Іўчанкаў Віктар Іванавіч

Біяграфічны нарыс

ІЎЧАНКАЎ Віктар Іванавіч — доктар філалагічных навук, мовазнаўца, заснавальнік беларускай навуковай школы дыскурснага аналізу сродкаў масавай інфармацыі, лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро» (2011). Лінгвіст, педагог, журналіст.

Нарадзіўся 28 чэрвеня 1962 года ў вёсцы Хадынічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Працаваў настаўнікам у Бельскай васьмігадовай школе Кобрынскага раёна (1980–1983).

У 1985 годзе закончыў філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура». Працаваў выкладчыкам Брэсцкага дзяржаўнага педінстытута.

У 1988 годзе В. І. Іўчанкаў датэрмінова закончыў аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР. У 1988–1989 гадах быў выкладчыкам кафедры агульнага, славянскага і рускага мовазнаўства Мінскага педагагічнага інстытута. З 1989 года працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, спачатку на пасадзе дацэнта, з 1996 года — загадчыка кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ.

Сапраўднымі ўніверсітэтамі Віктара Іванавіча сталі рэдакцыі амаль усіх рэспубліканскіх друкаваных СМІ, тэле- і радыёканалаў, дзе на працягу дзевятнаццаці гадоў (1992–2011), выконваючы абавязкі саветніка міністра адукацыі па сувязях са СМІ і грамадскасцю, ён падрыхтаваў тысячы паведамленняў, інтэрв’ю, артыкулаў, радыйных выступленняў, вёў прамыя эфіры на тэлебачанні. Павышаў кваліфікацыю за мяжой: у ЗША (1995), Польшчы (1999), Швецыі (2002, 2007, 2009), Францыі (2003).

В. І. Іўчанкаў — аўтар больш 360 навуковых і метадычных прац, у тым ліку сямі манаграфій. Фундаментальная праца «Дыскурс беларускіх СМІ. Арганізацыя публіцыстычнага тэксту» (2003) паклала пачатак фарміраванню ў галінах журналістыкі і лінгвістыкі самастойнага навуковага адгалінавання — лінгвістыкі публіцыстычнага тэксту.

В. І. Іўчанкаў — заснавальнік у Беларусі навуковай школы дыскурснага аналізу СМІ.

Віктар Іванавіч вядзе актыўную асветніцкую працу па прапагандзе роднага слова. Змясціў на старонках друку больш 200 публіцыстычных матэрыялаў па праблемах адукацыі, навукі і выхавання. З 1990 года актыўна друкуецца ў прэсе па праблемах правапісу. Займаецца стылістыкай беларускай і рускай моў, лінгвістыкай публіцыстычнага тэксту, рыторыкай.

Асноўныя працы: «Лінгвістычная арганізацыя тэксту. У творчай лабараторыі Уладзіміра Караткевіча», «Лінгвастылістыка тропаў Юрыя Казакова», «Студенческая печать: проблематика, дизайн, язык и стиль» (у суаўтарстве). Аўтар падручніка «Сучасная беларуская мова. Арфаграфія. Графіка. Лексікалогія (фразеалогія). Ч. 1», вучэбнага дапаможніка «Святло слова» (у суаўтарстве), праграм для студэнтаў факультэтаў журналістыкі ВНУ і інш.

Змены ў грамадстве на мяжы XX-XXI стагоддзяў выклікалі дыскусію пра неабходнасць перагляду асобных арфаграфічных норм. Прафесар Іўчанкаў стаў адным з асноўных распрацоўшчыкаў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2008), а пасля яго прыняцця актыўна тлумачыў палажэнні беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, прапагандаваў у сродках масавай інфармацыі асноўныя змены. «Беларуская арфаграфія ў апорных схемах» В. Іўчанкава вытрымала некалькі выданняў і запатрабавана беларускімі настаўнікамі. Станоўчыя водгукі атрымала па-свойму ўнікальная кніга «Беларуская арфаграфія: апавяданні і гісторыі».

Прафесар Віктар Іўчанкаў распрацоўвае і праблемы медыярыторыкі, чытае адпаведны курс лекцый на выпускным курсе Інстытута журналістыкі БДУ. Навучальны дапаможнік па медыярыторыцы В. Іўчанкава — адзіны ў беларускай вышэйшай школе. Лекцыі прафесара выклікаюць нязменную цікавасць у студэнтаў, бо праходзяць у дыялагічнай форме з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій.

В. І. Іўчанкаў — член Беларускага саюза журналістаў, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (1999), выдатнік друку Рэспублікі Беларусь (2006), лаўрэат прэміі імя У. Пічэты за цыкл навукова-адукацыйных дапаможнікаў па гісторыі і тэорыі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі (2011), лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў за лепшую журналісцкую работу ў рэспубліканскім творчым конкурсе «Залатое пяро» (2011).

Узнагароды В. І. Іўчанкава: Ганаровая грамата Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па друку (1996); грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1998); падзяка Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1992); прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2003); Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2008, 2012); Ганаровая грамата Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2008); Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2012); падзяка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2012).

Працы

Іўчанкаў, В. І. Беларуская арфаграфія : апавяданні і гісторыі / В. І. Іўчанкаў. — Мінск : Пачатковая школа, 2010. — 304 с.

Іўчанкаў, В. І. Беларускі правапіс у апорных схемах: паводле новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» / В. І. Іўчанкаў. – Мінск : Пачатковая школа, 2010. — 56 с.

Іўчанкаў, В. І. Дыскурс беларускіх СМІ. Арганізацыя публіцыстычнага тэксту / В. І. Іўчанкаў. — Мінск : БДУ, 2003. -257 с.

Іўчанкаў, В. І. Медыярыторыка: рытарычныя асновы журналістыкі, лінгвістыка публіцыстычнага тэксту, дыскурсны аналіз СМІ : курс лекцый / В. І. Іўчанкаў. — Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2009. — 280 с.

Ивченков, В. И. Лингвистика речи: ретроспекция стилистического опыта / В. И. Ивченков // Лингвистика речи. Медиастилистика: монография, посвященная 80-летию профессора Г. Я. Cолганика. — М., 2012. — С. 132-139.

Ивченков, В. И. Лингвистическая организация текста: В творческой лаборатории Владимира Короткевича / В. И. Ивченков. — Минск : БГУ, 2002. — 211 с.

Іўчанкаў, В. І. Вобразнае параўнанне ў творах Уладзіміра Караткевіча : лінгвістычныя назіранні / В. І. Іўчанкаў // Народная асвета. — 2020. — № 10. – С. 81-83.

Іўчанкаў, В. Беларускі правапіс ў апорных схемах : новае ў правапісе / Віктар Іўчанкаў // Роднае слова. – 2010. — № 5-12.

Іўчанкаў, В. І. Беларускі правапіс: гісторыя і сучаснасць / В. І. Іўчанкаў // Беларускі гістарычны часопіс. — 2009. — № 7. — С. 36–41.

Аб жыцці і дзейнасці

Зеленко, С. В. Ивченков Виктор Иванович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск, 2006. — Т. 3. — С. 706-707.

Ивченков Виктор Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия. — В 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. — Минск, 2009. — Кн. 1. — С. 425.

Іўчанкаў Віктар Іванавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. — Мінск, 2012. — Т. 4. — С. 229.

Іўчанкаў Віктар Іванавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. — Мінск, 2002. — С. 435 : фота. — (Імі ганарацца землякі).

55 гадоў з дня нараджэння В. І. Іўчанкава (1962)// Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Дзяржаўная ўстанова культуры «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. — Кобрын, 2018. — С. 38.

Іўчанкаў Віктар Іванавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2017. – С. 54-57.

Жаўняровіч, П. Будучыня за ёмкім і мабільным словам : Да 55-годдзя Віктара Іўчанкава / Пятро Жаўняровіч // Роднае слова. – 2017. — № 7. – С. 29-30.

Курачук, С. Лінгвіст, сацыёлаг, журналіст / Святлана Курачук, Ксенія Пальто // Кобрынскі веснік. – 2017. – 20 верасня. – С. 5.

У рамках праекта «Людзі навукі нашага краю» – артыкул пра доктара філалагічных навук, прафесара, лінгвіста, педагога, журналіста В. І. Іўчанкава.

Іўчанкаў, В. «Няхай асвятляе жыццёвы шлях вечная крыніца натхнення!» / Віктар Іўчанкаў // Кобрынскі веснік. – 2013. – 20 ліпеня. – С. 9.

Віншаванне доктара філалагічных навук, прафесара В. Іўчанкава з Днём вызвалення г. Кобрына.

Іўчанкаў, В. І. «Слова стала самым дарагім і каштоўным прадуктам …» / [В. І. Іўчанкаў; гутарыла] Зоя Падліпская // Роднае слова. — 2012. — № 7. — С. 26-28.

Беларускі каляндар. 2011 год. Іўчанкаў Віктар Іванавіч // Новыя кнігі : па старонках беларускага друку. — 2011. — № 9. — С. 4 (дадатак). 

Ивченков, Виктор Иванович [Электронный ресурс] // База данных Ученые Беларуси. – Режим доступа: http://unicat.nlb.by/scient — . – Дата доступа: 05.10.2018.