Рагоўскі Яўген Аляксандравіч // 250 асоб з Беларусi у дыялогах культур : даведачнае выданне / рэд.: Т. Л. Пiсарэнка, Л. У. Языковіч. – Мінск, 2008. – С. 77-78.

Фізік і метэаролаг, прафесар Пецярбургскага і Харкаўскага універсітэтаў Я. Рагоўскі нарадзіўся ў г. Кобрыне Гродзенскай губерні.

Рагоўскі Яўген Аляксандравіч

(1855-1923)

Я. Рагоўскі — фізік і метэаролаг, прафесар Пецярбургскага і Харкаўскага універсітэтаў.

Я. Рагоўскі нарадзіўся ў г. Кобрыне Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкая вобласць). Паходзіў з патомнай шляхты Гродзенскай губерні. Яго бацька быў гарадскім урачом. Я. Рагоўскі скончыў Беластоцкае рэальнае вучылішча (1874). У 1876 г. паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. У 1877 г. перайшоў на матэматычнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага універсітэта. Слухаў лекцыі Дз. Мендзялеева, П. Чэбышава, Ф. Петрушэўскага, І. Боргмана, А. Хвольсана. Скончыў курс універсітэта ў 1882 г. са ступенню кандыдата і паступіў на службу ў Пакроўскую жаночую гімназію ў Санкт-Пецярбургу як выкладчык матэматыкі і фізікі. Адначасова быў пакінуты пры Пецярбургскім універсітэце для падрыхтоўкі для атрымання прафесарскага звання і працаваў там у фізічнай лабараторыі пад кіраўніцтвам праф. Ф. Петрушэўскага. 3 1891 г. выкладаў фізіку і матэматычную геаграфію ва Увядзенскай мужчынскай гімназіі. 3 1885 да 1904 г. быў памочнікам рэдактара фізічнай часткі часопіса «Журнал Русского физико-химического общества» і на працягу некалькіх гадоў кіраваў практычнымі заняткамі студэнтаў у фізічнай лабараторыі Пецярбургскага універсітэта. У 1887 г. быў камандзіраваны Рускім фізіка-хімічным таварыствам на станцыю Падсолнечная (Маскоўская губ.) для фотаметрычных вымярэнняў у складзе камісіі па даследаваннях поўнага сонечнага зацьмення, якое назіралася 7 жніўня 1887 г. У 1903 г. за працы «Аб складзе атмасферы сонца і планет і іх тэмпературы» і «Яшчэ пра тэмпературу і склад сонца і планет» быў удастоены Рускім астранамічным таварыствам прэміі і медаля імя Гасудара імператара Мікалая Аляксандравіча.

У 1903 г. абараніў дысертацыю «Аб знешняй цеплаправоднасці сярэбраных дратоў у вадзе» на ступень магістра фізікі. На працягу 1903-1904 гг. чытаў лекцыі па кінетычнай тэорыі газаў у Пецярбургскім універсітэце ў якасці прыват- дацэнта, адначасова працаваў у гімназіях. Чытаў публічныя лекцыі аб тэрмаэлектрычнасці, аб Сонцы, а таксама публічны курс гідрастатыкі. У 1904 г. быў абраны выконваючым абавязкі экстраардынарнага прафесара па кафедры фізікі і метэаралогіі імператарскага Харкаўскага універсітэта. Чытаў курс метэаралогіі і механічнай тэорыі цяпла, адначасова курс эксперыментальнай фізікі ў Харкаўскім ветэрынарным інстытуце.

Навуковыя працы, якія друкаваліся ў «Журнале Рускага фізіка-хімічнага таварыства», «Nature», «Astron. Nahhrichten» і інш., прысвечаны такім пытанням, як будова зямной атмасферы, тэмпература і склад атмасферы Сонца і планет, сонечная радыяцыя, кінетычная тэорыя газаў. Праводзіў фотаметрычныя назіранні.

З’яўляўся пажыццёвым сябрам Рускага фізіка-хімічнага таварыства і сапраўдным сябрам Рускага астранамічнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу, Французскага фізічнага таварыства ў Парыжы і Харкаўскага матэматычнага таварыства.

Памёр у Харкаве.