Энгельгарт Васілій Паўлавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: гал. бібліёграф С. Д. Курачук ; дызайн вокладкі: інжынер П. С. Грыневіч. – 2-е выд., дапрац. і дап. – Кобрын, 2020. – С. 168-169 : фат.

ЭНГЕЛЬГАРТ ВАСІЛІЙ ПАЎЛАВІЧ

ЭНГЕЛЬГАРТ Васілій Паўлавіч (1828–1915) — астраном і мецэнат, доктар астраноміі, член-карэспандэнт Пецярбургскай АН (1890).

Васілій Энгельгарт нарадзіўся 17(29) ліпеня 1828 года ў вёсцы КустовічыГродзенскай губерні. Паходзіў са знакамітага шляхецкага роду Энгельгартаў.

 Закончыў Пецярбургскае вучылішча правазнаўства. У 1872-1879 гадах пабудаваў каля Дрэздэна (Германія) астранамічную абсерваторыю, якая лічылася адной з лепшых у Еўропе па абсталяванні, прыладах і памерах (будынак знішчаны ў 1945 годзе падчас бамбардзіроўкі Дрэздэна амерыканскай авіяцыяй).

Праводзіў сістэматычныя астранамічныя назіранні камет, малых планет і падвоеных зорак, туманнасцяў і зоркавых скопішчаў. Склаў каталог звыш 600 туманнасцяў. Сумесна з астраномам З. І. Дубягам выканаў даследаванні арбіты і руху планеты Дыяны.

Яго працы друкаваліся ў вядучых тагачасных астранамічных часопісах і з вялікаю цікавасцю разглядаліся навуковай грамадскасцю. У 1886-1895 гадах на ўласныя сродкі В. П. Энгельгарт выдаў матэрыялы сваіх амаль 20-гадовых астранамічных даследаванняў («Назіранні», т. 1-3, 1886, 1890, 1895).

У снежні 1889 года Васіль Паўлавіч Энгельгарт быў удастоены звання «Ганаровы доктар Казанскага ўніверсітэта». Уручэнне дыплома адбылося ў Дрэздэне.

1 снежня 1890 года Васілій Паўлавіч быў абраны членам-карэспандэнтам Пецярбургскай Акадэміі навук па разраду матэматычных навук фізіка-матэматычнага аддзялення.

У 1897 годзе ён перадаў Казанскаму ўніверсітэту інструменты, абсталяванне астранамічнай абсерваторыі і навуковую бібліятэку, што дазволіла пабудаваць у 1899 годзе каля Казані новую абсерваторыю. Сам Васілій Паўлавіч прымаў актыўны ўдзел у яе будаўніцтве. У 1903 годзе Казанскай абсерваторыі было афіцыйна нададзена імя В. П. Энгельгарта.

Энгельгарт меў выдатныя музычныя здольнасці, быў піяністам і арганістам высокага класа. Ён быў добра знаёмы з М. І. Глінка, М. А. Балакіравым, А. С. Даргамыжскім, В. В. Стасавым, прымаў удзел у іх хатніх музычных канцэртах. Васілій Паўлавіч вядомы як шчыры прыхільнік і прапагандыст музыкі М. І. Глінкі. Ён перадаў у Публічную бібліятэку Пецярбурга сабраную і захаваную ім аўтаграфічную калекцыю твораў кампазітара, у тым ліку партытуру оперы «Іван Сусанін».

Ва ўзросце 70 гадоў В. П. Энгельгарт захапіўся вайсковай гісторыяй Расійскай імперыі, дасканала вывучыў матэрыялы знакамітага швейцарскага паходу А. В. Суворава, прайшоў па мясцінах, звязаных з імем палкаводца. На ўласныя грошы ўстанавіў помнікі і мемарыяльныя дошкі на шляху паходу праз Альпы. Збіраў калекцыю прыватных рэчаў Суворава, дакументаў. Матэрыялы, якія атрымалі назву «Сувораўскі зборнік», — ядры, зброя, знойдзеныя на месцах баёў, медалі, гравіраваныя партрэты паплечнікаў і ворагаў Суворава, мэбля з месцаў, дзе рабіў прыпынкі палкаводзец, узоры альпійскіх мінералаў, фотаздымкі тых мясцін (13 скрыняў агульнай вагой 955 кг) — былі перададзены ў 1902 годзе В. Энгельгартам у Сувораўскі музей у Пецярбургу (цяпер Дзяржаўны мемарыяльны музей А. В. Суворава) і сталі адной з трох вялікіх калекцый музея.

Выдатны навуковец і грамадскі дзеяч Васілій Паўлавіч Энгельгарт памёр 6 мая 1915 года і быў пахаваны ў нямецкім горадзе Дрэздэне на могілках Святой Тройцы (Trinitatisfriedhof). Але яшчэ гадоў за дзесяць да гэтага Васілій Паўлавіч казаў, што хоча быць пахаваным на тэрыторыі абсерваторыі, стваральнікам якой ён быў.

У 1980-1990 гадах упершыню ў астранамічных колах было ўзнята пытанне пра перапахаванне В. П. Энгельгарта. Цырымоніі перапахавання і закладка каменя пад будучы помнік заснавальнікам Астранамічнай абсерваторыі Казанскага ўніверсітэта В. П. Энгельгарту і Д. І. Дубягі былі прымеркаваны да дня заснавання абсерваторыі і да 210-годдзя Казанскага ўніверсітэта (2014).

У 1970 годзе рашэннем XIV з’езду Міжнароднага астранамічнага саюза імя В. П. Энгельгарта было прысвоена кратару на Луне.

Аб жыцці і дзейнасці

Гапоненка, В. А. Энгельгарт Васіль Паўлавіч / В. А. Гапоненка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 2004. – Т. 18, кн. 1. – С. 123.

Энгельгардт Васіль Паўлавіч // 250 асоб з Беларусi у дыялогах культур : даведачнае выданне / рэд.: Т. Л. Пiсарэнка, Л. У. Языковіч. – Мінск, 2008. – С. 105, 106.

Астраном, мецэнат, доктар астраноміі Казанскага ўніверсітэта, член-карэспандэнт Пецярбургскай АН В. Энгельгардт нарадзіўся ў в. Кустовічы Кобрынскага раёна.

Энгельгарт Васілій Паўлавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2017. – С. 154-156.

120 гадоў з дня нараджэння В. П. Энгельгардта (1898) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016-2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2018. – С. 76.

Белов, Д. Судьбы переплелись в Кустовичах / по информации историко-краеведческого музея Октябрьского детского сада — средней школы подготовил Дмитрий Белов // Кобрынскі веснік. – 2020. – 2 верасня (№ 68). – С. 6.

Биографии древнего род баронов Энгельгардтов и великого украинского поэта Тараса Шевченко тесно связаны с деревней Кустовичи Кобринского района.

Дорошкевич, Н. КФУ исполнил последнюю волю Василия Павловича Энгельгардта [Электронный ресурс] / Наталья Дорошкевич // Казанский федеральный университет. – Режим доступа: http://kpfu.ru/news/perezahoronenie-engelgardta-94473.html. – Дата доступа: 19.04.2017.

Церемония перезахоронения основателя Астрономической обсерватории Василия Павловича Энгельгардта [Электронный ресурс] // Казанский федеральный университет. – Режим доступа: http://kpfu.ru/ceremoniya-perezahoroneniya-engelgardta.html. – Дата доступа: 19.04.2017.