Панасюк Іван Паўлавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2017. – С. 107-110.

ПАНАСЮК ІВАН ПАЎЛАВІЧ

Панасюк Іван Паўлавіч — кандыдат філасофскіх навук, старшыня савета дырэктароў ААТ «Новасібірскколермет», старшыня праўлення беларускага культурна- асветніцкага цэнтра ў гонар святой Еўфрасінні Полацкай.

Нарадзіўся Іван Панасюк 14 красавіка 1960 года ў сям’і каваля і даяркі на Кобрыншчыне, у старажытнай вёсцы Лелікава. Скончыў 8 класаў мясцовай школы і паступіў у Сувораўскае вучылішча г. Мінска. Як і многія аднагодкі, пры выбары будучай прафесіі аддаў перавагу прэстыжнай на той час — ваеннай. Вучылішча Іван скончыў амаль на выдатна, з адной чацвёркай у атэстаце. Здольны малады чалавек змог бы паступіць у любую вышэйшую навучальную ўстанову Савецкага Саюза, але Івана Панасюка вабілі сібірскія абшары, нязведаная зямля, і ён выбраў Новасібірскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча, якое ў 1981 годзе скончыў з адзнакай.

Служыў у Забайкалле, праз пяць гадоў службы з павышэннем перавялі служыць на новае месца — у г. Кызыл Тувінскай АССР. Службу праходзіў на пасадах намесніка камандзіра роты, намесніка камандзіра батальёна па палітычнай частцы, сакратара партыйнага камітэта палка (Манголія, Хакасія, Тува). Пасля заканчэння ў 1993 годзе Ваенна-палітычнай акадэміі імя У. І. Леніна быў накіраваны ў Сібірскую ваенную акругу, дзе служыў намеснікам камандзіра палка па выхаваўчай рабоце.

У 1993 годзе І. Панасюк выйшаў у адстаўку і заняўся прадпрымальніцкай дзейнасцю. Час паказаў, што яму і гэта справа падуладна, і неўзабаве Іван Паўлавіч узначаліў савет дырэктароў вядомай у Сібіры групы кампаній «Еўропа-Азія».

Створаныя І. П. Панасюком прадпрыемствы эфектыўна працуюць у розных галінах эканомікі, перавага — вытворчай сферы, сацыяльнай накіраванасці бізнесу. Іван Паўлавіч — эфектыўны прадпрымальнік, удзельнік Праграмы Расійскага лідарства. У 2001 годзе ён быў запрошаны для ўдзелу ў Расійскай праграме лідарства Бібліятэкі Кангрэса ЗША «Открытый мир», паспяхова прайшоў навучанне па тэме: федэралізм і рэгіянальная палітыка (ЗША, штат Луізіяна, Новы Арлеан).

І. П. Панасюк — паліттэхнолаг, спецыяліст па выбарчых сістэмах. Паспяхова правёў некалькі выбарчых кампаній. Быў назіральнікам ад СНД на прэзідэнцкіх выбарах Рэспублікі Беларусь. Скончыў аспірантуру Сібірскай акадэміі дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі. У 2004 годзе абараніў дысертацыю на тэму «Избирательная система — как фактор трансформации современного российского общества (социально-философский анализ». Цяпер І. П. Панасюк мае навуковую ступень кандыдата філасофскіх навук. Яго заўсёды цікавіла філасофія як навука. Кандыдацкая дысертацыя была першай працай на тым шляху, потым ён падрыхтаваў да выдання сваю другая працу — манаграфію на тэму «каляровых рэвалюцый» на постсавецкай прасторы.

Іван Паўлавіч ніколі не забываў пра Беларусь, пра сваю малую радзіму. І калі зразумеў, што затрымаецца ў далёкай Сібіры надоўга, задумаў стварыць там «маленькую Беларусь». Працаваць было для каго: толькі ў Новасібірску жылі звыш 6 тысяч беларусаў, а ў вобласці — каля 30 тысяч. Панасюк з групай аднадумцаў узяўся за стварэнне беларускага культурна-асветніцкага цэнтра, з дапамогай якога можна было б хоць неяк зменшыць настальгію па родных мясцінах, традыцыях. I вось ужо некалькі гадоў тут збіраюцца беларусы, каб сустрэцца, пагутарыць аб мінулым, сённяшніх справах, паслухаць разам з дзецьмі беларускую мову, паглядзець канцэрты знакамітых выканаўцаў ці проста аматараў і знаўцаў фальклору, сучаснай музыкі і песень. А ў Дні беларускай культуры сюды прыязджаюць землякі з многіх іншых буйных і малых гарадоў Расіі. А яшчэ праз цэнтр аказваецца матэрыяльная дапамога людзям, якія маюць у гэтым патрэбу.

І. П. Панасюк добра вядомы ў Расіі і за яе межамі мецэнат.

У 2002 годзе пры актыўным фінансавым удзеле Івана Панасюка ў Новасібірску быў узведзены храм у гонар беларускай Святой Еўфрасінні Полацкай. Па даручэнню Мітрапаліта Філарэта асвячэнне правёў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Іменем Еўфрасінні Полацкай называецца і беларускі культурна-асветніцкі цэнтр. А яшчэ ў Новасібірску таксама не без удзелу нашага земляка ёсць «беларускі канал» на гарадскім тэлебачанні, выходзіць газета «Мая Радзіма».

Старшыня праўлення Новасібірскага БКАЦ Іван Панасюк не забывае Беларусь, роднае Лелікава. Найлепшае пацвярджэнне сказанага — удзел у рэстаўрацыі мясцовай царквы, і асабліва ў свяце 460-годдзя з часу заснавання вёскі. Па адзнаках дзяржаўных органаў, сродкаў масавай інфармацыі, арганізаваныя І. П. Панасюком Дні вёскі Лелікава ў 2003 і 2006 гг., з’яўляюцца ўнікальнымі для Беларусі па маштабнасці, без прыцягнення бюджэтных сродкаў.

Шматгадовая дапамога роднай школе, вясковай бібліятэцы, сельскаму Дому культуры, дзіцячым дамам, школам-інтэрнатам і шматлікае іншае рабілася і робіцца ім для людзей. Праведзена добраўпарадкаванне царквы ў вёсцы Лелікава (помнік архітэктуры драўлянага дойлідства XVIII ст.), выкладзены дарожкі сучаснай пліткай, заменена сістэма электразабеспячэння. Асабліва значнае набыццё для роднай вёскі з дапамогай сібірскага земляка — спартыўны комплекс для вялікага тэніса, які адпавядае міжнародным стандартам, дзе бясплатна займаюцца дзеці і дарослыя, праводзяцца ветэранскія і дзіцячыя турніры, паспяхова функцыянуе з 2005 года.

У 2004 годзе І. П. Панасюк першым з грамадзян Расіі быў узнагароджаны беларускім медалём Францыска Скарыны. Узнагароду «за вялікі асабісты ўклад у культурна-асветніцкую дзейнасць, прапаганду духоўнай спадчыны беларускага народа ў Расійскай Федэрацыі» Івану Паўлавічу ўручыў асабіста Прэзідэнт Беларусі.

І. П. Панасюк — дэлегат III Усебеларускага народнага Сходу, выступаў на ім па даручэнні беларусаў замежжа.

Аб жыцці і дзейнасці

Кунц, Н. З. Панасюк Иван Павлович / Н. З. Кунц // Гордость кадетского братства: выпускники суворовских военных и нахимовских военно-морских училищ, добившихся государственной и общественной известности / Н. З. Кунц. — М., 2010. –C. 438, 439, 440.

Казакова, А. Белорусский сибиряк / Анна Казакова // Кобрин-информ. — 2016. — 8 сентября. — С. 4, 5.

Уроженец д. Леликово И. П. Панасюк — крупнейший предприниматель, общественный деятель, кандидат философских наук, меценат, награжденный в 2004 году медалью Франциска Скорины «За пропаганду белорусского наследия».

Іван Панасюк: «Галоўная каштоўнасць – людзі» // Кобрынскі веснік. – 2013. — 20ліпеня. – С. 12.

Андреевец, Г. В краю белых птиц : очерк / Григорий Андреевец // Неман. – 2009. — № 2. – С. 130-138.

У истоков всех больших начинаний по зарождению белорусскости в Сибири стоит наш земляк И. П. Панасюк.

Васюк, Н. Иван Панасюк: «Я родом из Леликово!» / Наталья Васюк // Кобрин-информ. – 2006. – 7 сентября. – С. 3.

В 2004 году И. П. Панасюк первым из граждан России был награжден белорусской медалью Франциска Скорины.

Куварына, Т. Край, куды вяртаюцца буслы / Таццяна Куварына // Маладосць. – 2006. — № 11. – С. 106-111.

І. П. Панасюк – чалавек, які імкнецца адрадзіць свой родны край.

Панасюк, И. «Мы не спрашиваем, что Родина сделала для нас, мы спрашиваем себя: что мы сделали для Родины?» / И. Панасюк; [беседовала] Наталья Счастная // Белорусская нива. – 2006. – 18 апреля. – С. 4.

Беседа с главой Белорусского культурно-просветительского центра во имя святой Евфросинии Полоцкой, председателем Совета директоров ОАО «Новосибирскцветмет», кандидатом философских наук И. П. Панасюком.

Семаков, В. Из Сибири – с любовью / Виктор Семаков // Советская Белоруссия. — 2006. — 2 марта.

Председатель правления Белорусского культурно-просветительного центра (БКПЦ) во имя святой Евфросинии Полоцкой Иван Панасюк родом из села Леликово Кобринского района Брестской области.

Пятроўская, М. Жыве ў Сібіры беларус / Марыя Пятроўская // Кобрынскі веснік. – 2005. – 5 лютага.

І. Панасюк нарадзіўся на Кобрыншчыне, у старажытнай вёсцы Лелікава.

Тактасунава, Н. Панасюк Іван Паўлавіч / Наталля Тактасунава // Мая Радзіма. – 2004. — 20 мая. – С. 9.

І. Панасюк добра вядомы ў Расіі і за яе межамі мецэнат.

Панасюк, И. «Я никогда не стыдился того, что родом из деревни» / Иван Панасюк; [беседовал] Виктор Гаврыш // Крыніца. – 2003. — № 10. – С. 30-33.

Беседа с руководителем белорусской диаспоры в Новосибирске И. Панасюком, уроженцем д. Леликово.

Панасюк, И. П. Сибирский полешук / [Иван Павлович Панасюк ; беседовал] Анатолий Гурин // Российская газета. – 2003. – 23 октября.

Панасюк, І. Размова пра свята з чалавекам, які падарыў яго землякам / [Іван Панасюк; гутарыў] Сымон Свістуновіч // Звязда. – 2003. – 2 верасня. – С. 3.

Гутарка са старшыней Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра І. Панасюком, ураджэнцам в. Лелікава Кобрынскага раена.

Белорусский культурно-просветительский центр во имя святой Евфросинии Полоцкой [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://bkpc.ru. – Дата доступа: 13.04.2017.

Иван Панасюк – наш человек в Новосибирске [Электронный ресурс]. // Минское ВВПОУ. — Режим доступа: https://minpolit.com/vypuskniki/ivan-panasyuk-nash-chelovek-v-novosibirske/ — Дата доступа: 13.04.2017.

Бизнесмен из Сибири вкладывает деньги в белорусскую глубинку [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://www.kp.by/daily/23760/142466. – Дата доступа:4.09.2017.