Энгельгардт Васілій Паўлавіч

Біяграфічны нарыс

ЭНГЕЛЬГАРДТ Васілій Паўлавіч (1828–1915) — астраном, грамадскі дзеяч, мецэнат, доктар астраноміі Казанскага ўніверсітэта (1889), доктар філасофіі Кільскага ўніверсітэта (Германія), членам-карэспандэнтам Пецярбургскай Акадэміі навук (1890).

Васілій Паўлавіч Энгельгардт нарадзіўся 29 ліпеня 1828 года ў в. Кустовічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). Паходзіў са знакамітага шляхецкага роду Энгельгардтаў, быў старэйшым сынам у сям’і рускага арыстакрата Паўла Васільевіча Энгельгардта і яго жонкі Соф’і Рыгораўны, народжанай баранэсы фон Энгельгардт.

Бацькі марылі бачыць сына дыпламатам, аддалі яго ў Імператарскае вучылішча правазнаўства. Пасля заканчэння ў 1847 годзе вучылішча служыў у 1-м і 5-м дэпартаментах сената.

У вучылішчы Васілій блізка сышоўся са сваім аднакласнікам Дзмітрыем Стасавым і, пазней, з яго братам – рускім музыкальным і мастацкім крытыкам Уладзімірам Стасавым. Гэтае сяброўства прайшло праз усё іх жыццё. Любоў да рускай музыкі непарыўна звязвала сяброў.

Сам Энгельгардт меў выдатныя музычныя здольнасці, быў піяністам і арганістам высокага класа. Ён быў добра знаёмы з М. І. Глінкай, М. А. Балакіравым, А. С. Даргамыжскім, прымаў удзел у іх хатніх музычных канцэртах. Васілій Паўлавіч вядомы як шчыры прыхільнік і прапагандыст музыкі Міхаіла Глінкі. Пасля смерці вялікага кампазітара В. П. Энгельгардт на ўласныя грошы выдаў партытуры опер «Іван Сусанін» і «Руслан і Людміла», зборнік рамансаў Глінкі з тэкстамі на трох мовах і перадаў свой найбагацейшы збор рукапісаў М. І. Глінкі Публічнай бібліятэцы ў Пецярбургу. Вялікую каштоўнасць уяўляе таксама перапіска В. П. Энгельгардта з вядомымі дзеячамі культуры.

Гэтак жа горача, як і музыку, Васілій Энгельгардт з юнацкасці палюбіў астраномію, але сур’ёзна заняцца навукай яму ўдалося толькі пасля выхаду ў адстаўку (1853) і ад’езду за мяжу. Пасля некалькіх гадоў падарожжаў ён спыніўся ў Дрэздэне, на ўласныя сродкі пабудаваў невялікі павільён, дзе ўсталяваў прылады для правядзення астранамічных вымярэнняў. Пад кіраўніцтвам прафесара Лейпцыгскага ўніверсітэта К. Х. Брунса пачаў на практыцы вывучаць метады і прыёмы астранамічных вымярэнняў. У 1879 годзе пабудаваў Вялікую абсерваторыю з трохпавярховай вежай і мерыдыяльнай залай, якую абсталяваў самымі сучаснымі інструментамі. У гэтай абсерваторыі, якая лічылася адной з лепшых у Еўропе па абсталяванні, прыладах і памерах, В. П. Энгельгардт працаваў адзін, без памочнікаў, амаль два дзесяцігоддзі (да 1897 года).

Асноўныя працы В. П. Энгельгардта былі прысвечаны даследаванням камет, астэроідаў, туманнасцяў і зорных скопішчаў. У 1879-1894 гадах ім былі выкананы назіранні 50 камет і 70 астэроідаў. З 1883 года даследаваў туманнасці і зорныя скопішчы, склаў каталог больш за 400 туманнасцяў. Пачынаючы з 1886 года, назіраў 829 зорак каталога Брадлея ў мэтах выяўлення ў іх зорак-спадарожнікаў. Працы В. П. Энгельгардта друкаваліся ў вядучых тагачасных астранамічных часопісах і былі з вялікаю цікавасцю прыняты навуковай грамадскасцю. У аўтарытэтным астранамічным часопісу таго часу «Astronomische Nachrichten» было апублікавана больш за 100 яго артыкулаў. Вынікам амаль дваццацігадовых астранамічных даследаванняў вучонага стала выданне некалькіх тамоў «Назіранняў» (т. 1-3, 1886, 1890, 1895).

На глебе самаахвярнай адданасці да астраноміі адбылося знаёмства В. П. Энгельгардта і маладога доктара астраноміі з Санкт-Пецярбурга Дзмітрыя Іванавіча Дубяга (у далейшым рэктара Казанскага ўніверсітэта). Знаёмства, спачатку завочнае, па навуковай перапісцы, пазней перайшло ў цеснае сяброўства. На пасяджэнні фізіка-матэматычнага факультэта Казанскага ўніверсітэта Д. І. Дубяга прадставіў першы том «Назіранняў» на прысуджэнне В. П. Энгельгардту ступені доктара астраноміі без устаноўленага выпрабавання і прадстаўлення дысертацыі.

З канца 1890-х гадоў з-за пагаршэння стану здароўя В. П. Энгельгардт адышоў ад практычных назіранняў і перадаў усё абсталяванне Дрэздэнскай абсерваторыі ў дар Казанскаму ўніверсітэту. Дзякуючы цесным навуковым сувязям і асабістаму сяброўству двух выдатных вучоных, за 20 км ад Казані (цяпер п. Акцябрскі Зеленадольскага раёна) была пабудавана новая абсерваторыя, якая па сваёй тэхнічнай абсталяванасці стала адной з самых перадавых у Расіі таго часу і доўгі час была ў шэрагу найбуйнейшых цэнтраў астранамічных назіранняў у Еўропе.

Абсерваторыя Казанскага ўніверсітэта, аснашчоная інструментамі В. П. Энгельгардта, была адкрыта 21 верасня 1901 года і з 1903 года па цяперашні час называецца Энгельгардтаўскай. Да канца жыцця Васілій Паўлавіч прымаў актыўны ўдзел у будаўніцтве і арганізацыі работы новай абсерваторыі, а ў завяшчанні перадаў Казанскаму ўніверсітэту ўсю сваю маёмасць і капітал на развіццё абсерваторыі. Вядомы астраном хацеў, каб яго абсерваторыя адрадзілася менавіта ў Расіі, а мэтай свайго жыцця ён лічыў садзейнічанне расійскай навуцы.

За свае працы па астраноміі В. П. Энгельгардт быў удастоены ступені ганаровага доктара астраноміі Казанскага ўніверсітэта (1889), доктара філасофіі Кільскага ўніверсітэта (Германія), быў абраны членам-карэспандэнтам Пецяр-бургскай Акадэміі навук (1890).

В. П. Энгельгардт увайшоў ў гісторыю рускай культуры як калекцыянер, ён на працягу многіх гадоў збіраў матэрыялы па айчыннай гісторыі і перадаваў свае калекцыі Расіі. Пасля спынення актыўнай навуковай дзейнасці Васілій Паўлавіч звяртаецца да свайго даўняга захаплення – увекавечання памяці рускага палкаводца Аляксандра Суворава. Ён сабраў даволі значную калекцыю прыватных рэчаў А. В. Суворава, дакументаў, на ўласныя грошы ўстанавіў помнікі і мемарыяльныя дошкі на шляху паходу Рускай арміі праз Альпы (1799). Матэрыялы, якія атрымалі назву «Сувораўскі зборнік», былі перададзены ў 1902 годзе В. П. Энгельгардтам у Сувораўскі музей у Пецярбургу (цяпер Дзяржаўны мемарыяльны музей А. В. Суворава) і сталі адной з трох вялікіх калекцый музея.

Васілій Паўлавіч Энгельгардт памёр 6 мая 1915 года на сваёй віле і быў пахаваны ў Дрэздэне на могілках Святой Тройцы (Trinitatisfriedhof).

Рашэннем XIV з’езду Міжнароднага астранамічнага саюза ў 1970 годзе імя В. П. Энгельгардта было прысвоена кратару на Луне. Сем аб’ектаў Астранамічнай абсерваторыі імя В. П. Энгельгардта ўключаны ў Дзяржаўны ахоўны рэестр неруховымх помнікаў горадабудаўніцтва і архітэктуры.

У 1980-1990 гадах у астранамічных колах было ўзнята пытанне пра перапахаванне В. П. Энгельгардта. Цырымоніі перапахавання і закладка каменя пад будучы помнік заснавальнікам Астранамічнай абсерваторыі Казанскага ўніверсітэта В. П. Энгельгардту і Д. І. Дубягу былі прымеркаваны да дня заснавання абсерваторыі і да 210-годдзя Казанскага ўніверсітэта. Пры падтрымцы урада Расіі і Татарстана ўрачыстасць адбылася 21 верасня 2014 года. Амаль праз сто гадоў Казанскі ўніверсітэт стрымаў дадзенае Энгельгардту слова, была выканана апошняя воля вялікага рускага навукоўца — быць пахаваным побач з блізкім сябрам на Радзіме і ў асяроддзі «любезных его сердцу инструментов».

Да 120-годдзя з дня адкрыцця Астранамічнай абсерваторыі імя В. П. Энгельгардта ў п. Акцябрскі 25 верасня 2021 года ўрачыста адкрыта скульптурная кампазіцыя ў гонар заснавальнікаў абсерваторыі В. П. Энгельгардта і Д. І. Дубягі.