшаўся запэўніць султана, наколькі яму прыемна знаёмства з ім, а пасля запытаўся:

— Вы не супраць, калі пажыву некалькі дзён у вашым ауле?

— Калі ласка, — замітусіўся Бай-Мухамед, — заўсёды да вашых паслуг. Дзе вы знойдзеце такое свежае паветра, — адчувалася, што пры гэтым ён не проста прытрымліваецца казахскага этыкету, а на самой справе гаворыць шчыра, радуецца, што да яго прыехаў такі госць.

— Свежае паветра—гэта добра,—пагадзіўся Адам Дамінікавіч, — але ўрачы рэкамендавалі мне папіць кумысу.

Пачуўшы пра кумыс, Бай-Мухамед яшчэ болып ажывіўся:

— Абавязкова будзе кумыс. Колькі пажадаеце.

Паглядзеў на Сузіна, хітравата прыжмурыўшы вузкаватыя вочы:

— А вам урач казаў што лепш за ўсё есці пры лячэнні кумысам?

— Раіў есці найперш свежую бараніну.

— А якую — не казаў?

— Скажу шчыра: я так і не пацікавіўся. Ды бараніна, я думаю, ёсць бараніна…

— Не кажыце так. Не любая падыдзе, — паказаў дасведчанасць Бай-Мухамед. — Але бараніна пазней будзе, пасля таго, як да кумысу прывыкнеце.

— Да кумысу трэба прывыкаць? — здзівіўся Адам Дамінікавіч. — Дык яго я неаднойчы піў…

— Значыць, вам проста пашанцавала. Паверце мне: кумыс, калі ім няўмела карыстацца, і нашкодзіць можа.

— Пра гэта і падумаць не мог.

— А вам і не трэба думаць. Гэта павінны ведаць тыя, хто кумыс прапаноўвае. Хоць, бадай, вы яго не так і шмат пілі.

— Як вам сказаць…

—Кумыс напачатку шкодны ў вялікай колькасці, таму і трэба праяўляць пры яго ўжыванні пэўную асцярожнасць.

Відаць, закрануў любімую тэму султана, таму аб уласцівасцях кумысу, яго прыгатаванні і правільным ужыванні ён гатоў быў гаварыць бясконца.

Сузін пачаў лавіць сябе на думцы, што гэтая гаворка яму ўжо надакучыла і ён падтрымлівае яе толькі з прычыны звычайнай ветлівасці. Хацелася крыху папіць кумысу і да вечара паспаць, бо пад вечар, як даведаўся ад свайго субяседніка, павінен прыехаць яго сябар султан Ірцен Каратаеў у гонар якога будзе наладжаны пышны прыём. Вядома, і Сузіна запрасілі. Аднак не пакідала думка, што, магчыма, цяпер яму, непакоячыся за здароўе, папіць кумысу і не дадуць. Тады няхай і без яго, абы толькі хутчэй адпачыць.

Але ў гэты момант адзін з таленгутаў, слуг султана, якраз працаваў над налітым у вялікую скураную міску «белым нектарам», як яго называлі казахі. Узяўшы драўляную лыжку, старанна ўзбоўтваў яго, бо за час, калі праходзіла закваска кабылінага малака, сываратка паспела ад дзяліцца ад асноўнай масы.

Калі Адам Дамінікавіч з цяжкасцю змірыўся, што прыйдзецца пайсці адпачываць, так і не паспрабаваўшы гаючага напітку, таленгут з’явіўся перад імі з падносам, на якім стаяў посуд з кумысам і піялы. Напоўніўшы іх, першую паднёс Сузіну, але той не прыгубіў яе, а прапанаваў Бай-Мухамеду. Султану такі знак павагі спадабаўся, і ён, выпіўшы кумыс, аддаў піялу Адаму Дамінікавічу:

— Цяпер ваша чарга, мой шаноўны госць.

Сузін з задавальненнем асушыў яе і паглядзеў на султана, не ведаючы, як паводзіць сябе далей. Хацеў бы выпіць яшчэ, ды ўспомніў папярэджанне, што да кумысу неабходна прывыкаць паступова.

Бай-Мухамед зразумеў ягоную нерашучасць, усміхнуўся:

— Не бойцеся, гэта такі кумыс, што не нашкодзіць вашаму здароўю.

Узрадаваны Сузін спыніўся толькі пасля таго, як у посуцзе ні кроплі не засталося гэтага напітку.

— А цяпер, калі ласка, адпачніце, — нарэшце прапанаваў Бай-Мухамед і загадаў таленгуту: — Праводзь майго дарагога госця.

Той адвёў яго ў асобную юрту, якая, па ўсім відаць, і выкарыстоўвалася для гасцей. Сузін, стомлены за дзень, прылёг на кашму. Аднак ці то пасцель аказалася для яго нязвыклай, ці то стомленасць прывяла да нярвовага перанапружання, заснуў не адразу, як спадзяваўся. Дый паспаць доўга не змог, бо яго разбудзіў той таленгут, які праводзіў яго сюды:

— Султан запрашае вас на чай.

Хацелася адмовіцца, але гэта азначала выказаць непавагу:

— Праз хвіліну буду.

Акрамя Бай-Мухамеда выпіць чаю сабраліся блізкія султану людзі. Але гэты напітак адрозніваўся ад таго, што Адам прывык піць. Замест цукру ў чай дабаўлялі густа ўзбітую смятану і падавалі спецыяльна звараныя ў сале кавалачкі кіслага цеста, якія называліся баўрсакі. Падобны напой яму не асабліва спадабаўся, аднак пастараўся зрабіць выгляд, што п’е яго з задавальненнем і яшчэ падзякаваў за атрыманую вялікую асалоду, пасля чаго Бай-Мухамед застаўся задаволены і паабяцаў, што да вечара яго болын ніхто не патрывожыць.

I слова сваё стрымаў. Сузіна паклікалі не адразу па прыездзе Каратаева, а толькі тады, калі пачынаўся прыём у яго гонар. Бай-Мухамед, паказваючы, што абодва госця для яго аднолькава шаноўньм, пасадзіў іх па баках ад сябе, Каратаеў сядзеў справа. Адам Дамінікавіч здзівіўся, калі ў султанаўскую юрту пачалі свабодна заходзіць не толькі запрошаньм, а і тым, хто сам вырашыў прыйсці. Усе яны віталіся з Бай-Мухамедам, пры гэтым паводзячы сябе з султанам як роўным, праўда, садзіліся паўкругам, адпаведна свайму сацыяльнаму статусу.

Толькі гэта і нагадвала аб тым, што ўсе сабраўшыеся адрозніваюцца па маёмаснаму стану. Заходзіць да сябе ў юрту ў час прыёму султан не мог забараніць нікому. Аднак простьм казахі, звяртаючыся да Бай-Мухамеда, называлі яго не па імені, а таксыр. Калі віталі султана ці за нешта былі яму асабліва ўдзячныя, прыкладалі абедзве рукі да грудзей і прамаўлялі «алдзіар».

Гасцей, як падлічыў Адам Дамінікавіч, сабралася каля сарака чалавек, таму для абслугоўвання іх запрасілі некалькі таленгутаў, якія пачалі разносіць кумыс, які ў казахаў лічыўся самым галоўным не толькі асвяжальным, а і алкагольным напіткам. Падносілі яго ва ўмяшчальных фарфоравых піялах.

Першымі выпілі гаспадар з Каратаевым, а потым пачаставалі Сузіна і толькі пасля гэтага пачалі перадаваць піялы іншым гасцям. Тыя набліжаліся да іх у знак павагі і ўдзячнасці на каленях, а ўзяўшы піялу, так адыходзілі назад і пачыналі частавацца ў сваім крузе.

За кумысам падалі моцны чай, адной піялы якога ставала, каб атрымаць зарад бадзёрасці. На гэтым ужыванне напоеў скончылася. Перад гасцямі з’явіліся тазы з вадой для мыцця рук. Падобнае было не лішне, бо ўсе збіраліся есці мясныя стравы, а летам іх ужыванне з-за спёкі выклікае пэўную небяспеку. Асаблівай гігіены патрабаваў бешбармак, што ў перакладзе азначае «пяць пальцаў», так называлася спецыяльна падрыхтаванае мяса — вялізныя кавалкі тушы барана, звараныя ў булёне. Елі яго з агульнага посуду рукамі.

Частаванне мяснымі стравамі пачалося з нарэзанай тонкімі кавалачкамі пячонкі, зваранай з салам барана. Былі таксама казы — сыравэнджаная каўбаса з каніны, куардак — смажанка з той жа пячонкі, лёгкага і мяса. I толькі пасля гэтага ўсім прапанавалі беш- бармак.

Каратаеў як галоўны госць атрымаў галаву, але не стаў яе есці, а, адрэзаўшы вушы, перадаў іх маладым мужчынам. Гэтаксама адразаў і раздаваў невялікія кавалачкі мяса. Бай-Мухамед і Каратаеў у знак павагі не проста частавалі гасцей, а калі тыя падпаўзалі на каленях, самі клалі ім мяса ў рот. Гэта быў надзіва сытны пачастунак, паколькі яго запівалі моцным бульёнам — сарпой, які таленгуты прынеслі ў аб’ёмных піялах.

Ад з’едзенага і выпітага Сузін адчуў, што яму становіцца цяжкавата дыхаць, таму, калі ўслед за сарпой зноў прынеслі кумыс, хацеў адмовіцца, але Бай-Мухамед, здагадаўшыся пра ягоны намер, падахвоціў:

— Якраз гэтага пітва вам цяпер і нестае.

— Але ж я і так столькі выпіў.

— Кумыс пасля сытнай ежы ніколі лішнім не бывае, — супакоіў султан.

I як у ваду глядзеў. Адам Дамінікавіч не заўважыў, як выпіў шклянку, другую і адчуў, што цяжар ад ежы як рукой зняло. Болын таго, пасля гэтага лёгкі хмель, што з’явіўся ў галаве, сапраўды бадзёрыў, і хацелася як мага даўжэй знаходзіцца ў гэтым сяброўскім гурце, у якім ні на хвіліну не змаўкала цікавая гутарка, і кожны адчуваў сябе свабодна, разумеў, што можа выказацца і знойдзе паразуменне.

Вяртаўся ў адведзеную для яго юрту позна, калі стэп паспела атуліць сваім крылом прахалода, а на начным небе запаліліся дзясяткі зорак. Гледзячы на іх, Сузін захапляўся дзівосным хараством, ад сузірання якога асабліва востра адчувалася сувязь будзённасці з вечнасцю, а зямнога жыцця з самім космасам.

Падышоў да юрты і пастаяў ля ўваходу некаторы час, людская гамонка пакрысе сціхла, і неўзабаве ў наваколлі запананавала нейкая надзіва асязальная цішыня, гатовая цалкам праглынуць, растварыць у сабе ўсё жывое. Яе парушалі толькі цвырканне конікаў у траве ды незадаволены топат кабыліц, якія адганялі ад сябе назойлівых жарабят. А месяц, што выглядаў з-за лёгкіх хмар, здавалася, гатовы быў сарвацца з неба, каб апынуцца ўнізе, там, дзе, не ведаючы людской ласкі, стаяў густы травастой, каб крануцца яго сваім лязом і пачаць жаць сцябліна за сцяблінай.

Дзесьці і на радзіме хутка пачнуць напівацца сокам травы, чакаючы сенакосу. Паміраючы самі, яны дадуць жыцце тым, каму перадасца іх жыватворная сіла. Гэта суровая непазбежнасць, ад якой нікуды не дзенешся. I чалавечае жыццё не выключэнне. Хоць існуе пэўная розніца.

Адны, несучы свой крыж — хто годна, а хто як атрымоўваецца — праходзяць адпушчаны Богам час. Іншьм — іх, праўда, меней — адчуваюць уласную адказнасць і за чужьм лёсы. I нават не толькі за лёсы некаторых людзей, а і за ўсё жыццё. А ў сваім пастаянным жаданні і імкненні зрабіць яго лепшым і болып шчаслівым, гатовьм на самаахвярнасць, пакуты. I душэўныя, і фізічньм, бо загінуць за Бацькаўшчыну — найлепшы падарунак для народа. Да такіх людзей ён і належаў і не па сваёй волі апынуўся за тысячы кіламетраў ад мясцін, дзе нарадзіўся.

Першы раз пабачыў свет 10 студзеня 1800 г. Маёнтак Кулігоўшчына, які належаў ягоным бацькам капітану Дамініку і Аўгінні Сузіным, адносіўся да Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (маёнтка даўно няма, а месца гэта зараз ля вёскі Босяч у Брэсцкай вобласці). Скончыўшы ў 1819 г. Гродзенскую гімназію, Адам адразу паступіў у Віленскі ўніверсітэт, дзе стаў актыўным філаматам (з’яўляўся сакратаром тайнага Зялёнага, інакш — матэматычнага, іх Саюза).

Паспеў закончыць вучобу і нават атрымаць вучоную ступень магістра філасофіі, як вясной 1823 г. пачаўся арышт удзельнікаў гэтага рэвалюцыйнага руху. Сузін не толькі быў сярод першых, хто трапіў за краты, а і праходзіў пад нумарам 3 як адзін з самых небяспечных дзяржаўных злачынцаў. Пакаранне было суровым і максімальным з тых, што прымяняліся на гэтым працэсе. 14 жніўня 1824 г. ён быў прыгавораны да ссылкі ў Арэнбургскую губерню, прытым паўгода павінен быў знаходзіцца ў турме.

Карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод сяброў па змаганню. З павагай да яго ставіўся і Адам Міцкевіч. Праўда, ён скончыў Віленскі ўніверсітэт у год паступлення туды Адама, аднак гэта не перашкодзіла ім знаходзіцца ў прыязных адносінах. Дый Міцкевіч пасля ўніверсітэта, як вядома, настаўнічаў у Коўна, а таму мог часта наведвацца ў Вільню. Удзельнічаючы з 1817 г. у стварэнні і дзейнасці тайных патрыятычных арганізацый філаматаў і філарэтаў, ён не парываў з імі сувязь і пад час настаўніцтва. I таксама трапіў у поле зроку паліцыі, а з лістапада 1823 г. па красавік 1824 г. знаходзіўся пад арыштам.

Калі іхнія шляхі разышліся (25 кастрычніка 1824 г. паэт быў адпраўлены ў ссылку), Міцкевіч двойчы звяртаўся да вобліка таварыша па барацьбе. Пад уласным прозвішчам філамат нумар 3 праходзіць у трэцяй частцы паэмы «Дзяды», дзе ў ходзе следства сустракаецца са сваімі паплечнікамі, а таксама ў вершы-імправізацыі «Адаму Сузіну». Гэтая частка паэмы пісалася ўжо ў 1832 г., а верш з’явіўся ў 1824-м, калі настаў момант развітання.

Паэма неаднойчы друкавалася ў перакладзе на рускую мову, а нядаўна дзякуючы Кастусю Цвірку з’явіўся і яе беларускамоўны варыянт, таму яна добра вядома чытачам, чаго не скажаш пра верш «Адаму Сузіну», які ў перакладзе трапіў толькі ў першы том Збору твораў А. Міцкевіча ў пяці тамах, выдадзены яшчэ ў 1948-1954 гг., таму, думаецца, тут не лішне прывесці цалкам:

О нем мне напомнила Муза —

Как я его позабыл?

О братья, да здравствует Сузин!

Выпьем, чтоб долго он жил!

За правду стоит он упрямо.

Светлою верой согрет, —

Таков, братья, образ Адама,

Сузина верный портрет.

Его не пугают оковы,

Он не сдается, восстав,

На жертвы любые готовый

За филаретский устав.

Да, знали мы смелых немало

В пору грозовых годин,

Но гордо молчать, как молчал он,

Может лишь Сузин один.

(Пераклад Марка Жывава.)

Выразна відаць, што Міцкевіч захапляецца сваім таварышам, бо і сапраўды Сузін на допытах трымаўся мужна. Якіх-небудзь звестак, што маглі б нашкодзіць таварышам, не назваў і ўвогуле нікога не выдаў. Гэтаксама годна трымаўся і па прыбыцці на месца пакарання.

Трапіў у турму Орскай крэпасці, якая пры заснаванні ў 1734 г. называлася Арэнбургскай і знаходзілася ля вытокаў ракі Оры. Пазней крэпасць двойчы пераносілі, пакуль не заклалі на пастаянным месцы. Тая ж, што засталася ля ракі, пачала называцца Орскай, а горад Орскам, у якім пасля турэмнага зняволення Сузін і працягваў адбываць пакаранне, а ў сакавіку 1829 г. атрымаў дазвол на пераезд у Арэнбург. Спачатку жыў разам з Занам, атрымаў пасаду пазаштатнага чыноўніка ў Арэнбургскай памежнай камісіі. Некаторы час бьгў казначэем, потым перавялі ў архіварыусы. З 1823 г. працаваў бухгалтарам.

Восенню 1833 г. Адам Дамінікавіч зноў трапіў пад падазрэнне і разам з Т. Занам, Я. Віткевічам і В. Івашкевічам па даносе быў арыштаваны і абвінавачаны ў змове і спробе захапіць Арэнбург з дапамогай салдат мясцовага гарнізона, сярод якіх знаходзілася нямала тых, каго ў свой час рэпрэсіравалі і выслалі.

Абвінавачванні Сузіну прад’явілі сур’ёзныя, і пакаранне яго магло чакаць самае строгае, аднак ягоную віну не даказалі, таму неўзабаве вызвалілі з-пад варты, і ён змог працягваць службу на ранейшай пасадзе. А пасля і накіравалі ў камандзіроўку, якая была настолькі багатай на шматлікія назіранні, што Адам Дамінікавіч па ходу знаёмства з жыццём казахаў пачаў рабіць запісы, якія пазней у 1871 г. апублікаваў у некалькіх нумарах варшаўскага часопіса «Kronika Rodzinna» («Сямейная хроніка»). Гэтыя мемуары Сузіна сталі цікавай крыніцай для вывучэння побыту і традыцый казахаў у першай палове XIX ст. Асабліва цікавыя ў іх назіранні, якія тычацца асабістых сустрэч з важнымі людзьмі, у першую чаргу з тагачаснымі правіцелямі, а таксама прыцягваюць увагу апісанні прыроды.

…Назаўтра прачнуўся пазнавата. Ніхто не спяшаўся яго будзіць, але хутчэй па іншай прычыне: нялёгкая дарога, а таксама багатыя ўражанні ад сустрэчы і гутаркі ўсё ж стамілі. Аднак, на здзіўленне, адчуваў сябе бадзёра, нягледзячы на тое, што пасцель з-за нязвыкласці здавалася жорсткай, а таму часта пераварочваўся з боку на бок.

Дарэчы, на карысць пайшоў кумыс. Толькі паспеў падумаць, што было б няблага выпіць яго, як у юрту асцярожна пастукаўся таленгут, якога паслаў султан. Але гэта быў не той, які ўчора частаваў яго, калі і Бай-Мухамед запрасіў да сябе. Ён прыйшоў з міскай кумысу.

Адам Дамінікавіч, не чакаючы, пакуль той налье кумыс, сам узяў з яго рук міску, а пасля піялу. Напоўніў яе ледзь не да краёў, аднак не адразу выпіў, а асцярожна рабіў глыток за глытком, смакуючы і атрымліваючы пры гэтым ўсё большае задавальненне.

Таленгут з цікаўнасцю назіраў за ім, бо яму дагэтуль ніколі не даводзілася бачыць, каб так пілі кумыс, аднак свайго здзіўлення не выказваў.

Сузін сам парушыў маўчанне:

— У вас так кумыс не п’юць?

Слуга слаба ведаў рускую мову і таму не адразу зразумеў сэнс сказанага. Толькі пасля таго, як Адам Дамінікавіч выпіў другую піялу ледзь не нагбом, а пасля запытаўся: «У вас так?» — той зразумеў, што і да чаго, усіміхнуўся і кіўнуў галавой.

Даўшы яму зразумець, што хутка зойдзе да Бай-Мухамеда, Адам Дамінікавіч усё ж вырашыў спачатку зрабіць у блакноце некалькі запісаў. Пісаў хутка, спяшаючыся занатаваць толькі самае галоўнае, каб пазней, калі з’явіцца больш вольнага часу, пашырыць запісы. Дый ведаў, што султан ужо чакае.

Толькі падышоў да юрты Бай-Мухамеда, як той выйшаў насустрач. Першым працягнуў руку, каб прывітацца, а пасля пачаў распытваць яго, як спапася, ці спадабалася частаванне і якое ўражанне атрымаў ад ягоных гасцей. Сузін толькі паспяваў адказваць, разумеючы, што для ветлівасці і самому трэба было б пацікавіцца здароўем султана (і яго жонкі, дачок і блізкіх, і тым, як адчувае сябе ягоны госць Іртэн Каратаеў. Ды Бай-Мухамед так шмат гаварыў сыплючы пытаннямі, што такой магчымасці проста не выпадала.

Нарэшце выйшаў і сам Каратаеў які прачнуўся куды раней і паспеў завітаць да гаспадара. I гэтаксама, як дагэтуль Бай-Мухамед, заняўся роспытамі, якім, здавалася, ніколі не будзе канца.

Першым спахапіўся гаспадар:

— Запрашаю, запрашаю, мой шаноўны госць.

— З задавальненнем, ваша султанская міласць, — узрадаваўся Сузін, але не таму, што хацелася есці — якраз пасля ўчарашняга пышнага застолля ён так і не паспеў прагаладацца, а таму што з’яўлялася магчымасць адбыць сняданак (менавіта так і падумалася — адбыць, хоць і высока цаніў гасціннасць сваіх новых знаёмых), каб адразу прагуляцца па наваколлю, аб чым ён марыў яшчэ ўчора.

Падавалі той жа кумыс і моцны, толькі без смятанкі, як учора, чай («Як у нас дома», — мільганула думка), а таксама мясныя стравы, аднак у меншай колькасці, чым у час урачыстага застолля. Аднак і тое, што прапаноўвалі, Адам Дамінікавіч еў з цяжкасцю. Але адмовіцца не мог, бо яго проста не зразумелі б і расцанілі б гэта як непавагу.

Сам жа і паведаміў Бай-Мухамеду і Каратаеву, чым вырашыў сёння заняцца, бо ў казахаў не прынята было пытацца ў госця наконт ягоных планаў:

— Калі не супраць, ваша султанская міласць, — звяртаўся менавіта да Бай-Мухамеда як да гаспадара, — хацеў бы сёння прагуляцца ўздоўж берага ракі.

— Ваша жаданне — для мяне закон, — запэўніў яго Бай-Мухамед.

— Але ў мяне ёсць адна невялікая просьба.

Бай-Мухамед не спытаў, якая гэта просьба, а чакаў, калі Сузін сам скажа пра яе.

— Я б хацеў пазнаёміцца з жыхарамі іншых аулаў, а яны ж па- руску не разумеюць, я, — Адам Дамінікавіч ўсміхнуўся, — на жаль, так і не вывучыў дасканала казахскую мову. Таму хачу ў вас папрасіць перакладчыка.

— Будзе перакладчык.

— Але я спачатку пахаджу адзін.

— Як пажадаеце.

Прыхапіў з сабой паходную сумку, узяў планшэты, бо збіраўся сабраць рэдкія, характэрныя менавіта для гэтых мясцін кветкі і травы для гербарыя. Але доўга адзін не пахадзіў, бо зразумеў, што адмовіўшыся на пэўны час ад перакладчыка, даў маху. Як называлася тая ці іншая кветка, трава сам не ведаў, а казахі, якіх напаткоўваў, патлумачыць не маглі, бо не разумелі, пра што пытаецца.

Давялося вяртацца за перакладчыкам. Пасля гэтага справа зрушылася з месца. У сумку Сузіна траплялі ўсё новыя і новыя экзэмпляры, а заадно часта размаўляў з мясцовымі жыхарамі. Тыя ж, відаць, таму, што быў не адзін, сталі гасціннымі, ахвотна запрашалі яго ў сваё жыллё, паказвалі розныя рэчы і тлумачылі іх прызначэнне.

Звярнуў пільную ўвагу Адам Дамінікавіч і на апратку казахаў.

Мужчыны ў асноўным насілі шырокія белыя кашулі, у залежнасці ад надвор’я карысталіся таксама безрукаўкамі і кафтанамі, а ўнізе надзявалі шырокія шаравары. Галаву ж іх пакрывала спічастая шапка з лямцу.

А вось жанчыны, як даведаўся, па сутнасці, карысталіся той апраткай, што і султанша з яе дочкамі. На іх былі каляровыя сукенкі з баваўнянай тканіны, аксамітавыя камізэлькі, а таксама, як і ў мужчын, шаравары. Толькі калошыны не звісалі свабодна, а былі сабраны ў шчыкалатак. На нагах жа былі ічыгі — мяккія боцікі. Як і знатныя жанчыны, яны значную ўвагу надавалі ўпрыгожванням. Іх галаўныя ўборы, як правіла, заканчваліся пер’ямі філіна. Насілі дарагія пацеркі, завушніцы, бранзалеты.

На працягу некалькіх дзён Сузін знаёміўся з ауламі, размешчанымі ўздоўж ракі Утвы, і іх жыхарамі, папаўняючы свае блакноты запісамі. Гэта былі не толькі занатоўкі аб побыце казахаў, а і асобныя выразы, прыказкі і прымаўкі.

Калі ж Бай-Мухамед разам са сваім аулам і казакамі, якія суправаджалі яго, накіраваўся на новае месца, што знаходзілася далей на паўднёвым усходзе, Адам Дамікавіч паехаў разам з імі. Пазней разам перабраліся і ў мясцовасць Булдурты, якая была ў пятнаццаці кіламетрах ад азёрнага фарпоста памежнай лініі.

Знаходжанне там таксама дазволіла папоўніць свае запісы цікавымі і значнымі назіраннямі. I не толькі тым, пра што сам дазнаўся, а і з расказаў тых людзей, якія наведваліся да Бай-Мухамеда. Дый казахі пачалі ахвотна запрашаць Сузіна да сябе.

Аднак нямала дало яму і знаёмства з пісьмаводам султана Мінчыракам Багданавым. Татарын па нацыянальнасці, ён з павагай ставіўся да мясцовага фальклору. Добра ведаў татарскія і башкірскія песні, якія высока цаніў, але быў перакананы, што параўнанне іх з казахскімі будзе не на карысць ім. А наколькі мілагучныя казахскія песні, Адам Дамінікавіч пераканаўся ў час аднаго з вяселляў, на якое паехаў разам з султанам Манбетам.

Але перш чым пачуць песні, з задавальненнем пазнаёміўся з маладымі. Жаніх расказаў гасцям пра мясцовыя звычаі, звязаныя з пасагам. Як падалося Сузіну, яны былі куды болып дэмакратычнымі, чым у яго на радзіме, бо, хоць і патрабавалі немалых выдаткаў, аднак для гэтага адводзіўся значны перыяд. У прыватнасці, згаданы жаніх са сваёй нявестай абручыўся яшчэ сем гадоў назад. Паступова змог выплаціць калым, які складаўся з сарака бараноў, пяці коней, некалькіх кароў і двух вярблюдаў.

Бацька жаніха перад тым, як спраўляць вяселле, для султана Манбета і Сузіна наладзіў яшчэ і асобны прыём. Ён запомніўся Адаму Дамінікавічу найперш тым, што ў гэты час два маладыя казахі спявалі па чарзе, выклікаючы ў прысутных смех. Відаць, яны наладзілі паміж сабой так званы айтыс, калі некалькі атынаў, спаборнічаючы між сабой, лёгка імправізуюць, даючы хуткі і належны вершаваны адказ суперніку. Сузін адзначыў для сябе, што падобны паэтычны паядынак у чымсьці блізкі да дыялогаў пастухоў у эклогах Вергілія.

А ў час самога вяселля Адам Дамінікавіч адкрыў для сябе ўсё хараство казахскіх музычных інструментаў, ігра на якіх таксама суправаджалася пастаяннымі імправізацыямі. I хоць пра змест іх мог толькі здагадвацца, але атрымліваў задавальненне ад чароўнай музыкі. Назаўтра ж з Манбетам трапіў яшчэ ў адзін аул, дзе ў сувязі з вяселлем ладзіліся спартыўныя спаборніцтвы. Чаго толькі там ні пабачыў!

Захапляльным відовішчам стала байга — конныя скачкі на загадзя вызначаны прыз.

Нямала балельшчыкаў сабралася паглядзець на курэс, калі двое сілачоў на працягу доўгага часу імкнуліся адзін аднаго паваліць на зямлю. А гледачы падбадзёрвалі іх дружнымі воклічамі ці выказвалі незадавальненне, калі нешта не атрымлівалася.

Большасць сабралася паглядзець сайыс, дзе двое седакоў спаборнічалі што ёсць моцы, каму ўдасца ўтрымацца ў сядле.

Нечым падобным на сайыс быў кокпар. Толькі тут наезнікі не стараліся адзін аднаго выбіць з сядла, а кожны імкнуўся вырваць з рук саперніка забітае казляня.

Любімай жа забавай моладзі ў час спаборніцтваў нязменна заставалася гульня кыз-куу, што ў перакладзе азначае «дагані дзяўчыну». Пачуўшы пра яе, Сузін нават пашкадаваў, што ўжо немалады, дый не з’яўляецца ліхім наезнікам, затое разам з іншымі з задавальненнем сачыў, як скакалі навыперадкі дзяўчына і юнак.

Калі дзяўчыне ўдавалася абагнаць хлопца, дык біла яго бізуном. Аднак падобнае адбываласяр эдка, хоць дзяўчаты і ўпэўнена трымаліся ў сядле. Юнакі стараліся яшчэ не толькі таму, што прайграўшы, выглядалі ў вачах суайчыннікаў не лепшым чынам. Заахвочвала іх тое, што той, хто абагнаў дзяўчыну, мог пры ўсіх пацалаваць яе. А сярод жа наезніц знаходзіліся і такія ганарліўкі, якія звычайна нават не падпускалі хлопцаў да сябе. У час кыз-куу і з’яўлялася, бадай, адзіная магчымасць дамагчыся свайго.

Былі ў Сузіна і іншыя, не менш уражваючыя сустрэчы, але не пра ўсе расказаў. Прынамсі, тое, што прапанаваў у друк, заканчваецца згадкамі пра вяселле, на якім прысутнічаў, пра спаборніцтвы, што адбываліся тады.

Вярнуўшыся ж у Арэнбург, працягваў службу ў Памежнай камісіі, з нецярпеннем чакаючы таго дня, калі можна будзе выехаць з ссылкі. Дазвол атрымаў летам 1837 г. А паколькі падавацца асабліва не было куды, успомніў пра Кароля Хадкевіча, з якім паспеў пасябраваць, а Зан не толькі сябраваў з ім, нават перапісваўся.

Граф Кароль Хадкевіч быў арыштаваны па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1830-1831 гг. I хоць гэта не было даказана, ён правёў у Арэнбургскай крэпасці каля 14 месяцаў. Бацька Кароля быў вядомым хімікам, валодаў шэрагам багатых маёнткаў, у тым ліку Турцом пад Наваградкам і часткай Петрыкава, удзельнічаў у выступленні паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Даведаўшыся, што Сузін можа пакінуць месца ссылкі, Кароль Хадкевіч прапанаваў яму прыехаць жыць да сябе ў маёнтак Млынаў на Валыні.

Гэтую прапанову Адам Дамінікавіч прыняў з радасцю і са студзеня 1838 г. у Млынаве стаў гувернёрам пляменнікаў графа. Аднак выхаваннем іх займаўся нядоўга, бо 20 ліпеня 1837 г. быў зноў арыштаваны.

Сузіна прывезлі ў горад Луцк, што знаходзіўся непадалёку ад Млынава, а адтуль пераправілі ў Кіеўскую крэпасць. Яшчэ праз некаторы час ён паўстаў у Вільні перад следчай камісіяй, створанай па справе падпольнай дэмакратычнай арганізацыі «Саюз польскага народа», на чале якой быў Шымон Канарскі. Хоць камісія ніякіх доказаў віны Адама Дамінікавіча не знайшла, на свабоду ён не быў адпушчаны, а мусіў працягваць сядзець у казематах Кіеўскай крэпасці. Толькі 5 лютага 1839 г. быў вызвалены з-пад арышту і адпраўлены ў Млынаў, дзе працягваў знаходзіцца пад паліцэйскім наглядам.

У Млынаве жыў да 1841 г., пасля чаго пераехаў у Вільню, а адтуль — у Варшаву, дзе і памёр у глыбокай старасці 11 снежня 1879 г. Амаль няма звестак пра яго жыццё ў гэты перыяд. Нічога канкрэтнага не змог сказаць і Валянцін Грыцкевіч, які, па сутнасці, першым і вярнуў імя Сузіна з небыцця.

Дый таго, што дайшло да нас, дастаткова, каб гаварыць пра яго не толькі як пра рэвалюцыянера, а і як пра падарожніка, даследчыка- натураліста, а ў пэўнай ступені і этнографа. «Светлаю верай сагрэты» ў лепшае жыццё, ён і сам выпраменьваў святло духоўнасці і высокай маральнасці.