Міцкевіч Юльян Аляксандр

Біяграфічны нарыс

1 жніўня 2026г. – 225 гадоў з дня нараджэння Юльяна Аляксандра Міцкевіча (1801–1871), юрыста, прафесара, гісторыка права, малодшага брата паэта Адама Міцкевіча

Споўнілася 225 гадоў з дня нараджэння чалавека, чые імя непарыўна звязана з гісторыяй г. Кобрына. Юльян Аляксандр Міцкевіч (1801–1871) – родны малодшы брат польскага паэта Адама Міцкевіча, быў гаспадаром маёнтка Губерня ў Кобрыне.

Юльян Аляксандр Міцкевіч нарадзіўся 1 жніўня 1801 г. у Навагрудку Гродзенскай губерні ў сям’і навагрудскага адваката Мікалая Міцкевіча. Бацька здабыў у народзе папулярнасць, дзякуючы заступніцтву за правы пакрыўджаных сялян і дробных шляхцічаў. Удзельнік паўстання 1794 г., выхаваў сыноў патрыётамі сваёй краіны – Польшчы.

Пачатковую адукацыю Аляксандр атымаў у Навагрудскай дамініканскай школе. У 1819 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт, які закончыў з адзнакай. У час студэнцтва актыўна ўдзейнічаў у таварыстве філарэтаў (ад. грэч. philaretos – сябра дабрачыннасці), за што быў арыштаваны і ў лістападзе 1823 г. – красавіку 1824 г. адбываў зняволенне ў кляштары францысканцаў у Вільні.

Наступныя два гады Аляксандр Міцкевіч прысвяціў навуковай кар’еры і стаў магістрам дзяржаўнага і рымскага права. У 1825 г. яго праца «Які ўплыў магло мець рымскае заканадаўства на заканадаўства польскае і літоўскае?», напісаная яшчэ ў студэнцтве, была апублікавана з заўвагамі І. Лялевеля ў часопісу «Dziennik Warszawski».

З 1825 г. Аляксандр Міцкевіч удасканальваў юрыдычную адукацыю ў Пецярбургскім і Маскоўскім універсітэтах, дзе ў 1826 г. быў узнагароджаны як лепшы студэнт і атрымаў ступень магістра абодвух правоў – заканадаўчага і царкоўнага. У 1827 г. ён правёў каля шасці месяцаў у Пецербургу па справах малодшага брата і ў беспаспяховых пошуках работы. Вяртаючыся дамоў праз Маскву, затрымаўся ў Адама Міцкевіча, які ў гэты час там знаходзіўся. Гэта была апошняя сустрэча братоў.

З 1828 г. Аляксандр Міцкевіч працаваў настаўнікам у Крамянецкім ліцэі на Валыні, дзе выкладаў да самага закрыцця ліцэя польскае, літоўскае, рымскае права. Пасля ліквідавання ліцэя ў 1835 г. пераехаў у Кіеў, дзе ўжо ў званні прафесара ўзначаліў кафедру рымскага права ва ўніверсітэце Святога Уладзіміра (цяпер імя Т. Шаўчэнкі). Кіраўніцтва ўніверсітэта прызнавала яго таленавітым настаўнікам і вучоным высокага ўзроўню, але не давярала яму. Таму ў 1838 г. ён атрымаў перавод на кафедру рымскага права ў Харкаўскі ўніверсітэт.

Жаніўся Аляксандр Міцкевіч позна, у 1847 г., ва ўзросце 46 гадоў на Тэрезе, дачцы Францішка Тарасевіча з Навагрудка. У іх нарадзіліся сын і дачка. Атрымаўшы пенсію, Аляксандр Міцкевіч адразу звольніўся з універсітэта, вярнуўся на беларускую зямлю з намерам выкупіць маёнтак Завоссе (цяпер у Баранавіцкім раёне) альбо бацькоўскі дом у Навагрудку. Аднак нічога не атрымалася, таму што радавая маёмасць была канфіскавана і прададзена на аўкцыёне за ўдзел брата Францішка ў паўстанні 1830–1831 гг.

Тады ў 1857 г. купіў невялікі маёнтак Губерня пад Кобрыном, дзе і жыў да апошніх сваіх дзён. Драўляны сядзібны дом не захаваўся, цяпер гэта месца мы ведаем як Кобрынскі парк імя А. В. Суворава. Аляксандр пісаў Францішку: «… через сорок лет скитания по чужим краям, вновь в своём доме, правда не в родительском, так Бог распорядился, наградив нас другими заслугами. Наши родители тоже не в наследственном, а в приобретённом доме закончили свою жизнь, так и нам суждено. Мечтой моей жизни являлось желание к старости собраться вместе, но Бог пожелал забрать двоих с этого мира…». Ён радуецца магчымасці жыць разам з братам, аднак так не атрымалася: Францішак неўзабаве памёр.

Яшчэ раней, у 1855 г., у Канстанцінопале, захварэў і памёр Адам Міцкевіч. Аляксандр перажыў свайго старэйшага брата на 16 гадоў. Высока цаніў яго як паэта, сабраў вялікую бібліятэку і ў яго памяць перадаў у Варшаўскую акадэмію навук, частку кніг пакінуў у Кобрыне.

У маёнтку Губерня ў перапынках паміж гаспадарчымі справамі займаўся гісторыка-літаратурнай дзейнасцю. Выдаў у Варшаве вучэбны дапаможнік па «Літоўскаму Статуту» – «О влиянии римского права на литовско-польское и российское законодательство», апублікаваў артыкулы «О быте и этнографии крестьян Кобринского уезда», рыхтаваў да друку «Энцыклапедыю права» і «Курс рымскага права», але так і не выдаў іх. У рукапісу застаўся «Курс польского гражданского права и его же истории, преподанный в Кременецком лицее в 1829 году». Вучонаму ў пажылым узросце перашкадала працаваць хвароба вачэй, нарэшце зусім страціў зрок.

У час польскага паўстання 1863 г. Аляксандр Міцкевіч падтрымаў. кобрынскі атрад паўстанцаў на чале з Рамуальдам Траўгутам. Ён матэрыяльна дапамагаў паўстанцам, а яго сын Францішак быў іх агентам.

За гады жыцця на Кобрыншчыне сям’ю Міцкевічаў неаднойчы наведвалі пляменнікі – дзеці Адама Міцкевіча – Уладзіслаў (упершыню наведаў Кобрын у 1861 г.), Марыя (у 1862 г.), пазней – Юзаф.

Аляксандр Міцкевіч памёр 16 лістапада 1871 г. ва ўзросце 70 гадоў і быў пахаваны ў Кобрыне на старых праваслаўна-каталіцкіх могілках. На гэтых могілках па вул. Пінскай пахаваны яго жонка Тэрэза і сын Францішак. Помнік на сямейнай магіле Міцкевічаў выкананы па праекце Андрэя Прушынскага з Варшавы, уяўляе сабой вертыкальную кампазіцыю з фігурай анёла з крыжам, абвітым кляновай галінкай. У 1913 г. сюды перанеслі Петра-Паўлаўскую царкву.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Галавейка Таццяна Аляксееўна, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Міцкевіч Юльян Аляксандр // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 10. С. 489–490.
  2. Мицкевич Юлиан Александр // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2015. Т. 4, кн. 2. С. 92–93.
  3. Міцкевіч Юльян Аляксандр // Асветнікі зямлі Беларускай X – пач. XX ст. : энцыклапедычны даведнік. 2-е выд. Мінск, 2006. С. 295.
  4. Міцкевіч Юльян Аляксандр // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 218.
  5. Лёсам звязаны з Кобрыншчынай : Міцкевіч Юльян Аляксандр // Памяць. Кобрынски раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 64–65.
  6. Мірачыцкі, Л. Айчына думак паэта : слова пра Адама Міцкевіча / Леў Мірачыцкі // Памяць. Навагрудскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1996. С. 206–218.
  7. 215 гадоў з дня нараджэння Ю. А. Міцкевіча (1801) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2018. С. 14.
  8. Міцкевіч Юльян Аляксандр // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслуг. і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2017. С. 102–104.
  9. Помнік на магіле сям’і Міцкевічаў каля Петрапаўлаўскай царквы // Захавальнікі гісторыі роднага краю : турыстычна-бібліяграфічны даведнік / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 152–153.
  10. Денисюк, О. Александру Мицкевичу 210 лет : [в 2011 г. исполнилось 210 лет со дня рождения человека, чьё имя связано с историей Кобрина] / Ольга Денисюк // Кобрин-информ. 2012. 5 января. С. 6.
  11. Шевченко, А. Памятник Александру Мицкевичу в Кобрине : [жизнь брата Адама Мицкевича тесно связана с Кобринщиной] / Алла Шевченко // Кобрин-информ. 2007. 19 апреля. С. 14.
  12. Агеявец, А. Маршрутны ліст экскурсійнай паездкі па славутых мясцінах Адама Міцкевіча : [адзін з маршрутаў – г. Кобрын, помнік брату пісьменніка – Ю. А. Міцкевічу] / А. Агеявец // Народная асвета. 2005. № 11. С. 68.
  13. Климец, М. Младший брат Адама Мицкевича : [Александр Мицкевич прожил на Кобринщине более 10 лет] / Михаил Климец // Заря. 2002. 9 апреля. С. 2.
  14. Сущук, А. Сближение литератур – сближение народов : [упоминается брат Адама Мицкевича – Александр Мицкевич, живший в Кобрине] / А. Сущук // Кобрынскі веснік. 1997. 6 снежня. С. 2.

Рэгіён:

Кобрынскі раён

Кобрын

Імёны:

Міцкевіч Юльян Аляксандр

Прадметы:

Юрысты

Вучоныя

Прафесары