Соўпель Ігар Васільевіч

Біяграфічны нарыс

СОЎПЕЛЬ Ігар Васільевіч — беларускі вучоны, спецыяліст у вобласці тэхнічнай кібернетыкі і інфарматыкі. Доктар тэхнічных навук (1991), прафесар (1994).

Нарадзіўся 8 красавіка 1949 года ў вёсцы Гарадзец Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Выпуснік Гарадзецкай сярэдняй школы (1966).

У 1971 годзе скончыў матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна па спецыяльнасці «Матэматыка».

Працаваў у Інстытуце матэматыкі Акадэміі навук БССР. У 1976-1978 гадах — аспірант кафедры матэматычнага забеспячэння аўтаматычнай сістэмы кіравання (АСК) БДУ.

Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1980). З 1981 года І. В. Соўпель -дацэнт кафедры МЗ АСК. У снежні 1991 года абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Автоматизированная переработка текста на основе воспроизводящего моделирования лингвистических объектов и процессов». З 1992 года – прафесар кафедры МЗ АСК. Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1994 годзе.

У 1997 годзе І. В. Соўпель абраны на пасаду загадчыка кафедры матэматычнага забеспячэння АСК факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. З’яўляецца навуковым кіраўніком лабараторыі інтэлектуальных інфармацыйных сістэм. Ім сфармулявана і развіта канцэпцыя новага навуковага напрамку ў галіне штучнага інтэлекту – узнаўленчага мадэліравання лінгвістычных аб’ектаў і працэсаў. Яго навуковыя і прыкладныя інтарэсы цесна звязаны з праектаваннем, распрацоўкай і ўкараненнем сістэм аўтаматычнай апрацоўкі тэкстаў, уключаючы сістэмы лінгвістычных баз ведаў, семантычнага аналізу тэкстаў, аўтаматычнага рэферыравання, машыннага перакладу, інтэлектуальных інтэрфейсаў карыстальніка, інжынерыі ведаў, інтэлектуалізацыі інфармацыйных сістэм.

І. В. Соўпель з’яўляецца аўтарам шэрагу вынаходніцтваў у галіне штучнага інтэлекту, якія запатэнтаваны ў міжнародных патэнтных фондах. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны такія знакамітыя ў сучаснай інфарматыцы інтэлектуальныя інфармацыйныя сістэмы, як Cobrain, Knowledgist, Vedy, Goldfive Intelligence, а таксама шэраг сістэм у межах важнейшых рэспубліканскіх навукова-тэхнічных праграм, якія забяспечваюць і развіваюць камп’ютарную форму існавання беларускай мовы.

Ігар Васільевіч чытае для студэнтаў ФПМІ агульныя курсы: «Автоматизированные системы управления», «Модели и методы искусственного интеллекта», «Интеллектуальные информационные системы». Стварыў камп’ютарную сістэму беларуска-рускага і руска-беларускага машыннага перакладу тэкстаў. З’яўляецца адным са стваральнікаў праграмы для праверкі работ на плагіят, якая была распрацавана ў 2014 годзе.

На працягу шэрагу гадоў Ігар Васільевіч працаваў на пасадзе намесніка дэкана па навуцы ФПМІ, з’яўляецца членам Навукова-метадычнага савета Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, вучоным сакратаром Савета па абароне доктарскіх дысертацый у БДУ, членам рэдакцыйнага савета часопіса «Веснік БДУ».

У 1999 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».