Сінчук, І. Пра Цітова, пячаткі і Радзівіла / Іван Сінчук // Спадчына. – 1994. — № 6. – С. 140–141.

Рэцензія на працу А. Цітова «Пячаткі старажытнай Беларусі: нарысы сфрагістыкі».

ПРА ЦІТОВА, ПЯЧАТКІ I РАДЗІВІЛА

Не было, не было кніжкі — ды з’явілася. А не было кніжкі пра пячаткі. А з’явілася ў 1993 г. праца Анатоля Цітова «Пячаткі старажытнай Беларусі: нарысы сфрагістыкі».

Як хто, а я люблю, калі кніга мае добрую вокладку, белую паперу, выразны шрыфт. Выдавецтва «Полымя» зрабіла для нас цудоўны сюрпрыз: афсетная папера № 1 успрымаецца як «нулёўка», гарнітура «Тип Таймс» прыемна лашчыць вока. Праца Менскай фабрыкі каляровага друку таксама бездакорная. Ды й аўтар прыклаў руку да шалёнага попыту на сваю кнігу — у ёй каля 400 ілюстрацыяў. Ці трэба было старацца яшчэ што вартае напісаць? А паважаны Анатоль Цітоў яшчэ і напісаў тое-сёе.

Манаграфія ахоплівае перыяд з X па XVIII стст. Аўтар падзяліў гэты вялікі адрэзак часу на старажытны перыяд (X—XIII стст.), вялікакняскі (канец XIII — XVII стст.), перыяд позняй Рэчы Паспалітай (XVIII ст.) і перыяд Расейскай імперыі (апошняя квадра XVIII ст.— 1917 г.). Вось і пачатковая заўвага — эфектная назва не зусім дакладна перадае змест: найперш 1917 г. цяжка аднесці да старажытнасці, ды й вялікакняскі перыяд XIV—XVII стст. зусім не старажытны. Тым больш, паводле перыядызацыі самога аўтара, старажытны перыяд займае толькі X—XIII стст. Можа ў гэтым тлумачэнне таго, што агляд заканадаўства аўтар робіць толькі ў межах XIV—XVIII стст., а было ж яшчэ заканадаўства Расейскай імперыі, якое тычылася сфрагістыкі. XIX—XX стст., зразумела, на ніякую старажытнасць «не цягнуць». Дарэчы, і заканадаўства Беларусі — гэта заканадаўства ўсяго Вялікага Княства Літоўскага. Як на мой густ, дык я б і храналогію іншую зрабіў… Але вялікую справу збору беларускіх пячатак выканаў Анатоль Цітоў. Ён сам адзначае, што асноўную ўвагу звярнуў на вялікакняскі перыяд. Гэты тэрмін, у адрозненне ад пашыранага «царскі», азначае найперш не форму кіравання, а аднясенне матэрыялу да перыяду Вялікага Княства Літоўскага. Міжволі ўзгадваецца, што такі падзел даволі спрошчаны, здаецца, кожны школьнік прыгадае тут жа вунію 1569 г., пасля якой Вялікае Княства Літоўскае з’яўлялася часткай Рэчы Паспалітай.

Увогуле, не толькі слова «старажытная» ў назве кнігі падштурхоўвае да спрэчкі. Само слова «Беларусь» вымушае задумацца. Сапраўды, калі ідзе гаворка пра этнаграфію Беларусі (чытай — беларусаў), то ўсё зразумела, але калі гавораць пра пячаткі, якія былі ва ўжытку ў межах сучаснай Беларусі ў часы Вялікага Княства Літоўскага або ў тыя часы, калі Княства стала часткаю Рэчы Паспалітай абодвух народаў і ўжыванне пячатак рэгламентавалася агульнымі прававымі нормамі, агульнымі дакументамі, то, здаецца, пра пячаткі Беларусі можна гаварыць толькі з улікам таго, што яна была часткай дзяржаўных аб’яднанняў. Акрамя таго структурнай адзінкі «Беларусь» у Вялікім Кністве Літоўскім не было, яно складалася з ваяводстваў. Але так склалася, што па традыцыі гавораць пра гісторыю Беларусі, нумізматыку Беларуа і гэтак далей, а зараз, у рэчышчы традыцыі, і пра сфрагістыку Беларусі.

Любы матэрыял патрабуе пры класіфікацыі ўжывання аднаго крытэрыя. Са зместу (маецца на ўвазе фармальны змест у канцы кнігі) можна зразумець, што зроблены падзел на беларускія пячатках X—XVIII стст., пячаткі канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага XIV—XVIII стст гарадскія пячаткі XVI—XVIII стст. (гэтак гучаць назвы адпаведных частак манаграфіі) Паколькі храналагічна пячаткі канцылярыі і гарадскія пячаткі ўкладваюцца ў перыяд X—XVIII стст., які «замацаваны» за беларускімі пячаткамі, то можна было чакаць, што разгляд гарадскіх і канцылярскіх пячатак будзе весціся ў адпаведных храналагічных падраздзелах часткі «беларускія пячаткі» або гэта частка будзе называцца неяк інакш, напрыклад, «прыватныя пячаткі».

А зараз пра аб’ём манаграфіі. Кніга ў 240 старонак мае прыблізна 50 старонак аналітычнага тэксту. Найбольш падрабязна аўтар аналізуе гарадскія пячаткі. Гэта зразумела — Анатолю Цітову належыць кніга «Гарадская геральдыка Беларусі», якая таксама карысталася вялікім поспехам. Таму матэрыял для яго добра знаёмы, і ён скарыстаў магчымасць абагульніць тое, пра што пісаў раней. Трэба адзначыць, справіўся з гэтай задачай выдатна.

Аўтар, напрыклад, паведамляе, што сярэдні дыяметр круглай пячаткі другой паловы XVI ст. складаў 33,7 мм, у першай палове XVII ст. — 33,9 мм, у другой палове XVII ст. — 38,5 мм, у XVIII ст. — 39,6 мм і адзначае тэндэнцыю да павелічэння дыяметра пячаткі. Канешне, хацелася б, каб ён даказаў, што паміж дыяметрамі пячатак другой паловыт XVI ст. і першай паловы XVII ст. сапраўды існуе статыстычна значная розніца, бо я пакуль што бачу дзве групы матэрыяльных аб’ектаў — пячаткі ў 34 мм і пячаткі ў 39 мм (другая палова XVI ст. — першая палова XVII ст. і другая палова XVII ст. — XVIII ст. адпаведна). Або тое, што з воску рабіліся ў другой палове XVII ст. 82% пячатак, а ў канцы XVIII ст. — толькі 32 %, ці тое, што ў XVI ст. увогуле не было авальных пячатак. У XVII ст. іх колькасць склала каля 30 %, а ў XVIII ст. набліжаецца да 60 %. Вось як паводле доследаў аўтара выглядала моўная статыстыка: у XVI ст. беларускамоўных (разам з беларуска-польскімі) і лацінамоўных пячатак было папалам, а польскамоўных не было ўвогуле, а ў XVII ст. беларускамоўныя зніклі, дамінавалі лацінамоўныя (2/3), з’явіліся польскамоўныя пячаткі (1/3), у XVIII ст. польскамоўных і лацінамоўных стала пароўну. А прыналежнасць пячаткі да горада або органаў кіравання (магістрата, рады, лавы) паводле зместу легенды застаецца аднолькавай у XVI — XVIII стст. — прыблізна 2/3 гарадскіх і 1/3 органаў кіравання. Аўтар нават аналізуе, дзе звычайна стаіць дата на датаваных пячатках — у канцы легенды, у сярэдзіне або ў пачатку яе ці ў полі пячаткі. Было цікава даведацца, што ў XVI—XVII стст. больш уласцівай для гарадскіх канцылярыяў была зялёная, потым чырвоная афарбоўка каляровых васковых пячатак, бурыя пячаткі сустракаюцца толькі ў XVI ст., натуральны воск ужываўся толькі да канца XVII ст. Паводле падлікаў аўтара, пячаткі з выявамі ў XVI ст. складалі 40 %, у XVI ст. — 31 %, у XVIII ст. — 53 % (зноў жа карціць даведацца, ці істотная статыстычная розніца паміж гэтымі лічбамі?).

Ну і трохі пра малюнкі і фотаздымкі. Галоўная іх крыніца — Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Беларусі, дакладней — вядомы фонд 694. У фондзе пад гэтым нумарам захоўваюцца справы, якія звязаны з дзейнасцю Радзівілаў, таму ён вядомы яшчэ як Фонд князёў Радзівілаў. Храналагічна гэта дакументы XVI—XVIII стст. — «Узоры пячатак вялікакняскага перыяду» (36 малюнкаў) і «Збор беларускіх пячатак XVI—XVI11 стст.» (301 малюнак), якія нібыта самыя па сабе — гэта галоўнае, што ёсць у кнізе. Раней гэта назвалі б «сфрагістычны альбом» і выдалі б асобна. Па сутнасці, мы маем сфрагістычны альбом Фонду князёў Радзівілаў. Гэта праўда. Але я памятаю той час, калі кніга Анатоля Цітова здавалася ў друк: Гэта яна толькі выйшла ў 1993 г., а здавалася ў часы ЦК КПБ, адпаведны аддзел якога займаўся справамі культуры. Уявіце — у тыя часы кніга з назваю «Сфрагістычны альбом Радзівілаў». Ці пагладзілі б па галоўцы нашых дзядзькоў з ЦК ды самога Анатоля Цітова? Але справа зробленая, і мы маем выдатную крыніцу па сфрагістыцы і геральдыцы Вялікага Княства Літоўскага, калі жадаеце, беларускіх земляў Вялікага Княства Літоўскага. Зроблена велізарная праца, якая вымагала вялікай дакладнасці і шмат часу, каб зрабіць сотні малюнкаў. Такога ў нас яшчэ не было (калі не лічыць даволі вялікага артыкула самога Анатоля Цітова ў «Мастацтве Беларусі»). Адзіная заўвага — павелічэнне зроблена ў розных маштабах, таму цяжка візуальна параўноўваць пячаткі, гэтаму не дапамагае і пазначаны каля малюнкаў дыяметр. Упэўнены, што толькі некалькі з трох тысячаў чытачоў (такі наклад манаграфіі) возьмуць ліноўку, калькулятар і адзначаць неаднолькавасць маштабаў. Добра было б зрабіць наступны крок — выдаць каляровы фотаальбом пячатак Фонду Радзівілаў ды побач з фотаздымкамі падаць прамалёўкі. I прыгожа было б, і навукова, і попыт быў бы. Нешта накшталт «Беларускай кафлі» В. Собаля, М. Ткачова, А. Трусава і У. Угрыновіча магло б атрымацца. Але ці будзе гэтак? На чацвёртай старонцы стаіць значок «капірайт» Анатоля Цітова і тут жа дапісана: «фотаздымкі і малюнкі аўтара, рэпрадукаванне забаронена». Адпаведна, думаю, і ў архіве зараз запросяць грошы за права зрабіць фотаздымкі з арыгіналаў, потым фатограф запатрабуе аплаты за свой дэфіцытны «кодак», бо фабрыка каляровага друку з іншай стужкай не захоча працаваць, вось і канец усяму праекту. А можа, тыя, хто зарабіў грошы на папярэдняй манаграфіі Анатоля Цітова, здолеюць дапамагчы (нездарма зараз напісана «рэпрадукаванне забаронена» — памятаеце пакеты, кубкі, канверты, значкі з малюнкамі з «Гарадской геральдыкі»)?

Пра што яшчэ не напісаў? Пра старажытны перыяд? Зразумела, што дзве старонкі толькі дзеля таго, каб замкнуць храналагічна тэму. Пра «Інвентар пячатак» 34 беларускіх гарадоў? Усё і так зразумела — зроблена выдатна. Не прычапіўся да «дзінарыяў з кіралаўскім надпісам» — дык гэта да рэдактара ці карэктара — не мог Анатоль Цітоў так знявечыць слова.

Увогуле, трэба кідаць пісаць рэцэнзіі. Нешта не атрымліваецца…

Іван СІНЧУК