2017 г. – 190 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Юльянавіча Малахоўскага (1827–1900), інжынера, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі [Электронны рэсурс] // Краязнаўства Берасцейшчыны. — Рэжым доступа: http://kb.brl.by/. — Дата доступа: 5.03 2017.

2017 г. – 190 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Юльянавіча Малахоўскага (1827–1900), інжынера, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі

Уладзіслаў Юльянавіч Малахоўскі нарадзіўся ў 1827 годзе ў маёнтку Маце Стрыгаўскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (сёння ад маёнтка нічога не засталося, паблізу ёсць вёска Мацы Тэвельскага сельсавета Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). Пасля хатняга навучання юнак набываў веды ў Свіслацкай гімназіі, якая адкрыла дарогу ў свет многім славутым людзям Беларусі. Закончыў Пецярбургскі інстытут інжынераў шляхоў зносін, быў накіраваны ў Вільню на будаўніцтва чыгункі.

У сталіцы Расійскай імперыі маладым чалавекам авалодалі ідэі барацьбы за пераўтварэнне грамадства. Уладзіслаў Малахоўскі наладзіў кантакты з тайнай рэвалюцыйнай арганізацыяй разначынцаў «Зямля і воля». У Пецярбургу пазнаёміўся з Кастусём Каліноўскім (1838–1864), які вучыўся на юрыдычным факультэце ўніверсітэта.

У 1863 годзе Уладзіслаў Малахоўскі стаў адным з кіраўнікоў партыі «чырвоных»: займаў пасаду начальніка паўстанцаў Вільні. Уваходзіў у склад Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, потым Выканаўчага аддзела Літвы. Яго бескампрамісная пазіцыя паўплывала на прызначэнне начальнікам аддзела па вынясенню і выкананні прыгавораў. Ён мог караць любога, каго палічыў асабліва вінаватым.

Ахранка правяла шматлікія арышты, набліжалася да выкрыцця Уладзіслава Малахоўскага, ён пакінуў Вільню. Са жніўня 1863 года знаходзіўся на нелегальным становішчы, выехаў у Пецярбург, потым у Кёнігсберг, дзе быў прадстаўніком К. Каліноўскага, удзельнічаў у выданні падпольнай газеты «Głos z Litwy», займаўся закупкай і дастаўкай зброі для паўстанцаў.

Пасля падаўлення паўстання У. Ю. Малахоўскі выехаў у Англію. З 1866 года жыў у Лондане пад прозвішчам Леон Варнерке. Ён пакінуў выношваць планы звяржэння самадзяржаўя, вырашыў заняцца інжынернай справай: распрацоўваць фатаграфічныя прылады. У англійскай сталіцы заснаваў уласную фірму, якая займалася фотасправай. Ужо праз пяць гадоў фірма «Варнерке і Ко» стала шырока вядомай ва ўсёй Заходняй Еўропе. У. Ю. Малахоўскі набыў шырокую вядомасць шэрагам вынаходак у галіне фотатэхнікі. У 1875 годзе сканструяваў фотаапарат са скручанай касетай, які спецыялісты лічаць прататыпам сучасных аматарскіх камераў «Кодак».

Важны ўклад унёс У. Ю. Малахоўскі ў сам працэс фатаграфавання: фотапласцінкі ён замяніў на плёнку, пакрытую бромсерабром. Плёнка з нанесеным на яе такім матэрыялам лёгка скручваецца ў рулон, таму на ёй можна было рабіць некалькі кадраў. Кошт такой камеры быў высокі, але пакупнікі знаходзіліся. Яго адкрыццё выклікала пераварот у сусветнай фотасправе. У. Ю. Малахоўскі пачаў ездзіць па розных краінах і прапагандаваць свае адкрыцці.

У 1880-я гады У. Ю. Малахоўскі некалькі разоў пабываў у Расіі, у т. л. у Маскве і Пецярбургу, пад імем Льва Вікенцьевіча Варнерке ўдзельнічаў у фотавыстаўках, у заснаванні секцыі фатаграфіі Расійскага імператарскага тэхнічнага таварыства. У 1882 годзе на Усерасійскай выставе ў Маскве ўзнагароджаны сярэбраным медалём. Адкрыццямі нашага земляка захапляўся расійскі вучоны-хімік Дзмітрый Мендзялееў.

Фірма У. Ю. Малахоўскага імкліва развівалася. Сведчаннем гэтага служылі шматлікія філіялы не толькі ў Вялікабрытаніі, але і ў іншых еўрапейскіх краінах. Але, на жаль, дзейнасць фірмы была азмрочана абвінавачваннямі ў выкарыстанні фальшывых расійскіх рублёў адным з філіялаў лабараторыі ў 1898 годзе. У судзе віна У. Ю. Малахоўскага не была даказана, але беспадстаўныя абвінавачванні выклікалі ў яго цяжкія перажыванні. Нягледзячы на апраўдальны вердыкт суда, душэўнае супакаенне не прыйшло. 7 кастрычніка 1900 года Уладзіслаў Малахоўскі, не вытрымаўшы маральных пакут, скончыў жыццё самагубствам у Жэневе, там і быў пахаваны. А фальшыфыя купюры пад назвай «варнеркі» і цяпер карыстаюцца попытам сярод калекцыянераў-баністаў.

Ідэямі У. Ю. Малахоўскага скарыстаўся амерыканскі бізнесмен Джордж Істмен (1854–1932), які першым выпусціў на рынак фатапарат «Кодак» з касетамі са скручанай плёнкай. Цяпер фатографу не абавязкова было мець прафесійныя веды ў праяўленні матэрыялу і друку здымкаў, дастаткова было перадаць касету ў фоталабараторыю і атрымаць гатовыя здымкі.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч / Г. В. Кісялёў, В. Ф. Шалькевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 10. С. 14.
  2. Малаховский Владислав Юльянович // Регионы Беларуси : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 66–67.
  • Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч / Генадзь Кісялёў, Вячаслаў Шалькевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 57; Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : БЕЛТА, 2002. С. 64.
  • Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 392.
  • Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 571.
  • Матвейчык, Д. Малахоўскі [Уладзіслаў] / Дзмітрый Матвейчык // Удзельнікі паўстання 1863–1864 гадоў : біяграфічны слоўнік / Дзмітрый Матвейчык. Мінск : Беларусь, 2016. С. 362.
  • Марціновіч, А. «Кодак» – з паўстанцкай падсветкай. Уладзіслаў Малахоўскі / Алесь Марціновіч // Хто мы, адкуль мы… : гістарычныя эсе, нарысы : у 3 кн. / Алесь Марціновіч. Мінск, 2008. Кн. 2. С. 212–226.
  • Васильева, Е. 50 знаменитых бизнесменов ХIХ – начала ХХ в. / Елена Васильева, Юрий Пернатьев. – Харьков : ФОЛИО, 2004. – 509 с. : ил. – Из содерж.: Истмен Джордж : [использовал идеи В. Малаховского]. С. 124–133.
  • Марчук, Н. Кобринские корни «Кодака» : [о Владиславе Малаховском, изобретателе фотокассеты и катушечного фотоаппарата, уроженце Кобринского района] / Нина Марчук // Кобрин-информ. 2015. 4 июня (№ 32). С. 7.
  •  Капылоў, І. Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч / Iгар Капылоў // Звязда. 2013. 23 красавіка.
  •  Марчук, Н. Брэсцкія карані «Кодака» / Ніна Марчук // Краязнаўчая газета. 2008. № 21 (230), чэрвень. С. 2.
  •  Марціновіч, А. «Кодак» – з паўстанцкай падсветкай / Алесь Марціновіч // Маладосць. 2006. № 11. С. 122–128.
  •  Яновіч, М. Уладзіслаў Малахоўскі : Паўстанец, які спрычыніўся да «кадака» / М. Яновіч // Народная воля. 2005. 14 красавіка. С. 2.
  •  Вендровский, К. В. «Вы нажимаете кнопку – мы делаем остальное» : [об истории фотоаппарата «Кодак»; об открытиях Владислава Малаховского]  / Карл Валерианович Вендровский // Химия и жизнь. 1988. № 11. С. 30–37.

Кобрынскі раён

Мацы

Паўстанне 1863–1864 гг.

падзеі

Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч

юбілей