Іўчанкаў, В. Медыярыторыка – падмурак прафесійнага поспеху / Віктар Іўчанкаў // Роднае слова. — 2021. — № 7. — С. 60-62.

Віктар Іўчанкаў

доктар філалагічных навук

МЕДЫЯРЫТОРЫКА — ПАДМУРАК ПРАФЕСІЙНАГА ПОСПЕХУ

На факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выкладаецца медыярыторыка. Асноўная ўвага ў змесце дысцыпліны адводзіцца вызначэнню спецыфікі медыятэксту, яго арганізацыі з гледжання рытарычных асноў журналістыкі як практычнай сферы, спецыфічнай араторыі, зафіксаванай у друкаванай і электроннай вербалістыцы. Рытарычныя прынцыпы і метадалогія стварэння медыяматэрыялаў раскрываюцца на прыкладзе вербальных сітуацый сучаснасці. Выкладанне мае планамерны і скіраваны на творчы пошук характар, садзейнічае засваенню студэнтамі асноў абранай спецыяльнасці, замацаванню тэарэтычных ведаў, набыццю прафесійных навыкаў.

Сіла ўздзеяння інфармацыі, маштаб яе ўплыву на грамадскую думку вымушае журналістыку быць каталізатарам выражэння непазбежных сацыяльных эмоцый і меркаванняў, нават калі ацэначнасць маскіруецца пад аб’ектыўнасць. Маўленчая дзейнасць журналіста ў цеснай сувязі з актуалізаванымі сацыяльнымі дзеяннямі вызначае асноўныя прыярытэты развіцця грамадства і адлюстроўвае механізм маўленчых зносін суб’ектаў камунікацыі — CMІ і чалавека.

Дысцыпліна “Медыярыторыка” — завяршальны этап спасціжэння журналісцкага і камунікацыйнага працэсаў. У аснове навучання — максімальная індывідуалізацыя заданняў, скрупулёзны кантроль і аналіз прац студэнтаў, кансультацыйная дапамога ў араторыі.

Авалоданне майстэрствам пераканання, накіраванага на пошук ісціны, і ўдасканаленне ўменняў наладжваць камунікатыўны кантакт з аўдыторыяй падчас выступлення — мэта дысцыпліны. Гэта забяспечваецца рэалізацыяй агульных і прыватных задач. Па-першае, журналіст мае быць падрыхтаваным да вербальна-рытарычнай дзейнасці; умець выяўляць асаблівасці структуры, кампазіцыі і зместу прамовы. Па-другое, важна азнаёміцца з тыпалогіяй рытарычных ідэалаў Антычнасці і сучаснасці, умець сінтэзаваць гістарычныя канцэпцыі праз прызму сучасных тэорый рыторыкі. Па-трэцяе, авалодаць рытарычнымі стратэгіямі і тактыкамі, метадамі мэтанакіраванай падачы матэрыялу. Па-чацвёртае, рабіць асэнсаваны выбар маўленчых сродкаў у прамове адпаведна з камунікатыўнай зададзенасцю.

У навучанні спалучаецца лекцыі з праблемнапададзеным зместам навучання, у ходзе якога студэнт творча засвойвае веды. Праблемнае навучанне выступае альтэрнатывай для эўрыстычнага, калі ставяцца мэты канструявання навучэнцамі ўласнага сэнсу, мэт і зместу адукацыі, а таксама яе арганізацыі, дыягностыкі і ўсведамлення.

Падрабязней спынімся на аўтарскай метадычнай распрацоўцы заняткаў з выкарыстаннем тэхналогій праблемнага, даследчага, эўрыстычнага навучання па стварэнні і аналізе прамовы будучымі журналістамі. Тэма заняткаў вызначаецца колам пытанняў: 1. Журналіст — прафесія рытарычнай адказнасці; 2. Ацэначная шкала прамовы; 3. Практыка публічнага выступлення. Прадугледжваецца падрыхтоўка да прэзентацыі тэмы для выступлення перад групай, абранай з пераліку прапанаваных у тыпавой праграме (ці прапанаванай самім навучэнцам, карэкціроўку тэмы пры неабходнасці робіць выкладчык), і выступленне ў адпаведнасці з патрабаваннямі, што прад’яўляюцца да аратарскага стылю, і “Ацэначнай шкалой прамовы”. Неабходныя матэрыялы выкладзены на партале edujourn.bsu.by і ў кнізе “Медыярыторыка: рытарычныя асновы журналістыкі, лінгвістыка публіцыстычнага і тэксту, дыскурсны аналіз СМІ”.

Мэта заняткаў — стварыць умовы для распрацоўкі адукацыйнага прадукту: падрыхтоўкі прэзентацыі і выступлення перад групай (5-7 хвілін) па абранай тэме. Мэты i заданы забяспечваюцца зместам распрацоўкі, куды ўваходзяць: а) пастаноўка мэт (мэтавызначэнне) выкладчыка i студэнта; б) кола аб’ектаў рэчаіснасці, прапанаваных студэнту для вывучэння; в) параўнанне адукацыйнага прадукту з культурна-гістарычным аналагам.

Мэтавызначэнне выкладчыка дыктуецца развіццём акадэмічных і сацыяльных кампетэнцый. Вынікам навучання мае быць уменне выступаць перад аўдыторыяй з мэтай эфектыўнага ўздзеяння, захоўваючы асноўныя патрабаванні да пабудовы прамовы: суб’ектна-суб’ектныя адносіны, дыялагічнасць, гарманізацыя, анталагічнасць; сінтэзаванне атрыманых ведаў па гісторыі станаўлення і развіцця прамоўніцкага майстэрства ў праламленні на сучасныя тэорыі рыторыкі; аналіз рытарычных паводзін, стварэнне рытарычных партрэтаў выступоўцаў; вызначэнне сутнасных характарыстык прамовы, суаднясенне іх з айчынным рытарычным ідэалам; вызначэнне інтра- і экстралінгвістычных характарыстык прамовы; ацэнка прамовы і аналіз з гледжання правамернасці яе арганізацыі.

Мэтавызначэнне студэнтаў здзяйсняецца пры пошуку адказаў на пытанні, скіраваныя на ўдасканаленне і развіццё інтэлектуальнага, творчага і агульнакультурнага ўзроўняў, фарміраванне і аргументаванасць уласных меркаванняў і прафесійнай пазіцыі, аналіз і прыняцце рашэнняў. Студэнт ставіць перад сабой пытанні: Ці хачу навучыцца добра гаварыць? Ці хвалююся, выступаючы перад аўдыторыяй? Для чаго патрэбна пераканальная прамова? Ці бачу сябе аратарам? Які вынік паспяховага выступления? Чаму хачу навучыцца пры выкананні гэтага праекта? Якімі інструментамі паспяховага выступлення хачу авалодаць? Ці варта мне, як журналісту, вучыцца выступаць на беларускай мове?

У якасці спосабу аргументацыі і доказу прапануецца дапоўніць фразы: Сучасны журнал іст — камунікатыўны лідар, таму што… Я хачу навучыцца доказна прамаўляць, каб… Мой рытарычны ідэал — гэта…

Кола аб’ектаў рэчаіснасці, што прапануюцца студэнту для вывучэння, ёсць эмпірычны матэрыял. Збор і апрацоўка яго для падрыхтоўкі выступлення праходзіць па рытарычнай схеме: інвенцыя — дыспазіцыя — элакуцыя — меморыя — акцыя, а пераўтварэнне яго ў прамоўніцкі тэкст — па схеме (тэма “Тыпалогія рытарычнага ідэалу” [с. 14]).

Вызначаецца тэматыка канкрэтнай праблемы. Пасля абмеркавання студэнты могуць спыніцца на тэмах: 1. Асаблівасці прамоўніцкага майстэрства ў электронных CMI. 2. Вядзенне дыскусіі на тэлебачанні. 3. Культура вуснага маўлення (на матэрыяле перадач “Тэлебарометр”, “Навіны”). 4. Культура вядзення дыскусіі на тэлеэкране. 5. Майстэрства адказваць на пытанні. 6. Майстэрства публічнага выступлення (паводле Д. Карнегі). 7. Маўленчая агрэсія і форма яе праяўлення ў кантактаванні. 8. Маўленчыя паводзіны лідара ў дэмакратычным грамадстве. 9. Моўны этыкет яе форма наладжвання маўленчых зносін. 10. Палемічныя прыёмы ў прамове. 11. Параўнальны аналіз рытарычных ідэалаў: Платон — Сакрат і сафісты. 12. Прамова перад мікрафонам. 13. Прамова, дыскусія, спрэчка і ўменне слухаць. 14. Прамоўца манархічнага тыпу. 15. Прамоўца харызматычнага тыпу. 16. Прыёмы маніпулявання адрасатам у прамоўніцкім майстэрстве. 17. Псіхалагічныя хітрасці ў спрэчцы: за і супраць. 18. Рытарычны ідэал Платона — Сакрата. 19. Рытарычныя стратэгіі ў СМІ. 20. Рыторыка і палітыка. 21. Словы-эпістэмікі ў аўтарскіх калонках. 22. Спецыфіка вербальнага выражэння вядучага. 23. Тыповыя памылкі ў наладжванні кантакту паміж прамоўцам і аўдыторыяй. 24. Тэледэбаты: рызыкі невербальнага дзеяння. 25. Нядобрасумленныя прыёмы ў кантактаванні.

Параўнанне адукацыйнага прадукту з культурна-гістарычным аналагам праводзіцца ў супастаўленні сваіх поглядаў на публічнае выступленне, выпрацаваных падчас навучання на факультэце журналістыкі на I—III курсах, з канцэпцыяй айчыннага рытарычнага ідэалу*, прадстаўленага ў навучальнай інтэрактыўнай прэзентацыі “Тыпалогія рытарычнага ідэалу”** і матэрыяле першай лекцыі***.

У працэсе асэнсавання тэмы будучай прамовы студэнт прадумвае адказ на пытанне: “Ці рыхтаваўся да выступлення раней так, як гэта раблю цяпер?” Ён супастаўляе свой пункт гледжання на развіццё рытарычнай традыцыі з прадстаўленым у параграфе “Рытарычны вобраз часу” курсам лекцый “Медыярыторыка”****.

Структура заняткаў уключае этапы:

1)      увядзенне ў праблему (выбар тэмы — інвенцыя) праектнага задання (трактата), абгрунтаванне актуальнасці (матывацыйны кампанент);

2)      планавае размеркаванне эмпірычнага матэрыялу ў прэзентацыі і публічным выступе (дыспазіцыя);

3)      выбар формы вербальнага (слоўнага) выражэння тэмы — абарона праекта (элакуцыя);

4)      арганізацыя абмеркавання вынікаў праекта;

5)      абагульненне і сістэматызацыя (пад кіраўніцтвам выкладчыка) — сакратычная гутарка;

6)      ацэнка;

7)      кансультацыя па распрацоўцы будучых праектаў;

8)      рэфлексія.

Крытэрыі ацэньвання. Адукацыйныя вынікі падводзяцца па “Ацэначнай шкале прамовы” паэтапна. На першым этапе студенты запаўняюць ацэначную шкалу і падлічваюць балы.

На другім этапе выводзіцца сярэдні бал ад выстаўленых кожным студэнтам балаў (сума дзеліцца на колькасць прысутных). На трэцім этапе сярэдні арыфметычны лік набраных балаў сумуецца з балам! выкладчыка і дзеліцца на два. Так фарміруецца рэйтынг выступоўцы. Ацэнка прадугледжвае выяўленне эфектыўнасці прамовы. Каментарыі студэнтаў да работ адно аднаго, заўвагі і ацэнкі выкладчыка адлюстроўваюцца на форуме (платформа Moodle).

Вынікі індывідуальнага творчага самавыяўлення (якія ўнутраныя змены і дзякуючы чаму яны адбыліся) прадстаўлены ў публічнай форме і сведчаць пра якасную самарэалізацыю асобы, бо навучэнцамі асэнсаваны мэты: было зразумела, для чаго яны вывучаюць прадмет, як і чаму з ім звязаныя. Студэнты набываюць навыкі генерыравання і выкарыстання новых ідэй, прымянення метадалагічных ведаў і рытарычных уменняў якія забяспечваюць вырашэнне прафесійных задач, спрыяюць творчаму росту; карэкціруюць набыты раней вербальны вопыт і, як вынік, профіль прафесійнай дзейнасці.

Такія заняткі дазваляюць усведамляць навучэнцу свае моцныя і слабыя бакі, раскрываюць лідарскія / выканальніцкія, творчыя, аналітычныя здольнасці. Студэнты асвойваюць навык працы ў камандзе, пры гэтым вырабляюць уласны адукацыйны прадукт, тым самым дэманструюць і ўдасканальваюць камунікатыўныя і крэатыўныя навыкі.

АЦЭНАЧНАЯ ШКАЛА ПРАМОВЫ

Прозвішча, імя прамоўцы ___________________Група___________

Крытэрыі ацэнкіБалы (0-10)  Заўвагі
1. Знешні вобраз прамоўцы
1) Выбар месца адносна кафедры і аўдыторыі  
2) Упэўненасць у сабе  
3) Наколькі прамова звернута да ўсіх  
1.1.Пастава
1) Энергічнасць  
2) Дарэчнасць  
3) Рухомасць  
4) Адпаведнасць працэсу вымаўлення  
1.2.Жэсты
1) Матываванасць мімікі  
2) Дастатковасць жэстаў  
3) Натуральнасць жэстаў  
4) Дарэчнасць жэстаў  
5) Асэнсаванасць жэстаў  
6) Разнастайнасць жэстаў  
2. Тэма і мэта прамовы
1) Адпаведнасць прамоўцу (-ы)  
2) Адпаведнасць інтарэсам трупы  
3) Адпаведнасць узроўню ведаў аўдыторыі  
4) Дакладнасць сфармуляванай мэты  
2.1. Развіццё прамовы
1) Яснасць структуры прамовы  
2) Яснасць асноўных палажэнняў  
3) Дастатковасць паўтарэнняў  
4) Вычарпальнасць азначэнняў  
5) Мэтазгоднасць пераходаў  
6) Дастатковасць прыкладаў  
7) Мэтазгоднасць прыкладаў  
8) Мэтазгоднасць цытат  
9) Мэтазгоднасць даных  
10) Дасягнутасць мэты  
2.2. Вымаўленне
1) Голас  
2) Тэмп  
3) Тэмбр  
4) Артыкуляцыя гукаў  
5) Нармаванасць вымаўлення  
3. Культура маўлення
1) Дакладнасць (тэрміны, відавыя азначэнні, канкрэтнасць/абстрактнасць) —  
2) Дарэчнасць (адпаведнасць тэме, лексіка, цытаты, рытарычныя прыёмы, тропы)  
3) Выразнасць (тропы, адсутнасць таўталогіі і плеаназмаў, выяўленчыя сродкі)  
4) Аргументаванасць (падбор аргументаў, логіка, кампазіцыя аргументаў)  
5) Арыгінальнасць (ідэй, падачы матэрыялу, маўлення)  
3.1. Унармаванасць прамовы
1) Лексічная  
2) Граматычная  
4. Рэалізацыя прымет рытарычнага айчыннага ідэалу
1) Дыялагічнасць па форме і змесце  
2) Анталагічнасць  
3) Гарманізацыя  
4) Дасягненне рапорту (паразуменне, гармонія, зваротны кантакт, эмацыйны стан аўдыторыі)  
5. Ацэнка прэзентацыі  
Агульная колькасць выстаўленых вамі балаў