Пятроўская, М. Жыве ў Сібіры беларус / Марыя Пятроўская // Кобрынскі веснік. – 2005. – 5 лютага.

І. Панасюк нарадзіўся на Кобрыншчыне, у старажытнай вёсцы Лелікава.

ЖЫВЕ У СІБІРЫ БЕЛАРУС

Ён нарадзіўся на Кобрыншчыне, у старажытнай вёсцы з мілагучнай назвай Лелікава. Як і многія аднагодкі, пры выбары будучай прафесіі аддаў перавагу прэстыжнай на той час — ваеннай. Калі выйшаў у адстаўку — заняўся прадпрымальніцкай дзейнасцю. Час паказаў, што яму і гэта справа падуладна, і неўзабаве ўзначаліў савет дырэктараў вядомай у Сібіры групы кампаній «Еўропа-Азія».

Здавалася, што яшчэ патрэбна чалавеку: забяспечанае жыццё ў вялікім горадзе, павага, шырокае кола сяброў і калег? Але ў вольныя хвіліны чамусьці ўспаміналася Беларусь, Лелікава, басаногае дзяцінства… Калі зразумеў, што затрымаецца ў далёкай Сібіры надоўга, задумаў стварыць там «маленькую Беларусь». Працаваць было для каго: толькі ў Новасібірску жылі звыш 6 тысяч беларусаў, а ў вобласці — каля 30 тысяч. Як ні добра чалавеку ў далечыні ад Радзімы, яму ўсё роўна не хапае роднай мовы, традыцый, нарэшце, зносін з землякамі. I Панасюк з групай аднадумцаў узяўся за стварэнне беларускага культурна-асветніцкага цэнтра, з дапамогай якога можна было б хоць неяк зменшыць настальгію па родных мясцінах, традыцыях. I вось ужо некалькі гадоў тут збіраюцца беларусы, каб сустрэцца, пагугарыць аб мінулым, сённяшніх справах, паслухаць разам з дзецьмі беларускую мову, паглядзець канцэрты знакамітых выканаўцаў ці проста аматараў і знаўцаў фальклору, сучаснай музыкі і песень. А ў Дні беларускай культуры сюды прыязджаюць землякі з многіх іншых буйных і малых гарадоў Расіі. А яшчэ праз цэнтр аказваецца матэрыяльная дапамога людзям, якія маюць у гэтым патрэбу.

У 2002 годзе пры актыўным фінансавым удзеле Івана Панасюка ў Новасібірску быў узведзены храм у гонар беларускай Святой Ефрасінні Полацкай. Па даручэнню Мітрапаліта Філарэта асвячэнне правёў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Іменем Ефрасінні Полацкай называецца і беларускі культурна-асветніцкі цэнтр. А яшчэ ў Новасібірску таксама не без удзелу нашага земляка ёсць «беларускі канал» на гарадскім тэлебачанні, выходзіць газета «Мая Радзіма».

Старшыня праўлення Новасібірскага БКАЦ Іван Панасюк не забывае Беларусь, роднае Лелікава. Найлепшае пацвярджэнне сказанага — удзел у рэстаўрацыі мясцовай царквы, і асабліва ў свяце 460-годдзя з часу заснавання вёскі, дзе былі песні, конкурсы, шанаванні лепшых, віншаванні і падарункі, самы незвычайны — выступленне «Песняроў», якіх запрасіў Іван Паўлавіч.

Той падзеі ў Лелікаве былі прысвечаны матэрыялы ў многіх выданнях, у тым ліку і такіх, як рэспубліканскія «Звязда», «Народная газета», «Голас Радзімы»,- што выдаецца для суайчыннікаў, якія жывуць за межамі Беларусі.

Іван Панасюк імкнецца, каб сібірскія беларусы маглі знаёміцца з творчасцю вядомых нашых капектываў, асобных выканаўцаў. Па запрашэнню беларускага культурна-асветніцкага цэнтра імя Ефрасінні Полацкай у Новасібірску выступаў кампазітар Ігар Карнялюк. Знакамітыя «Песняры», можна сказаць, частыя госці ў Сібіры. Але сустрэча ў цэнтры пакінула ў іх незвычайнае ўражанне. Асабліва той момант, калі ў час гучання слоў «Молодость моя, Белоруссия» усе слухачы падняліся са сваіх месц… Гэта песня з’яўляецца своеасаблівым гімнам тысяч беларусаў, якія па волі лёсу апынуліся далёка ад роднага краю.

Пісаць пра чалавека, з якім не сустракаўся, з чужых слоў, вельмі няпроста. Пры расказе аб справах можна ўпусціць галоўнае — душу. Але ў дадзеным выпадку ёсць надзея, што душу нашага земляка якраз у справах відаць. Добрая, адзыўлівая, якая усё разумее, як і ў большасці беларусаў. Незалежна ад таго, дзе яны жывуць.

Марыя ПЯТРОЎСКАЯ.