Прымачук Леанід Платонавіч

Біяграфічны нарыс

Прымачук Леанід Платонавіч — вучоны-матэматык, кандыдат фізіка-матэматычных навук.

Леанід Платонавіч Прымачук нарадзіўся 13 жніўня 1943 года ў в. Мацы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. ў шматдзетнай сям’і. Бацька, Платон Канстанцінавіч, працаваў цесляром, маці, Ганна Максімаўна, даяркай у калгасе. Усе дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю, сталі людзьмі дастойнымі і паважанымі. Яго старэйшы брат Іван Платонавіч – гісторык, эканаміст, прафесар Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута.

Дзяцінства Леаніда Прымачука прыпала на цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады. Вучыўся у пачатковай школе ў в. Мацы, потым у сярэдняй школе ў в. Стрыгава, што за 3 км ад роднай вёскі. Яшчэ ў школьныя гады супрацоўнічаў з раённай газетай «Камуністычная праца» (цяпер «Кобрынскі веснік») і хацеў стаць журналістам, рыхтаваўся паступаць у ВНУ па гэтай спецыяльнасці. Але ў сілу шэрагу абставінаў лёс склаўся інакш.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Леанід Прымачук паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. І. Леніна. У 1960–1965 гадах – студэнт матэматычнага факультэта БДУ, аднаго з самых элітных факультэтаў беларускіх ВНУ. У 1965 годзе паступіў у аспірантуру БДУ. Кандыдацкую дысертацыю «О разрешимости краевых задач со сдвигом» абараніў у 1970 годзе. Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1970). У 1973 годзе яму прысвоена вучонае званне дацэнта.

З 1967 года па 2008 год Л. П. Прымачук працаваў у БДУ на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка, асістэнта кафедры матэматычнага аналізу, намесніка дэкана матэматычнага (з 1975 года – механіка-матэматычнага) факультэта. Удзельнічаў у падрыхтоўцы нацыянальных кадраў некаторых краін Афрыкі. У 1973–1976 гадах чытаў лекцыі ў адным з універсітэтаў Алжыра, у 1981–1984 гадах– дзяржаўным універсітэце г. Уагадугу, сталіцы Верхняй Вольты (з 1984 года – Буркіна-Фасо). Больш за 10 гадоў (1985–1996) працаваў дэканам механіка-матэматычнага факультэта БДУ.

Л. П. Прымачук з’яўляецца спецыялістам у галіне даследавання краявых задач тэорыі аналітычных функцый. Неаднаразова выступаў з дакладамі на міжнародных канферэнцыях і кангрэсах. Дацэнт кафедры тэорыі функцый БДУ. Апублікаваў звыш 50 навуковых і навукова-метадычных работ. Нягледзячы на паважаны ўзрост, Леанід Платонавіч працягвае навуковую працу.

Узнагароджаны Граматай (1983) і Ганаровай граматай Міністэрства выйшэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР (1987), нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі» (2003), Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1993, 2008). Прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта».