Энгельгардт Васіль Паўлавіч // 250 асоб з Беларусi у дыялогах культур : даведачнае выданне / рэд.: Т. Л. Пiсарэнка, Л. У. Языковіч. – Мінск, 2008. – С. 105, 106.

Астраном, мецэнат, доктар астраноміі Казанскага універсітэта, член-карэспандэнт Пецярбургскай АН В. Энгельгардт нарадзіўся ў в. Кустовічы Гродзенскай губерні.

Энгельгардт Васіль Паўлавіч

(17(29).7.1828 г. – 6.5.1915)

В. Энгельгардт — астраном, мецэнат, доктар астраноміі Казанскага універсітэта, член-карэспандэнт Пецярбургскай АН (1890).

В. Энгельгардт нарадзіўся ў в. Кустовічы Гродзенскай губерні. Паходзіў са знакамітага шляхецкага роду Энгельгардтаў. Скончыў Пецярбургскае вучылішча правазнаўства. У 1872-1879 гг. пабудаваў каля Дрэздэна астранамічную абсерваторыю, якая лічылася адной з лепшых у Еўропе па абсталяванні, прыладах і памерах (будынак знішчаны ў 1945 г. падчас бамбардзіроўкі Дрэздэна амерыканскай авіяцыяй).

Праводзіў сістэматычныя астранамічныя назіранні камет, малых планет і падвоеных зорак, туманнасцяў і зоркавых скопішчаў. Склаў каталог звыш 600 туманнасцяў. Сумесна з З. І. Дубягам выканаў даследаванні арбіты і руху планеты Дыяны. Выдаў на ўласныя сродкі «Назіранні» (т.1-3, 1886, 1890, 1895), куды ўвайшлі матэрыялы яго астранамічных даследаванняў амаль за 20 гадоў. Навуковыя працы В. Энгельгардта друкаваліся ў вядучых астранамічных часопісах таго часу і былі з вялікаю цікавасцю сустрэты навуковай грамадскасцю. 1 снежня 1890 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам Пецярбургскай акадэміі навук па разраду матэматычных навук Фізіка-матэматычнага аддзялення.

У 1897 г. перадаў інструменты і абсталяванне астранамічнай абсерваторыі, уласную бібліятэку Казанскаму універсітэту, што стала падставай для будаўніцтва тут у 1899 г. новай абсверваторыі. Прымаў актыўны ўдзел у яе будаўніцтве. У 1903 г. Казанскай абсерваторыі было афіцыйна нададзена імя В. П. Энгельгардта.

Меў выдатныя музычныя здольнасці, быў піяністам і арганістам высокага класа. Добра знаёмы з М. І. Глінкам, М. А. Балакіравым, А. С. Даргамыжскім, В. В. Стасавым. Прымаў удзел у іх хатніх музычных канцэртах. Вядомы як шчыры прыхільнік і прапагандыст музыкі М. І. Глінкі. Перадаў у Публічную бібліятэку Пецярбурга сабраную і захаваную ім аўтаграфічную калекцыю твораў кампазітара, у тым ліку партытуру оперы «Іван Сусанін».

Ва ўзросце 70 гадоў захапіўся вайсковай гісторыяй Расійскай імперыі, дасканала вывучыў матэрыялы знакамітага Швейцарскага паходу А. В. Суворава, прайшоў па мясцінах, звязаных з імем палкаводца. На ўласныя грошы ўстанавіў помнікі і мемарыялыіыя дошкі на шляху паходу праз Альпы. Збіраў калекцыю прыватных рэчаў Суворава, дакументаў. Матэрыялы, якія атрымалі назву «Сувораўскі зборнік» — ядры, зброя, знойдзеныя на месцах баёў, медалі, гравіраваныя партрэты паплечнікаў і ворагаў Суворава, мэбля з месцаў, дзе рабіў прыпынкі палкаводзец, узоры альпійскіх мінералаў, фотаздымкі тых мясцін (13 скрыняў агульнай вагой 955 кг) — былі перададзены ў 1902 г. В. Энгельгардтам у Сувораўскі музей у Пецярбургу (цяпер Дзяржаўны мемарыяльны музей А. В. Суворава) і сталі адной з трох вялікіх калекцый музея.

Памёр у Дрэздане.