Прымачук Віктар Іванавіч

Біяграфічны нарыс

Прымачук Віктар Іванавіч –акадэмік Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій, заслужаны будаўнік Расійскай Федэрацыі.

Віктар Іванавіч Прымачук нарадзіўся 24 кастрычніка 1953 года ў в. Мацы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў чатыры класы пачатковай школы ў в. Мацы, потым вучыўся ў Дзівінскай школе-інтэрнаце.

Пасля заканчэння школы праходзіў тэрміновую службу ў Савецкай арміі. У 1974 годзе паступіў у Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут (цяпер Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт).

Пасля двух гадоў вучобы Віктар Прымачук паехаў на БАМ — Усесаюзную ўдарную камсамольскую будоўлю. Працоўную загартоўку атрымаў менавіта на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі, дзе з 1978 года па 1984 год прайшоў шлях ад майстра да начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела будаўнічага падраздзялення. У 1980 годзе скончыў Брацкі індустрыяльны інстытут па спецыяльнасці «інжынер-будаўнік прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва». Узнагароджаны медалём «За строительство Байкало-Амурскай магистрали» (1984).

З 8 жніўня 1984 года па 18 снежня 1990 года В. І. Прымачук працаваў у Міністэрстве агульнага машынабудавання СССР намеснікам, начальнікам аддзела капітальнага будаўніцтва. Пасля ліквідацыі міністэрства працаваў выключна ў будаўнічай галіне, займаўся будаўніцтвам шэрагу буйных і ўнікальных аб’ектаў, у тым ліку Адзінага цэнтра дыспетчарскага кіравання ААТ «РЖД» у Хабараўску і вычышчальных збудаванняў поўнай біялагічнай ачысткі для ААТ «Воронеж-синтезкаучук».

З 2006 года – генеральны дырэктар ТАА «Строительно-монтажный поезд № 93» («СМП-93»), якое з 1990 года займалася будаўніцтвам аб’ектаў прамысловага і грамадзянскага прызначэння на будаўнічым рынку Масквы, Маскоўскай вобласці і іншых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. З 1 чэрвеня 2009 года – генеральны дырэктар Далёкаўсходняй дырэкцыі «Росстроя», асноўнымі функцыямі якой з’яўлялася распрацоўка і ўзгадненне праектнай дакументацыі па забудове вострава Рускага, арганізацыі будаўнічых работ на аб’ектах саміту АТЭС.

Асноўныя навуковыя дасягненні: узвядзенне будынкаў і збудаванняў з маналітнага жалезабетону. У рамках дадзенага навуковага кірунку распрацавана канцэпцыя адаптыўнай тэхналогіі правядзення будаўнічых работ на аснове бетонных модуляў-канструкцый, стварэння інструмента тэхнічнай дыягностыкі па кантролі нагрузачных характарыстык і параметраў, прапанаваны аналітычныя метады мадэліравання модульных збудаванняў. Распрацаваў тэорыю кладкі бетону ў аб’ёмна-перастаўной апалубцы пры ўзвядзенні вышынных будынкаў. Аўтар больш 30 навуковых прац, трох вынаходстваў.

У 2000 годзе В. І. Прымачуку прысвоены вучоныя ступені доктара філасофіі ў галіне інфармацыйных тэхналогій (эканоміка) і доктара навук у галіне інфармацыйных тэхналогій (эканоміка). З 2002 года Віктар Іванавіч з’яўляецца сапраўдным членам (акадэмікам) Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій (МАІТ).

Віктар Іванавіч – спецыяліст высокага класа, прафесіянал, умелы арганізатар. У 2006 годзе прысвоена званне «Почетный строитель России». За заслугі ў галіне будаўніцтва і шматгадовую добрасумленную працу ўказам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ад 2 красавіка 2012 года

№ 372 прысвоена ганаровае званне «Заслуженный строитель Российской Федерации». У 2012 годзе за асабісты творчы ўклад у рэалізацыю касмічных праграм і праектаў В. І. Прымачук узнагароджаны знакам «За обеспечение космических стартов», медалём «За вклад в строительство космодрома ”Восточный”». Мае ордэн «За верность традициям», медаль «Строителю объектов саммита АТЭС», знак «За преданность Владивостоку». Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.

Сёння Віктар Іванавіч Прымачук жыве ў Маскве, працягвае працоўную дзейнасць. У Кобрыне жыве яго старэйшы брат Васілій Іванавіч, майстар спорту СССР, суддзя рэспубліканскай катэгорыі па вольнай барацьбе, маёр ВС. У госці да брата і на сваю малую радзіму Мацы Віктар Іванавіч Прымачук вяртаецца заўсёды з радасцю.