Стралец, М. Нястомны працаўнік навукі / Міхаіл Стралец // Кобрынскі веснік. — 2016. — 16 сакавіка. — С. 3.

Іван Сінчук, які нарадзіўся ў Кобрыне, выдатны навукоўца ў галіне грамадскіх навук.

Нястомны працаўнік навукі

Іван Сінчук, які нарадзіўся ў Кобрыне, з’яўляецца ўзорам навукоўцы ў галіне грамадскіх навук і аддаў гэтай дзейнасці без малага 40 гадоў, 8 сакавіка 2016 года ён адзначыў сваё 60-годдзе. Падчас працоўнай дзейнасці ім былі зроблены рэзанансныя адкрыцці пры даследаванні гісторыі грашовага абарачэнння, сфармуляваны і пераканаўча абгрунтаваны прынцыпова новыя канцэпцыі ў галіне археалогіі, анамастыкі, баністыкі, сфрагістыкі, фалерыстыкі, геральдыкі, мастацтвазнаўства.

Іван Сінчук праводзіў архітэктурна-археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Мазыра, Магілёва, Мінска, Быхава, Нясвіжа, Кобрына, Ленбарка, паселішча Яўгенен Калінінградскай вобласці, прымаў удзел у археалагічных працах у Гродне, Мсціславе, Мінску, Навагрудку, Вільнюсе, Тракае, Калінінградзе, Пскове, Ноўгарадзе. Ён прыцягнуў да даследчага працэсу эксклюзіўныя дакументы і матэрыялы, якія ёсць у 60 музеях. Уражвае геаграфія гэтых музеяў: Аўстрыя, Беларусь, Венгрыя, Чэхія, Германія, Францыя, Галандыя, Бельгія, Венгрыя, Славакія, Літва, Латвія, Эстонія, Польшча, Расія, Украіна. Даволі значная частка базы для .даследчага працэсу юбіляра ўведзена ў навуковае абарачэнне дзякуючы напружанай працы ў архівах Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі. Іван Сінчук адным з першых у беларускай гістарычнай навуцы стаў выкарыстоўваць колькасныя метады ў гістарычных даследаваннях. Беларускі гісторык першым знайшоў згадкі выявы знака рубля, датаваныя ХVII-ХІХ стагоддзямі. Гэтай выявай былі напісаны скорапісам надрадковыя літары «р» і «у».

Іван Іванавіч упэўнена лідзіруе сярод айчынных аўтараў па колькасці нумізматычных артыкулаў у энцыклапедычных выданнях. Гэтыя артыкулы вельмі патрэбныя ў плане прапаганды грамадазнаўчых ведаў сярод насельніцтва. Здзіўляе здольнасць аўтара данесці да шырокага чытача лаканічнае і ў той жа час строга навуковае тлумачэнне з’яў і працэсаў, напісанае даступнай мовай.

Ён працаваў у розных навуковых і адукацыйных установах: у 1985-1991 гг. быў вядучым археологам навукова-даследчага інстытута «Белспецпраектрэстаўрацыя», у 1995-1998 гг. выкладаў у Беларускім універсітэце культуры, у 2008-2014 гг. — вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. I ў кожнай з пералічаных устаноў трымаў планку па колькасных і якасных параметрах навуковай дзейнасці. Не могуць не ўзрушваць у станоўчым сэнсе аператыўнасць, скрупулёзнасць, найвышэйшая адказнасць, калі герой нарыса перадаваў па вопісу сотні адзінак археалагічных знаходак 1980-1990-х гадоў археолагаў НДІ “Белспецпраектрэстаўрацыя” з розных гарадоў Беларусі для экспазіцыі ў Замкавым комплексе «Мір», рабіў атрыбуцыю мастацкага метала з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея.

Іван Іванавіч мае прызнанне далёка за межамі Бацькаўшчыны. Паспявае ён перакладаць і працы замежных калег. Сярод айчынных грамадазнаўцаў мала хто можа параўнацца з гэтым чалавекам па інджксу цытуемасці ў далёкім замежжы. Ён — член Расійскай асацыяцыі «Гісторыя і камп’ютар», міжнароднай Асацыяцыі нумізматаў Балтыі.

Міхаіл СТРАЛЕЦ, прафесар БДТУ, доктар гістарычных навук.