Семянюк Уладзімір Андрэевіч

Біяграфічны нарыс

Семянюк Уладзімір Андрэевіч — беларускі філосаф, палітолаг, доктар філасофскіх навук (1990), прафесар (1993).

Уладзімір Андрэевіч Семянюк нарадзіўся 16 лістапада 1940 года ў в. Залессе Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацькі былі простыя сяляне, працавалі ў калгасе імя А. В. Суворава. У сям’і было трое сыноў, усе змаглі атрымаць добрую адукацыю, заняць высокае становішча ў грамадстве. Старэйшы Пётр стаў вайскоўцам, сярэдні Мікалай быў галоўным аграномам у калгасе, Уладзімір, малодшы з братоў, стаў прафесарам філасофіі. Сястра Марыя працавала настаўніцай у Залескай сярэдняй школе.

Дзяцінства Уладзіміра было такім жа, як і ўсіх аднагодкаў ваеннай і пасляваеннай пары. У сялянскай сям’і даводзілася шмат працаваць, дапамагаць маці па гаспадарцы, бо бацька рана памёр. У школе хлопчык вучыўся старанна, займаўся спортам. У 1958 годзе скончыў Залескую сярэднюю школу з залатым медалём, паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Вышэйшая адукацыя тады была рэдкасцю на вёсцы.

Пасля заканчэння ўніверсітэта (1963) Уладзімір Семянюк працаваў настаўнікам у Глыбоцкім раёне, але цяга да ведаў, самаўдасканалення падштурхнулі яго займацца навуковай дзейнасцю. У 1964–1967 гадах – аспірант Інстытута філасофіі і права АН БССР, потым малодшы навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Тэмай сваіх навуковых прац абірае гісторыю філасофіі і рэлігіі.

З 1968 года Уладзімір Андрэевіч – дацэнт кафедры філасофіі Беларускага інстытута фізічнай культуры. У 1969 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Христианское учение о смысле и цели человеческой жизни».

Яркім эпізодам у біяграфіі Уладзіміра Андрэевіча стала праца ў Польшчы. У 1978–1981 гадах ён чытаў лекцыі па філасофіі на польскай мове ў Вышэйшай інжынернай школе ў г. Зялёна-Гура (Польшча).

1990-я гады – цяжкія часы для краіны і навукі. Многія навукоўцы пакінулі інстытуты і сталі бізнесменамі ці проста гандлярамі. Але ў гэты няпросты час Уладзімір Андрэевіч не пакінуў навуку і нават дасягнуў у ёй новага ўзроўню. У 1989–1993 гадах – дацэнт, прафесар кафедры сацыялогіі і медыцынскай этыкі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. У 1990 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Сионизм в антикоммунистической и неоколониалистикой стратегии империализма (социально-политический анализ)», стаў доктарам філасофскіх навук, у 1993 годзе – прафесарам.

З 1994 года У. А. Семянюк – прафесар кафедры «Философские учения» факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, дзе доўгі час працягваў працаваць, бо яго веды і вопыт былі запатрабаваны. У суаўтарстве з вучоным распрацоўваліся навучальныя дапаможнікі і дапаможнікі для кантролю ведаў, метадычныя рэкамендацыі па падрыхтоўцы аспірантаў для здачы кандыдацкага мінімуму па філасофіі. Нямала маладых спецыялістаў атрымалі кваліфікаваную дапамогу і пуцёўку ў жыццё ад Уладзіміра Андрэевіча.

Навуковыя інтарэсы: гісторыя філасофіі; айчынная філасофская думка. Галоўныя навуковыя працы: «Христианский гумманизм » (1969), «Сионизм в политической стратегии империализма» (1981), «Современный сионизм: курсом политичских и военных авантюр» (1986).

На ўсё жыццё Уладзімір Семянюк захаваў любоў да родных мясцін. Кожнае лета наведваў родную вёску, не прадаваў стары бацькоўскі дом.

У. А. Семянюк памёр 17 лютага 2018 года, пахаваны на могілках в. Залессе.