Чарота Іван Аляксеевіч

Біяграфічны нарыс

ЧАРОТА Іван Аляксеевіч – вядомы беларускі літаратуразнавец, крытык, перакладчык.

Іван Аляксеевіч Чарота нарадзіўся 16 верасня 1952 года ў простай сялянскай сям’і. Бацька, Аляксей Панцялеевіч, і маці, Ганна Паўлаўна, былі калгаснікамі. Малая радзіма Івана Чароты — вёска Лышчыкі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці, якая размяшчаецца на мяжы Беларусі, Украіны і Польшчы. І гэтым, напэўна, першапачаткова быў вызначаны лёс вядучага славіста краіны. Яшчэ да школы Іван вучыўся самастойна чытаць адначасова і па беларускай раённай газеце «Камуністычная праца» (цяперашні «Кобрынскі веснік»), і па сталічнай рускай «Праўдзе», і па польскаму буквару, што застаўся ў бацькоў ад польскай школы. Акрамя таго, у дзеда Паўла былі Евангелле і ўкраінскі «Кабзар» Тараса Шаўчэнкі на стараславянскай і ўкраінскай мовах, якія той даваў чытаць свайму любімаму ўнуку. Будучы вучоны з маленства асвойваў беларускую, рускую, украінскую і польскую мовы. Так на скрыжаваннях моў і ўзрос яго талент.

Першай установай адукацыі, якая адкрыла хлопцу дарогу ў свет ведаў, была Лышчыкаўская пачатковая школа. Потым вучоба ў васьмігадовай школе ў в. Рынкі Тэвельскага сельсавета, куды Іван дабіраўся веласіпедам ці пешшу. Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе № 2 г. Кобрына. Адначасова тры гады вучыўся ў Кобрынскай вячэрняй музычнай школе.

Закладзеная ў сям’і любоў да кнігі і асабістыя здольнасці прыводзяць Івана Чароту ў 1969 годзе на аддзяленне рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (далей – БДУ). Менавіта ў часы вучобы ў БДУ ў юнака асабліва раскрылася схільнасць да моў. Тады ён і захапіўся прыгажосцю, сілай і веліччу славянскага свету. На занятках паказваў бліскучыя вынікі і быў нават рэкамендаваны ў гіды-перакладчыкі ў Бюро міжнароднага маладзёжнага турызму «Спадарожнік», што дало магчымасць атрымання моўнай практыкі.

Пасля заканчэння ўніверсітэта (1974) Іван Чарота тры гады працаваў настаўнікам у Паляцкішскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, выкладаў рускую мову і літаратуру.

У 1977 годзе Іван Аляксеевіч Чарота прыняты на працу ў БДУ: адпаведна, пасады выкладчыка — старшага выкладчыка, дацэнта. Першую навуковую ступень Іван Чарота здабыў у Ленінградзе, абараніўшы ў 1986 годзе дысертацыю «Творчество М. А. Шолохова и литературный процесс Югославии (1956-1986)». Сур’ёзнае навуковае даследаванне, абароненае ў культурнай сталіцы Расіі, сведчыла пра тое, што ў навуку прыйшоў сапраўдны вучоны з уласным бачаннем сутнасці і спецыфікі літаратуры ў эпоху глабалізацыі. З 1991 года па 1994 год Іван Аляксеевіч вучыўся ў дактарантуры. Праца «Беларуская літаратура XX стагоддзя і працэсы нацыянальнага самавызначэння» стала доктарскай дысертацыяй, якую ён з поспехам абараніў у БДУ ў 1998 годзе.

Пасля дактарантуры Іван Аляксеевіч узначаліў толькі што створаную ў БДУ кафедру славістыкі (славянскіх літаратур). Менавіта I. А. Чарота стаў ініцыятарам і арганізатарам падрыхтоўкі студэнтаў па спецыяльнасці «Сербская мова і літаратура», для паспяховай падрыхтоўкі якіх склаў адукацыйныя стандарты па гэтай спецыяльнасці, «Праграму асноўных і спецыяльных курсаў па гісторыі славянскіх літаратур» (2000), шэраг дапаможнікаў. Значным вынікам навуковай дзейнасці, асабістым укладам Івана Аляксеевіча ў методыку перакладу стала выданне ім вучэбнага дапаможніка «Тэорыя і практыка мастацкага перакладу». З 2018 года Іван Аляксеевіч Чарота — прафесар кафедры тэорыі літаратуры (з 2019 года – кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства).

Кола навуковых інтарэсаў І. А. Чароты перш за ўсё ўключае пытанні літаратуры і культуры славянскіх народаў. Ён самы кампетэнтны славіст у Беларусі ў сферы літаратуразнаўства. Даследуе гісторыю літаратур і культур славянскіх народаў, піша пра лёсы людзей і цэлых пакаленняў, дае грунтоўныя рэцэнзіі на кнігі маладых літаратараў, актыўна ўдзельнічае ў дыскусіях па сучасным літаратурным працэсе. На працягу звыш чвэрці стагоддзя Іван Аляксеевіч з’яўляецца галоўным навуковым кансультантам выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі» па ўсіх пытаннях, звязаных з паўднёваславянскімі народамі і іх культурамі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама Расіі і Сербіі; І. А. Чарота актыўна выступае ў друку як літаратуразнавец, крытык, эсэіст, публіцыст.

Шмат гадоў вучоны займаецца перакладамі. Іван Аляксеевіч – сапраўдны паліглот, ён валодае больш чым 10 мовамі. Яшчэ з пачатку 1980-х гадоў выдавецтвы актыўна прыцягвалі яго да працы над перакладамі мастацкай літаратуры. Яго наробак — больш за 1200 друкаваных перакладаў, у тым ліку звыш 70 кніжных выданняў. Каля 30 гадоў узначальвае бюро секцыі мастацкага перакладу і літаратурных сувязей Саюза пісьменнікаў Беларусі, займаецца перакладам з сербскай, харвацкай, славенскай, македонскай, польскай і іншых моў на беларускую і рускую, а таксама з беларускай і рускай на сербскую.

Асноўныя працы вучонага: «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (1988; у суаўт.), «Антологиjа белоруске поезиjе» (1993, 2012), «Пошук спрадвечнай існасці: Беларуская літаратура ХХ стагоддзя ў працэсах нацыя-нальнага самавызначэння» (1995), «Сербская Праваслаўная Царква» (1998), «Югаславянскія казкі» (1999), «Беларуская мова і Царква» (2000), «Косовская битва продолжается» (2000), «Антологиjа лирике источних Словена» (2000), «Српска књижевност. Антологија текстова. Књ. І–V» (2002–2007), «Слово и Дух. Антология русской духовной поэзии Х–ХХ вв.» (2003, 2005, 2010), «Тэорыя і практыка мастацкага перакладу» (2012), «Ні на небе, ні на зямлі. Казкі славянскіх народаў» (2013), «Беларусы пра Сербію – Югаславію» (2015), «Белорусија и Србија: Трагом узајамногу познавања и деловања» (2016).

Прафесар Чарота вядзе вялікую грамадскую дзейнасць. Ён акадэмік Сербскай акадэміі навук і мастацтваў, акадэмік Міжнароднай Славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры, старшыня Экспертнага савета вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, навуковы кансультант Беларускага Экзархата па комплексу пытанняў, якія адносяцца да Сербіі, Югаславіі і славянства ўвогулле. З’яўляецца членам рэдкалегій 11 перыядычных выданняў (шасці замежных), навуковым кансультантам Беларускай Энцыклапедыі; сакратаром Біблейскай камісіі Беларускага Экзархата па выпрацоўцы беларускай багаслоўскай тэрміналогіі, членам Выдавецкага Савета Беларускага Экзархата, кансультантам і аўтарам артыкулаў «Праваслаўнай Энцыклапедыі», выканаўчым рэдактарам часопіса «Праваслаўе».

Можна сказаць, што жыццёвае крэда Івана Аляксеевіча Чароты — ладзіць масты паразумення, шукаць тое, што збліжае, аб’ядноўвае народы і людзей, робіць іх мацнейшымі. Да найважнейшых фактараў, якія збліжаюць людзей і народы, прафесар прылічвае мову. У душы нашага героя паядналіся любоў да Беларусі і славянскага сусвету ў цэлым.

Навуковая, перакладчыцкая і грамадская дзейнасць, служэнне слову і служэнне словам на карысць духоўнасці, збліжэння людзей прынесла І. А. Чароце шэраг узнагарод. Ён з’яўляецца лаўрэатам прэміі Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2003, 2018); Міжнароднай прэміі імя Канстанціна Астрожскага (Польшча, 1999); прэміі Саюза пісьменнікаў Сербіі (2000); прэміі часопіса «Збиља / Reality» (Саюзная Рэспубліка Югаславія, 2000, 2006); Міжнароднай прэміі імя Ф. М. Дастаеўскага (Сербія, 2007); літаратурнай прэміі «Залаты купідон» (2007); прэміі за лепшую кнігу Беларусі ў галіне перакладу (2008); Усеправаслаўнай літаратурнай прэміі «Багародзіца Траеручыца» (сербскі Фонд імя Іванкі Мілошавіч (ЗША, 2011); Патрыяршай літаратурнай прэміі імя святых раўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія (2012); Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Радэ Драінца (Сербія, 2014. Дарэчы, наш суайчыннік – першы замежны грамадзянін, які адзначаны гэтай прэміяй); прэміі Фонду братоў Карыч (Сербія, 2014). Узнагароджаны: ордэнам святога Сергія Раданежскага ІІІ ступені (Руская праваслаўная царква, 2002); памятным медалём Саюза славацкіх пісьменнікаў (2003); ордэнам Святога Савы III ступені (Сербская праваслаўная царква, 2004); Залатым знакам Культурна-асветніцкай суполкі Сербіі (2008); ордэнам свяціцеля Кірыла Тураўскага ІІ ступені (Беларуская праваслаўная царква, 2012); знакам «За вялікі ўнёсак у літаратуру» (Беларусь, 2012); сярэбраным медалём «За заслугі» (Сербія, 2013); медалём Пушкіна (Расія, 2015) і інш.

Нястомны працаўнік, аўтарытэтны і паважаны даследчык, таленавіты выкладчык, вопытны лектар і педагог прафесар Чарота на пытанне, чым, акрамя працы, ён захапляецца, адказвае: «Мае захапленні — гэта мая праца, мая праца — гэта мае захапленні… Я шчаслівы, таму што займаюся тым, што мне падабаецца». У гэтай высакароднай дзейнасці яго падтрымліваюць і жонка-філолаг, і сыны, якія звязалі жыццё са словам, з літаратурай, і ўнук Цімафей, які таксама пайшоў шляхам славутага дзеда, ён студэнт філалагічнага факультэта БДУ.

Выхадзец з Кобрыншчыны, І. А. Чарота ніколі не забывае пра сваю малую радзіму. Наведвае магілы родных, сустракаецца з аднавяскоўцамі. Памятае пра сваіх землякоў, прымае ўдзел у духоўным жыцці роднага краю. Падараваў бібліятэкам Кобрынскага раёна шмат кніг, падтрымлівае сувязь з Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай, за што супрацоўнікі бібліятэкі шчыра ўдзячны знакамітаму земляку. У бібліятэцы створана база даных «Людзі навукі нашага краю», у якой адным з персаналій з’яўляецца асоба паважанага Івана Чароты (уключае больш 150 файлаў). Да 70-годдзя з дня нараджэння Івана Аляксеевіча Чароты выдадзены біябібліяграфічны паказальнік «Вядучы славіст краіны».

Кобрынскі раён

Лышчыкі

Іван Аляксеевіч Чарота

Літаратуразнаўцы

Крытыкі

Перакладчыкі