Сінчук Іван Іванавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. – Мінск, 2002. — С. 441. – (Імі ганарацца землякі).

СІНЧУК Іван Іванавіч, гісторык, нумізмат. Нарадзіўся 8 сакавіка 1956 г. у Кобрыне. Закончыў БДУ (1981).  Спецыяльную падрыхтоўку атрымаў у аддзеле нумізматыкі Дзяржаўнага гістарычнага музея (г. Масква) у 1983-1984 гг. У 1985-1991 гг. вядучы археолаг НДІ «Белспецпраектрэстаўрацыя», у 1989-1991 гг. вучыўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі НАН (аддзел феадалізму). З 1995 г. супрацоўнічае з Інстытутам археалогіі і этналогіі Польскай АН, вывучаў манетныя зборы ў музеях Польшчы. У 1995-1998 гг. выкладчык Беларускага універсітэта культуры, Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. З 1999 г. працуе ў Нацыянальным музеі Літвы. Выканаў індывідуальныя навукова-даследчыя праграмы «Тэхніка манетнай справы XVII ст.» і «Анамастыка беларускай эліты». Даследуе гісторыю грашовага абарачэння, тэхніку манетнай справы IX-XX ст., гісторыю матэрыяльнай культуры XVI-XX ст., праблемы этнічнай антрапанімікі Беларусі. Даследаваў архітэктурна-археалагічныя помнікі на тэрыторыі Мазыра, Магілёва, Мінска, Быхава, Нясвіжа, Кобрына, удзельнічаў у археалагічных экспедыцыях у Гродне, Мсціславе, Навагрудку. Аўтар каля 200 навуковых прац па нумізматыцы і археалогіі. Удзельнік шэрагу міжнародных канферэнцый. Спецыяліст па выкарыстанні матэматычных і фізіка-хімічных метадаў у гістарычных даследаваннях. Член Расійскай асацыяцыі «Гісторыя і камп’ютэр», Беларускага нумізматычнага таварыства, Беларускага саюза журналістаў. У 2000 г. пераможца расійскага конкурсу на знак рубля (дызайн сімвала).