Іўчанкаў, В. Беларускі правапіс: З дваццатага стагоддзя – у дваццаць першае / Віктар Іўчанкаў // Роднае слова. – 2009.– № 2. – С. 18–22.

Беларускі правапіс:

З дваццатага стагоддзя – у дваццаць першае

Віктар Іванавіч Іўчанкаў — мовазнаўца, журналіст. Доктор філалагічных навук, прафесар. Дарадца міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь па сувязях са СМІ і грамадскасцю. 31989 г. працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (спачатку на пасадзе дацэнта, з 1996 г. — загадчыка кафедры стылістыкі ілітаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта). Аўтар больш я к 150 навуковых і метадычных прац, у тым ліку чатырох манаграфій. Змясціў на сторонках друку каля 100 публіцыстычных матэрыялаў па проблемах адукацыі, навукі і выхавання. Займаецца доследованнем проблем стылістыкі белорускай і рускай моў, лінгвістыкі публіцыстычнага тэксту, правапісу, заснавальнік навуковай школы лінгвістыкі публіцыстычнага тэксту і дыскурснага аналізу СМІ. Член Беларускага союза журналістаў. Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, выдатнік друку Рэспублікі Беларусь.

Правапіс — даволі далікатная рэч, бо ён датычыць кожнага носьбіта мовы. I як толькі ў ім нешта мяняецца, гэта не можа быць незаўважным для ўсяго грамадства. I пытанне аб правапісе актуалізуецца, як правіла, падчас пэўных грамадскіх катаклізмаў, сацыяльных рэформ. Узгадаем Дэкрэт 1917 — 1918 гг. аб рускім правапісе. Дэкрэтамі Наркамасветы 1917 г. і СНК 1918 г. уводзіўся новы правапіс, у якім выключалася з рускага алфавіта некалькі літар і ўводзіўся шэраг арфаграфічных норм па прынцыпе вымаўлення. Супраць гэтых змен выступала шмат людзей. Аднак прайшоў час, і рэфармаваныя арфаграфія і азбука трывала ўвайшлі ва ўжытак. Праўда, за мяжой перасталі выкарыстоўваць стары рускі правапіс толькі ў 1950-я. Хаця дзе-нідзе ўжываецца ён і цяпер. Тое самае можам назіраць і з выкарыстаннем старога беларускага правапісу.

Мова развіваецца, аднак яе сістэму рэфармаваць у прынцыпе нельга. Нельга змяніць, напрыклад, тыпы скланення або спражэння ў граматыцы. Гэта безнадзейная задума. Бо з’явы такога чыну фарміруюцца стагоддзямі. Мову рэфармаваць нельга, яна развіваецца натуральным чынам. А вось арфаграфію, пунктуацыю — можна. Згадваюцца словы вядомага лінгвіста прафесара Генадзя Цыхуна. Ён слушна падкрэслівае: арфаграфія — гэта простая дамоўленасць людзей. У такіх няхітрых словах і ёсць ісціна. Безумоўна, гэта шматгадовая карпатлівая праца сотняў людзей, дзесяткаў вучоных, якія назіралі за развіццём мовы, яе лексічнага складу, за арфаэпіяй. Навукова падстаўны аналіз, набліжаны да вытокаў мовы, можа даць добры плён — фіксаванне на пісьме галоўных асаблівасцей роднай гаворкі, што натуральным чынам адлюструецца ў правящее. Так адбывалася і ў гісторыі беларусаў.

Можна сказаць, правапіс рэгламентуе мову, надае пісьмовай практыцы аднастайнасць, стабільнасць і ў той жа час абавязкова адлюстроўвае асаблівасці і заканамернасці яе развіцця. Няўмольнае развіццё мовы, удасканаленне яе разам з тым, як удасканальваецца наш розум, выяўляецца ў зменах фанетычнага, марфалагічнага і сінтаксічнага характеру. Сюды трэба абавязкова дадаць абнаўленне лексічнага складу мовы. Вось чыннікі, якія выклікалі неабходнасць удакладняць правапіс, прыводзіць яго ў адпаведнасць з сучаснай моўнай практыкай. Беларускі правапіс, які ў значнай ступені пабудаваны на фанетычным прынцыпе, асабліва адчувальны да гэтых змен у мове, і таму ён таксама павінен удасканальвацца.

Асабліва абвастрылася праблема беларускага правапісу ў канцы XX ст., калі істотна абнавіўся слоўнікавы склад беларускай мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, на старонках беларускамоўнага друку атрымалі пашырэнне ненарматыўныя арфаграфічныя варыянты. Каб пазбегнуць разнабою ў пісьмовай беларускай мове, забяспечыць адзінства яе правапісных норм і аблегчыць навучанне ў школе, упарадкаванне правапісу і стала надзённым. Узнікла неабходнасць удакладнення існуючых «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».

Але згадаем першыя спробы ўпарадкавання беларускай арфаграфіі. У 1918 г. была апублікавана «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча, у якой фактычна ўпершыню сфармуляваны асноўныя правілы беларускага правапісу. Яны і забяспечвалі адзінства новай беларускай літаратурнай мовы. Браніславу Тарашкевічу ўдалося спалучыць фанетычны і марфалагічны прынцыпы напісання. Пры гэтым фанетычнаму прынцыпу, паводле якога адлюстроўваюцца на пісьме асаблівасці вымаўлення, у асноўным падпарадкуецца напісанне галосных літар, а марфалагічнаму, паводле якога марфемы захоўваюцца ў нязменным выглядзе незалежна ад іх вымаўлення, — напісанне зычных літар. “Граматыка…” адыграла выключна важную ролю ў пашырэнні беларускай пісьмовай мовы ва ўсіх сферах ужытку, у першую чаргу ў школьным навучанні. Разам з тым у ёй заставалася даволі шмат спрэчных і нявырашаных пытанняў, якія датычыліся правапісу перш за ўсё слоў іншамоўнага паходжання, на што ўказваў і сам аўтар.

Моўная практыка выявіла гэтыя недахопы. У сярэдзіне 1920-х гг. паўстала пытанне аб рэформе беларускага правапісу. Тады яго ўзнялі настаўнікі, якія вучылі дзяцей на беларускай мове і найбольш часта сутыкаліся з праблемамі аднастайнасці пісьмовай беларускай мовы. У 1926 г. адбылася Акадэмічная канферэнцыя па праблемах беларускага правапісу. У яе рабоце ўзялі ўдзел вядомыя айчынныя моваведы, пісьменнікі, настаўнікі беларускай мовы, а таксама замежныя лінгвісты. На канферэнцыі грунтоўна абмяркоўваліся найбольш вострыя і спрэчныя пытанні арфаграфіі: перадача акання / якання ў словах іншамоўнага паходжання, выкарыстанне мяккага знака для абазначэння асіміляцыйнай мяккасці зычных (напісанні тыпу сьнег, зьвер, дзьверы) і інш. Пасля канферэнцыі была арганізавана правапісная камісія, якая мусіла распрацаваць новыя правілы беларускай арфаграфіі. У склад камісіі ўвайшлі найбольш вядомыя і аўтарытэтныя лінгвісты таго часу, беларускія пісьменнікі. Многія палажэнні выпрацоўваліся ў выніку працяглых дыскусій і спрэчак.

Правапіс у выніку рэформы 1933 г. істотна наблізіўся да фанетычнага ладу беларускай мовы, стаў больш сістэмным і ўпарадкаваным, што ў цэлым адпавядала патрэбам моўнай практыкі і забяспечвала паспяховае выкарыстанне беларускай мовы ў сферы школьнага навучання. Рэформа адмяніла мяккі знак для абазначэння асіміляцыйнай мяккасці зычных (сталі пісаць снег, звер, дзверы).

Усе сёння пагаджаюцца, што калі ў 1917 — 1918 гг. у рускай мове быў адменены цвёрды знак на канцы слоў тыпу онъ, столь, возъ, то гэта быў прагрэсіўны крок у напрамку эканоміі і паперы, і маўленчых намаганняў носьбіта рускай мовы. Цвёрды знак (першапачаткова быў галосным гукам) на той час у канцавой пазіцыі стаў неінфарматыўным, ён страціў сваю функцыю, і яго лёгка можна было зняць з правапісу. Калі б узяць творы, напрыклад, Льва Талстога ў старым выкананні, то кніжкі сталі б значна таўсцейшыя. Дык вось цікавая рэч. Як для рускай мовы стаў празмерным цвёрды знак, былы ёр, так для нашай — мяккі, былы ер. Арфаэпічная норма дыктуе: значная частка зычных гукаў, асабліва гукі [з], [с], прыпадабняецца па мяккасці. Выключэннем з’яўляюцца заднеязычный і губныя. Навошта загрувашчваць правапіс такім мяккім знакам, калі і так вядома, што трэба вымаўляць мякка.

Але правапіс 1933 г. таксама не вырашыў усіх праблем пісьмовай беларускай мовы. У прыватнасці, засталіся выключэнні, абумоўленыя знешнелінгвістычнымі прычынамі. Напрыклад, правілам 22 прадпісвалася, што інтэрнацыянальна-рэвалюцыйныя словы і ўсе вытворныя ад іх не падпарадкоўваюцца агульнаму правілу аб аканні: рэволюцыя, совет, пролетарый, большэвік, соцыялізм, піонер, большэвіцкі, соўгас і інш. Работа па ўдасканаленні беларускага правапісу працягвалася.

У 1959 г. выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», падрыхтаваныя калектывам навуковых супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР пад кіраўніцтвам акадэмікаў АН БССР К. К. Атраховіча (Кандрата Крапівы) і П. Ф. Глебкі. У складанні “Правіл…” бралі ўдзел вядомыя вучоныя М. Г. Булахаў, П. М. Гапановіч, М. П. Лобан, М. Р. Суднік, П. П. Шуба. Арганізацыя і першыя крокі працы па ўдакладненні і ўдасканаленні правапісных норм беларускай мовы звязаны з імем народнага паэта Беларусі акадэміка Якуба Коласа, які на працягу некалькіх гадоў узначальваў арфаграфічную камісію і зрабіў вялікі ўнёсак у вырашэнне многіх прынцыпова важных пытанняў беларускага правапісу. Але жыццё паказала, што і ў «Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» 1959 г. засталося шмат нявырашаных праблем, супярэчнасцей. Гэта абумовіла вялікую колькасць выключэнняў.

Існуе шмат прыкладаў, калі арфаграфія доўгі час увогуле не кранаецца. Класічны прыклад — англійская арфаграфія, якая кардынальна не мянялася з XIV ст. 3 аднаго боку, гэта вельмі добра, бо забяспечвае пераемнасць і паслядоўнасць выкарыстання правапісу многімі пакаленнямі англічан. Але з другога боку, гэта стварае пэўныя цяжкасці. Людзі, якія пачынаюць вывучаць англійскую мову, адразу сутыкаюцца з праблемай арфаграфіі, бо многія словы чытаюцца і пішуцца зусім па-рознаму. Французы вельмі ашчадна ставяцца да сваёй арфаграфіі, але і яны час ад часу мяняюць тое-сёе.

Што датычыць нашай мовы, то тут зусім іншая сітуацыя. Як адзначалася, у беларускай арфаграфіі дамінуе фанетычны прынцып. Гэта робіць яе больш гнуткай, дынамічнай у параўнанні з тымі мовамі, правапіс якіх заснаваны больш на марфалагічным прынцыпе. I гэта можна зразумець, калі ведаць гісторыю фарміравання беларускай літаратурнай мовы, якая грунтуецца на традыцыі вуснага маўлення. Гісторыя распарадзілася так, што пісьмовая форма беларускай мовы доўгі час была пад забаронай, і яе носьбіт вымушаны быў карыстацца пісьмовай формай польскай, рускай, калі трэба было напісаць паперу ва ўправу, да чыноўніка. Аднак ён не мог аддаць ёй перавагу ў маўленні, бо гаварыў так, як яго навучылі бацьку, — на роднай гаворцы. Гэты знешні, так бы мовіць, факт прынцыпова паўплываў на перспектыву фарміравання сучаснай беларускай мовы. Беларуская мова амаль два стагоддзі не мела афіцыйна прызнанай пісьмовай формы існавання, яна фарміравалася і развівалася ў народнай творчасці, у фальклоры.

Любая цывілізаваная мова мае пісьмовую і вусную формы, якія цесна ўзаемадзейнічаюць. Пісьмовая заўсёды стрымлівае развіццё вуснай, бо яна кадыфікаваная, адлюстравана ў графіцы, вусная ж мова спрабуе расхістаць каноны пісьмовай. Кожная мова знаходзіцца ў такім супрацьстаянні.

Возьмем рускую мову. У яе аснове ляжыць кніжна-пісьмовая традыцыя. Рускія вельмі шмат пацярпелі ад гэтага, церпяць і сёння. Узгадаем, напрыклад, класікаў, якія не надта лагодна выказваліся пра мову: “татаршчынай патыхае” ці “гаворыш па-руску, бы па калдобінах ідзеш”. А ўсё ад таго, што ў рускіх пісьмовая форма мовы дамінавала. Да Пушкіна рускі чалавек стаяў спінаю да роднай мовы, яна не карысталася сучасным попытам. Узгадаць хаця б імператарскія двары, дзе дзейнічала манера афранцужвання. А руская мова лічылася «мовай хлопаў».

Такім чынам, дзве мовы, руская і беларуская, мелі свае крайнасці. У рускай дамінаваў пісьмовы элемент, у беларускай, пісьмовая форма якой больш як два стагоддзі была пад забаронай, — вусны элемент. I паколькі пісьмовая форма беларускай мовы была неактыўнай, то не было стрымліваючага фактару для шпаркага развіцця вуснай формы. Да гэтага ёсць цудоўныя ілюстрацыі. У рускай мове гавораць «железная дорога», у беларускай — чыгунка; там — «соломенная шляпа», у нас — брыль; там — «устал с дороги», у нас — здарожыўся; там — «падающая звезда», у нас — знічка... У тлумачальным слоўніку беларускай мовы такіх слоў, якія ў рускай мове замяняюцца двума ці трыма словамі, каля 10 працэнтаў. Такая тэндэнцыя да семантычнай кандэнсацыі выходзіць менавіта з вуснага маўлення, якое значна апераджае пісьмовую практыку.

Крайнасці ў рускай і беларускай мовах сталі выроўнівацца ў XX ст. Тым не менш ёсць праблема пранікнення традыцый пісьмовай формы ў вуснае маўленне. Усе «спецыфічныя асаблівасц»і, «патэнцыяльныя магчымасці», «на сённяшні дзень», «актуальныя праблемы», «перспектывы развіцця», «сучасныя рэаліі» і шмат іншых казённых, кандовых словазлучэнняў — гэта выразы-інваліды, што шляхам калькавання з рускай мовы перайшлі ў беларускую, хаця апошняй яны ўвогуле не ўласцівы. I калі для рускай мовы можна знайсці пэўнае апраўданне, то для беларускай апраўдання няма, бо тут зусім іншая традыцыя фарміравання літаратурнай мовы.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у 1993 г. была створана Дзяржаўная камісія па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы. Камісія падрыхтавала і ў верасні 1994 г. апублікавала «Высновы па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы»: было прызнана, што існуючыя правілы беларускага правапісу ў цэлым забяспечваюць функцыяніраванне пісьмовай мовы ва ўсіх сферах выкарыстання, не патрабуюць кардынальных змен, і рэкамендавана Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацы»і, дзе былі б улічаны прапановы дзяржаўнай камісіі, а таксама патрэбы сучаснай моўнай практыкі.

Навуковы калектыў пад кіраўніцтвам акадэміка А. I. Падлужнага на працягу 1997 — 1998 гг. падрыхтаваў праект новай рэдакцыі «Правіл… », які неаднаразова абмяркоўваўся і дапрацоўваўся. На завяршальным этапе Міністэрствам адукацыі была створана рабочая трупа, якая канчаткова дапрацавала «Правілы… » зулікам многіх заўваг і пажаданняў.

Трэба прызнаць, што ў апошнія дзесяцігоддзі ў вырашэнні тых ці іншых моўных праблем з’явілася шмат суб’ектывізму. Але арфаграфія — гэта справа не аднаго дзесятка людзей. Чыноўнік ад навукі, нават вельмі высокага рангу, не можа вырашаць адзін, бо мова — з’ява народная. Менавіта ў працэсе абмеркаванняў знаходзіцца тое, што сёння найбольш адпавядае заканамернасцям развіцця мовы.

У канцы 2005 г. праект «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» трапіў у Міністэрства адукацыі, а 18 студзеня 2006 г. рашэннем міністра была створана рабочая трупа па яго дапрацоўцы. У яе ўвайшлі настаўнікі, метадысты, маладыя навукоўцы, якія фарміравалі свае погляды ўжо ў іншым моўным асяроддзі. Але назіралася і пераемнасць. Актыўна ўключыўся ў работу прафесар А. Міхневіч — адзін з тых, хто пачынаў работу над дакументам у 1997 г. Можна сказаць, што ён выконваў своеасаблівую ролю арбітра, калі ўзнікала спрэчнае пытанне. Да яго заўсёды прыслухоўваліся, вельмі шанавалі яго думку. Такое спалучэнне вопыту, навізны, методыкі і практыкі дало адпаведны плён.

Шматлікія моваведы скептычна глядзелі на зацвярджэнне праекта, настолькі справа замаруджвалася. Трэба аддаць належнае прафесару А. Радзькову, які інтуітыўна адчуў дзяржаўную значнасць і гістарычную сутнасць гэтага дакумента. Наша група працавала больш за два гады, але калі праект трапіў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, то там таксама была створана рабочая група па рабоце над дакументам. Касцяк быў той, што і ў Міністэрстве адукацыі, але дадаліся свежыя сілы, што было на карысць справы. Нават тэхнічны бок будучага дакумента дасканала вывяраўся. Пры падрыхтоўцы дакумента і ў першым, і ў другім чытаннях праявілася добрая воля старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіміра Здановіча. Мы выкарыстоўвалі парады, што з’яўляліся ў інтэрнэце, у газетах і часопісах. Вельмі дапамагалі вучоныя акадэміі навук, напрыклад фізікі, якія дасылалі цэлыя звязкі слоў — тэрмінаў, што ў побыце не сустракаюцца.

Саміх чыста арфаграфічных змен няшмат, каля 20. Дарэчы, як і ў новай рэдакцыі правапісу рускай мовы, падрыхтаванай арфаграфічнай камісіяй пад кіраўніцтвам прафесара Лапаціна. Праблемы, што назапасіліся ў беларускай арфаграфіі, можна падзяліць на дзве групы. Адны — гэта выдаткі часу, вынік уплыву савецкай ідэалогіі на арфаграфію беларускай мовы. I другія, што з’явіліся пры натуральным ходзе развіцця беларускай мовы.

Цяпер ліквідаваны той анахранізм, які выклікаў пытанні ва ўсіх, хто вывучаў беларускую мову. У новай рэдакцыі правіл такія словы, як прафкам, гаркам, газпрам і г. д., трэба пісаць праз а. Дагэтуль пісалася гарком, газпром…

Былі і іншыя словы-выключэнні, што не падпарадкоўваліся закону акання: адажыо, трыо, сальфеджыо і г. д. Іх набярэцца да чатырох дзесяткаў, многа ўласных імёнаў. Але ж о па правілах беларускай мовы павінна пісацца толькі пад націскам. Яшчэ ў праекце Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі прапаноўвалася на канцы такіх слоў пісаць ё на манер слова радыё. Сапраўды, слова радыё з’яўляецца выключэннем, але яно мае сваю гісторыю. У свой час радыё як СМІ маланкава распаўсюдзілася па савецкай краіне, у Беларусі яго называлі і радыва, і радзіва, і радыё. З-за вельмі шпаркага распаўсюджання дыялектнае слова патрапіла ў літаратурную мову, стаўшы выключэннем. Але ж хіба можна з-за аднаго выпадку рабіць выключэннем цэлую групу слоў? Таму перамагла падстаўная думка, і ў выніку пашыраецца прынцып перадачы акання ў словах іншамоўнага паходжання: паводле новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» трэба пісаць адажыа, трыа, сальфеджыа, Ватэрлоа, Токіа.

Крокам да фіксавання акання на пісьме стала і тое, што ў словах іншамоўнага паходжання, акрамя ўласных імёнаў, канцавыя элементы —эр, —эль будуць перадавацца як —ар, —аль: прынтар, камп’ютар, пэйджар.

Па сутнасці, новая рэдакцыя “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” не закранула асноў правіл 1959 г., а толькі ўзаконіла тое, што даўно ляжала на паверхні, так бы мовіць, на далоні. Напрыклад, для носьбіта беларускай мовы было незразумела, чаму мы пішам любанскі, астраханскі, але чаньчуньскі, цяньшаньскі. Мы ліквідавалі гэтае выключэнне, бо любое запазычанае слова з цягам часу ўсё роўна павінна падлягаць законам мовы, у якую яно патрапіла.

Паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць словы дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць (цяпер пішацца дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць).

Даўно выклікала пытанне, асабліва ў школьнікаў, чаму нельга пісаць ў (у нескладовае) у словах іншамоўнага паходжання. Але калі мы кіруемся ў правапісе фанетычным прынцыпам, то не павінна быць розніцы ў напісанні словазлучэнняў на ўроку і ля універмага. Цяпер так і будзе. У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” пашыраецца напісанне ў (у нескладовага) у словах іншамоўнага паходжання.

У правілах 1959 г. было вельмі многа выключэнняў і адсылак да іншых параграфаў, калі гаворка ішла пра напісанне марфем. Калі яшчэ працавала творчая група пад навуковым кіраўніцтвам акадэміка А. I. Падлужнага ў 1997 — 1998 гг., было вырашана зрабіць раздзел “Правапіс некаторых марфем”. Гэта правільна, бо можна будзе заўсёды паглядзець, як пішацца тая ці іншая марфема. У “Правілах…” 1959 г. гэтыя звесткі змяшчаліся ў параграфах аб правапісе часцін мовы і былі раскінуты па ўсім зводзе правіл, што было не вельмі зручна.

Рэгламентавана ўжыванне суфіксаў -ава- (-ява-) і —ірава- (-ырава-). Апошнія суфіксальныя ўтварэнні сустракаюцца толькі ў запазычаных словах, і для нашай мовы, сфарміраванай на аснове літаратурна-размоўнай традыцыі, яны ўвогуле неўласцівыя. Мова як быццам шукала выйсце — і атрымалася не ліквідзіраваць, а ліквідаваць, не аклімацізіраваць, а акліматызаваць. У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” так і прапануецца пісаць. Але ёсць група слоў, якія ўтвараюць аманімію, калі не пісаць суфікс —ірава— (-ырава-), яны набываюць іншы сэнс. У новай рэдакцыі аддадзена перавага скасаванню суфіксаў —ірава— (-ырава-), але яны застаюцца ў выпадку, калі можа зацямняцца сэнс дзеясловаў: камандзіраваць, а не камандаваць, фарміраваць, а не фармаваць і г. д.

У пачатку і ў сярэдзіне слоў гукавое спалучэнне [й] + галосны ў новай рэдакцыі правіл перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: ёркшырскі, маёр, маярат, маянэз, раён, Ёжэф, Нью-Ёрк. Але засталіся нязменнымі такія словы, як Іаганесбург, Іемен, Іякагама (хаця былі прапановы спалучэнне [і] + галосны таксама замяніць ётаванымі галоснымі).

Ёсць яшчэ адзін вельмі важны раздзел — “Правапіс вялікай літары”. На жаль, мы не адстаялі правіла, якое існавала яшчэ ў савецкія часы: усе словы ў назвах органаў вышэйшай дзяржаўнай улады (заканадаўчай, выканаўчай, судовай) павінны пісацца з вялікай літары. Так, згодна з новай рэдакцыяй “Правіл…” трэба пісаць Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Савет СССР. Але ёсць два выключэнні: у назвах Палата прадстаўнікоў і Нацыянальны сход другое слова пішацца з маленькай літары. На гэтым настаялі юрысты, маўляў, так запісана ў Канстытуцыі. Усе нашы аргументы аб тым, што вялікая літара ніяк не паўплывае на змест дакумента, не прынеслі плёну. Таму, напрыклад, у словазлучэнні Усекітайскі Сход трэба пісаць два словы з вялікай літары, а вось Нацыянальны сход — выключэнне.

Уведзены новы параграф “Вялікая і малая літары ў назвах асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў”. Напрыклад: “З вялікай літары пішуцца асабовыя назвы вышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Яхве, Усявышні, Уладыка Нябесны, Святая Тройца”. Гэтая пазіцыя была прынята, хаця і ў яе былі апаненты. Ва ўстойлівых выразах, звязаных з выказваннем пачуццяў у прастамоўі, а не са зваротам да Бога паводле рэлігійнай абраднасці і ўяўленняў (не дай бог, крый божа і г. д.), словы бог, гасподзь пішуцца з малой літары.

Дарэчы, калі мы распрацоўвалі правілы арфаграфіі і пунктуацыі, нас часта ўпікалі за тое, што мы абыходзім правапіс канчаткаў. Але арфаграфія рэгламентуе толькі напісанне слоў, а там, дзе заканчваюцца словы, уступае ў дзеянне граматыка. Наша мова адносіцца да ліку флектыўных, мы будуем сказы з дапамогай канчаткаў (у іншых мовах гэтую ролю выконваюць артыклі, прыназоўнікі і г. д.).

Некалі акадэмік Вінаградаў казаў, што два дзесяцігоддзі дастаткова, каб зафіксаваць змены ў граматыцы. У нас апошняя граматыка беларускай мовы была выдадзена ў 1987 г., і відавочна, што мы марудзім з выданнем новай. Канечне, вялікія намаганні тут павінны прыкласці вучоныя акадэміі навук, але да работы трэба прыцягваць і найлепшыя сілы ВНУ дзе працуюць практыкі — дактары і кандыдаты навук, прафесары, дацэнты. Яны працуюць у студэнцкіх аўдыторыях і знаходзяцца на вастрыні моўных праблем. Хаця тут не патрэбна паспешнасць. Бо могуць з’явіцца такога кшталту граматыкі, якія не вытрымліваюць крытыкі з-за таго ж суб’ектывізму.

Калі будзе выдадзена беларуская граматыка, то ў ёй будуць падкрэслены дапушчальныя нормы, якія могуць быць у нашай мове, і забаронены тыя, якіх не павінна быць. Сёння ў граматыцы існуе немалая колькасць розных варыянтаў. Мы ўжываем розныя канчаткі ў адных і тых жа словах: норм і нормаў, правіл і правілаў… Многія думаюць, што поўнагалосныя канчаткі больш беларускія, але ёсць іншае меркаванне. Так, прафесар Казанскага універсітэта Бадуэн дэ Куртэнэ некалі вывеў тэорыю эканоміі маўленчых намаганняў. За адно дзесяцігоддзе гэтага не прасочыш, але тэорыя спрацоўвае. Напрыклад, зніклі мяккі і цвёрды знак у рускай і беларускай мовах. Гэтая тэорыя ў дзеянні — людзі заўсёды зробяць так, як ім зручна. Сапраўды, поўнагалосныя канчаткі, а не нулявыя былі пэўны час характэрны для беларускай мовы. Але час ідзе, а мова не застылая, яна змяняецца. Будучыня за ёмкім і мабільным словам, якое і пішацца, і вымаўляецца проста, але напоўнена багатым зместам.

Сёння настаўнікаў і бацькоў хвалюе, як Закон “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” будзе ўводзіцца… Закон уступіць у дзеянне з 1 верасня 2010 г. Да гэтага часу Міністэрствам адукацыі будуць прыняты меры па карэкціроўцы вучэбных выданняў для ўстаноў адукацыі ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй “Правіл…”. Хачу заўважыць, што словы са змененым правапісам не будуць выкарыстоўвацца ў тэстах для правядзення цэнтралізаванага тэсціравання. Ёсць шмат іншых арфаграм, якія павінен ведаць выпускнік. Рыхтуюцца і ў хуткім часе будуць выдадзены метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў, дзе падрабязна будзе апісана кожнае арфаграфічнае новаўвядзенне. Распрацоўшчыкі новай рэдакцыі правапісу пойдуць у аўдыторыі ўстаноў паслядыпломнай адукацыі настаўнікаў, арганізуюць курсы для рэдактараў выдавецтваў. Так, на базе факультэта павышэння кваліфікацыі журналісцкіх кадраў Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта арганізаваны пастаянна дзеючы семінар для настаўнікаў сярэдніх школ, прафесарска-выкладчыцкага складу ВНУ, рэдактараў, карэктараў «Беларускі правапіс: традыцыі, пераемнасць і перспектывы. Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”», які праводзіцца раз на месяц.

Закон рэгламентуе выкарыстанне пісьмовай беларускай мовы ва ўсіх сферах яе прымянення. Думаю, ён будзе садзейнічаць стабілізацыі арфаграфічных норм беларускай літаратурнай мовы, забяспечыць пераемнасць і захаванне адзінага моўнага рэжыму ў сістэме адукацыі, адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў, што ў выніку ўмацуе прэстыж беларускай мовы ў грамадстве як дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь.

Віктар Іўчанкаў