Іўчанкаў, В. Беларускі правапіс у вымярэнні часу / Віктар Іўчанкаў // Роднае слова. – 2020. — № 6. – С. 29-31.

БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС У ВЫМЯРЭННІ ЧАСУ

Роля арфаграфіі ў сучасным грамадстве значна ўрастае, што на першы погляд здаецца парадаксальным. Не раз даводзілася чуць, маўляў, пакаленне развучылася чытаць, забылася на класікаў, вучні блытаюцца ў самых простых правілах. Гэта не зусім так. Сучаснік пагружаны ў тэкст, а значыць і ў працэс яго напісання, як ніколі раней, тлумачыцца імклівым наступам інтэрнэту з усімі яго перавагамі і перасцярогамі.

Інфармацыйныя тэхналогіі значна спрасцілі карыстанне пісьмом. Зявіліся тэкставыя рэдактары, віртуальныя падказкі, правапісныя праграмы, інфармацыйна-даведачныя парталы. Здаецца, толькі ўмей карыстацца імі… Створана сістэма праверкі правапісу (спэл-чэкер з англ. Spell checker) — камп’ютарная праграма па праверцы тэксту на наяўнасць у ім арфаграфічных памылак. Знойдзеныя памылкі або памылкі друку звычайна падкрэсліваюцца, даецца магчымасць выбраць адзін з правільных варыянтаў напісання, выводзіцца каментар, які тлумачыць, што трэба рабіць, каб паправіць тэкст. Спэл-чэкер можа быць убудаваны як асобная функцыя ў тэкставы рэдактар, паштовы кліент, электронны слоўнік ці пошукавую сістэму, а можа быць самастойнай праграмай і інтэгравацца з іншымі інструментамі Такімі магчымасцямі, напрыклад, валодае GNU Aspell для Unix-падобных аперацыйных сістэм, а таксама крос-платформавая Hunspell.

IT-працэсы — рухавік новай эпохі, у якой разбураюцца каноны лінейнага тэксту, на жаль, руйнуецца сакральнасць рукапісу, па якім раней нават меркавалі пра характар чалавека. Дарэчы, сёння з’яўляюцца анлайн-сэрвісы па пераводзе тэксту ў рукапіс. Толькі выклікана гэта зусім іншымі прычынамі. Так, на сайце handwrittner.ru чытаем: «Вам надакучыла пісаць канспекты, для таго каб выкладчык проста паставіў галачку у журнал? Наш сэрвіс пазбавіць вас ад гэтага!». і прапануецца згенерыраваць любы канспект. Почырк можаш выбраць сам…

Уваходзяць у дзеянне іншыя правілы камунікавання: узмацненне адраснасці аўтарскага «я», псіхасаматычная выражанасць (сіндром Сняжаны), актыўная дыялагічнасць, якая мяжуе з абвінавачвальным пафасам дыятрыбы, лексічная разняволенасць, сінтаксічная кампрэсія, рэдукцыя сэнсу і шмат іншага. Пашырэнне вербальнай практыкі значна ўплывае на разумова-маўленчую дзейнасць чалавека. Пра гэта слушна гаворыць прафесар Максім Крангаўз: «Мы вельмі часта робім пісьмова тое, што раней рабілі вусна. Некаторыя праблемы, якія раней вырашаліся з дапамогай тэлефоннага званка, цяпер вырашаюцца з дапамогай перапіскі. Пры тым, што яна займае куды больш часу. У гэтага ёсць свае падставы. Такія паводзіны лічацца больш ветлівымі. Так мы не турбуем суразмоўцу. Ён можа наогул не адказаць на ліст. На вусны зварот не адказаць складаней. Такім чынам, частка нашых зносін перамясцілася ў гэтую «пісьмовую» па тэхніцы выканання і ўспрымання фазу» [1].

Згаданыя акалічнасці прымушаюць задумацца… Але відавочна адно: мы павінны асэнсаваць новую практыку і па магчымасці выбудаваць сучасныя падыходы як да самога пісьма, так і да методык яго выкарыстання. Бо ў любую сістэму трэба перш за ўсё закласці алгарытм правапісу, прыдаць ёй, так бы мовіць, законны фармат. А гэта ўжо залежыць ад лінгвістаў.

Дзесяць гадоў таму была прынята новая (так яна называлася тады!) рэдакцыя правапісу. Спецыяльна падкрэслівалася, што правапіс прымаецца не нанова і гаворка не ідзе пра рэформу. Рабілася перасцярога ад празмернага ўмяшальніцтва ў сутнасць арфаграфічных змен і надання ім палітычнай афарбоўкі. Хоць аўтары, якія не былі прама ўключаны ў працэс удасканалення правапісу, выдавалі свае працы пад кідкай назвай «новы правапіс», «новая беларуская арфаграфія» што, безумоўна, не адпавядала сутнасці прынятага дакумента. Натуральна, ніхто не рабіў замах на кардынальнае перакройванне арфаграфіі, у гэтым і не было патрэбы. Ведаем, што арфаграфія — з’ява кансерватыўная, частыя перагляды яе да дабра не давядуць. Хоць і прамаруджванне гэтага працэсу — справа няўдзячная. Прыкладам можа быць англійская мова, відаць, самая кансерватыўная ў гэтым сэнсе. Нездарма з’явілася прымаўка: «Пішам Манчэстэр, а чытаем Ліверпуль».

Сярод прычын, якія вымусілі перагледзець беларускі правапіс, называлі актыўны лексічны рух, маўляў, дынаміка ўзнікнення запазычанняў актуалізавала іх правапіс. Гэта сапраўды так, але ж тагачасны правапіс не даваў адказаў на пытанні: чаму паўсюдна фіксуецца на пісьме закон недысімілятыўнага акання, але пішацца камп’ютэр, шніцэль, райком, партком; чаму ў аднолькавай фанетычнай пазіцыі бачым на ўроку і ва універсітэце. Правілы 1959 г. закраналі і граматыку, калі раілі пісаць назоўнікі мужчынскага роду другога скланення тыпу антыкамунізм, антысацыялізм, феадалізм, капіталізм з канчаткам ў родным склоне, а словы сацыялізм, камунізм, ленінізм, марксізм — з канчаткам -а.

Некаторыя моўныя пытанні мелі ідэалагічны грунт. Гэтыя кур’ёзныя выпадкі даволі вобразна апісаны ў працы «Дазнанні» I. Лепешава. Адзін з іх, які датычыць згаданай сітуацыі, не магу не прывесці. Вось як апісваў прафесар сустрэчу з М. Суднікам, тагачасным дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, падчас якой абмяркоўвалася рэцэнзія I. Лепешава на «Арфаграфічны слоўнік» (1978). У ёй аўтар, спасылаючыся на тэкст Канстытуцыі, газету «Звязда», указваў на пашырэнне ў маўленчай практыцы ў названых чатырох словах у форме роднага склону канчатка і раіў прыняць пад увагу гэты істотны крытэрый. «Не так тут усё проста, як вам здаецца, — пачуў ён у адказ. — Вы ж наўрад ці ведаеце, што перш чым пабачылі свет новыя «Правілы…», іх шмат тыдняў разглядалі ў галоўным штабе камуністаў — ЦК, а потым і нас запрасілі туды. Усё высокае начальства было там, усе паказвалі сябе нібыта вялікімі знаўцамі мовы, уносілі папраўкі. Асабліва абурыла некаторых тое, што ў праекце «Правілаў…» у лік абстрактных назоўнікаў, сярод іншых з суфіксам -ізм (рэалізм, патрыятызм, феадалізм, дарвінізм…), трапілі і гэтыя чатыры словы. «Як гэта вы, — саромілі яны нас, — сацыялізм, які мы ўжо даўно пабудавалі, які стаў для ўсіх працоўных нашых рэальнасцю, лічыце нейкай абстракцыяй?! I камунізм не абстрактна-разумовае паняцце, а наша рэальнае, блізкае заўтра! Што, і ленінізм для вас абстрактнасць?!» Нехта з нас асмеліўся быў сказаць, што граматыка ў паняцце «абстрактныя назоўнікі» ўкладае свой пэўны сэнс, але — дзе там! I слухаць не хочуць, і рота разявіць не даюць. Так і мусілі ўвесці ў «Правілы…» гэтыя чатыры словы як выключэнне — з канчаткам » [2, с. 57-58]. Даволі паказальная гісторыя…

У беларускім правапісе найбольш відавочнымі для перагляду былі пытанні, якія мелі экстралінгвістычны грунт. Хоць хапала і фактаў, выкліканых да жыцця ўнутраным развіццём сістэмы мовы. Прайшоў час, і варта ўспомніць некаторыя рэчы, паразважаць над моўнымі працэсамі, прааналізаваць правапісную сітуацыю, задумацца над праблемнымі пытаннямі.

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» быў прыняты 23 ліпеня 2008 г. Ён рэгламентаваў правапісную практыку ва ўсіх сферах выкарыстання беларускай мовы і з 1 верасня 2010 г. пачаў дзейнічаць. Яшчэ тады падкрэслівалася яго ўнікальнасць у гісторыі арфаграфіі. Правапіс быў зацверджаны найвышэйшым заканадаўчым органам краіны. Слушна сцвярджалася, што правілы, зацверджаныя на ведамасным узроўні, не будуць карыстацца неаспрэчным аўтарытэтам у грамадстве, і гэта дасць шанец для розных інсінуацый. Жыццё паказала правамернасць прынятага рашэння.

У інфармацыйную эпоху ў нашу мову пранікае шмат запазычанняў, што звязана з кардынальнымі зменамі ў жыцці грамадства. Змены закранулі ўсе сферы — ад сельскай гаспадаркі да касмічных тэхналогій. Індустрыяльная эпоха змянілася інфармацыйнай. I калі ў даіндустрыяльную эпоху чалавек меў справы са стыхіяй, у індустрыяльную — з тэхнікай, то ў наш час на галоўнае месца выйшла інфармацыя, прызначэннем якой заўсёды было наладжванне камунікатыўных зносін. Узнікла вялікая колькасць пытанняў па напісанні новых слоў. Напрыклад, як правільна пісаць словы накшталт медыя (медыа) і нават даўно вядомыя: адажыё, адажыо ці адажыа? Варыянтным было напісанне слоў ажыа, даніа, лабіа, паціа, фоліа, камбіа, фабліа і іншых.

Правапіснае пытанне наспявала па меры таго, як у краіне нарасталі дэмакратычныя працэсы. У 1992 г. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі правёў канферэнцыю, прысвечаную праблемам беларускай арфаграфіі. Шчыра казаць, канферэнцыя не атрымала шырокага грамадскага водгуку. У 1993 г. пастановай урада «Аб удакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы» была створана спецыяльная дзяржаўная камісія. Яна разгледзела агульныя праблемы і далей за прызнанне таго, што існыя правілы забяспечваюць функцыянаванне пісьмовай мовы, не пайшла. Адзначалася, што кардынальных змен беларускі правапіс не патрабуе. Была пастаўлена задача захаваць аснову і адрэагаваць на новыя з’явы ў мове, што і стала прычынай узнікнення праз 15 гадоў новай рэдакцыі беларускай арфаграфіі. Трэба заўважыць, што найбольш інтэнсіўная праца па яе стварэнні вялася апошнія тры гады — з 2006 да 2008 г. Ход і абмеркаванне новай рэдакцыі правапісу маюць цікавую гісторыю, расказаць якую яшчэ прыйдзе час.

Канцэптуальныя падыходы да зместу новай рэдакцыі памяняліся ў 2006 г., калі быў зняты яўны фанетычны ўхіл. Напрыклад, у такіх фармулёўках: літара… пішацца для абазначэння гука [о] пад націскам або літара… пішацца для абазначэння націскнога… I так па ўсім тэксце. Яны былі заменены на больш ёмістыя і простыя: літара о пішацца пад націскам… Выпрацоўвалася стратэгія адпаведнага асэнсавання арфаграфічных і фанетычных з’яў.

Правапіснае пытанне мела сваіх прыхільнікаў і апанентаў. Адны, асабліва заўзятыя, рэзка крытыкавалі праект і прапаноўвалі замяніць яго рускай арфаграфіяй, другія — таксама замяніць, але ўжо тарашкевіцай. Час усё паставіў на свае месцы.

Натуральна, правапіс датычыць кожнага школьніка, настаўніка, грамадзяніна, і змяніць нешта ў ім — значыць замахнуцца на святое. Дарэчы, гэта стала прычынай таго, што расіяне так і не прынялі новы звод рускага правапісу, падрыхтаваны навуковым калектывам мовазнаўцаў пад кіраўніцтвам прафесара У Лапаціна. Хоць цяпер цішком, незаўважна ўкараняюць яго ў правапісную практыку.

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», уведзены ў дзеянне 10 гадоў таму, кансалідаваў грамадства і, як паказала жыццё, стаў моцным падмуркам суверэнітэту краіны.

Спіс літаратуры

1. Лепешаў, I. Я. Дазнанні / I. Я. Лепешаў. — Гродна, 2000. — 88 с.

2. Кронгауз, М. Язык и коммуникация: новые тенденции [Электронный ресурс] / М. Кронгауз. — Режим доступа: http:polit.ru/article/2009/03/19/communication. — Дата доступа: 20.04.2020.

Віктар ІЎЧАНКАЎ,

доктар філалагічных навук