Смяховіч, М. У. Праявы супраціву беларускага калгаснага сялянства сталінскай аграрнай палітыцы (1946―1952 гг.) / Мікалай Уладзіміравіч Смяховіч // Беларускі гістарычны часопіс. — 2017. — № 12. — С. 4-16.

Праявы супраціву беларускага калгаснага сялянства

Сталінскай аграрнай палітыцы (1946-1952 гг.)

У першыя пасляваенныя гады савецкая дзяржава прымала ў аграрнай галіне рашэнні, якія не адпавядалі інтарэсам калгаснага сялянства. У адказ на палітыку прымусу і эксплуатацыі ў Беларусі нарастаў супраціў калгаснага сялянства сталінскай аграрнай палітыцы.

Беларуская савецкая гістарыяграфія сталінскую аграрную палітыку пасляваенных гадоў па ідэалагічных меркаваннях пераважна ацэньвала пазітыўна. Аднак прызнавала, што цяжкасці жыцця сялян у гэты час былі абумоўленыя нетолькі наступствамі Вялікай Айчыннай вайны і германскай акупацыі, але і «буйнымі недахопамі ў кіраўніцтве калгасамі і ў арганізацыі калгаснай вытворчасці»‘. У пачатку 1990-х гг. у беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі ацэнка аграрнай палітыкі савецкай дзяржавы гэтага перыяду змянілася. Адзначалася, што яна прывяла да таго, што «праца калгаснікаў небывала характер паднявольнай», а калгасна-саўгасны лад характарызаваўся як «паўпрыгонніцкая сістэма».

На нашу думку, наяўнасць і выкарыстанне такіх дэфініцый, як» паднявольная праца», «паўпрыгонніцкая сістэма», у дачыненні да характарыстыкі калгаснага ладу і працы сялян абумоўлена адсутнасцю спецыяльных даследаванняў арганізацыі і аплаты працы калгаснага сялянства ў гады сталінскага праўлення. Так, пэўныя напрацоўкі былі зроблены. Гісторыі аднаўлення сельскай гаспадаркі і адлюстраванню асаблівасцяў жыцця і працы сялян былі прысвечаны манаграфіі А. Белязо. Пытанні адбудовы беларускай вёскі, дзейнасці партыйных уладаў па арганізацыі калгасна-саўгаснай вытворчасці ў адзначаны перыяд разглядаліся ў працах А. Гурыновіча, І. Лугоўцава, В. Генералава, М. Ляшко і інш. Аднак рэальныя адносіны беларускага сялянства да сталінскай аграрнай палітыкі гэтага часу не разглядаліся.