Марціновіч, А. Выпраменьваў святло духоўнасці / Алесь Марціновіч // Маладосць. – 2010. — № 6. – С. 134 – 141.

Адам Дамінікавіч Сузін — кандыдат філасофіі, удзельнік польскага нацыянальна-вызваленчага руху, падарожнік, сакратар Зялёнага союза Таварыства філаматаў.

Выпраменьваў святло духоўнасці

ПАМІЖ ДВУХ АГНЁЎ

Адам Дамінікавіч і ўраднік, які суправаджаў Сузіна разам з шасцю казакамі, спадзяваліся, што казах, узяты імі ў якасці правадніка, дапаможа хутка зкайсці тое месца, дзе знаходзілася качэўе султана Бай-Мухамеда Айчувакова. Аднак дарога туды аказалася няблізкай, таму і заняла цэлы дзень. А да ўсяго не абышлося без таго непрадбачанага, што загадзя прыняць над увагу немагчыма.

Праваднік, як хутка ўпэўніліся, слаба ведаў гэтую мясцовасць, а казахі, якія трапляліся на іх шляху, варожа ставіліся да казакоў, таму не толькі не даводзілася разлічваць на традыцыйную гасціннасць тамашняга люду, гатовага падзяліцца нават з выпадковым падарожнікам самым апошнім, а і часам развітвацца з імі, пракаўтнуўшы горкі кавалак крыўды.

Калі ж у адным з аулаў Адам Дамінікавіч папрасіў кумысу, які ўрачы прапісалі яму піць як адзіны сродак для папраўкі здароўя, казахі, да якіх. звярнуўся, робячы выгляд, што ім не хацелася б адмаўляць добраму чалавеку, ды нічога не зробіш — дапамагчы няма ніякай магчымасці, ледзь не ў адзін голас загаласілі:

— Кумыс джок? Джок кумыс!

Сузін паспеў ужокрыху вывучыць казахскую мову, ва ўсякім разе найбольш хадавыя выразы яе ведаў, хаму легка здагадаўся, пра што ішла гаворка: «Кумысу няма. Няма кумысу». Пасля пачутага толькі ўсміхнуўся. Ды не скептычна, а быццам неяк вінавата з-за таго, што прымусіў гзтых добрых людзей хлусіць — поруч з аулам пасвіліся ўкормленыя кабылы. А яшчэ роспачна сказаў:

— Няма дык няма.

Казахі сарамліва адвялі вочы, ніякавата адчуваў сябе і праваднік, але Адам Дамінікавіч не стаў настойваць на сваім, бо даўно паспеў вывучыць традыцыі мясцовага насельніцтва і ведаў, што калі казахаў хтосьці пакрыўдзіў, марна ўгаворваць,усё адно ніколі не паставяцца да таго з павагай,а часам гэтую затоеную крыўду гатовы перанесці і на ягонага сапляменніка. Да казакоў жа ў іх было менавіта такое стаўленне, бо тыя неаднойчы, выконваючы загад начальства, у стэпе наводзілі парадак, пры гэтым дзейнічаючы ваяўніча, не шкадуючы,тых, хто выказваў якое-небудзь непаслушэнства. Падзеі ж апошнім часам разгортваліся так, што рускаму царызму давялося ўмяшацца ў звыклае жыццё качэўнікаў, кіруючыся сваімі захопніцкімі інтарэсамі.

На поўдзень ад так званай Арэнбургскай лініі, куды быў накіраваны ў камандзіроўку Сузін, здаўна качавалі нашчадкі старыдаўніх кіргізскіх родаў (кіргізамі ў той час называлі і казахаў), асноўньм заняткам якіх з’яўлялася жывёлагадоўля, а паколькі для шматлікіх статкаў патрабавалася вялікая колькасць корму, то і даводзілася пастаянна перамяшчацца з месца на месца, Аднак на змену знаходжання ўплывала не толькі жаданне няўхільна захоўваць традыцы, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Паколькі ў казахскіх ханствах, якія былі невялікімі, але шматлікімі, захавалася кіраванне па родах, дык кожны род альбо аул меў свой шлях перамяшчэния, які штогод праходзіў  звычайна з поўначы на поўдзень, а потым — у зваротным накірунку. І так працягвалася не адно стагоддзе, за выключэннем толькі зімовых месяцаў, калі спыняліся там, дзе напаткала сцюжа і маразы. У гліняных зямлянках знадзіліся да таго часу, пакуль снег не пачынаў раставаць і тады, сабраўшы свае няхітрыя пажыткі, разам састаткамі рухаліся ў іншае месца.

Казахская народнасць была неаднародная па сваім складзе. У яе ўваходзіла тры групы плямёнаў ці, па-мясцоваму, тры жузы: Старэйшы, Сярэдні і Малодшы — на чале з ханамі, а тыя ажыццяўлялі сваю ўладу праз султанаў. Малодшы жуз якраз і знаходзіўся на тэрыторыі, па якой цяпер рухаўся са сваім суправаджэннем Сузін. Паездку Адама Дамінікавіча і падштурхнулі рапарты султанаў заходняй і сярэдняй часткі гэтага жуза Бай-Мухамеда Айчувакова і Журсупа Нураліева, што паступілі ў жніўні 1832 года ў Пагранічную камісію, у якой Сузін і служыў.

Казахі апынуліся як бы паміж двух агнёў. 3 аднаго боку яны адчувалі на сабе націск хівійскіх ханаў, а з другога свае пазіцыі імкнулася ўмацаваць Расія, якая паступова распаўсюджвала на гэты край уласныя парадкі, а таму ў 1824 годзе царскі ўрад адмяніў у Малодшым жузе ўладу ханаў і надзяліў яго на тры часткі на чале з султанамі, якія з гэтага моманту былі па сутнасці неабмежаваны ў сваіх дзеяннях, у той жа час як раней улада іх з’яўлялася слабай, бо панавала свайго роду «феадальыая дэмакратыя».

Змены, ажыццёўленыя царскім урадам, прывялі і да таго, што быў адхінуты родавы прынцып кіравання. Малодшы жуз падзяліўся на 32 дыстанцыі, на чале якіх ставіліся прызначаныя, а не выбраныя начальнікі, якія знаходзіліся ў падначаленні султанаў, а да кожнага султана прыкамандзіроўваліся па дзвесце казакоў.

Паклапацілася Расія і аб умацаванні паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Каспійскага мора, куды да заліва Мёртвы Култук адправілася экспедыцыя пад кіраўніцтвам падарожніка і прыродазнаўцы Грыгорыя Карэліна. Высадзіўшыся ў Туманных гарах каля скалы Кізілташ, яна, дэталёва абследаваўшы гэтую мясцовасць, прыйшла да высновы, што якраз тут неабходна ўзвесці ўмацаванне, якое і было пабудавана ў 1834 годзе і стала называцца Нова-Аляксандраўскім. Ашошняе, безумоўна, выклікала абурэнне ў хівінскага хана, і той, баючыся нападу, нават загадаў узбекам карміць коней для паходу, але хутка астудзіў свой пыл.

Сузін і павінен быў высветліць, як да подобных змен у іхнім жыцці ставяцца самі казахі, а таксама яму важна было ведаць настрой мясцовых султанаў.

«БЕЛЫ НЕКТАР» — ЛЕПШЫЯ ЛЕКІ

…- Няма дык няма, — паўтарыў Сузін і лёгкім рыўком апынуўся ў сядле.

Прыкладу Адама Дамінікавіча паследавалі ягоныя спадарожнікі.

Толькі пад вечар, калі паказалася стужка ракі, якую праваднік назваў Чунгуртай, а паглядзеўшы на карту, Сузін упэўніўся, што гэта Утва, а на другім беразе яе пабачылі некалькі аулаў, сумнення не заставалася: падарожжа блізіцца да завяршэння. Пераправіўшыся праз Утву, накіраваліся туды, дзе размяшчаліся белыя юрты казацкіх афіцэраў, якія і знаходзіліся пры султане. Не паспелі павітацца з імі, як убачылі самога Бай-Мухамеда. А што паблізу і сапраўды паказаўся султан, сумнення не заставалася.

Насустрач упэўнена, з пачуццём уласнай годнасці крочыў рослы чалавек, апрануты ў блакітны халат і ў зялёных саф’янавых ботах. Сузін яшчэ паспеў заўважыць, што невялікая барановая шапка ў яго была надзета паверх шаўковай цюбецейкі. Як і не прайшло міма позірку і тое, што гэты чалавек схільны да паўнаты.

Бай-Мухамед някепска размаўляў па-руску. Назваўшы сябе, а таксама таго, хто знаходзіўся з ім поруч — гэта быў султанаў сваяк Махмуд, Бай-Мухамед, — як таго і патрабавалі казахскія звычаі, пачаў падрабязна распытваць падарожнікаў пра іхняе жыццё, аднак мэтай прыезду не цікавіўся, і запрасіў да сябе ў юрту. Калі пад’ехалі да яе, султан, на здзіўленне Сузіна, зноў паціснуў яму руку і павёў туды, дзе для іх абодвух загадзя былі пастаўлены дзве раскладныя табурэткі.

Усеўшыся на адну з іх, а другую прапанаваўшы Адаму Дамінікавічу, Бай-Мухамед зноў пачаў высвятляць некаторыя моманты ягонага жыцця-быцця, робячы гэта тактоўна і ненавязліва, а казахі, размясціўшыся поруч на разасланых дыванах, уважліва іх слухалі, не ўмешваючыся ў размову. Але і гэтым разам гаворка, хоць і працягвалася даўгавата, так і не кранулася тэмы, звязанай з наведваннем Сузіным уладанняў Бай-Мухамеда.

Сам Адам Дамінікавіч таксама пра многае распытваў, аднак не спяшаўся падыходзіць да галоўнага пытання, бо ведаў ужо, што казахі асабліва цэняць таго чалавека, які не навязвае ўласны пункт гледжання, не выстаўляе напаказ тое, што прывяло яго да іх. Пацікавіўся здароўем блізкіх султана і яго самога, тым, як ідуць справы ў жузе. Неўпрыкмет размова зайшла пра надвор’е і шмат пра што іншае, што, на першы погляд, мае агульны характар, а тым не менш так ці інакш уплывае на жыццё чалавека і, пэўна, на ягоны настрой.

Нарэшце Бай-Мухамед запрасіў да сябе ў юрту, што была ўпрыгожана насценным арнаментным лямцам, а дол яе ўсцілалі дываны з таго ж лямцу, на белай паверхні якога вылучаліся вышытыя ўзоры з чорнай і чырвонай шэрсці. А яшчэ насупраць дзвярэй ля сцяны стаяла шмат куфраў, ляжалі падушкі і скураныя матрацы, былі нагрувашчаны розныя цюкі — таксама, відаць, з нейкім багаццем, а магчыма, і тым рыштункам, што спатрэбіцца ў дарозе, калі давядзецца пераязджаць у новае качэўе.

Паспеў заўважыць Адам Дамінікавіч і тое, што справа ад увахода, за палатнянай, крыху адхінутай фіранкай за нечаканымі гасцямі з цікаўнасцю назіраюць жанчына і некалькі дзяўчат, час ад часу «страляючы» ў іхні бок сваімі чорнымі вачыма. Няйначай, гэта была султаніха і яе дочкі, але Бай-Мухамед не стаў прадстаўляць іх, хоць, паводле казахскіх звычаяў, мясцовыя жанчыны маглі паводзіць сябе больш свабодна і не закрывалі пры мужчынах твар, а Сузін палічыў нетактоўным распытваць, хто гэта. Толькі зразумеў, што, бадай, нарэшце настаў час паведаміць Бай-Мухамеду, з якой мэтай ён завітаў у гэтыя краі.

— У мяне, ваша ханская міласць, ёець даручэнне з Арэнбурга.

Па вачах султана было прыкметна, што яму хочацца як мага хутчэй даведацца, што гэта за даручэнне, але ён стрымаў цікаўнасць і не прамовіў ні слова. Не спяшаўся раскрываць карты і Сузін:

  • Думаю, лепш будзе, калі пагаворым пра гэтае даручэнне пасля таго, як я з дарогі крыху адпачну. Самі разумееце — шлях няблізкі, і ўвесь час у сядле. — I зноў паспяшаўся запэўніць султана, наколькі яму прыемна знаёмства з ім, а пасля запытаўся:
  • Вы не супраць, калі пажыву некалькі дзён у вашым ауле?
  • Калі ласка, — замітусіўся Бай-Мухамед, — заўсёды да вашых паслуг. Дзе вы знойдзеце такое свежае паветра, — адчувалася, што пры гэтым ён не толькі прытрымліваецца казахскага этыкету, а і сапраўды гаворыць шчыра, радуючыся, што напаткаў такога госця.
  • Свежае паветра — гэта добра, — пагадзіўся Адам Дамінікавіч, — але ўрачы рэкамендавалі мне папіць кумысу.

Пачуўшы пра кумыс, Бай-Мухамед яшчэ больш ажывіўся:

  • Абавязкова будзе кумыс. Колькі пажадаеце.

Паглядзеў на Сузіна з хітраватым прыжмурам сваіх вузкаватых вачэй:

  • А вам урач казаў, што лепш за ўсё есці пры лячэнні кумысам?
  • Раіў есці найперш свежую бараніну.
  • А якую — не казаў?
  • Скажу шчыра: я так і не пацікавіўся. Ды бараніна, я думаю, ёсць бараніна…
  • Не кажыце так. Не кожная падыдзе, — праявіў дасведчанасць Бай-Мухамед, — але бараніна пазней будзе, пасля таго, як да кумысу прывыкнеце.
  • Да кумысу трэба прывыкаць? — здзівіўся Адам Дамінікавіч. — Дык яго я неаднойчы піў…
  • Значыць, вам проста пашанцавала. Паверце мне: кумыс, калі ім няўмела карыстацца, і нашкодзіць можа.
  • Пра гэта і падумаць не мог.
  • Кумыс напачатку шкодны ў вялікай колькасці, таму і трэба праяўляць пры яго ўжыванні пэўную асцярогу.

Бай-Мухамед, відаць, закрануў сваю любімую тэму, таму аб вартасцях кумысу, аб яго прыгатаванні і правільным ужыванні гатовы быў гаварыць бясконца.

Сузін пачаў лавіць сябе на думцы, што гэтая гаворка яму ўжо надакучыла і ён падтрымлівае яе толькі з-за звычайнай ветлівасці. Хацелася крыху папіць кумысу і да вечара паспаць, бо пад вечар, як даведаўся ад свайго субяседніка, павінен прыехаць яго сябра султан Ірцен Каратаеў, у гонар якога будзе наладжаны пышны прыём. Вядома, з удзелам Сузіна.

У гэты момант адзін з цюленгутаў, слуг султана, шчыраваў над налітым у вялікую скураную місу «белым нектарам», як яго называлі казахі. Узяўшы драўляную лыжку, старанна ўзбоўтваў яго, бо за час, калі праходзіла закваска кабылінага малака, сыроватка паспела аддзяліцца ад асноўнай масы. Нарэшце цюленгут з’явіўся перад Адамам Дамінікавічам з падносам, на якім стаяў посуд з кумысам і шклянкі. Напоўніўшы іх, першую паднёс Сузіну, але той не прыгубіў яе, а прапанаваў Бай-Мухамеду. Султану падобны знак павагі спадабаўся, і ён, выпіўшы кумыс, аддаў шклянку Адаму Дамінікавічу:

  • Цяпер ваша чарга, мой шаноўны госць.

Сузін з задавальненнем асушыў яе і паглядзеў на султана, не ведаючы, як паводзіць сябе далей. Быў не супраць таго, каб выпіць яшчэ некалькі шклянак, ды яго спыняла папярэджанне, што да кумысу неабходна прывыкаць паступова.

Бай-Мухамед зразумеў прычыну ягонай нерашучасці, усміхнуўся:

  • Не бойцеся, гэта такі кумыс, што не нашкодзіць вашаму здароўю.

Узрадаваны Сузін спыніўся толькі пасля таго, як у посудзе не засталося ні кроплі гэтага напітку.

  • А цяпер, калі ласка, адпачніце, — нарэшце прапанаваў Бай-Мухамед і загадаў цюленгуту: — Праводзь майго дарагога госця.

Той адвёў яго ў асобную юрту, якая, па ўсім відаць, і выкарыстоўвалася для падобных мэт. Сузін, здарожаны за дзень, прылёг на кашму. Аднак ці то пасцель аказалася для яго нязвыклай, ці то стомленасць прывяла да нервовага перанапружання, заснуў не адразу, як спадзяваўся. Дый спаць доўга не змог, бо быў разбуджаны тым жа цюленгутам, які і праводзіў яго сюды:

— Султан запрашае вас на чай.

Хацелася адмовіцца, але адмовіцца — значыць выказаць непавагу.

Акрамя Бай-Мухамеда на шклянку чаю сабраліся блізкія султану людзі. Але гэты напітак адрозніваўся ад таго, які ён прывык піць. Замест цукру ў чай дабаўлялі густа ўзбітую смятанку і падавалі спецыяльна звараныя ў сале кавалачкі кіслага цеста, якія называліся баурсакі. Падобны напітак яму не асабліва спадабаўся, аднак пастараўся зрабіць выгляд, што п’е яго з задавальненнем, і яшчэ падзякаваў за атрыманую найвялікшую асалоду, пасля чаго Бай-Мухамед застаўся задаволены і паабяцаў, што да вечара яго больш ніхто не патрывожыць.

I слова сваё стрымаў.

З ДОБРЫМІ ЛЮДЗЬМІ ЗАЎСЁДЫ ХОРАША

Сузіна паклікалі не адразу па прыездзе сябра султана Ірцена Каратаева, якога чакалі, а толькі тады, калі пачынаўся прыём у гонар яго, на які запрасілі і Адама Дамінікавіча. Бай-Мухамед, даючы зразумець, што абодва госці для яго аднолькава шаноўныя, пасадзіў іх поруч з сабой, пры гэтым Каратаеў знаходзіўся справа. Адам Дамінікавіч здзівіўся, калі даведаўся, што ў султанаву юрту пачалі свабодна заходзіць не толькі запрошаныя, а і тыя, хто сам па сабе выказаў падобнае жаданне. Усе яны здароўкаліся з Бай-Мухамедам, пры гэтым паводзячы сябе з султанам як роўныя. Праўда, садзіліся паўкругам, адпаведна свайму сацыяльнаму статусу.

Толькі гэта і нагадвала аб тым, што тыя, хто сабраўся разам, розняцца па маёмасным стане. А вось заходзіць да сябе ў юрту ў час прыёму султан не мог забараніць нікому. Аднак простыя казахі, звяртаючыся да Бай-Мухамеда, называлі яго не па імені, а «таксыр». Калі віталі султана ці за нешта былі яму асабліва ўдзячныя, прыкладалі абедзве рукі да грудзей і прамаўлялі: «Алдзіяр».

Гасцей, як падлічыў Адам Дамінікавіч, сабралася каля сарака чалавек, таму для абслугоўвання іх запрасілі некалькі цюленгутаў, якія частаванне пачалі з кумысу, што лічыўся самым галоўным не толькі асвяжальным, а і алкагольным напіткам. Падносілі яго ва ўмяшчальных фарфоравых піялах, а з іх ужо налівалі ў шклянкі.

За кумысам падалі моцны чай, адной шклянкі якога ставала, каб атрымаць зарад бадзёрасці. На гэтым выпіўка, калі можна так назваць тое, што адбывалася, скончылася. Перад гасцямі з’явіліся тазы з вадой для мыцця рук. Падобнае было не лішне, бо ўсе збіраліся есці мясныя стравы, а летнім часам ужыванне іх з-за гарачыні выклікае пэўную небяспеку. Асаблівай гігіены патрабаваў бешбармак, што ў перакладзе азначае «пяць пальцаў», а менавіта так называлася спецыяльна падрыхтаванае мяса — вялізныя кавалкі тушы барана, звараныя ў булёне, — а бралася яно для ежы часцей рукамі,якія запускаліся ў агульны посуд.

Частаванне мяснымі стравамі пачалося з нарэзанай тонкімі кавалачкамі пячонкі, адваранай з салам барана. Была таксама сыравэнджаная каўбаса з каніны — так званыя казы, смажанка з той жа пячонкі, лёгкага і мяса, па-мясцоваму — куардак. I толькі пасля гэтага ўсім прапанавалі бешбармак.

Каратаеў як галоўны госць атрымаў галаву, але не стаў яе есці, а, адрэзаўшы вушы, перадаў іх маладым мужчынам. Гэтаксама адразаў і раздаваў невялікія кавалачкі мяса. Да трапезы запрашаліся і госці, якія сядзелі воддаль ад святочнага стала. Бай-Мухамед і Каратаеў у знак павагі не проста частавалі іх, а, калі тыя падпаўзалі на каленях, самі клалі ім мяса ў рот. Паколькі гэта быў надзіва сытны пачастунак, яго запівалі модным булёнам — саршой, які цюленгуты прынеслі ў аб’ёмных піялах…

Спяшаўся ў адведзеную для яго юрту позна, калі стэп паспела ахіліць сваім крылом прахалода, а на начным небе запаліліся дзесяткі зорак. Падыходзячы да юрты, пастаяў ля ўвахода ў яе некаторы час. Людская гамонка пакрысе сціхла, і неўзабаве ў наваколлі запанавала нейкая надзіва адчувальная цішыня, гатовая цалкам праглынуць, растварыць у сабе ўсё жывое. Яе парушала толькі цвырканне конікаў у траве ды незадаволенасць кабыліц, якія адганялі ад сябе назойлівых жарабят. А след месяца, што выглядаў з-за лёгкіх хмар, здавалася, гатовы быў сарвацца з неба, каб апынуцца ўнізе, там, дзе, не ведаючы людской ласкі, стаяў густы травастой, каб крануцца яго сваім лязом і пачаць жаць сцябліну за сцяблінай. Дзесьці і на радзіме хутка пачнуць налівацца сокам травы, чакаючы сенакосу.

ФІЛАМАТ НУМАР ТРЫ

Першы раз пабачыў свет 10 студзеня 1800 года. Маёнтак Кулігоўшчына, які належаў ягоным бацькам капітану Дамініку і Аўгінні Сузіным, знаходзіўся недалёк ад Брэста і адносіўся да Кобрынскага навета Гродзенскай губерні (сёння аднайменны раён на Брэстчыне, а месца былога маёнтка ля вёскі Босяч). Скончыўшы ў 1819 годзе Гродзенскую гімназію, паступіў у Віленскі універсітэт, дзе стаў актыўным філаматам (з’яўляўся сакратаром тайнага зялёнага, інакш — матэматычнага іх саюза).

Паспеў закончыць вучобу і нават атрымаць вучоную ступень магістра філасофіі, як вясной 1823 года пачаўся арышт удзельнікаў гэтага рэвалюцыйнага руху. Сузін не толькі быў сярод першых, хто трапіў за краты, а і праходзіў пад нумарам 3 як адзін з самых небяспечных «дзяржаўных злачьшцаў». Адпаведна і пакаранне было суровым і максімальным, што прымянялася на гэтым працэсе. 14 жніўня 1824 года ён быў прыгавораны да ссылкі ў Арэнбургскую губерню, прытым паўгода павінен быў знаходзіцца ў турме.

Карыстауся вялікім аўтарытэтам сярод сяброў па змаганні. 3 павагай да яго ставіўся і Адам Міцкевіч. Праўда, ён скончыў Віленскі універсітэт у год паступлення туды Адама, аднак гэта не перашкодзіла ім знаходзіцца ў прыязных адносінах. Дый Міцкевіч пасля універсітэта, як вядома, настаўнічаў у Коўне, а таму мог часта наведвацца ў Вільню. Удзельнічаючы з 1817 года ў стварэнні і дзейнасці тайных патрыятычных арганізацый філаматаў і філарэтаў, ён не парываў з імі сувязь і падчас настаўніцтва. I таксама трапіў у поле зроку паліцыі, а з лістапада 1823 года па красавік 1824-га знаходзіўся пад арыштам.

Калі іхнія шляхі разышліся (25 кастрычніка 1824 года паэт быў сасланы), Міцкевіч двойчы звяртаўся да вобліку таварыша па барацьбе. Пад уласным прозвішчам філамат нумар 3 праходзіць, па-першае, у трэцяй частцы паэмы «Дзяды», дзе ў ходзе следства сустрэўся са сваімі паплечнікамі, а таксама ў вершы-імправізацыі «Адаму Сузіну». Гэтая частка паэмы пісалася ўжо ў 1832 годзе, а верш з’явіўся ў 1824-м, калі настаў момант развітання.

Паэма неаднойчы друкавалася ў перакладзе на рускую мову, а нядаўна дзякуючы Кастусю Цвірку з’явіўся і яе беларускамоўны варыянт, таму яна добра вядома чытачам, чаго не скажаш пра верш «Адаму Сузіну», што мае падзагаловак «Імправізацыя». Думаецца, яго нялішне прывесці цалкам:

I ты сёння ўспомніўся музе,

Сябар наш любы, наш брат.

Дык п’ём за цябе ўсе мы, Сузін —

Будзь жа здаровы, віват!

Глядзіць ён у вочы ўсім прама,

Творыць у свеце свой свет.

Партрэт гэта, брацці Адама,

Сузіна вабны партрэт.

Яго не пужаюць аковы

I невыцерпнасць пакут.

На ўсё ён быў, Сузін, гатовы

За філарэцкі статут.

Мы ведалі болей за тузін

Смелых у жудасны час,

Ды змог так цярпець толькі Сузін,

Мужны з наймужнейшых у нас.

(Пераклад Кастуся. Цвіркі)

Трапіў Сузін у турму Орскай крэпасці, якая пры заснаванні ў 1734 годзе называлася Арэнбургскай і знаходзілася ля вытокаў ракі Оры. Пазней крэпасць двойчы пераносілі, пакуль не заклалі на пастаянным месцы. Тая ж, што засталася ля ракі, пачала называцца Орскай, а горад — Орскам, у якім пасля вызвалення з крэпасці Сузін і працягваў адбываць пакаранне, а ў сакавіку 1829 года атрымаў дазвол на пераезд у Арэнбург. Спачатку жыў разам з Занам і атрымаў пасаду пазаштатнага чыноўніка ў Арэнбургскай памежнай камісіі. З’яўляўся некаторы час казначэем, потым быў пераведзены ў архіварыусы. 3 1832 года працаваў бухгалтарам.

Восенню 1833 года Адам Дамінікавіч зноў трапіў пад падазрэнне і разам з Занам, Я. Віткевічам і В. Івашкевічам па даносе быў арыштаваны і абвінавачаны ў змове і спробе захопу Арэнбурга пры дапамозе салдат з мясцовага гарнізона, сярод якіх знаходзілася нямала тых, каго ў свой час рэпрэсіравалі і выслалі.

Абвінавачванні Сузіну прад’явілі сур’ёзныя, і пакаранне яго магло чакаць самае строгае, аднак ягоную віну не даказалі, таму неўзабаве вызвалілі з-пад варты, і ён змог працягваць службу на ранейшай пасадзе. А пасля і накіравалі ў камандзіроўку, якая настолькі была багатая на шматлікія назіранні, што Адам Дамінікавіч па ходзе знаёмства з жыццём казахаў пачаў рабіць запісы, якія пазней, у 1871 годзе, апублікаваў у некалькіх нумарах варшаўскага часопіса «Кronika Rоdzіnnа» («Сямейная хроніка»). Гэтыя мемуары Сузіна сталі цікавай крыніцай для вывучэння побыту і традыцый казахаў у першай палове XIX стагоддзя. Багатыя яны і на асабістыя назіранні, што тычацца стасункаў з пэўнымі людзьмі, у першую чаргу з тагачаснымі правіцелямі, а таксама прыцягваюць увагу апісанні прыроды.

ШТО НІ НАРОД, СВАЯ АДМЕТНАСЦЬ

Назаўтра Сузін сказаў Бай-Мухамеду:

— Я б хацеў пазеаёміцца з насельнікамі іншых аулаў, а яны ж па-руску не разумеюць, — Адам Дамінікавіч усміхнуўся, — я, на жаль, так і не вывучыў дасканала казах­скую мову. Таму хачу ў вас папрасіць перакладчыка.

Будзе перакладчык.

  • Але я спачатку пахаджу адзін.
  • Як пажадаеце.

Прыхапіў з сабой паходную сумку, узяў планшэты, таму што планаваў сабраць рэдкія, характэрныя менавіта для гэтых мясцін, кветкі і травы для гербарыя. Але доўга адзін не хадзіў, бо зразумеў, што, адмовіўшыся на пэўны час ад перакладчыка, даў прамашку. Як называлася тая ці іншая кветка, трава — сам не ведаў, а казахі, якіх напаткоўваў, патлумачыць не маглі — не даходзіла, пра што пытаецца.

Давялося вяртацца за перакладчыкам. Пасля гэтага справа зрушылася з месца. У сумку Сузіна траплялі ўсё новыя і новыя экземпляры, а заадно шмат размаўляў з мясцовымі насельнікамі. Тыя ж, відаць, таму, што быў адзін, аказаліся гасціннымі, ахвотна запрашалі яго ў сваё жыллё, паказвалі розныя рэчы і тлумачылі іх прызначэнне.

Пільную ўвагу звярнуў Адам Дамінікавіч і на апратку казахаў.

Мужчыны ў асноўным насілі шырокія белыя кашулі, карысталіся таксама, у залежнасці ад надвор’я, безрукаўкамі і кафтанамі, а ўніз надзявалі шырокія шаравары. Галовы ж іх пакрывалі спічастыя шапкі з лямцу.

А вось жанчыны, як даведаўся, па сутнасці карысталіся той апраткай, што і султаніха з яе дочкамі: на іх былі каляровыя сукенкі з баваўнянай тканіны, аксамітавыя камізэлькі, а таксама, як і ў мужчын, шара­вары — з той толькі розніцай, што калашыны іх не звісалі свабодна, а былі сабраны ля шчыкалаткі. На нагах жа былі ічыгі — мяккія боцікі. Як і знатныя жанчыны, яны значную ўвагу надавалі ўпрыгожванням. Іх галаўныя ўборы, як правіла, заканчваліся пер’ямі філіна. Карысталіся дарагімі пацеркамі, завушніцамі, бранзалетамі.

На працягу некалькіх дзён Сузін знаёміўся з ауламі, размешчанымі ўздоўж ракі Утвы, і іх насельнікамі, папаўняючы свае блакноты запісамі. Гэта былі не толькі занатоўкі аб побыце казахаў, а і асобныя выразы, прыказкі і прымаўкі.

Калі ж Бай-Мухамед разам са сваім аулам і казакамі, якія суправаджалі яго, накіраваўся ў новае качэўе, што знаходзілася далей на паўднёвы ўсход, Адам Дамінікавіч паехаў з імі. Разам пазней перабраліся і ў мясцовасць Булдурты, размешчаную за пятнаццаць кіламетраў ад азёрнага фарпоста памежнай лініі.

Знаходжанне там таксама дазволіла папоўніць свае запісы цікавымі і значнымі назіраннямі. I не толькі пачэрпнутымі асабіста, а і з расказаў тых людзей, якія наведваліся да Бай-Мухамеда. Дый казахі пачалі ахвотна запрашаць Сузіна да сябе.

Аднак нямала дало яму і знаёмства з пісьмаводам султана Мінчырака Багданавым. Татарын па нацыянальнасці, ён не толькі з павагай ставіўся да мясцовага фальклору. Добра ведаючы татарскія і башкірскія песні, якія высока цаніў, быў перакананы, што параўнанне з казахскімі не на карысць ім. А наколькі мілагучныя казахскія песні, Адам Дамінікавіч пераканаўся ў час аднаго з вяселляў, на якое паехаў разам з султанам Манбетам.

Але перш чым пачуць песні, з задавальненнем пазнаёміўся з маладымі. Жаніх расказаў гасцям пра мясцовыя звычаі, звязаныя з пасагам. Як падалося Сузіну, яны былі куды болып дэмакратычнымі, чым у яго на радзіме, бо хоць і патрабавалі немалых выдаткаў, аднак для гэтага адводзіўся значны перыяд. У прыватнасці, згаданы жаніх са сваёй нявестай абручыўся яшчэ сем гадоў назад. Паступова змог выплаціць калым, што складаўся з сарака баранаў, пяці коней, некалькіх кароў і двух вярблюдаў.

Бацька жаніха перад тым, як гуляць вяселле, для сваіх гасцей — султана Манбета і Сузіна — наладзіў яшчэ і асобны прыём. Ён запомніўся Адаму Дамінікавічу найперш тым, што ў гэты час два маладыя казахі па чарзе спявалі, выклікаючы ў прысутных ажыўленне, якое нярэдка заканчвалася смехам. Відаць, яны наладзілі сабой так званы айтыс, калі некалькі атынаў, спаборнічаючы між сабой, лёгка імправізуюць, даючы хуткі і надежны вершаваны адказ саперніку. Сузін адзначыў для сябе, што падобны паэтычны паядынак у чымсьці блізкі дыялогам пастухоў у эклогах Вергілія.

А ў час самога вяселля Адам Дамінікавіч адкрыў для сябе ўсё хараство казахскіх музычных інструментаў, ігра на якіх таксама суправаджалася пастаяннымі імправізацыямі, і хоць пра змест іх мог толькі здагадвацца, але атрымліваў задавальненне ад чароўнай музыкі. Назаўтра ж з Манбетам трапіў яшчэ ў адзін аул, дзе ў сувязі з вяселлем ладзіліся спартыўныя спаборніцтвы. Чаго толькі там не пабачыў!

Захапляльнае відовішча выклікала байга — спеціальныя скачкі на загадзя вызначаны прыз.

Нямала балельшчыкаў сабралася паглядзець на курэс, калі двое сілачоў на працягу доўгага часу імкнуліся адзін аднаго паваліць на зямлю, а ў кожнага з іх знаходзіліся свае прыхільнікі, падбадзёрваючы іх дружнымі воклічамі ці выказваючы незадавальненне, калі нешта не атрымлівалася.

А пачаўся сайыс, як большасць сабрала­ся менавіта ў гэтым месцы, дзе двое седакоў што ёсць моцы спаборнічалі, каму ўдасца ўтрымацца ў сядле.

Нечым падобным на сайыс быў кокпар. Толькі гэтым разам наезнікі не стараліся адзін аднаго зваліць з сядла, а кожны імкнуўся вырваць з рук саперніка забітае казляня.

Любімай жа забаўкай моладзі ў час спаборніцтваў нязменна заставалася гульня «кыз-куу», што ў перакладзе азначае «дагані дзяўчыну». Пачуўшы пра яе, Сузін нават пашкадаваў, што не з’яўляецца ліхім наезнікам, дый узрост ужо немалады, затое разам з іншымі з задавальненнем сачыў, як несліся навыперадкі на конях дзяўчына і юнак.

Калі ёй удавалася абагнаць хлопца, дык біла яго бізуном. Аднак падобнае адбывалася рэдка, хоць дзяўчаты і ўпэўнена трымаліся ў сядле. Юнакі стараліся яшчэ не толькі таму, што, стаўшы пераможанымі, выглядалі ў вачах суайчыннікаў не лепшым чынам. Заахвочвала іх, што той, хто абганяў дзяў- чыну, мог прылюдна пацалаваць яе, а сярод наезніц знаходзіліся і такія ганарліўкі, якія ў іншых абставінах нават не падпускалі хлопцаў да сябе. У час «кыз-куу» і з’яўлялася, бадай, адзіная магчымасць дабіцца свайго.

Былі ў Сузіна і іншыя, не менш уражвальныя сустрэчы, але не пра ўсе расказаў. Прынамсі, тое, што прапанаваў у друк, заканчваецца згадкамі пра вяселле, на якім прысутнічаў, пра спаборніцтвы, што адбываліся тады.

ГОДНАЕ ЖЫЦЦЁ, ГОДНАЕ ЗАВЯРШЭННЕ

Вярнуўшыся ж у Арэнбург, працягваў службу ў Памежнай камісіі, з нецярпеннем чакаючы таго дня, калі можна будзе выехаць з ссылкі. Дазвол атрымаў летам 1837 года. А паколькі асабліва не было куды падавацца, успомніў пра Кароля Хадкевіча, з якім паспеў пасябраваць, а Зан не толькі сябраваў з ім, а і перапісваўся.

Граф Кароль Хадкевіч быў арыштаваны па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1830-1831 гадоў. I хоць гэта не было даказана, ён правёў у Арэнбургскай крэпасці каля 14 месяцаў. Бацька Кароля быў вядомым хімікам, валодаў шэрагам багатых маёнткаў, у тым ліку Турцом пад Наваградкам і часткай Петрыкава, удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Даведаўшыся, што Сузін можа пакінуць месца ссылкі, Кароль Хадкевіч прапанаваў яму прыехаць жыць да сябе ў маёнтак Млынаў на Валыні.

Гэтую прапанову Адам Дамінікавіч прыняў з задальненнем і са студзеня 1838 года ў Млынаве стаў гувернёрам графавых пляменнікаў. Аднак выхаваннем іх займаўся нядоўга, бо 20 ліпеня 1837 года быў зноў арыштаваны.

Сузіна прывезлі ў горад Луцк, што знаходзіўся непадалёку ад Млынава, а адтуль пераправілі ў Кіеўскую крэпасць. Яшчэ праз некаторы час ён паўстаў у Вільні перад следчай камісіяй, створанай па справе падпольнай дэмакратычнай арганізацыі «Саюз польскага народа», на чале якой быў Шымон Канарскі. Хоць камісія ніякіх доказаў віны Адама Дамінікавіча не знайшла, на свабоду ён не быў адпушчаны, а мусіў працягваць сядзець у казематах Кіеўскай крэпасці. Толькі 5 лютага 1839 года быў вызвалены з-пад арышту і адпраўлены ў Млынаў, дзе працягваў знаходзіцца пад паліцэйскім наглядам.

У Млынаве жыў да 1841 года, пасля чаго пераехаў у Вільню, а адтуль — у Варшаву, дзе і памёр 11 снежня 1879 года. Звестак пра ягонае жыццё ў гэты перыяд амаль няма. Нічога канкрэтнага не змог сказаць і Валянцін Грыцкевіч, які па сутнасці першым і вярнуў імя Сузіна з небыцця.

Дый таго, што дайшло да нас, дастаткова, каб гаварыць пра яго не толькі як пра рэвалюцыянера, а і як пра падарожніка, даследчыка-натураліста, а ў пэўнай ступені і этнографа. «Светлаю верай сагрэты» ў лепшае жыццё, ён і сам выпраменьваў святло духоўнасці і вялікай маральнасці.

Алесь Марціновіч