Іўчанкаў, В. І. У моўнай майстэрні Уладзіміра Караткевіча / Віктар Іўчанкаў // Роднае слова. — 2020. — № 10. — С. 55-59.

У моўнай майстэрні Уладзіміра Караткевіча

Сістэмная арганізацыя эпітэта і ўключэнне  яго ў структуру мастацкага тэксту.

У творах Уладзіміра Караткевіча тропы яскрава перадаюць аўтарскія асацыяцыі, духоўны свет пісьменніка. У важных, істотна значных для спасціжэння ідэі твора выпадках назіраецца маніфестацыя аднаго віду тропа ў другі. Актуалізацыя пераноснага значэння найбольш прадуктыўная пры пераходзе параўнання (дзе вобраз узнікае шляхам сінтэзавання дзвюх са- мастойных лексем, аб’яднаных злучнікавым афарміцелем)  у метафару, увасабленне, антанамазію (людзі, як каласы — каласы пад сярпом тваім; жанчына, як чазенія — чазенія; худы, як бізун — бізун).

Тропы дыферэнцыруюцца па семантычных, інфармацыйных задачах і мадыфікацыі ўнутры структурных тыпаў (разгорнутае параўнанне, параўнальны зварот, даданы параўнальны, творны параўнання, а таксама субстантыўныя, вербальныя і іншыя параўнанні). Асаблівае месца ў моўнай тканіне пісьменніка займаюць эпітэты — вобразныя, мастацкія азначэнні прад- мета.

Найбольш частотныя ў творах У Караткевіча эпітэты, выражаныя прыметнікам (ад’ектыўныя). Ад’ектыўны кампанент гэтай мадэлі размяшчац- ца ў прэпазіцыі, постпазіцыі і ў прэпазіцыі і постпазіцыі адначасова да азначальнага слова.

Эпітэт, у якім прыметнік знаходзіцца ў прэпазіцыі, па паслядоўнасці размяшчэння слоў у словазлучэнні можна лічыць адпаведным прамому (аб’ектыўнаму) парадку слоў. У такім выпадку эпітэт-прыметнік па актуальнасці члянення мае нейтральны стылістычны эфект і ў гэтым плане не акцэнтуе на сабе ўвагу: Мядовы свіст невядомай птушкі — для гівала было позна — ляцеў аднекуль з сонечнай лістоты (К-сы-2, 107); Ён гладзіў бязважкімі рукамі яе плечы (К-сы-2, 20).

Адна з характэрных асаблівасцей стылю пісьменніка — паўсюднае выкарыстанне эпітэта, ён можа ўваходзіць у склад кампаратыўнага звяна, вызначаць генітыўную метафару, канструяваць двайную вобразнасць за кошт эпітэтацыі прыкампаратыва, ствараць разгорнуты троп: Глухая, як махровая сажа, ляжала над Альшанкай і, здавалася, надусім светам ноч (ЧзА, 110); 3 манашымі шапкамі стагоў (Ід, 84); Магутны, мяккі, як гэтая ноч, тэнар пачаў з нейкіх асабліва патаемных, глыбокіх таноў (К-сы-1, 33); Мяккія, ужо жывыя, удзячныя вясне дрэвы рыхтаваліся да вялікай сваёй штогадовай справы: прабіць пупышкі, выпусціць лістоту, даць свету і людзям зелень, прыгажосць, кісларод, літасціва прыбраць з паветра тое, што надыхалі людзі са сваімі заводамі, а пасля пажаўцець ад гэтага і ад блізкага подыху зімы і, нічога не патрабуючы ўзамен, пакорліва, ціха і рахмана апасці долу (ЧзА, 90). Апошні сказ (што характэрна для ўсіх разгорнутых тропаў пісьменніка) насычаны эпітэтамі, ствараецца ланцужок імпліцытных азна- чэнняў. Такім чынам актуалізуюцца найболып распаўсюджаныя, аб’ёмныя тропы, дзе кожны вобразны элемент выконвае сігніфікатыўныя задачы, якія спрыяюць рэалізацыі сімвалічнага сэнсу. У Караткевіч выкарыстоўвае разгорнуты троп сінкрэтычнага характару (метафара — эпітэт — параўнанне, эпітэт — увасабленне — эпітэт і г. д.) звычайна ў пейзажных замалёўках.

Ад’ектыўны эпітэт, незалежна ад таго, якім прыметнікам (па разрадзе якасным або адносным у якасным значэнні) выражаны, заўсёды ха- рактарыстычна азначальны. Наглядна гэта праяўляецца ў ад’ектыўных эпітэтах, аб’яднаных у групу, дзе галоўны кампанент — азначэнне слова вочы. У эканомнай форме, рэалізуючы метанімічную суаднесенасць чалавек = вочы, пісьменнік малюе шэраг характараў; эпітэтам перадаецца комплекс эмацыйных станаў, тып паводзінаў. Напрыклад: Устаў і наблізіў да Алеся шалёныя вочы (К-сы-2,23); Гарачыя, сінія цяпер, глядзелі на Алеся вочы (К-сы-2, 177); Гарачыя маладыя вочы, дым, словы з-пад самага сэрца… (К-сы-1, 103); Шэрыя строгія вочы глядзяць на дарогу (К-сы-2, 10); Халаднаватыя вочы (Уш, 9); Рыгор паглядзеў на мяне халоднымі вачыма (Дзп, 405).

Выразнай спецыфікай валодаюць эпітэты, у якіх прыметнік (адносны ў сваёй першааснове) развівае якаснае значэнне. В. Вінаградаў адзначаў, што граматычная розніца паміж якаснымі і адноснымі прыметнікамі вельмі рухомая і ўмоўная. Яна часцей за ўсё праходзіць унутры аднаго і таго ж слова, будучы абумоўленай дыферэнцыяцыяй яго значэнняў. Адносны прыметнік набывае ўласцівасці якаснага дзякуючы пераносу значэння.

Трапеізацыя адноснага прыметніка можа ісці па аналагах колеру: васільковыя вочы (К-сы-1, 45); Дырэктар сеў на кукішкі, узяў у далоні галаву сабакі і пачаў глядзець у арэхавыя, залацістыя вочы (Чаз, 320). У выразах Дзівосныя сонечныя вочы глядзелі трошку ўгору (К-сы-1,74), I Мсціславу з ягонымі сонечнымі вачыма — дрэнна (К-сы-1, 333) прыметнік сонечныя не толькі перадае колеравую характарыстыку, але і стварае складаны сінестэтычны атрыбут, які кваліфікуе суб’ект маўлення па сэнсарных параметрах, калі ўзнікае мадальнасць пад уздзеяннем раздражняльніка зусім іншай мадальнасці. Такім чынам адносны прыметнік атрымлівае якасць: пры- метнік сонечны набывае альтэрнатыўны сэнс – «светлы», які нясе радасць, справядлівасць’. У Караткевіч выкарыстоўвае з’яву сінестэзіі ў інды- відуальна-аўтарскіх тропах, выражаючы тым самым суб’ектыўную мадальнасць, правільнае ўспрыманне якой магчыма толькі ў пераасэнсаванні ўсёй сістэмы сінестэтычных апазіцый у творчасці пісьменніка.

Вызначаючы сінестэзію як з’яву, калі адчуванне, што атрымліваецца з аднаго органа пачуццяў, спараджае адчуванне, якое адпавядае іншаму органу пачуццяў, Ю. Сцяпанаў адносіць яе ўзнікненне ў часы рамантызму, калі наладжвалася і тэарэтычна асэнсоўвалася сувязь літаратуры, жывапісу і музыкі. Натуральна, у стылі У. Караткевіча, дзе яўна адчуваюцца рамантычныя традыцыі, сінестэтычныя тропы набываюць асаблівае гучанне. Яны адлюстроўваірць духоўны свет герояў, праз канатацыю перадаюць ацэначныя характарыстыкі (сонечныя вочы). Індывідуальна — аўтарскія сінестэтычныя эпітэты яскрава адлюстроўваюць мастацкую манеру апавядання, захапляюць чытача сутворчасцю. Напрыклад, пісьменнік у дыялогу Алеся і Майкі па-майстэрску выкарыстоўвае сінестэзію: “Я цяпер ведаю, — сказаў ён. — Ты думаеш, ты дарэмна была барвянай у тым белым пакоі? Не, ты такая і ёсць”. Ён глядзеў на яе дзіўнымі, зусім новымі, вялізнымі шэрымі вачыма. I ёй раптоўна стала страшна. «I валасы ліловыя… Усё ў свеце такое складанае. А мы нічога не ведаем. У ружы, напрыклад, блакітны вячэрні пах. Ён гучыць, як струна віяланчэлі, калі яе кранеш у глухім пакоі. А ў бадзяка, у чартапалоха, пах пярэсты, чмяліны, і ён зусім як басовае «до». Незразумеяыя вочы, здаецца, бачылі яе да самага дна. — А твае валасы пахнуць дурманам і таму, вядома, ліловыя (К-сы-1, 348). Часам сінестэтычныя эпітэты называюць метанімічнымі (I. Голуб), і гэта не супярэчьшь іх сутнасці.

Пераход адноснага прыметніка ў якасны, што выступае ў функцыі азначэння назоўніка вочы, спрыяе раскрыццю характараў літаратурных персанажаў: Рысіныя вочы капітана мацалі натоўп і ўрэшце сустрэліся з ястрабінымі вачыма Паківача, а потым з чорнымі дрымучымі вачыма Корчака (К-сы-2, 382); На крык сіні ўскінуў медзведзяватыя вочы (К-сы-2,268); Як глядзяць на папа ягоныя ястрабіныя вочы (К-сы-2, 370); Рысіныя вочы Мусатава абмацалі каня, кабрыялет, постаць Алеся (К-сы-1,42).

Супастаўляючы лексічны склад кампаратыўных, метафарычных і іншых трапеічных адзінак, можна выявіць асаблівасць, якая характарызуе стыль пісьменніка — актыўная рэалізацыя метаніміі (вочы — чалавек).

На ўзроўні словазлучэння лексема вочы — найбольш прадуктыўны элемент сістэмы трапеічных абазначэнняў прымет, якасцей чалавека. Яна распаўсюджвае тую ці іншую характарыстыку на ўвесь прадмет (прыватнае — агульнае), метанімічна аналагізуючы зусім розныя паняцці. Уніфікуецца форма «чалавек, у якога ястрабіныя вочы» ў «ястрабіныя вочы» («чалавек, як ястраб») — адпаведная мастацкай рэчаіснасці характарыстыка, якая замацавана моўнай практыкай і ўдакладняецца кантэкстам. Напрыклад, эпітэты ў прэ- пазіцыі да азначэння: Варона ўтаропіў на мяне свае чорныя мёртвыя вочы (Дзп,325); Урга пакасіўся на ездака нервовым вокам (К-сы-1, 288); у постпазіцыі да азначэння: Ах, вочы, вочы! Шэрыя, пушыстыя ад веек. 3 блакітнымі іскрачкамі (Сів, 200); Гляджу на яго вочы, нахабныя, сінія, дзёрзкія (Уш, 6); А ў той вочы раптам светлымі сталі больш ранейшага. Такія вочы, шэрыя, мяккія, невыказныя (Сів, 200); інтэрпазіцыі азначальнага ў эпітэтнай групе: Невялікія, сінія з залатымі іскрынкамі, вочы хлопца былі цяпер задумлівыя і мяккія (К-сы-1, 253).

У прозе У. Караткевіча ёсць ад’ектыўныя эпітэты, якія кантэкстуальна развіваюць семную структуру канкрэтнага слова. Напрыклад, у словазлучэнні жалезнае здароўе перанос значэння можна лічыць агульнамоўным: Бадай, адно жалезнае, цалкам мужыцкае здароўе дазволіла Алесю вытрымаць усе гэтыя выпрабаванні (К-сы-1,63). У сказе Даўно абляцелі дрэвы, даўно стала жалезнай гразь на палявых дарогах, а снегу ўсё яшчэ не было (Чаз, 328) слова жалезны ўжыта аказіянальна.

Такім чынам, прыметнік можа станавіцца якасным пры трапеізацыі: першаснае значэнне служыць базай для ўзнікнення другаснага, пераноснага. Для такой трансфармацыі характэрна вузкая спецыялізацыя па якасці. Кваліфікатыў становіцца канкрэтным у коле адной або некалькіх прымет, па якіх ідзе семантычны перанос. Адна інтэгральная прымета выразна вылучаецца ў прыметніках, якія выражаюць колеравыя аналагі. У іншых жа выпадках трапеізацыя ідзе па некалькіх інтэгральных прыметах: Нізкае сонца ўжо клала апельсінавыя адценні на лістоту (ЧзА, 226); бронзавымі лістамі (Ід, 81); Не тое што мая варажская храпа (ЧзА, 14). Традыцыйна такія эпітэты называюць метафарычнымі.

Пераноснае значэнне эпітэтаў, выражаных адноснымі прыметнікамі, якія ў прэсупазіцыі развіваюць якаснасць (такія эпітэты заўсёды мета- фарычныя), дыягназуюцца інтэгральнай прыметай. Напрыклад, актуалізуюцца семы: 1) форма: крылатыя бровы. (Ід, 81); 2) стан (стомленасць): цяжкая, чыгунная стома (Чаз, 250); 3) моц: чыгунная дзікая сіла (Дзп; 430); 4) інтуіцыя: сталёвая інтуіцыя (ЧзА, 11); 5) трываласць: каменныя сківіцы (Дзп, 406), стальныя сківіцы (К-сы-2, 342); 6) выгляд: бульдожы твар (Дзп, 376); цмочы твар (ЧзА, 249); 7) колер, уласцівасць: ватны туман (ЧзА, 48); колер: валасы залацістыя (Чаз, 262), залатое святло (Чаз, 289), залатое сонца (К-сы-2, 87), залатыя аблокі (К-сы-1, 249), залаты час (Дзп, 249), чарнільны змрок (Уш, 5) і інш.

Эпітэт у трапеічным плане можа падмацоўвацца і марфемным складнікам (суфіксам -іст-). У творах У. Караткевіча пераважае варыянт пе- раносу адносных прыметнікаў па семах «выгляд, колер»; першая па ступені распаўсюджанасці з’яўляецца стылёвай рысай, другая набывае традыцыйны характар.

Асаблівай экспрэсіяй валодаюць празапапеічныя эпітэты, у якіх семантычны зрух адбываецца па «ачалавечанай» прымеце (увасабленне, празапапея). Яны могуць трансфармаваць значэнне па інтэгральнай прымеце, заснаванай на пераасэнсаванні складанага прыметніка: Толькі што адгрымела першая навальніца. Нястрашная, грамыхліва-радасная, майская навальніца (К-сы-1, 323); Вялікасны маўклівы курган узвышаўся над імі, шызы ад палыну, ліловы ад верасу, сівы ад павуціння, спакойна-ганарлівы і высокі ў ззянні вольнага сіняга дня (К-сы-1,210); Алесю не хацелася стрэламі парушаць велічна-ласкавай цішыні (К-сы-1, 261); сівавусы Нёман (К-сы-1, 271). Увядзенне ў тэкст празапапеічнага эпітэта часам цягне за сабой з’яўленне ўвасаблення. Так, у першым выразе, дзе апісваецца навальніца, у стылявую атмасферу арганічна ўпісваецца троп: I цяпер пад вокнамі старога цёплага дома аж шалеў ліловы і сіні бэз (К-сы-1, 323). Празапапея перадае экспрэсію мастацкага вобраза: Майка Раўбіч збіраецца на баль у Загоршчыну. Таму такая вясёлая і шчаслівая, таму і “вялікі дом Раўбічаў аж віраваў у сумятні і калатэчы”, “ніткі аж свісталі ў руках швачак’ і«гэта ўсёж было шчасце першага «дарослага» балю, шчасце першай «дарослай» бальнай сукенкі: белай, у амаль белым, толькі трохі блакітным карункавым чахле». Садзейнічае кантэкстуальнай рэалізацыі ўвасаблення і наступны выраз: «Майка- май, Майка-май, — звінелі за вокнамі кроплі».

Часам празапапеічныя эпітэты называюць персаніфікаванымі (Л. Турсунова). Наколькі гэта дакладна, дазваляе ўстанавіць разгляд таксаноміі «увасабленне – персаніфікацыя», дзе апошняе адносіцца як прыватнае да агульнага. Праз сваю спецыфіку персаніфікацыя не можа быць аформлена эпітэтам.

Словаскладанне ў прыметніках — важная крыніца трапеізацыі ў беларускай мове, гэтаму спрыяе імкненне да эканоміі, павелічэння сэнсавай ёмістасці азначэння, сінтэзаванага з розных часцін мовы (прыметнік, назоўнік, прыслоўе, дзеепрыметнік). Даследаванне эпітэтаў у творах У. Караткевіча пацвярджае думку пра тое, што ў беларускай мове прадуктыўнымі выступаюць словаўтваральныя мадэлі, па ўзорах якіх узнікаюць складаныя прыметнікі: Там расла маленькая яшчэ груша, а вакол было залаціста-асмужанае паветра канца жніўня (К-сы-1, 199).

У прозе Уладзіміра Караткевіча ёсць эпітэты, якія сінтэзуюць некалькі форм выражэння, ствараючы цэльнае апісанне прадмета: Лавілі матылёў… імкнулі на святло соўкі, невыказнай пяшчотнасці вясёлкавыя маціцоўніцы, эльцызмы Вествудзі, падобныя на кветкі архідэй. Гіганцкія, фантастычныя па афарбоўцы хвалістыя павінавочкі-брамеі і павінавочкі-артэміды, такія пяшчотна-зялёныя, бранзаватыя, малахітавыя. Вялікія, часам з дэсертную талерку, яны трапяталі крыламі, аж нешта звінела і спявала ў паветры (Чаз, 304).

Эпітэты ў алегарычным напаўненні могуць выконваць ролю кампазіцыйнай канстанты. Так, у першай частцы рамана «Каласы пад сярпом тваім» пры апісанні Доўгай Кручы пісьменнік канструюе эпітэты, выражаныя прыметнікам і дзеепрыметнікам, стварае разгорнуты троп: I на гэтай строме, карэннямі ўгору, там-сям віселі сосны з залацістымі стваламі і свежай гліцай, віселі паміж небам і зямлёй, скарлючаныя, перавітыя, як вязка змей, няскораныя ў сваім жаданні жыць там, дзе не здолеў і не захацеў жыць ніхто (К-сы-1, 174). У другой частцы рамана аўтар паўтарае троп, але ўжо з яскрава выражанай экспрэсіяй (семантызуецца прадмет = чалавек, наяўнасць парцэляцыі, шматкроп’е, пералік): Сосны на Доўгай Кручы бачыў? — спытаў дзед. Алесь успомніў. …Імклівы, дрыготкі, як страла ў палёце, Дняпро… Доўгае, з вярсту, і высокае, сажняў у пяцьдзесят, урвішча… Крывава-чырвоная гліна… І на строме, карэннямі ўгору і свежымі шатамі ўніз — сосны… Вісяць… Бітыя, страшна скарлючаныя… Перавітыя, не- прыступныя, самотныя… Няскораныяў сваім жаданні жыць там, дзе не здолеў і не захацеў жыць ніхто (К-сы-2,235); Дык гэта мы. Слабая абарвец- ца. Усякая іншая абарвалася б… акрамя нас… І ўсё (К-сы-2,235). У такіх разгорнутыхтропахэпітэты выконваюць асаблівую вобразную нагрузку, таму што менавіта яны алегарычна ідэнтыфікуюць суб’ект і аб’ект параўнання.

Кампактная і эканомная форма выражэння пераноснага значэння — канструкцыя эпітэта з двух назоўнікаў, адзін з якіх — прыдатак, што сумяшчае ў сабе атрыбутыўную і прэдыкатыўную прыметы. Прыдатак у эпітэце азначае ў сінтаксічным сэнсе прадмет або асобу, удакладняе і характарызуе іх з розных бакоў. У таксаноміі больш важны гіперонім, менавіта ў адносінах да яго ствараецца вобразная характарыстыка. Трапеічны сэнс заўсёды мае гіпонім, які можа знаходзіцца ў прэпазіцыі і постпазіцыі: мачаха-прагімназія (К-сы-1, 282); чалавек-жаба (Дзп, 391). Не дыферэнцыруюцца падобным чынам эпітэты, што нарошчваюць метафарычнае значэнне: I стогадовы каш- тан ля тэрасы выкінуў тысячы. конусаў-свечак (К-сы-1, 58). У гэтым выпадку ўжыта метафара, бо суб’ект параўнання семантызаваны. У эпітэце суб’ект эксплікаваны, аднак вобразнасць двух тропаў мае адзіны механізм. Суб’ект параўнання інтэгруецца па аналогіі формы і колеру (конусы і свечкі) у аб’ект конусы-свечкі, рэалізуючы пры гэтым перанос значэння. У эпітэце гэтай мадэлі трапеічны працэс выражаны наступным чынам: суб’ект зямля -> сірата — сірата-зямля — [імпл. знач.] -> эпітэт (Так шкада гэтых бедных людзей, гэтую сірату-зямлю (К-сы-1, 272). Суб’ект параўнання зямля намінуецца азначэннем сірата з кантэксту і стварае характарыстыку суб’екта.

У сказе эпітэты-дадаткі могуць выконваць ролю дзейніка: Вочы-правалы часам сустрака- юцца з вачыма пана Юрыя і змяжаюцца, як у стомленай птушкі (К-сы-1, 212); Веі-стрэлы Лаўра сярдзіта дрыжалі (Сів, 180); дапаўнення: Усё аддаваць жанчыне-сонцу і ўсім незлічоным чалавечым сусветам, якія жылі і рухаліся вакол (К-сы-2, 281-282 : Паўстала дзіўная будыніна, вузкая і высокая, змураваная з шэрага і ружовага каменя-дзікуна (К-сы-1,69)

 Эпітэт можа ўваходзіць у склад выказніка: А яна была птушха-вгсялушка… (Ід, 8). Пры парцэляцыі ён набывае ўласціваспь намінатыўнага сказа: Таму, што гэтае дрэва цяжка жыве. I мала жыве. Год восемдзесят.Укарэніцца на галькавых косах, на градах.  Там, дзе нішто не можа расці. Першай з’ яўляецца на новых наносах, нават на скамянелай лаве ля ручаёў. Дрэва-піянер.

Назоўнік-прыдатак дапасуецца да азначальнага слова ў склоне. Азначальны назоўнік (эпітэт) сінтаксічна “паводзіць” сябе як прыметнік: яго склон у прыдатку, як і ў прыметніка, з’яўляецца прыпадабняльным склонам (Л.Тэлія) . Дапасаванне ў родзе адсутнічае, неабазязковае супадзенне родавых значэнняў назоўнікаў: Чуб-салома такая бывае трошкі ржавая (Уш,6);      І гэта была брама-праём,брама-тунэль, брама-ўваход у пячору страшнага гіганта-волата са злоснай казкі (ЧзА, 91).

Эпітэты-прыдаткі — прадуктыўны прыём адлюстравання прадмета ў мэтанакіраваным стылістычна дзейсным выражэнні. Такім спосабам падкрэсліваеппа цэласнасць абазначэння і абазначальнага, пераноснае значэнне аб’ядноўваецца ў адной лексеме і ўваходзіць у склад мастацкага тэксту функцыянальна-стылёвы элемент прэсупазіцыі.

Назіраецца разнастайнасць форм выражэння эпітэтаў, багатая экспрэсіўнасць, выяўленчасць, арыгінальнасць вобразных характарыстык, унікальнасць іх марфалагічнай будовы. Сістэма тропаў у творах пісьменніка — крыніца творчай ініцыятывы, тропы спалучаюцца ў адзіную сістэму, актыўна ўдзельнічаюць ва ўвасабленні ідэі мастацкага тэксту.

У мове мастацкіх твораў Уладзіміра Караткевіча ўнікальным спосабам пабудовы эпітэта можна назваць мадэль, выражаную катэгорыяй стану. Гэтая канструкцыя выклікае асаблівую цікавасць. Вядома, што пытанне катэгорыі стану (прэдыкатывы, безасабова-прэдыкатыўныя словы, прэдыкатыўныя прыслоўі) як часціны мовы і сёння мае дыскусійны характар. Пры трапеічнай інтэрпрэтацыі асобныя словы катэгорыі стану змяняюць сваё першаснае лексічнае значэнне і выступаюць у ролі вобразных характарыстык.

Дынаміка і прэдыкатыўнасць характарыстык не дазваляе правесці рэзкую мяжу паміж гэтай мадэллю эпітэта і метафарай. Аднак азначальныя ўласцівасці катэгорыі стану ў трапеічным сэнсе больш выразныя. Тэхніка семантычнага працэсу катэгорыі стану мае прыватйыя адрозненні ад ужывання ў пераносным сэнсе ў якасці эпітэта іншых часцін мовы. Калі прыметнік служыць азначэннем канкрэтных прадметаў, а прыслоўе характарызуе дзеянне, прымету, то катэгорыя стану рэалізуе больш шырокае вобразнае ўяўленне, што пацвярджаецца спалучэннем яе з акалічнаснымі словамі (кругам, усё), таму і ахоп вобразнымі характарыстыкамі больш аб’ёмны і глыбокі. Катэгорыя стану не менш за іншыя часцін мовы “гатовая прыняць” пераноснае значэнне ў мастацкім тэксце, рэалізоўваць парадыгматычныя магчымасці толькі ёй уласцівымі інтэгральнымі прыметамі, тым самым яскрава адлюстроўваць індывідуальна-аўтарскія асацыяцыі.

У працэсе семантычнага пераносу прэдыкатывы (катэгорыя стану) выкарыстоўваюць магчымасці, закладзеныя на моўным узроўні, і рэалі- зуюцца на маўленчым — у тэксце. Некаторыя з іх традыцыйныя: I на сэрцы было лёгка, таму што ў нас, ваякаў, ад нараджэння заўсёды лёгка на сэрцы, калі мы жывыя (Сів, 138). Індывідуальна-аўтарскія эпітэты ўтвараюцца пры семантычным зруху лексемы, якая ўключаецца ў кантэкст зыходзячы з мэтанакіраванага выбару семічнага элемента са структуры канкрэтнага слова: Няхай. У цябе цёпла. I ты ўвесь, і скураю і нутром, падрыхтаваны да вялікай Работы, адзінага пэўнага, што ў цябе ёсць (ЧзА, 10). Пры парцэляцыі пераноснае значэнне стану яшчэ больш актуалізуецца: Раўло, сыпала іскры, несла (К-сы-2,217).

Эпітэты-прэдыкатывы, суадносныя з дзеясловам, больш праяўляюць метафарычны характар, чым вытворныя ад прыметнікаў: Усё вакол чырванела, бялела, жаўцела (К-сы-1, 295) і Глуха і бязлюдна было тут (Дзп, 349).

Вялікую экспрэсію набываюць эпітэты-прэдыкатывы пры афарбоўцы эмацыйнага стану літаратурнага персанажа ў дачыненні да апісання сацыяльнага асяродку: Цесна, задушліва, убога па думцы, абмежаваныя настаўнікі (К-сы-1,269).

Вобразныя сродкі Уладзіміра Караткевіча даступныя шырокаму чытачу. Але ў даступнасці і прастаце асацыяцый хаваецца глыбокае разуменне псіхалогіі жыцця, асаблівае адчуванне свету. Менавіта эпітэты яскрава адлюстроўваюць эмацыйны стан пісьменніка, ствараюць экстра- і інтралінгвістычную базу арганізацыі высокамастацкіх твораў.

Прынятыя скарачэнні

Дзп — Дзікае паляванне караля Стаха // Караткевіч У. 3 вякоў мінулых. — Мінск, 1978; Ід — Ідылія ў дўху Вато // Караткевіч У. 3 вякоў мінулых. — Мінск, 1978; К-сы-1 — Караткевіч У. Каласы пад сярпом тваім. — Мінск, 1968. — Кн. 1; К-сы-2 — Караткевіч У. Каласы пад сярпом тваім. — Мінск, 1981.- Кн. 2; Сів — Сівая легенда // Караткевіч У. 3 вякоў мінулых. — Мінск, 1978; Уш — У шалашы // Караткевіч У. Блакіт і золата дня. — Мінск, 1961; Цыг — Цыганскі кароль // Ка- раткевіч У. 3 вякоў мінулых. — Мінск, 1978; Чаз — Чазенія // Караткевіч У. Выбраныя творы: у 2 т. — Мінск, 1980; ЧзА — Караткевіч У. Чорны замак Альшанскі. — Мінск, 1983.