Падпалаў Уладзіслаў Паўлавіч

Біяграфічны нарыс

ПАДПАЛАЎ Уладзіслаў Паўлавіч – беларускі вучоныў вобласці клінічнай медыцыны, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, выдатнік аховы здароўя. Доктар медыцынскіх навук(1996), прафесар (2005).

Уладзіслаў Паўлавіч Падпалаў нарадзіўся  9 жніўня 1958 года ў в. Імянін Буховіцкага сельсавета Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці.

У 1975–1981 гадах вучыўся ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце, які скончыў Ленінскім стыпендыятам. З 1981 па 1983 год працягваў вучобу ў клінічнай ардынатуры на кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб Віцебскага медінстытута пад кіраўніцтвам аднаго з вядучых кардыёлагаў рэспублікі, выдатнага клініцыста і педагога, прафесара А. Г. Даўгяла.

З 1983 года У. П. Падпалаў працаваў урачом у Віцебскім абласным кардыялагічным дыспансеры. У 1985 годзе ён паступіў у вочную аспірантуру па тэрапіі пры кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб. З 1986 года ўся творчая і навуковая дзейнасць Уладзіслава Падпалава была звязана з акадэмікам, прафесарам Г. І. Садарэнкам. З 1988 года працаваў асістэнтам, з 1994 года – дацэнтам, з 1996 па 1997 год – прафесарам кафедры шпітальнай тэрапіі. За гады працы У. П. Падпалава прарэктарам Віцебскага медыцынскага інстытута (1997–2005) распрацоўваліся і ўкараняліся новыя канцэптуальныя падыходы развіцця аховы здароўя і ўдасканалення медыцынскай адукацыі.        

На падставе паглыбленага аналізу стану здароўя насельніцтва і дзейнасці лячэбна-прафілактычных устаноў г. Віцебска і Віцебскай вобласці пад кіраўніцтвам У. П. Падпалава распрацавана «Канцэпцыя ўмацавання здароўя насельніцтва Віцебскай вобласці і праграмныя кірункі яе рэалізацыі да 2015 года». Уладзіслаў Паўлавіч з’яўляўся намеснікам старшыні працоўнай групы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы і рэалізацыі нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2007–2010 гады.

 Асабліва вялікі ўплыў на фарміраванне асобы Уладзіслава Падпалава як буйнога вучонага і арганізатара сістэмы медыцынскай адукацыі аказала работа пад непасрэдным кіраўніцтвам рэктара Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (ВДМУ) заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь прафесара А. М. Косінца. У. П. Падпалаў прайшоў курс навучання па тэрапіі і кардыялогіі Карнуэльскага ўніверсітэта (ЗША, 1996), курс прафесійнай перападрыхтоўкі на факультэце сацыяльнай медыцыны, арганізацыі і кіравання аховай здароўя БелМАПА (2000–2002), на факультэце педагогікі і псіхалогіі ВДМУ (2002–2005). Знаёміўся з арганізацыяй аховы здароўя Італіі (2001), Чэхіі (2002), Нідэрландаў (2005), Швецыі (2007).

Уладзіслаў Паўлавіч мае вышэйшыя кваліфікацыйныя катэгорыі ўрача-тэрапеўта і ўрача-арганізатара аховы здароўя. З’яўляецца галоўным пазаштатным кардыёлагам упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама. У 2000 годзе арганізаваў і ўзначаліў Беларускае грамадскае аб’яднанне па артэрыяльнай гіпертаніі.

З 1999 года і па цяперашні час У. П. Падпалаў – загадчык кафедры тэрапіі № 1 ФПК і ПК Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Выконвае лячэбна-кансультатыў-ную работу ў I кардыялагічным аддзяленні, II кардыялагічным аддзяленні (інтэрвенцыйнай кардыялогіі), аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі, кардыялагічным аддзяленні парушэнняў рытму сэрца і праводнасці УАЗ «ВАККЦ». Праводзіць заняткі і чытае лекцыі са слухачамі ФПК і ПК.

Пад яго кіраўніцтвам праведзена восем міжнародных канферэнцый, у якіх прымалі ўдзел навукоўцы больш чым з 20 краін свету, у тым ліку з Расіі, ЗША, Канады, Швецыі, Польшчы, Грэцыі, Латвіі, Сірыі і інш. Неаднаразова прымаў удзел з дакладамі на вядучых міжнародных і еўрапейскіх кангрэсах, канферэнцыях і з’ездах, як у Рэспубліцы Беларусь, так і ў Расіі, Канадзе, Японіі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Швецыі, Чэхіі, Галандыі, Польшчы, Грэцыі і іншых краінах. Узначаленая прафесарам У. П. Падпалавым кафедра тэрапіі № 1 факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ВДМУ прыняла ўдзел у сумесным беларуска-галандскім праекце МАТРА па ўдасканаленні першаснай медыка-санітарнай дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь.

Багаты клінічны вопыт, педагагічны талент і выбітныя арганізатарскія здольнасці дазваляюць аднаму з лепшых «сэрцазнаўцаў» краіны плённа спалучаць практычную дзейнасць з глыбокімі навуковымі даследаваннямі. Кіруе фундаментальнымі і прыкладнымі навуковымі даследаваннямі ў вобласці аховы здароўя, дэмаграфіі, прафілактычнай медыцыны і кардыялогіі. Уладзіслаў Паўлавіч мае навуковыя працы па дэмаграфічнай бяспецы ў Рэспубліцы Беларусь і ролі ў ёй сардэчна-сасудзістай паталогіі ў насельніцтва, у прыватнасці, у пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; па распрацоўцы медыкамянтозных і немедыкамянтозных метадаў карэкцыі. Аўтар больш за 350 навуковых і навукова-метадычных прац, 7 вынаходстваў, 6 з якіх абаронены патэнтамі. Ёсць публікацыі ў англамоўных часопісах. Член экспертнай камісіі Навуковага медыцынскага Савета Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, член рэдакцыйных саветаў двух замежных і трох айчынных часопісаў.

За ўклад у практычную дзейнасць па ахове здароўя насельніцтва прафесару У. П. Падпалаву, аднаму з першых у краіне, у 2001 годзе была ўсталявана персанальная надбаўка да службовага акладу ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Навуковец узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2007), нагрудным знакам «Выдатнік аховы здароўя», памятным медалём «За заслугі развіцця ВДМУ», медалём «Сто гадоў прафсаюзам», Ганаровымі граматамі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Віцебскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў. 12 сакавіка 2014 года У. П. Падпалаву прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь».