Свідуновіч Аляксандр Фёдаравіч

Біяграфічны нарыс

Свідуновіч Аляксандр Фёдаравіч — кандыдат багаслоўя,  протаіерэй.

Нарадзіўся 7 студзеня 1938 года ў сяле Дзівін Кобрынскага павета (цяпер аграгарадок Дзівін Кобрынскага раёна). Бацькі Фёдар Сільвестравіч і Ганна Сцяпанаўна назвалі сына Аляксандрам у гонар рускага князя Аляксандра Неўскага. Дзяцінства хлопчыка праходзіла ў нялёгкі час. На ўсё жыццё ў памяці Аляксандра засталіся ўспаміны пра тое, як яго сям’і прыходзілася галадаць, хавацца ў лесе ад немцаў. Але прыйшла доўгачаканая перамога, і хлопчык пайшоў у першы клас сельскай школы, навучанне ў якой праходзіла на роднай беларускай мове.

У 1956 годзе Аляксандр закончыў Дзівінскую сярэднюю школу. Адсылае дакументы ў Гродзенскі педагагічны інстытут, але бацька раіць паступаць у духоўную семінарыю. Сям’я Свідуновічаў была праваслаўнай, і сам Аляксандр часта наведваў царкву. Такім чынам, педагогам ён не стаў. Забраўшы дакументы з педінстытута, у 1956 годзе паступае ў Мінскую духоўную семінарыю, якая знаходзілася пры Свята-Успенскім Жыровіцкім мужчынскім манастыры. Валодаючы выдатным музычным слыхам і моцным прыродным голасам, ужо ў першы год навучання студэнт Свідуновіч звяртае на сябе ўвагу выкладчыка царкоўных спеваў, і яго прызначаюць рэгентам царкоўнага хору. У гэтыя гады фарміруецца характар і светапогляд будучага святара.

Семінарыю Аляксандр Свідуновіч скончыў у 1960 годзе і вырашыў прадоўжыць навучанне далей. У Ленінградскую духоўную акадэмію яго залічваюць без уступных экзаменаў. Выкладчыкі акадэміі, сярод якіх былі адукаваныя, інтэлігентныя настаўнікі яшчэ дарэвалюцыйнай царскай школы, акрамя багаслоўска-рэлігійных ведаў змаглі прывіць сваім студэнтам і мастацка-эстэтычны густ, наведваючы разам з імі шматлікія музеі і тэатры паўночнай сталіцы. У 1964 годзе Аляксандр закончыў акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя, якой быў удастоены за курсавую работу па кананічнаму праву «Родство и свойство, как препятствие к браку».

Пасля заканчэння акадэміі атрымаў накіраванне ў Смаленск, дзе на працягу сямі гадоў нёс царкоўныя паслухмянствы ў якасці псаломшчыка, рэгента і дыякана. У сане дыякана яго служэнне праходзіла ў старажытным велічным саборы, пабудаваным у XVII стагоддзі царом Аляксандрам Міхайлавічам. У 1971 годзе, па стане здароўя, пераязджае ў Бярдзянск. З 1972 года пачынаецца яго служба на Днепрапятроўшчыне: з 1972 па 1980 год ён настаяцель Свята-Пакроўскай царквы п. Таромскае; з 1980 па 1982 год — настаяцель Свята-Успенскай царквы г. Паўлаграда; з 1982 па 1988 год — святар Свята-Траецкага кафедральнага сабора Днепрапятроўска.

Да 1988 года ў Днепрапятроўскай вобласці налічвалася ўсяго 22 праваслаўныя храмы. У Днепрадзяржынску на той час не было ніводнай дзеючай царквы. Вялікая колькасць лістоў-хадайніцтваў адпраўлялася вернікамі ў розныя ўрадавыя інстанцыі. Калі было прынята рашэнне перадаць Свята-Мікалаеўскі сабор праваслаўнай абшчыне, кіраўнік Днепрапятроўскай епархіяй мітрапаліт Лявонцій (Гудзімаў) прыняў рашэнне прызначыць настаяцелем вернутага храма айца Аляксандра Свідуновіча. Ужо праз тры дні пасля прызначэння, 3 красавіка 1988 года, адбылася служба, першая за 28 гадоў з часу перадачы сабора ў 1960 годзе пад музей. Пад кіраўніцтвам і пры актыўным удзеле протаіерэя айца Аляксандра Свідуновіча сабор, які быў у вельмі дрэнным стане, удалося адрамантаваць.

Аляксандр Свідуновіч быў настаяцелем Свята-Мікалаеўскага сабора на працягу амаль 20 гадоў, благачынным цэркваў г. Днепрадзяржынска, пастырам самай буйной і ўплывовай хрысціянскай супольнасці ў Днепрадзяржынску. Царкоўны працоўны стаж першага настаяцеля Свята-Мікалаеўскага сабора складаў 52 гады. За гэты час яго заслугі былі адзначаны мноствам царкоўных і дзяржаўных узнагарод.

8 снежня 2008 года на семдзесят першым годзе жыцця Аляксандр Фёдаравіч Свідуновіч раптоўна памёр. Памяццю пра настаяцеля застаўся адроджаны ім Свята-Мікалаеўскі сабор, на тэрыторыі якога і пахаваны мітрафорны протаіерэй айцец Аляксандр Свідуновіч.