Філімоненкава Раіса Мікалаеўна

Біяграфічны нарыс

ФІЛІМОНЕНКАВА (Кукіна) Раіса Мікалаеўна – вучоны, кандыдат тэхнічных навук (1982) , дацэнт (1991).

Раіса Мікалаеўна Філімоненкава (Кукіна) нарадзілася 25 лютага 1948 года ў г. Дуброўна Віцебскай вобласці. Пражывала ў г. Кобрыне з 1960 года па 1968 год. Вучылася ў сярэдняй школе № 2, пасля заканчэння якой у 1968 годзе паступіла ў Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці.

У 1973 годзе Раіса Філімоненкава скончыла інстытут па спецыяльнасці «Тэхналогія швейных вырабаў» на выдатна, атрымала кваліфікацыю «Інжынер-тэхнолаг». Падчас навучання вяла актыўную грамадскую работу, атрымлівала стыпендыю імя У. І. Леніна, у 1971 годзе была дэлегіравана на I Усесаюзны злёт студэнтаў СССР (Масква).

З 1973 года Раіса Філімоненкава пачала працоўную дзейнасць асістэнтам на кафедры «Тэхналогія швейных вырабаў» Віцебскага тэхналагічнага інстытута лёгкай прамысловасці. З 1977 па 1980 год вучылася ў аспірантуры Маскоўскага тэхналагічнага інстытута лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці «Тэхналогія швейных вырабаў».

У 1982 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю «Исследование процесса формообразования деталей одежды с целью его совершенствования» (навуковы кіраўнік Е. Х. Меліхаў). У 1987 годзе абрана дацэнтам кафедры «Тэхналогія швейных вырабаў» Віцебскага тэхналагічага інстытута лёгкай прамысловасці (з 1995 года – Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт). З 1983 года па 2005 год працавала намеснікам дэкана завочнага факультэта УА «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт».

Навуковыя інтарэсы: вільготна-цеплавая апрацоўка швейных вырабаў; дубліраванне дэталей швейных вырабаў; фарміраванне дэталей швейных вырабаў. Р. М. Філімоненкава мае больш за 120 навуковых і звыш 50 метадычных публікацый, у тым ліку адзін падручнік і тры вучэбных дапаможніка з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, некалькі выдадзеных канспектаў лекцый. Удзельнічала ў распрацоўцы адукацыйнага стандарту ОСРБ 1-500102-2008 для першай ступені вышэйшай адукацыі.

Раіса Мікалаеўна падрыхтавала трох магістраў тэхнічных навук. Чытае курсы лекцый па дысцыплінах «Тэхналогія швейных вырабаў», «Тэхналогія швейнай вытворчасці». Узнагароджана граматамі Віцебскага інстытута лёгкай прамысловасці (1970, 1971, 1976, 1987).