Чарота, І. “Напачатку было Слова …” / Іван Чарота // Літаратура і мастацтва . – 2005. – 18 лютага. – С. 12.

«Напачатку было Слова…»

Пісьменнік, як і ўсе людзі, заўжды стаіць перад неабходнасцю вырашаць пэўныя праблемы, але таксама перад спакусай: не вырашаючы іх, ствараць новыя. I людзі адрозніваюцца найперш усведамленнем адзначанага, зыходнымі ўстаноўкамі адносна праблем і спакус, а найбольш — справамі, праз якія здзяйсняецца асоба, незалежна ад роду заняткаў, выконваюцца абавязкі перед грамадствам і, калі заўгодна, чалавецтвам. Праўда, пісьменнікам, у адрозненне ад людзей нармальных, уласціва яшчэ выдумляць праблемы -_ апроч тых, што аб’ектыўна існуюць і перманентна ствараюцца ў рэальнасці. Ад гэтага, бадай, залежыць разуменне кожным з нас “доўгу чалавецтву” і “абавязкаў “інжынера чалавечых душ”, “(не)патрэбнасці” і “(не)цікавасці” для грамадства.

“Славесная творчасць”, па вялікім рахунку, бо іншыя для нас няма сэнсу абмяркоўваць, можа быць толькі дзеля стварэння Славеснасці. Вось пра што ўсе мы павінны думаць, гаварыць, дыскутаваць як мага сур’ёзней і адказней. А ў сувязі з гэтым, паўтаруся, ніяк немагчыма абмінуць увагай сімптаматычную з’яву — тое, як стаў ужывацца выраз: “На пачатку было слова…» Змест яго пад уплывам атэізацыі пачалі абмяжоўваць умоўнай нібыта-філалогіяй, ігнаруючы сапраўдны тэкст і кантэкст першакрыніцы, Свяшчэннага Пісання; “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог. Яно было на пачатку ў Бога. Усё праз Яго пачало быць, і без Яго нішто не пачало быць, што пачало быць. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей; I святло ў цемры свеціць, і цемра не ахапіла яго» (Ін, 1-5). На павярхоўны погляд, не адбывалася нічога асаблівага: проста скарачалі цытату і ў Слова адбіралі вялікую літару… Па сутнасці ж такім чынам ад Бога-Слова адчужалася Славеснасць, якая зыходна мела — і дзякуючы больш чым тысячагадовай традыцыі нашага народа захоўвала — духоўныя, сакральныя функцыі.

Невыпадкова цяпер, шукаючы азначэнне, што ёсць паэзія, мы знаходзім шмат фармулёвак самых розных, у тым ліку і без патрэбы мудрагелістых, і шкодна бязглуздых, ды амаль усе запар яны такія, што аддаляюць нас ад першаснага паняцця, перададзенага грэчаскімі словамі роійф — ствараю, роійtфs — стваральнасць, творчасць. Адпаведна, калі пры ацэнках абыходзіцца без мудравання-пустадумства, сапраўдная паэзія — гэта зусім не ўдала структураваны тэкст, не выштукараныя ланцужкі слоў, дасціпных выразаў ці кідка-прыгожых метафар і фігур, нават не афарыстычна сфармуляваныя думкі і не ўразліва перададзеныя пачуцці, а тым больш не злабадзённыя лозунгі, як гэта распаўсюдзілася ў нас за апошняе стагоддзе, не згаданыя ў анкеце “гімнічныя вершы” ці “з’едлівыя эпітафіі”. Паэтычная творчасць — паводле азначэння! — уяўляе сабою значна большае, запраграмаванае на зваротную сувязь з Тварцом, г.зн. памкненне да Бога, набліжэнне да Яго, вяртанне падабенства з Вобразам Яго. Такім чынам, “славесная творчасць”, служэнне Славеснасці мае спаконвечна і навечна зададзены кірунак — насустрач Духу. Каму не падабаецца такая фармулёўка, можа замяняць яе іншай, але ніхто не смее (бо ў прынцыпе не можа) адмяняць вышэйшага прызначэння Славеснасці: вызнаваць Любоў, Ісціну, Хараство, Сумленне, сцвярджаць Духоўнасць, напамінаць сабе грэшнаму ды бліжнім пра Неба, а ў жыцці зямным падтрымліваць сілы стваральныя і супрацьстаяць сілам разбуральным.

Хіба можна весці гаворку пра які б ні было выбар у гэтым плане? Іншая справа, што мы, як правіла, не выконваем прызначэння, перабольшваючы значэнне руху жыцця, а таксама і ўяўнаму выбару: следам ці насустрач адносна яго. Але, у рэшце рэшт, шаноўныя “літчалавекі”, і паасобку, і супольна мы апынаемся там, дзе хацелі, куды самі — следам і насустрач, ахвотна і быццам бы нехаця — кіравалі. Тут разам і адказ на пытанне, “чым мы ёсць”…

Іван ЧАРОТА