Прымачук, І. Прававое рэгуляванне ўзаемаадносін прадпрымальнікаў і рабочых Беларусі (60-я гг. XIX — пачатак XX стст.) // Беларускі гістарычны часопіс. – 1999. — № 2. — С. 19-23.

Прымачук Іван Платоновіч — кандыдат гістарычных навук. Нарадзіўся ў 1936 г. у в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. У 1960 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультет Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. Працаваў выкладчыкам Мінскага індустрыяльнага тэхнікума будаўнічых матэрыялаў, начальнікам аддзела ў Міністэрстве вышэйшай і сярэдняй адукацыі БССР, дацэнтам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта. Аўтар больш за 40 прац па гісторыі Беларусі. Адзін з аутараў “Эканамічнай гісторыі Беларусі” (Мн., 1996) і “Экономической истерии зарубежных стран” (Мн., 1997).

ПРАВАВОЕ РЭГУЛЯВАННЕ ЎЗАЕМААДНОСІН ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ I РАБОЧЫХ БЕЛАРУСІ

(60-я гг. XIX — пачатак XX стст.)

Выпрацаваная у савецкай гістарыяграфіі канцэпцыя пастаяннага ўзмацнення эксплуатацыі рабочых і сялян у перыяд станаўлення і развіцця капіталізму пасля рэформы 1861 г. не спрыяла ўсебаковаму аналізу і раскрыццю некаторых важных аспектаў тагачаснага эканамічнага і сацыяльнага становішча як у Расійскай імперыі, так і ў Беларусі. Канкрэтным праяўленнем гэтага з’яўляецца слабае вывучэнне праблем прававога рэгулявання сацыяльна-эканамічнай сферы ў вызначаны перыяд.

У шэрагу манаграфій і публікацый, у матэрыялах — навуковых кангрэсаў і канферэнцый, у першую чаргу расійскіх гісторыкаў1, падкрэсліваецца гэты недахоп, але разам з тым адзначаецца, што прыкладаюцца значныя намаганні для ліквідацыі шматлікіх “белых плям”.

З улікам таго, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічала заканадаўства Расійскай імперыі, за выключэннем толькі некаторых заканадаўчых актаў, у якіх спецыяльна прадугледжваліся рэгіянальныя асаблівасці, вызначаная праблема мае прамое дачыненне да беларускай гістарыяграфіі. У напрамку яе асвятлення робяцца пэўныя захады навукоўцамі рэспублікі2. У гэтых калектыўных працах даецца новае канцэптуальнае асвятленне асноўных рэформ 60-х гг. XIX ст. і сталыпінскіх перамен у аграрным сектары, якія забяспечвалі паступовы пераход сельскай гаспадаркі і прамысловасці Беларусі ад феадальна-прыгонніцкай да рынкавай, капіталістычнай.

Заслугоўваюць увагі дыскусійныя працы В. Панюціча і Х. Бейлькіна, у якіх даецца аналіз становішча сельскай гаспадаркі Беларусі. Пэўную цікавасць выклікаюць артыкулы І. Грыбко, П. Брыгадзіна і А. Каханоўскага, якія закранаюць некаторыя праблемы беларускага грамадства на мяжы XIX і XX стст.4.

Аднак у беларускай гістарыяграфіі не знайшлі пакуль што належнага аналізу праблемы прававога рэгулявання сацыяльна-эканамічнай сферы Беларусі ў перыяд фарміравання і развіцця рынкавай капіталістычнай эканомікі пасля 1861 г. Таму аўтар у гэтым артыкуле аналізуе некаторыя вынікі прававога рэгулявання гаспадаркі Беларусі ў адзначаны перыяд. Пры гэтым асноўная ўвага сканцэнтравана на дзяржаўным рэгуляванні працоўнага заканадаўства як у сельскай гаспадарцы, так і ў прамысловасці.

Як вядома, рэформа 1861 г. аб адмене прыгоннага права стала пераломным крокам на шляху эвалюцыйнага пераходу Беларусі, як і ў цэлым Расійскай імперыі, да рынкавай капіталістычнай эканомікі. Прычым гэты пераход тут быў больш хуткі, чым у іншых рэгіёнах Расіі, з улікам тых асаблівасцей, што былі выкліканы паўстаннем 1863—1864 гг. Гэтая праблема знайшла пэўнае асвятленне ў айчыннай гістарыяграфіі, і аўтар не ставіць перад сабой заданы яе аналізаваць. Аднак хацелася б звярнуць увагу на артыкул В. Панюціча “Выкупная аперацыя”, у якім упершыню адвяргаецца сцвярджэнне аб 20-працэнтным змяншэнні выкупных плацяжоў на дзесяціну надзельнай зямлі ў беларускіх губернях5.

Пераход ад прыгоннай залежнасці да выкарыстання вольнанаёмнай рабочай сілы ў сельскай гаспадарцы выклікаў неабходнасць тэрміновага дзяржаўнага прававога рэгулявання гэтага працэсу. 1 красавіка 1863 г. быў прыняты ўказ “Аб часовых мерах для найму сельскіх рабочых і служыцеляў”6, а 12 чэрвеня 1886 г. зацверджана “Палажэнне аб найме на сельскія работы”7.

Паводле палажэння, дагаворы аб найме маглі заключацца абодвума бакамі як вусна, так і пісьмова. Наём мог быць на ўстаноўлены тэрмін, але не болей чым на 5 гадоў. Пры заключэнні дагавору аб найме бакі, якія дамаўляліся паміж сабой, павінны былі вызначыць памер аплаты. Па дагавору наймальнік быў абавязаны:

1)      абыходзіцца з рабочымі справядліва, патрабаваць ад іх толькі той работы, для якой яны былі наняты і якая была абумоўлена ў дагаворы;

2)      выплачваць своечасова заработную плату. Прычым забаранялася замест грошай разлічвацца хлебам ці іншымі таварамі. Калі ж рабочыя наймаліся з харчаваннем у гаспадара, то ежа і прадукты, якія выдаваліся, павінны былі быць дабраякаснымі і адпавядаць стандартам ежы сям’і сярэдняга дастатку;

3)      аказваць рабочаму, які захварэў, хатнюю дапамогу, а ў выпадку неабходнасці садзейнічаць адпраўцы яго на месца жыхарства або ў бальніцу;

4)      наймальнік не павінен даручаць непаўналетнім работу, якая не адпавядае іх узросту і сіле, а таксама не перашкаджаць, а заахвочваць іх да наведвання царквы і школы ў вольны ад работы час.

У сваю чаргу рабочы павінен быў слухацца наймальніка і бездакорна выконваць яго патрабаванні адпаведна заключаным умовам. У функцыі рабочага ўваходзіла абарона гаспадара і яго сям’і ад усялякіх пагроз і небяспекі. Рабочаму забаранялася адлучацца без дазволу гаспадара і выконваць чужую работу. Ён абавязаны быў беражліва абыходзіцца з жывёлай і гаспадарчымі прыладамі працы. Пакідаючы наймальніка, рабочы павінен быў здаць гаспадару яго маёмасць.

Наймальніку дазвалялася накладваць штраф на рабочых за прагулы, няякасную работу, грубасць і непакорнасць гаспадару, а таксама за пашкоджанне яго маёмасці. Па іншых акалічнасцях штрафы забараняліся. Непрыход на працу без уважлівых прычын больш за 3 дні запар лічыўся прагулам. Калі рабочы пакідаў наймальніка без уважлівых прычын да заканчэння терміну найму — гэта прызнавалася самавольным адыходам.

У законе досыць падрабязна пералічаны прычыны, у выпадку якіх маглі прыпыніць дагавор як наймальнік, так і рабочы. Пры гэтым спрэчкі паміж імі павінен быў разглядаць суд. Калі суд не прызнаваў правільнасць звальнення наймальнікам рабочага, то з наймальніка на карысць рабочага бралася плата ў памеры не больш за трохмесячны заробак. Калі ж суд па скарзе наймальніка прызнаваў, што дагавор аб найме скасаваны рабочым няправільна, то рабочы падвяргаўся адказнасці, якая была ўстаноўлена за самавольны адыход.

Такім чынам, прынятыя ў 1863 і 1886 гг. заканадаўчыя акты з’явіліся важнымі дзяржаўна-прававымі дакументамі, якія рэгламентавалі адносіны паміж наймальнікам і рабочым, вызначалі правы і абавязкі абодвух бакоў. 3 улікам таго, што Беларусь заставалася пераважна сельскагаспадарчым рэгіёнам, то гэтыя законы закраналі інтарэсы значнай колькасці яе жыхароў. Паводле падлікаў В. Панюціча, у 1907 г. у Віцебскай губерні і 5 заходніх губернях колькасць пастаянных рабочых складала каля 234 тыс. чалавек8.

Між тым законамі не выначалася працягласць рабочага дня, і гэта праблема цалкам заставалася на вырашэнне наймальніка. У большасці гаспадарак летам работнікі працавалі ўвесь светлавы дзень — па 16, а падчас і 18 гадзін у суткі. Прытым на сняданне і абед адводзілася не больш за 2—2,5 гадзіны. У зімовы час сельскагаспадарчыя рабочыя працавалі па 12—13 гадзін у суткі. Падчас рэвалюцыі 1905—1907 гг. у асобных гаспадарках Беларусі сельскагаспадарчыя рабочыя дамагліся скарачэння працоўнага дня да 13— 14 гадзін.

Не регламентаваўся таксама і ўзровень заработнай платы пастаянных сельскагаспадарчых рабочых. Паводле падлікаў В. Панюціча, у пачатку XX ст. іх заработная плата ў Беларусі складала ў сярэднім 90 — 100 руб. у год. А каб пракарміць сям’ю з 6 чалавек, рабочаму патрабавалася больш за 160 руб.9.

Паскарэнню працэсу пераходу да капіталістычнага гаспадарання спрыялі законы ад 16 мая 1867 г. “Аб пазямельным уладкаванні дзяржаўных сялян у дзевяці Заходніх губернях”10 і ад 12 чэрвеня 1886 г. “Аб пераўтварэнні аброчнай подаці былых дзяржаўных сялян у выкупныя плацяжы”11.

Паводле закона 1867 г., дзяржаўным сялянам Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў перадаваліся ва ўласнасць землі і ўгоддзі, якія адводзіліся ім у надзел. Гэтыя сяляне адносіліся да разраду “сялян-уласнікаў”. Для вызначэння памеру перадаваемага ва ўласнасць селяніну надзелу і штогадовых плацяжоў ствараліся люстрацыйныя камісіі, якія павінны былі выдаваць сялянам люстрацыйныя акты. Для вызначэння штогадовых выкупных плацяжоў з селяніна камісія павінна была павялічыць яго штогадовую подаць на 10%. Устаноўлены такім чынам памер выкупнога плацяжу з селяніна мог спаганяцца да 1 студзеня 1913 г. Сялянам дазвалялася датэрмінова аплаціць выкупныя плацяжы.

Законам 1886 г. прадугледжвалася пераўтварыць аброчную подаць і зборы, якія яе замянялі, а таксама лясны падатак у выкупныя плацяжы. Сумы іх устанаўліваліся для кожнай губерні ў нязменным памеры на ўвесь тэрмін выкупу, які канчаткова павінен быць спынены з 1 студзеня 1931 г. Сельскім грамадствам і ўласнікам падворных надзелаў дазвалялася датэрмінова разлічыцца з мясцовым казначействам па выкупных плацяжах.

Відавочна, што гетыя законы паляпшалі становішча дзяржаўных сялян, якія складалі каля 20% сялянскага насельніцтва Беларусі. Яны далучаліся да разраду сялян-уласнікаў, умовы іх вызвалення былі больш спрыяльныя, чым у памешчыцкай вёсцы.

Важную ролю ў рэфармаванні сельскай гаспадаркі адыграў Сялянскі пазямельны банк, палажэнне аб якім зацверджана 18 мая 1882 г.12. Гэта была дзяржаўная ўстанова, і падпарадкоўвалася яна Міністерству фінансаў. У губернях утвараліся аддзяленні банка. Яны мелі права прымаць заяўкі аб выдачы пазыкі і зацвярджаць іх, садзейнічаць прадаўцам і пакупнікам пры здзяйсненні здзелак, выдаваць дазволеныя пазыкі, хадайнічаць аб ільготах і растерміноўках у плацяжах у выпадку катастроф, якія спасцігалі заёмшчыкаў, рабіць распарадженні па спагнанні пратэрмінованых пазык і інш.

Стварэнне Сялянскага пазямельнага банка пашырала магчымасці атрымаць пазыку для пакупкі зямлі з мэтай пашырэння сялянскай гаспадаркі. Плошча прададзенай зямлі сялянам з выдзяленнем пазык банкам толькі ў 1906—1915 гг. склала каля 233 тыс. дзесяцін13.

Узмацненне сялянскіх хваляванняў у перыяд першай рускай ревалюцыі прымусіла імператара Мікалая II 3 лістапада 1905 г. падпісаць адразу 3 заканадаўчыя акты: “Аб паляпшенні дабрабыту і палягченні становішча сялянскага насельніцтва”, “Аб памяншенні і далейшым спыненні выкупных плацяжоў з сялян былых памешчыцкіх, дзяржаўных і ўдзельных” і “Аб палягченні задачы Сялянскага пазямельнага банка па садзейнічанні да павелічення плошчы землеўладання малазямельных сялян”14.

Пералічанымі законамі ўстанаўлівалася з 1 студзеня 1906 г. памяншенне на палову выкупных плацяжоў, а з 1 студзеня 1907 г. выкупныя плацяжы ліквідоўваліся. Давалася даручэнне банку знайсці магчымасць больш паспяховай дапамогі малазямельным сялянам у пашырэнні пакупной плошчы іх землеўладання, а таксама павялічыць для гетага выдзяленне сродкаў банка і ўстанавіць больш ільготныя правілы для выдачы адпаведных пазык.

На далейшае развіццё заканадаўства ў аграрным сектары эканомікі на шляху яе капіталізацыі паўплываў імператарскі ўказ ад 9 лістапада 1906 г. “Аб дапаўненні некаторых пастаноў дзеючага закона, якія тычацца сялянскага землеўладання і землекарыстання”15, які трансфармаваўся ў закон ад 14 чэрвеня 1910 г. “Аб змяненні і дапаўненні некаторых пастаноў аб сялянскім землеўладанні”16.

Менавіта гэтыя заканадаўчыя акты з’явіліся галоўным падмуркам сталыпінскай аграрнай рэформы, якая знайшла асвятленне ў гістарыяграфіі. Аднак і па сённяшні дзень па яе сутнасці і значэнні вядуцца дыскусіі не толькі сярод гісторыкаў. Прычым дыяпазон ацэнак вельмі шырокі: ад краху сталыпінскай реформы да адзіна магчымага рэфармісцкага шляху вырашэння аграрнага пытання, вопыт якога мог бы быць запатрабаваны і цяпер17.

На рэвалюцыйныя падзеі 1905 г. дзяржава адрэагавала прыняццем 15 красавіка 1906 г. “Правіл супраць узнікнення стачак сярод сельскіх рабочых” і 26 красавіка 1906 г. указа “Аб маёмаснай адказнасці ўдзельнікаў у пагромах і грабяжах у сельскіх мясцовасцях”18. Паводле гэтых заканадаўчых актаў, узмацнялася крымінальная адказнасць сельскагаспадарчых рабочых за насілле над асобай, за знішчэнне, пашкоджанне і самавольны захоп чужой маёмасці, а таксама за самавольнае спыненне альбо неаднаўленне сельскіх работ, прадугледжаных дагаворам па найму. Рабочыя маглі быць пакараны турэмным зняволеннем на тэрмін ад 6 месяцаў да 1 года. На спагнанне страт, прысуджаных пацярпелым ад пагромаў і грабяжоў, магла быць выкарыстана ўся рухомая і нерухомая маемасць вінаватых у гэтых падзеях.

Развіццё капіталізму арганічна звязана з прамысловым пераваротам, будаўніцтвам фабрык і заводаў, а значыць з колькасным ростам рабочага класа. Гэта ў сваю чаргу патрабавала дзяржаўнага рэгулявання працоўных адносін паміж рабочымі і фабрыкантамі. Важным у такім рэчышчы стаў закон ад 1 чэрвеня 1882 г. “Аб малалетніх працоўных на заводах, фабрыках і мануфактурах”19. Паводле закона, дзеці, якія не дасягнулі 12-гадовага ўзросту, да работ не дапускаліся. Падлеткі ва ўзросце ад 12 да 15 гадоў не маглі быць заняты работаю звыш 8 гадзін у суткі. Пры гэтым работа не павінна працягвацца больш за 4 гадзіны запар. Забаранялася прыцягваць малалетніх да работы паміж 9 гадзінамі вечара і 5 гадзінамі раніцы, у нядзелю і ў святочныя дні, а таксама да знясільваючых работ. Наймальнікі абавязаны былі тым дзецям, што працавалі і не мелі пасведчання аб заканчэнні аднакласнага народнага вучылішча, даваць магчымасць наведваць навучальныя ўстановы не менш за 3 гадзіны кожны дзень альбо 18 гадзін у тыдзень.

Такім чынам, паводле закона, які распаўсюджваўся на ўсе без выключэння прадпрыемствы і ўводзіўся з 1 мая 1883 г., устанаўліваўся 8-гадзінны рабочы дзень для асоб 12—15-гадовага ўзросту, рэгламентаваліся некаторыя ўмовы іх працы, аднак не закраналіся праблемы яе аплаты.

Для кантролю за выкананнем закона ўводзілася фабрычная інспекцыя. Законам ад 3 чэрвеня 1885 г. не дазвалялася начная праца жанчын і падлеткаў (да 17 гадоў) на тэкстыльных прадпрыемствах.

Далейшаму развіццю фабрычнага заканадаўства садзейнічалі прынятыя 3 чэрвеня 1886 г. “Правілы аб надзоры за ўстановамі фабрычнай прамысловасці і аб узаемных адносінах фабрыкантаў і рабочых і аб павелічэнні колькасці чыноў фабрычнай інспекцыі”20. Заканадаўчы акт прадугледжваў, што пры дагаворы аб найме рабочым выдаваліся разліковыя кніжкі, у якіх вызначаліся ўмовы найму, а таксама фіксаваліся ўсе спагнанні з рабочых за прагулы і прычыненую шкоду.

Разлік з рабочымі замест грошай купонамі, умоўнымі знакамі, хлебам, таварам і іншымі прадметамі забараняўся. Забаранялася вылічваць з рабочых плату за медыцынскую дапамогу, за асвятленне майстэрняў, за карыстанне пры работах для фабрыкі прыладамі працы.

Выдача заработнай платы рабочым павінна была праводзіцца не радзей аднаго разу ў месяц, калі наём заключаны на тэрмін больш за месяц, і не радзей за два разы ў месяц пры найме на нявызначаны тэрмін. У законе пералічвалася каля 20 выпадкаў, па якіх мог быць скасаваны дагавор аб найме. Так, наймальнік мог скасаваць дагавор у выпадку няяўкі на работу рабочага больш за 3 дні запар без уважлівай прычыны, а таксама калі паводзіны рабочага пагражалі бяспецы фабрычнай адміністрацыі і маёмасным інтарэсам фабрыкі.

Рабочы, які не атрымліваў у тэрмін заробак, меў права патрабаваць праз суд прыпынення заключанага з ім дагавору. Пры гэтым, калі патрабаванне прызнавалася абгрунтаваным, то на яго карысць прысуджалася, звыш належнай яму заработнай платы, асаблівае ўзнагароджанне ў памеры двухмесячнага заробку пры тэрміновым дагаворы, а пры дагаворы на нявызначаны тэрмін — двухтыднёвага заробку.

Рабочыя мелі права скасавання дагавору пры дрэнных адносінах да іх з боку гаспадара і яго адміністрацыі, а таксама па прычыне парушэння ўмоў па забеспячэнні іх харчамі і памяшканнем і калі работа шкодна дзейнічала на стан іх здароўя.

Правіламі прадугледжвалася, што нагляд за выкананнем неабходнага парадку на фабрыках і заводах ускладаўся на мясцовае дзяржаўнае кіраўніцтва і здзяйсняўся непасрэдна губернскай інспекцыяй па фабрычных справах пры садзейнічанні паліцыі. Уводзіліся правілы ўнутранага распарадку на заводах і фабрыках, якія зацвярджаліся фабрычным інспектарам.

Для падтрымання належнага парадку на прадпрыемствах кіраўнікам фабрычнай адміністрацыі дазвалялася накладаць на рабочых грашовыя штрафы за дрэнную работу, прагулы і за парушэнне парадку. Штраф за адно парушэнне не мог быць больш аднаго рубля. Усе накладзеныя на рабочага штрафы ў месяц не павінны былі перавышаць 1/3 яго заробку. Грошы ішлі на асобны рахунак фабрыкі і маглі выкарыстоўвацца з дазволу фабрычнай інспекцыі толькі на задавальненне патрэб саміх рабочых. За парушэнне гэтых правіл фабрыкант падвяргаўся штрафу ад 25 да 100 руб.

З аналізу асноўных артыкулаў закона ад 3 чэрвеня 1886 г. можна зрабіць выснову пра тое, што ён унес цэлы шэраг канструктыўных змяненняў і дапаўненняў у працоўнае фабрычна-заводскае заканадаўства, якія больш дэталёва акрэслівалі правы і абавязкі як гаспадароў-наймальнікаў, так і рабочых. Аднак ён не распаўсюджваўся на дробную і рамесную прамысловасць, на якую не распаўсюджваўся і нагляд фабрычнай інспекцыі.

Пэўным крокам у гэтым накірунку быў прыняты 2 чэрвеня 1897 г. закон “Аб працягласці і размеркаванні рабочага часу ва ўстановах фабрычна-заводскай прамысловасці”21. У ім вызначалася, што працоўным часам для кожнага рабочага лічыцца той час, на пpaцягу якога, адпаведна дагавору найму, ён павінен знаходзіцца ў прамысловай установе для выканання работы. Прадугледжвалася, што для рабочых, якія заняты выключна ўдзень, працоўны дзень не павінен перавышаць 11,5 гадзіны ў суткі, а па суботах і напярэдадні шасці галоўных рэлігійных свят — 10 гадзін. Для рабочых, занятых хоць бы часткова ў начны час (з 9 гадзін вечара і да 5 гадзін раніцы), рабочы час не павінен перавышаць 10 гадзін у суткі.

Звышурочныя работы дапускаліся толькі ў выпадку, калі яны прадугледжваліся асобным пагадненнем паміж наймальнікам і рабочым. Аднак гэтае палажэнне фактычна заставалася на паперы, бо працягласць іх не абмяжоўвалася.

Разам з тым, законам ад 2 чэрвеня 1897 г. упершыню ў Расійскай імперыі ўстанаўлівалася працягласць працоўнага дня для прамысловых рабочых і абавязковыя нядзельныя і святочныя дні адпачынку (66 дзён у год), што істотна абмяжоўвала самавольства капіталістаў.

З ростам прамысловага капіталізму і пад уздзеяннем барацьбы рабочых за паляпшэнне свайго дабрабыту з пачатку XX ст. урад Мікалая II стаў рабіць пэўныя захады па далейшаму рэгуляванню сацыяльных адносін. Так, 2 чэрвеня 1903 г. было зацверджана “Палажэнне аб аплаце пацярпеўшых у выніку няшчасных выпадкаў рабочых і служачых, а роўна членаў іх сямействаў, у прадпрыемствах фабрычна-заводскай, горнай і горназаводскай прамысловасці”22. Адпаведна гэтаму палажэнню, уласнікі прадпрыемстваў павінны былі аплачваць рабочым за страту працаздольнасці ад цялесных пашкоджанняў, якія яны атрымалі на рабоце, калі яна перавышала 3 дні. Калі ж няшчасны выпадак на вытворчасці заканчваўся смерцю рабочага, то выплаты рабіліся членам яго сям’і.

Аплата праводзілася ў форме дапамог і пенсій. Дапамога ў памеры заробку пацярпелага прызначалася з дня няшчаснага выпадку па дзень узнаўлення працаздольнасці альбо прызнання страты яе назаўсёды. Пенсіі прызначаліся ў выпадках поўнай страты працаздольнасці ў памеры 2/з гадавога ўтрымання пацярпелага. Памер пенсіі членам сямейства памерлага: удаве, дзецям або бацькам — устанаўліваўся ў залежнасці ад ступені радства. Аднак агульная сума гэтай пенсіі не павінна была перавышаць 2/з гадавога ўтрымання памерлага рабочага.

2 чэрвеня 1903 г. імператар Мікалай II таксама зацвердзіў “Палажэнне аб пенсіённай касе служачых на казённых чыгунках”23. Касы прызначаліся для выплаты пенсій і аднаразовых грашовых дапамог сваім членам і іх сямействам. Прычым члены касы карысталіся пенсіямі і дапамогамі незалежна ад тых пенсій і дапамог, якія яны маглі атрымліваць на аснове агульных законаў. Больш таго, павышаныя пенсіі прызначаліся асобам па выслузе гадоў у выпадку поўнай страты працаздольнасці і ўдзелу ў касе не менш за 10 гадоў, а звычайныя пенсіі па выслузе — з удзелам у касе не менш за 15 гадоў. Каса назапашвала сродкі ад штрафных грошай, дабравольных узносаў, абавязковых утрыманняў санкцый з членаў, даходаў касы і іншых спецыяльных назапашванняў.

12 снежня 1904 г. у царскім указе “Аб прадвызначэннях да ўдасканалення дзяржаўнага парадку” гаварылася пра тое, што будуць прадпрымацца меры па забеспячэнні рабочых на фабрыках і заводах дзяржаўным страхаваннем24.

Аднак работа па распрацоўцы і прыняцці адпаведных заканадаўчых актаў зацягнулася на шмат гадоў. I толькі 23 чэрвеня 1912 г. імператар падпісаў адразу 4 законы: “Аб заснаванні дзяржаўных устаноў па справах страхавання рабочых”, “Аб заснаванні савета па справах страхавання рабочых”, “Аб забеспячэнні рабочых на выпадак хваробы” і “Аб страхаванні рабочых ад няшчасных выпадкаў”25. Гэтыя законы распаўсюджваліся на ўсе прамысловыя прадпрыемствы, у якіх налічвалася не менш за 20 працуючых і прымяняліся паравыя катлы, машыны альбо жывёла, а таксама на тыя ўстановы, дзе машынная тэхніка адсутнічала, але колькасць працуючых была не менш за 30 чалавек.

Усе працуючыя па найму павінны былі застрахавацца ад няшчасных выпадкаў у страхавым таварыстве, членам якога быў таксама і гаспадар прадпрыемства. Страхаванне здзяйснялася за кошт прадпрыемства. Застрахаваныя асобы ў выпадку страты працаздольнасці ад няшчасных выпадкаў атрымлівалі страхавыя выплаты з сродкаў страхавога таварыства — дапамогу ці пенсію. Памер дапамогі ўстанаўліваўся з разліку сярэдняга дзённага заробку рабочага, памножанага на колькасць рабочых дзён, за якія налічвалася дапамога. Пенсіі назначаліся пры поўнай страце працаздольнасці ў памеры 2/з гадавога ўтрымання рабочага, а пры няпоўнай — у памеры той долі 2/з гадавога ўтрымання, якая адпавядала ступені страты працаздольнасці. Пенсіі назначаліся таксама членам сямейства памерлага, смерць якога наступіла ад няшчаснага выпадку (удаве, дзецям да 15-гадовага ўзросту, бацькам, братам і сёстрам да 15 гадоў). Дата выдачы пенсіі ўстанаўлівалася па дамоўленасці бакоў.

Закон рэгламентаваў дзейнасць страхавых таварыстваў. Статут страхавога таварыства зацвярджаўся міністрам гандлю і прамысловасці. Ён жа ўзначальваў савет па справах страхавання рабочых, у склад якога ўваходзіла шырокае кола чыноўнікаў высокага рангу. У губернях ствараліся дзяржаўныя ўстановы (присутствия) па справах страхавання рабочых на чале з губернатарам.

Законам “Аб забеспячэнні рабочых на выпадак хваробы” прадугледжвалася стварэнне бальнічных кас. Яны маглі адкрываць і ўтрымліваць уласныя амбулаторыі, прыёмныя пакоі, бальніцы і радзільныя прытулкі. Касам дазвалялася супрацоўнічаць з гарадскімі, земскімі, а таксама з прыватнымі лячэбнымі ўстановамі. Уся лячэбная дапамога членам бальнічных кас была бясплатная, уключаючы лекі. Гэтыя расходы вяліся за кошт гаспадара прадпрыемства. Касы маглі ўзяць на сябе выдаткі па медыцынскай дапамозе сем’ям сваіх членаў. На такія выдаткі вызначалася не больш 1/з гадавога бюджэту касы. Касы аказвалі грашовую дапамогу сваім членам у выпадку хваробы, цяжарным і парадзіхам, на пахаванне.

Грашовыя сродкі бальнічных кас складаліся з узносаў членаў, прыплат гаспадароў прадпрыемстваў і інш. Памер узносаў вызначаўся агульным сходам членаў кас і складаў ад 1 да 2% з заработнай платы. Памер прыплат гаспадара прадпрыемства ў бальнічныя касы раўняўся 2/3 узносаў членаў. Справамі бальнічнай касы распараджаліся агульны сход касы і праўленне. Рэвізію касы маглі праводзіць члены фабрычнай інспекцыі.

Такім чынам, прынятыя 23 чэрвеня 1912 г. законы ўнеслі карэнныя змены, якія былі накіраваны на паляпшэнне сацыяльна-эканамічнага становішча рабочых, і вырашалі праблемы іх страхавання ад няшчасных выпадкаў і забеспячэння на выпадак хваробы. Ужо ў канцы 1913 г. на Беларусі налічвалася 99 бальнічных кас, у якіх удзельнічала 39 тыс. членаў, летам 1914 г. — 128 кас і каля 47 тыс. членаў. У тым ліку ў Мінскай губерні 25 кас, якія налічвалі 9,5 тыс. рабочых, у Магілёўскай — 17 кас, больш за 6 тыс. рабочых. Але страхаваннем было ахоплена толькі каля 17% рабочых26.

Заканадаўчыя акты, якія былі прыняты ў другой палове XIX — пачатку XX стст., абумовілі кардынальныя зрухі ў эканамічным развіцці як Расійскай імперыі, так Беларусі. Уступіўшы на шлях капіталізму значна пазней іншых краін Захаду, Расія ў 1913 г. дзяліла 4 — 5-е месца з Францыяй па агульнаму колькаснаму паказчыку сусветнага сукупнага прыродна-дэмаграфічнага, фінансава-эканамічнага становішча і ваенна-тэхналагічнага патэнцыялу. Прырост насельніцтва ў Расіі паміж 1867 і 1913 г. быў у 2 разы большы, чым у папярэднія 50 гадоў. 3 1863 па 1897 г. колькасць жыхароў Беларусі вырасла з 3,5 млн. да 6,5 млн. і дасягнула ў 1913 г. амаль 10 млн. чалавек. Смяротнасць зменшылася, нараджальнасць павялічылася, паляпшаўся дабрабыт людзей. Пры гэтым нельга не пагадзіцца з тым, што спробы савецкіх гісторыкаў вызначыць узровень жыцця насельніцтва царскай Расіі далёка не заўсёды былі паспяховыя, таму што не выпрацаваны адпаведныя навукова абгрунтаваныя крытэрыі. Аднак працягласць жыцця сялян для еўрапейскай Расіі ў 1896—1897 гг. складала 33,3 года і гараджан — 30,9 года27. Для параўнання — працягласць жыцця немцаў на пачатак XX ст. раўнялася 45 гадам. Такое значнае разыходжанне Расіі ад заходніх краін па гэтаму важнейшаму паказчыку тлумачыцца агульным адставаннем у працэсе фарміравання даіндустрыяльнага і раннеіндустрыяльнага грамадства.

Для Расійскай імперыі, адной з састаўных частак якой была Беларусь, 1861-1913 гг. — гэта перыяд фарміравання заканадаўчай базы, якой было наканавана забяспечыць эвалюцыйны радыкальны пераход ад феадальнай, прыгонніцкай да капіталістычнай, рынкавай гаспадаркі.

Як адзначаюць даследчыкі, галоўныя мадэлі сацыяльна-эканамічнага ўладкавання дзяржавы запазычваліся з тых краін Захаду, дзе яны дасягалі вышэйшага развіцця — у першую чаргу з Германіі. Прымяненне замежнага вопыту на практыцы заўсёды сутыкалася са значнымі цяжкасцямі, што вынікалі з мэт і сродкаў, тэарэтычных установак і характару іх рэалізацыі, прававых норм і канкрэтных інструментаў іх правядзення ў жыццё. Усё гэта патрабуе спецыяльнага аналізу і асвятлення.

Адказ у Расійскай імперыі ад паслядоўнага правядзення ў жыццё ў цэлым ліберальнага заканадаўства ў сацыяльна-эканамічнай сферы, яго павярхоўнасць і незавершанасць з’яўляюцда адной з асноўных прычын рэвалюцыйных падзей пачатку XX ст.

____________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________

1        Медушевский А.Н. Реформы в России XIX—XX веков: западные модели и русский опыт. Конференция во Франкфурте-на-Майне // Отечественная история, 1996, № 2; Куприянова Л.В. Российские предприниматели и проблемы социального страхования. 1880—1905 годы // Отечественная история, 1996, № 5; Степанов В.Л. Социальное законодательство О. фон Бисмарка и законы о страховании рабочих в России // Отечественная история, 1997, Ns 2; Кирьянов Ю.И. Рабочие в России на рубеже XIX—XX веков // Отечественная история, 1997, № 4; Россия, 1913 г.: Статистико-документальный справочник / Ред.-сост.: А. М. Анфимов, А. П. Корелин. СПб., 1995; Тарновский К. Н. Мелкая промышленность России в конце XIX—начале XX в. М., 1995.

2        Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1996; Нарысы гісторыі Беларусі. Т. 1. Мн., 1995; 3 гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі: Мет. зб. Вып. 1. Мн., 1994; вып. II. Мн., 1997.

3        Панютич В. П. Наёмный труд в сельском хозяйстве Беларуси. 1861—1914 гг. Мн., 1996; Ён жа. Реформы дзяржаўных сялян на Беларусі (канец 50-х—70-я гг. XIX ст.) // Беларуси гістарычны часопіс, 1993, № 3; Ён жа. Прававое становішча сялянства парэформеннай эпохі // Весці Нацыянальнай АН Беларуси Сер. гум. н. 1998, № 1; Бейлькін Х.Ю. Чыгуначныя тарыфы і сельская гаспадарка Беларусі (канец XIX—пачатак XX ст.) // Весці АН Беларусі. Сер. гум. н., 1996, № 2; Ён жа. Некаторыя пытанні развіцця аграрнага капітапізму // Беларуси гістарычны часопіс, 1996, № 1.

4        Грибко И. Л. Из истории городского общественного управления на территории Беларуси (конец XIX—начало XX в.) // Веснік БДУ. Сер. гум. н., 1996, № 1; Бригадин П. И., Кохановский А. Г. Социальная структура белорусского общества на рубеже XIX—XX вв. // Веснік БДУ. Сер. гум. н., 1996, № 3.

5        Панюціч В. П. Выкупная аперацыя // Энцыклапедыя гіоторыі Беларусі. Т, 2. Мн., 1994, со. 371—372.

6        Полное собрание законов Российской империи (далей — ПСЗРИ), Собр. второе. Т. XXXVI, отд. 1, со. 294—299.

7        Там жа. Собр. третье. Т. VI, со. 292—301.

8        Панютич В. П. Наёмный труд в сельском хозяйстве Беларуси. 1861—1914 гг., с. 104.

9        Там жа, с. 108.

10       ПСЗРИ. Собр. второе. Т. VI, отд. 1, сс. 754—756.

11       Там жа. Собр. третье. Т. VI, сс. 303—305.

12       Там жа, т. II, сс. 218—221.

13       3 гісторыі эканамічных рэформаў. Мн., 1994, с. 14.

14       ПСЗРИ. Собр. третье. Т. XXV, отд. 1, сс. 790—791.

15       Там жа, т. XXVI, отд. I, сс. 970—974.

16       Там жа, т. XXX, с. 746.

17       Липинский Л. П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978; Мацузато Кимитака. Столыпинская реформа и российская агротехнологическая революция // Отечественная история, 1992, № 6; Прымачук І. П. Сталыпінская аграрная рэформа і яе ажыццяўленне на Беларусі // 3 гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусь Мет. зб. Вып. 1. Мн., 1994.

18       ПСЗРИ. Собр. третье. Т. XXVI, отд. 1, сс. 391—393, 483-484.

19       Там жа, т. II, сс. 265—267.

20       Там жа, т. VI, сс. 262—270.

21       Там жа, т. XVII, сс. 355—356.

22       Там жа, т. XXIII, отд. 2, сс. 595—606.

23       Там жа, сс. 611—624.

24       Там жа, т. XXIV, сс. 196—198.

25       Там жа, т. XXXII, сс. 846—883.

26       Энцыклапедыя гісторыі Беларусь Т. 1. Мн., 1993, сс. 284—285.

27       Хок Стивен Ли. Мальтус: Рост населения и уровень жизни в’ России. 1861—1914 годы // Отечественная история, 1996, № 2, сс. 28—54.