Марціновіч, А. “Кодак” – з паўстанцкай падсветкай / Алесь Марціновіч // Роднае слова. – 2006. — № 11. – С. 122-128.

Пра Уладзіслава Юльянавіча Малахоўскага.

«КОДАК» — 3 ПАЎСТАНЦКАЙ ПАДСВЕТКАЙ

Каб жа хто ведаў, што так усё павернецца. Хоць ведаць якраз і трэба было. Ва ўсялякім выпадку разлічыць верагоднасць разгортвання падзей менавіта ў падобным накірунку. Толькі апантаныя прагай помсты, ні сам Уладзіслаў Юльянавіч, ні ягоныя паплечнікі чамусьці не прынялі пад увагу тое, што забіць яны збіраюцца не каго-небудзь з радавых чыноўнікаў, які ім чымсьці не спадабаўся, і нават не здрадніка, што апынуўся ў шэрагах саміх паўстанцаў, а віленскага губернскага маршалка, прадвадзіцеля мясцовага дваранства Г. Дамейку, а таму за падобнае пакаранне і трэба будзе чакаць з боку ўладаў самай жорсткай рэакцыі. Дый, па праўдзе кажучы, не да таго было, каб асабліва ўнікаць у сутнасць справы, а тым больш цвяроза ўзваж- ваць магчымыя вынікі. Усімі кіравала лютая нянавісць да тых, хто, на іх думку, перашкаджаў паспяховаму разгортванню рэвалюцыйнай барацьбы, а таму меркавалі, што, якія б ні былі выкарыстаны сродкі, яны абавязкова будуць вартымі пастаўленай мэты. I першым, хто зрабіў гэта правілам, стаў менавіта Малахоўскі. Неўзабаве пасля таго, як ён з’явіўся ў Вільні і ўзначаліў аддзел па выняенню і выкананню прыгавораў, а потым стаўшы і паўстанцкім начальнікам Вільні. Гэтыя дзве пасады давалі яму па сутнасці неабмежаваныя паўнамоцтвы, і падобную магчымасць Уладзіслаў Юльянавіч не прамінуў выкарыстаць.

Малады (нарадзіўся ў 1827 годзе ў маёнтку Маце Кобрынскага павета Гродзенскай губерні, цяпер Кобрынскі раён на Брэстчыне), ён паспеў перад гэтым ужо прайсці немалую жыццёвую і рэвалюцыйную школу. Ідэі свабодалюбства, барацьбы за пераўтварэнне грамадства апанавалі яго яшчэ тады, калі з’яўляўся навучэнцам Свіслацкай гімназіі. Паступіўшы ж у Пецярбургскі інстытут інжынераў шляхоў зносін, у сталіцы знайшоў яшчэ больш аднадумцаў. У гэты ж час наладзіў кантакты з тайнай рэвалюцыйнай арганізацыяй разначынцаў «Зямля і воля», якая, як вядома, узнікла пад ідэйным уплывам Аляксандра Герцэна, Мікалая Чарнышэўскага і Мікаля Агарова. У канцы 1862 года да «Зямлі і волі» далучылася ваенна-рэвалюцыйная суполка «Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы», што мела немалы ўплыў у часцях расійскай арміі на тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны.

У тым, што Малахоўскі звярнуў увагу менавіта на гэтыя дзве арганізацыі, нічога выпадковага не было. Ён ужо зблізіўся з Кастусём Каліноўскім, а праграма і «Зямлі і волі», і Камітэта ў чымсьці была блізкая ім абодвум. I абодва не памыліліся ў сваіх меркаваннях. Калі пачалося выступленне прыхільнікаў Каліноўскага супраць царызму, члены арганізацыі «Зямля і воля» ўступілі ў саюз з партыяй «чырвоных» і прыкладалі шмат намаганняў дзеля таго, каб ператварыць гэтае выступленне ва ўсерасійскае сялянскае паўстанне за зямлю і волю. Да «чырвоных» ідэйна прымыкалі і «камітэтчыкі», выступаючы за ліквідацыю прыгоннага права. А Уладзіслаў Юльянавіч нават прымаў намаганні, каб дапамагчы «землявольцам». Дзеля гэтага ён звярнуўся да Варшаўскага камітэта паўстання з просьбай выдзеліць на мэты «Зямлі і волі» 500 рублёў і набыць для яе пішучую машынку. Рабілася гэта, вядома ж, з мэтай пашырыць кола тых, на каго ў далейшым можна будзе яшчэ больш разлічваць. А дзеля паспяховага вядзення барацьбы Малахоўскі быў гатовы пайсці на ўсё.

Будучы чалавекам таварыскім, добразычлівым, ён, калі гаворка заходзіла аб узброеным выступленні, рэзка мя- няўся і пачынаў даводзіць, што на поспех можна спадзявацца толькі ў выпадку няўхільнай цвёрдасці і валявых дзеянняў, бо мяккацеласць можа дорага каштаваць. А яшчэ настойваў на тым, што ў імя перамогі не трэба баяцца крыві ворагаў, бо яны таго заслугоўваюць за свае дзеянні. Такая бескампрамісная пазіцыя і паўплывала на прызначэнне Уладзіслава Юльянавіча начальнікам аддзела па вынясенню і выкананню прыгавораў, а ўжо гэтае рашэнне поўнасцю развязала яму рукі. Атрымаўшы неабмежаваныя паўнамоцтвы, ён мог караць любога, каго лічыў асабліва вінаватым, без суда і следства. I нават не прыслухоўваючыся пры гэтым да меркаванняў іншых, хоць у асобных выпадках усё ж раіўся з паплечнікамі.

Малахоўскі не прамарудзіў гэтае правіла ў якасці вяршыцеля людскіх лёсаў выкарыстаць так, каб усе адразу зразумелі, што літасці ў дачыненні да ворагаў з яго боку ніколі не будзе. А каб тыя, хто трапіў у няміласць да паўстанцаў, ведалі, што пакаранне іх усё роўна не міне, тэрмінова падшукаў гэткіх жа бескампрамісных выканаўцаў прысудаў. Паўстанцы наймалі за грошы так званых кінжальшчыкаў, якія знішчалі загадзя вызначаных ахвяр, незалежна ад таго, дзе тыя жылі — у самой Вільні ці ў нейкім аддаленым мястэчку. Хоць найперш гэтая свайго роду «зачыстка» праводзілася ў Вільні, дзе начальнік аддзела, а потым і паўстанцкі начальнік усяго горада лёгка знаходзіў вінаватых і, асабліва не задумваючыся, вяршыў іхні лёс.

Такая жорсткасць многіх спярша здзівіла, і яны гатовы былі абурыцца, але прайшло не так і шмат часу, як зразумелі, што Малахоўскі за сваю рашучасць усё ж заслугоўвае калі не павагі, дык паблажлівасці. Былі пакараны многія з тых, хто і сапраўды гэтага заслугоўваў. А пра якое следства можа ісці гаворка ва ўмовах, калі не сёння, дык заўтра і ты сам можаш загінуць! Віленскі ж генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў, якому з прызначэннем на гэтую пасаду былі нададзены асаблівыя паўнамоцтвы, таксама цацкацца не прывык. Так сячэ з-за пляча, што ўжо не адна галава паляцела, а яшчэ куды большая частка тых, хто трапіў пад падазрэнне, апынуліся за кратамі.

Ды нездарма кажуць, што пах крыві па-свойму п’яніць. Пачалася ракой пралівацца і свая, і чужая. 3 абодвух бакоў да яе паступова прызвычаіліся. Мураўёў, які хутка будзе справядліва празваны «вешальнікам», усё больш апраўдваў гэтае сваё прызначэнне. А Малахоўскі па-ранейшаму заставаўся непрымірымым да ворагаў паўстання і таксама спакваля пашыраў спіс тых, да каго нельга было заставацца спагадлівым. У гэтым спісе анынуўся і прадвадзіцель віленскага дваранства Дамейка.

Каб жа хто ведаў, што ўсё так павернецца. Ды прага помсты, калі разглядалася пытанне аб пакаранні смерцю маршалка, усім зацміла розум. Праўда, не- каторыя з прысутных асаблівай актыўнасці не праяўлялі, відаць, чакалі, калі канчатковае рашэнне прымуць іншыя, каб пасля далучыцца да большасці. I Уладзіслаў Юльянавіч ужо нават пабойваўся, што давядзецца толькі самому настойваць на самай суровай меры ў дачыненні да Дамейкі, але тут падняўся са свайго месца Цітус Далеўскі, і Малахоўскі з палёгкай уздыхнуў: гэты не толькі сам бескампрамісны ў дачыненні да ворагаў, а і любога можа пераканаць у неабходнасці самага суровага рашэння.

Ганарыўся Уладзіслаў Юльянавіч Цітам.

Ганарыўся і ўсёй сям’ёй Далеўскіх.

Дый хто пра яе не ведаў у вышэйшых паўстанцкіх колах?!

Далеўскія належалі да тых нямногіх сем’яў, усе прадстаўнікі якіх далучыліся да рэвалюцыйнай барацьбы.

Дробны шляхціц Дамінік Далеўскі валодаў фальваркам Кункулка ў Лідскім павеце, дзе і нарадзіліся ягоныя дзеці. Старэйшы Францішак уваходзіў у склад кіраўнікоў партыі «белых». Аляксандр быў адным са стваральнікаў Братняга саюза літоўскай моладзі, з 1850 па 1858 год знаходзіўся на катарзе і ў сібірскай ссылцы, а неўзабаве па вяртанні дамоў памёр ад сухотаў. Канстанцін змагаўся ў атрадзе Зыгмунта Серакоўскага, замужам за якім была іхняя сястра Апалонія, якую, калі пачалося паўстанне, царскія ўлады выслалі ў Ноўгарад.

Цітус Далеўскі з’яўляўся ў гэтай свабодалюбівай сям’і самым малодшым. Удзельнічаць у рэвалюцыйным руху пачаў яшчэ падчас вучобы ў Маскоўскім і Пецярбургскім універсітэтах і, не задумваючыся, далучыўся да паўстанцаў.

Ён падхапіўся з месца ў той момант, калі Малахоўскаму пачало падавацца, што так і не пачуе з вуснаў сваіх паплечнікаў рашаючага слова — таго слова, якое яму абавязкова хацелася пачуць.

— Кінжальшчык не патрэбен! — закрычаў Цітус, быццам пытанне аб забойстве Дамейкі было ўжо канчатков вырашана. — Я выканаю прысуд!

Ад падобнай Цітусавай рашучасці Уладзіслаў Юльянавіч спачатку нават разгубіўся. Яму, зразумела, было прыемна пачуць, што Далеўскі не толькі падтрылілівае яго, Малахоўскага, рашэнне, а і сам гатовы забіць маршалка. Але такой рэзкай рэакцыі ад маладога паплечніка не чакаў. Таму, каб спыніць не ў меру гарачага Цітуса, сказаў памяркоўна:

— Кінжальшчыка знойдзем…

— Не давяраеце? — працягваў гарачыцца Далеўскі.

— Не ў даверы рэч.

— А ў чым? .

— Трэба дзейнічаць так, каб меней выклікаць падазрэння.

— Думаеце, празмерная асцярога дапаможа? — пачуўся чыйсьці голас.

— Трэба хоць крыху засцерагчыся ад небяспекі, — гэтаксама, як і раней, спакойна прамовіў Уладзіслаў Юльянавіч.

— Тады вам неабходна асцерагацца ў першую чаргу.

— Іншым — таксама.

Малахоўскі паспяшаўся падзяліцца сваім планам:

— Кінжальшчык павінен забіць Дамейку дома, а не на вуліцы. Каб падумалі, што гэта не забойства, а звычайнае высвятленне адносін.

А гэта выйсце, — пачуліся галасы.

— І каб пра гэта нікому ні слова, а я пастараюся падшукаць сабе алібі.

На тым і разышліся.

Дзеля падстрахоўкі Уладзіслаў Юльянавіч менавіта ў дзень забойства маршалка вырашыў нанесці візіт самому Мураўёву, каб пільны «вешальнік» мог упэўніцца, што паўстанцкі гараданачальнік гатовы кантактаваць з уладамі. А для ажыццяўлення прысуду быў падшуканы самы надзейны кінжальшчык, які запэўніў, што на яго можна цалкам спадзявацца, бо ён і сам зацікаўлены ў тым, каб яго не знайшлі.

Здавалася, усё прадумалі да дробязяў.

Як і было запланавана, 29 ліпеня 1863 года кінжальшчык, пераапрануўшыся ў жаночае адзенне, разам са сваім памочнікам, які таксама выглядаў, як жанчына, ні чым не выклікаючы падазрэння, падышоў да дома прадвадзіцеля віленскага дваранства. Калі ж насустрач выйшаў слуга, кінжальшчык заявіў, што ў яго ёсць пільная патрэба абмеркаваць з маршалкам адно вельмі важнае пытанне. Слуга, паверыўшы ветлівай жанчыне, павёў кінжальшчыка ў дом, а другая «жанчына» запэўніла, што лепей пачакае на двары. Убачыўшы Дамейку, кінжальшчык пачціва павітаўся і сказаў, што ім лепей пагаварыць сам-насам. Маршалак, зацікаўлены нечаканым візітам незнаёмай яму жанчыны, адпусціў слугу і падрыхтаваўся слухаць, што яму паведаміць гэтая нязваная візіцёрка А тая, пачакаўшы пакуль не будуць чутны крокі слугі, нечакана выхапіла прыхаваны пад апраткай кінжал і з усяго размаху ўдарыла ім Дамейку. Удар быў настолысі нечаканым і хуткім, што маршалак не паспеў прамовіць ні слова і, як сноп, паваліўся на падлогу. Для пэўнасці кінжальшчык нанёс яму яшчэ некалькі ўдараў і кінуўся ўцякаць. Слуга, западозрыўшы штосьці нядобрае, паспрабаваў затрымаць «незнаёмку», але гэта яму не ўдалося бо тая з такой сілай адштурхнула яго, што ён, ад здзіўлення, не ведаў, як паводзіць сябе далей.

Калі кінжальшчык паведаміў пра выкананне задання, Малахоўскі, будучы ўпэўнены ў тым, што прадвадзіцель дваранства сапраўды забіты, загадаў назаўтра абвясціць аб ягонай гібелі. Аднак Дамейка аказаўся жывым і нават змог збольшага расказаць. што кінжалам яго ўдарыла незнаёмая жанчына. Ахранка адразу пазнала почырк, бо па горадзе ўжо неаднойчы хадзілі чуткі аб тым, што ў якасці забойцаў апошнім часам выступаюць нейкія людзі, узброеныя кінжалам. Тады гэтаму не надавалася асаблівай увагі, але цяпер, паколькі была цяжка паранена ўплывовая асоба, Мураўёў загадаў, чаго б гэта не каштавала, знайсці забойцу.

Кінжальшчыка і яго паплечніка затрымалі ў Варшаве. Падвяло іх тое, што абодва так і не знялі з сябе жаночую адзежу. Не прынялі пад увагу, што шпікі, памятаючы, як быў апрануты забойца, найперш увагу звярталі на жанчын, якія нечым выклікалі ў іх падазрэнне. Затрыманых спешна канваіравалі ў Вільню. Пачаліся жорсткія катаванні, не вытрымаўшы якіх, абодва прызналіся, хто быў іхнім заказчыкам. Вядома, яны не ведалі прозвішчаў ні самога Малахоўскага, ні ягоных паплечнікаў, але назвалі людзей, з якімі кантактавалі і праз якіх атрымалі заданне. Клубок паступова пачаў разблытвацца, а з ім пачаліся і шматлікія арышты. Тых, каго падазравалі, лавілі не толькі ў Вільні, а і далёка за яе межамі. Шчупальцы ахранкі дасталі нават да Смаленска.

Праз тыдзень за кратамі апынуўся не адзін дзесятак чалавек. Мураўёў, абураны замахам на жыццё Дамейкі, не збіраўся праводзіць судовага працэсу, а адразу загадаў сямёра з іх, каго асабіста палічыў асабліва вінаватымі, публічна павесіць. Прозвішча Малахоўскага ў «вешальніка» не выклікала ніякага падазрэння, бо Мураўёў памятаў, што Уладзіслаў Юльянавіч у гэты дзень і прыкладна ў той жа час, калі быў паранены маршалак, знаходзіўся ў яго.

Сам жа Малахоўскі разумеў, што яму заставацца далей у Вільні вельмі небяспечна. Разумелі гэта і кіраўнікі паўстання, таму Уладзіслаў Юльянавіч быў тэрмінова адкліканы ў Пецярбург, а адтуль у жніўні 1863 года адпраўлены за мяжу. Аднак там доўга не прабыў і зноў наведаўся ў сталіцу, каб пасля паехаць у Кёнігсберг, дзе, з’яўляючыся прадстаўніком Каліноўскага, удзельнічаў у выпуску газеты «Глос Літвы». Аднак гэтым сваю дзейнасць не абмежаваў, а нямала займаўся закупкай зброі для паўстанцаў. I нават асабіста дастаўляў яе. Калі ж паўстанне было разгромлена застаўся па сутнасці без справы. Ніякага важнага занятку для сябе не знаходзіў, таму праз некаторы час асмеліўся вярнуцца ў Пецярбург.

У сталіцы знаходзіўся да таго моманту, пакуль не зразумеў, што далей быць навідавоку ў царскай ахранкі, якая працягвала шукаць былых удзельнікаў паўстання, небяспечна. Адзінае выйсце заставалася ў тым, каб перабрацца за мяжу на пастаяннае жыхарства. Гэты варыянт, як кажуць, не ім быў прыдуманы. Падобную магчымасць і дагэтуль, дый пасля Малахоўскага, неаднойчы выкарыстоўвалі многія ўдзельнікі патаемных гурткоў і таварыстваў, а таксама паўстанняў, якім удавалася пазбегнуць арыштаў. Іншая рэч у тым, што яны, апынуўшыся ў эміграцыі, не збіраліся здавацца, а выношвалі новыя планы звяржэння самадзяржаўя, гуртавалі сілы, каб пры першай жа магчымасці вярнуцца назад і працягваць барацьбу, ці займаліся прапагандысцкай дзейнасцю. Малахоўскі ад усіх гэтых варыянтаў адмовіўся яшчэ тады, калі з неймавернай цяжкасцю атрымліваў англійскі пашпарт на імя Леона Варнеркі (для гэтага давялося выкарыстаць усе свае сувязі і, верагодней за ўсё, тыя, хто падтрымаў яго, знаходзіліся і ва ўладных структурах, інакш немагчыма растлумачыць, чаму яму ўсё ж удалося паз- бегнуць арышту), а трымаючы гэты важны дакумент у руках, раз і назаўсёды даў сабе слова на мінулым паставіць крыж. Да падобнага ягонага ўчынку можна аднесціся па-рознаму. Прасцей абвінаваціць Уладзіслава Юльянавіча ў здрадзе ідэалам маладосці. Ды не трэба забываць, што ідэалы гэтыя найчасцей мацуюцца на чымсьці рамантычна-ўзнёслым, што з цягам часу часта не вытрымлівае суровых выпрабаванняў рэчаіснасцю і толькі самыя моцныя здатныя пасля ўсяго зведанага і перажытага застацца па-ранейшаму нястомнымі ў адданасці ім. Відаць, Малахоўскі да такіх людзей не належаў. Яго цвёрдасць і непахіснасць, што выяўляліся пры вынясенні прысудаў тым, хто, як быў упэўнены загадчык аддзела выкананняў, не маюць права на жыццё, бо сваёй дзейнасцю (ці бяздзейнасцю) шкодзяць паўстанцкай справе, з’яўляліся сведчаннем рашучасці, праяўленай у надзвычайных абставінах. Можна нават сказаць, што ў гэты момант Уладзіслаў Юльянавіч знаходзіўся ў такім стане, калі не здатны быў цвяроза ўзважыць правамернасць таго ці іншага свайго ўчынку. Калі ж падчас знаходжання ў Пецярбургу з’явілася мажлівасць многае спакойна абдумаць, а тым больш асэнсаваць (і не аднойчы пераасэнсаваць), то ён прыйшоў да высновы, наколькі задача, пастаўленая перад сабой паўстанцамі, была ў многім не вартая тых велізарных страт, якія яны панеслі.

Апынуўшыся перад пытаннем, як быць далей, Малахоўскі вырашыў на карысць таго, што за мяжой лепей заняцца чым-небудзь з таго, што адпавядае ягонай прафесіянальнай падрыхтоўцы. А гэта, як вядома, быў час не толькі значных рэвалюцыйных узрушэнняў, а і далейшых навуковых адкрыццяў, у тым ліку тых, што мелі вялікае ўжытковае значэнне. Адным з іх стала і з’яўленне фатаграфіі. Пры тым, як і любая новая справа, што адразу ж пасля свайго адкрыцця належным чынам запатрабавана, яна развівалася хутка. I не толькі дзякуючы таму, што знаходзіліся ахвочыя ўдасканаліць яе, а і ў выніку зацікаўленасці шырокіх слаёў насельніцтва ў новым відзе паслуг.

Фотасправай Уладзіслаў Юльянавіч і вырашыў заняцца пасля прыбыцця ў 1866 годзе ў Лондан. Але, каб па- чынаць штосьці новае, безумоўна, неабходны грошы. I чым больш шырокі размах гэты занятак набывае, тым найбольш патрэбен значны пачатковы капітал. Грошы ў Малахоўскага знайшліся. Адкуль, застаецца невядомым. Наконт крыніцы з’яўлення іх можна толькі здагадвацца, вылучаючы пры гэтым самыя розныя версіі. Аднак любая версія, не трэба забываць, толысі на першы погляд здаецца праўдападобнай. Пры самым жа пільным разглядзе яе нярэдка атрымліваецца, што ўсё не варта выедзенага яйка. Як, напрыклад, такое сцвярджэнне. Маўляў, адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Каліноўскага, а ім і з’яўляўся Уладзіслаў Юльянавіч, нездарма так і не трапіў у поле зроку ахранкі. Значыць, яна была зацікаўлена ў ягоным знаходжанні на свабодзе. Але, калі б гэта і сапраўды было так, то, прытрымліваючыся падобнай версіі, Малахоўскі ў Англіі мусіў бы наладжваць кантакты з былымі рэвалюцыянерамі, якія знаходзіліся там, каб увайсці да іх у давер і атрымліваць неабходную інфармацыю, а пасля «адплачваць» сваім дабрадзеям за выдзеленыя яму грошы. Аднак у Лондане ён ні з кім са сваіх суайчыннікаў на кантакты не ішоў.

Немагчыма паверыць і ў тое, што, едучы ў Англію, Уладзіслаў Юльянавіч меў пры сабе неабходныя грошы, якія мог прытрымаць з «паўстанцкай касы». Не такім чалавекам ён быў. Дый знаходзячыся ў Кёнігсбергу, а акурат у гэты час праз яго рукі праходзілі немалыя сродкі, яшчэ быў цалкам аддадзены рэвалюцыйнай, паўстанцкай справе, таму не мог штосьці прыхапіць для сябе, прыхаваць на чорны дзень.

Верагодней за ўсё, знайшоўся нехта (ці нават некалькі чалавек), хто напачатку Малахоўскаму значна дапамог, а гэта паспрыяла таму, што ён не толькі змог стварыць сваю фірму, а і так хутка разгарнуў дзейнасць, што ўжо праз пяць гадоў гэтая фірма атрымала шырокую вядомасць у Заходняй Еўропе. Прычынай сталі не толькі выдатныя фінансавыя справы пана Варнеркі (зразумела, ні ў кога не ўзнікала сумнення наконт сапраўднасці гэтага прозвішча яе ўладальніка), а і тое, што малады прадпрымальнік, па-сапраўднаму зацікавіўшыся фотасправай, вырашыў шмат што ўдасканаліць у ёй, будучы перакананым, што некаторыя з тых прыёмаў, якімі карысталіся тады, нягледзячы на тое, што адкрыты нядаўна, ужо ўстарэлі.

Найперш Уладзіслаў Юльянавіч звярнуў увагу, што сродак сенсітаметрыі (назва паходзіць ад позналацінскага слова «sensitius», што перакладаецца, як адчувальны, і дадатку «метрыя»), які азначае сукупнасць метадаў вымярэння фатаграфічных уласцівасцяў светаадчувальных матэрыялаў, патрабуё наяўнасці спецыяльнай прылады, з дапамогай якой можна было б пасля праяўлення згаданых матэрыялаў агрымаць шэраг пачарненняў і каляровых пацямненняў, а тым самым вызначыць ступень светаадчувальнасці. Такая прылада Малахоўскім і была вынайдзена і пачала называцца сенсітометрам. Нічога падобнага дагэтуль у свеце не было.

Але сапраўдную славу Уладзіславу Юльянавічу ўсё ж прынёс не сенсітометр, хоць і гэтае адкрыццё па-раней- шаму асацыіруецца з ягоным імем. Куды важней тое, што Малахоўскі ўдасканаліў сам працэс фатаграфавання. Дагэтуль, каб зрабіць здымак, для пачатку атрымлівалі адбітак на апрацаванай растворамі шкляной фотапласцінцы. Пазней, удасканаліўшы згаданы метад, перайшлі да сухіх пласцінак. Але і ў першым, і ў другім выпадку гэта стварала вялікія нязручнасці, бо пласцінкі патрабавалі вельмі беражлівага абыходжання з сабой, а да ўсяго іх было нязручна ўстаўляць у фотаапарат і даставаць адтуль. Дасканала вывучыўшы працэс атрымання адбітку на светаадчувальным матэрыяле, Уладзіслаў Юльянавіч прый- шоў да высновы, што пласцінкі можна замяніць спецыяльнай плёнкай, загадзя апрацаваўшы яе неабходнымі хімічнымі рэактывамі. Шляхам шматлікіх доследаў ён спыніўся на тым, што для гэтага найлепш падыходзіць бромсрэбранае пакрыццё на каладыйнай аснове. Плёнка з нанесеным на яе такім матэрыялам лёгка скручваецца ў рулон, а таму на ёй можна рабіць некалькі кадраў.

Гэтае адкрыццё Малахоўскага выклікала сапраўдны пераварот у сусветнай фотасправе. А першым, хто выкары- стаў яго на практыцы, стаў сам вынаходнік, якому ўжо было «цесна» ў Англіі. Малахоўскі усё часцей пачаў пакідаць Лондан, выязджаючы ў розныя краіны, дзе прапагандаваў свае адкрыцці, асабліва тыя выгоды, якія нясе з сабой ролікавая плёнка. Не абмінуў ён і Расію. Рабіў гэта са спакойным сумленнем, бо англійскі пашпарт надзейна ахоўваў яго ад якіх-небудзь падазрэнняў з боку паліцыі. Адчуваючы ж сябе на радзіме ў бяспецы, узяўся за пашырэнне фотасправы ў Расіі.

Першым крокам у гэтым накірунку стала заснаванне ім фоталабараторыі «Варнерка і К°», якая распачала сваю работу настолькі паспяхова, што ў хуткім часе ператварылася у свайго роду школу і для іншых устаноў адпаведнага тыпу. Уладзіслаў жа Юльянавіч ахвотна дзяліўся сваім вопытам, знаходзячы ўсё больш прыхільнікаў. Нярэдка ён даваў і асабістыя кансультацыі, прыцягваючы да сябе яшчэ болыпую ўвагу і ўзнімаючы ўласны аўтарытэт. Калі ж у 1882 годзе у Маскве праходзіла Усерасійская выстаўка, яго лабараторыя была адзначана сярэбраным медалём.

Бачачы ў развіцці фатаграфіі вялікую будучыню, Малахоўскі ахвотна ішоў на кантакты з расійскімі прыхільні- камі яе, у шэрагу якіх быў і выдатны вучоны-хімік Дзмітрый Мендзялееў. Калі ў Дзмітрыя Іванавіча з’явілася ідэя аб заснаванні секцыі фатаграфіі Расійскага Імператарскага тэхнічнага таварыства, адным з першых, з кім ён папярэдне абмеркаваў гэтае пытанне, быў Малахоўскі. Уладзіслаў Юльянавіч ахвотна падтрымаў падобнае пачынанне і хутка секцыя была адкрыта, а гэта развіццю фотасправы ў Расіі надало новы імпульс. Малахоўскі яшчэ з большай энергіяй узяўся за работу. I не толькі таму, што гэта прыносіла яму вялікае задавальненне, а і таму, што захапленне фатаграфіяй стаяла для яго на першым плане. Аднак разумеў, што пастаянна знаходзіцца на радзіме не зможа, бо справы ягонай фірмы вымагалі асабістай прысутнасці, а паездкі з Пецярбурга ў Лондан, а пасля назад, наведванні Масквы не маглі працягвацца бясконца. Трэба было вызначацца канчаткова і Малахоўскі пайшоў насустрач… Варнерку.

Варнерка ж працаваць на паўсілы не ўмеў і не хацеў. Па вяртанні ў Лондан Уладзіслаў Юльянавіч яшчэ больш разгарнуў сваю дзейнасць, ды так, што пачаў адкрываць філіялы ўласнай фірмы не толькі ў іншых гарадах, а і ў краінах. Адзін з іх з’явіўся ў Марселі. Але дзейнасць яго прымусіла Малахоўскага перажыць вялікую непрыемнасць, што выклікала ў яго нават дэпрэсію. Пачалося ўсё пасля таго, як у 1898 годзе высветлілася, што ў дзейнасці філіяла «усплылі» фальшывыя рускія рублі. Адкуль яны з’явіліся, Уладзіслаў Юльянавіч не ведаў. Невядома гэта, дарэчы, і па сённяшні дзень. Хутчэй за ўсё знайшліся тыя, хто падобным чынам захацеў яго падставіць. Верагодней, гэта былі ягоныя канкурэнты. Праўда, сустракаюцца меркаванні іншага кшталту. Як і ў выпадку са з’яўленнем у Малахоўскага немалых грошай для таго, каб распачаць сваю прадпрымальніцкую дзейнасць, сёй-той гатовы бачыць у з’яўленні фальшывых рублёў след царскай ахранкі, якая, раней падтрымліваючы Уладзіслава Юльянавіча, зразумела, што ён абвёў яе вакол пальцаў, таму падобным чынам вырашыла адпомсціць яму, а прасцей кажучы, падставіла яго. Забываюць пры гэтым, што ахранка, калі на тое была патрэба, магла неаднойчы разабрацца з ім у час наведванняў Пецярбурга і Масквы. Нельга ўсур’ёз успрымаць і сцвярджэнняў, што «патапіць» Малахоўскага ўзяўся нехта з яго колішніх сяброў.

Ды самому Уладзіславу Юльянавічу ад гэтага было не лягчэй. Чалавек сумленны, ён вельмі перажываў з-за без- падстаўных абвінавачванняў. А што яны з’яўляліся надуманымі, пацвердзілі судовыя працэсы. Віна Малахоўскага ў з’яўленні фальшывых грошай у судзе так і не была даказана. Здавалася б, пасля ўсяго заставалася толькі радавацца, а ён усё ніяк не мог прыйсці ў сябе. Нанесенай душэўнай раны не вылечваў і час. Праходзілі месяцы, мінуў 1899 год, пачаўся 1900 год, а Уладзіслаў Юльянавіч усё знаходзіўся ў прыгнечаным стане. Нішто ўжо яго не радавала, дый нядаўна любімая работа стала для яго зусім нецікавай. I сам ён быў ужо зусім іншы чалавек. Быццам падмянілі. Некалі вясёлы, аптымістычны, цяпер пастаянна хадзіў пахмурным. Адчувалася, што яго апаноўваў нейкі цяжкі, пакутлівы роздум. Можна толькі здагадвацца, аб чым яму ў тэты час думалася. Магло стацца і так, што перажываў усе ж з-за таго, што чымсьці адчуваў сябе маральна вінаватым перад загінуўшымі сябрамі і таварышамі па паўстанню. Вінаватым, што не прадоўжыў іх агульную справу. Але калі раней падобныя думкі ўмеў хаваць, дык пасля перажытага на судзе ўжо не ўдавалася саўладаць з сабой.

Магло і так быць.

Магло інакш.

Ды Малахоўскі не лічыў неабходным ні з кім дзяліцца сваімі перажываннямі. Моўчкі пераносіў іх і трываў ад нявыказанага маральнага болю. Калі ж далей цярпець не змог, ніякага іншага выхаду не знайшоў, як скончыць жыццё самагубствам. Рахунак з жыццём звёў 7 кастрычніка 1900 года ў Жэневе.

На гэтым можна было б і кропку паставіць, аднак чытача, безумоўна, цікавіць, адкуль узялося аўтарскае сведчанне наконт таго, што знакамітая фірма «Кодак», фотаапараты якой сёння карыстаюцца папулярнасцю ва ўсім свеце, у тым ліку і на Беларусі, мае паўстанцкую падсветку. Ды пры тым, што «Кодака» не было б без… Малахоўскага.

Калі ў XIX стагоддзі з кожным годам павялічвалася цікаўнасць да фатаграфіі, не застаўся ў баку ад гэтага і сціплы служачы аднаго з банкаў Нью-Йорка Джордж Істмэн. Знайшоўшы для сябе новаё захапленне, ён доўгія вечары праводзіў над тым, што ўручную пакрываў шкляныя пласцінкі светаадчувальным жэлацінам, каб як мага лепш вывучыць гэты няпросты працэс з мэтай стварэння спецыяльнай машыны для больш хуткага нанясення такога пакрыцця. Задуманае Істмэну ўдалося. Сваю машыну ён запатэнтаваў у 1879 годзе ў Англіі, а праз год і ў сябе на радзіме. Але на гэтым не спыніўся. Даведаўшыся аб тым, што англічанін Варнерка ў якасці светаадчувальнага матэрыялу вынайшаў ролікавую плёнку, як пачатковы светаадчувальны матэрыял для атрымання адбітку, узяўся сканструяваць для яе ўласны апарат. Такі апарат з’явіўся ў 1886 годзе і быў адразу запатэнтаваны. Ён уяўляў сабой камеру-скрынку, у якую ўстаўлялася стандартная ролікавая катушка, разлічаная на 48 негатываў памерам 4 на 5 дзюймаў (адзін дзюйм роўны 2, 5 см). У якасці аб’ектыва выкарыстоўвалася факусіраваная оптыка, а яшчэ, кажучы словамі самога вынаходніка, «затвор алігатара». Праўда, ён пакуль не быў наладжаны належным чынам, таму часам даваў збоі ў рабоце. Але Істмэн, аднак, не вельмі засмучаўся, бо займаўся ўдасканаленнем свайго дзецішча і ў 1888 годзе распрацаваў новую аматарскую фотакамеру, якая вызначалася сярод тых, што існавалі на той час. Ён жа ўвёў ва ўжытак і слова «кодак», што стала сінонімам «камера». А паколькі гэтая камера немагчыма без ролікавай плёнкі, адкрытай Малахоўскім, то і атрымліваецца, што «Кодак» — з паўстанцкай падсветкай.

Алесь Марціновіч