1 жніўня 2020 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Маркавіча Макарука [Электронны рэсурс] // Краязнаўства Берасцейшчыны. – Рэжым доступу: http://kb.brl.by/index.php/homehttp .– Дата доступу: 02.08.2020.

1 жніўня 2020 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Маркавіча Макарука (1945), кандыдата ваенных навук, генерал-маёра авіяцыі, ваеннага лётчыка-інструктара I класа

Міхаіл Маркавіч Макарук нарадзіўся 1 жніўня 1945 г. у вёсцы Мацы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння Стрыгаўскай сярэдняй школы вырашыў паступаць у Чарнігаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча, але не прайшоў па конкурсе. Працаваў старшым піянерважатым у Рынкаўскай сярэдняй школе Кобрынскага раёна. Юнак валодаў добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, захапляўся мадэліраваннем, разьбой па дрэве, любіў спорт.

У 1963–1967 гг. Міхаіл Макарук – курсант Чарнігаўскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча. З 1967 г. па 1973 г. – лётчык-інструктар, намеснік камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі вучэбнага палка Чарнігаўскага вучылішча. У 1973–1976 гг. – слухач Ваенна-паветранай акадэміі імя Ю. А. Гагарына.

З 1976 г. М. М. Макарук – камандзір авіяцыйнай эскадрыллі, намеснік камандзіра авіяцыйнага палка, інспектар упраўлення ваенна-вучэбных устаноў ВПС СССР. З 1978 г. М. М. Макарук, які добра валодае іспанскай і англійскай мовамі, знаходзіўся на ваенна-дыпламатычнай рабоце. У 1978–1989 гг. ён памочнік ваеннага аташэ пры пасольствах СССР у Рэспубліцы Куба, Рэспубліцы Індыя, у 1989–1991 гг. – ваенны, ваенна-марскі і ваенна-паветраны аташэ пры пасольстве СССР у Федэрацыі Малайзія.

З 1991 г. М. М. Макарук – памочнік галоўнакамандуючага ВПС, намеснік начальніка ўпраўлення ВПС Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. У 1997–2000 гг. –ваенны, ваенна-паветраны і ваенна-марскі аташэ пры пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Іспаніі, з 2001 г. – у Рэспубліцы Куба.

1 жніўня 2005 г. Міхаіл Маркавіч сышоў у запас у сувязі з пенсійным узростам. Актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю. Член прэзідыума Агульнарасійскай арганізацыі «Офицеры России». Член Асацыяцыі ветэранаў Карыбскага крызісу. З 2018 г. Міхаіл Маркавіч – першы віцэ-прэзідэнт Расійскага таварыства дружбы з Кубай. З’яўляецца кіраўніком Маскоўскага аддзялення Міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Содружество воинов-интернационалистов «кубинцев».

Пражываючы ў Маскве, высокапастаўлены дзеяч памятае, што яго малая радзіма – у Беларусі, на Брэстчыне. У Кобрынскім раёне пахаваны яго бацькі, дзяды і прадзяды. Тут жывуць яго родныя сёстры, блізкія сябры, землякі. Таму і імкнецца ён часцей бываць у родных краях. Падчас сваіх адпачынкаў Міхаіл Маркавіч заўсёды прыязджае ў родныя месцы.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Кобрынскай цэнтральнай

раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Макарук Міхаіл Маркавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 437.
  2. 75 гадоў з дня нараджэння М. М. Макарука (1945) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2018. С. 143.
  3. Макарук Міхаіл Маркавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2017. С. 89–90.
  4. Гурда, В. Орел крылатого племени Брестчины : [М. М. Макарук – кандидат военных наук, генерал-майор авиации, уроженец д. Мацы Кобринского района] / Владимир Гурда // Кобрин-информ. 2006. 12 января.
  5. Гурда, В. Генерал-лейтенант из деревни Мацы / Владимир Гурда // Кобрынскi веснiк. 2003. 11 студзеня. С. 6.

Кобрынскі раён

Мацы

Макарук Міхаіл Маркавіч

Ваенныя дзеячы

Генералы

Лётчыкі