Галоўка, С. Служэнне словам і справай / Сяргей Галоўка // Беларуская думка. – 2019. — № 4. – С. 9-15 : фат.
Артыкул прысвечаны лаўрэатам Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» за 2018 год калектыву Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы па перакладзе Свяшчэннага Пісання і богаслужэнняў на беларускую мову, сярод якіх ураджэнцы Кобрыншчыны протаіерэй Сергій Гардун і доктар філалагічных навук Іван Чарота.
Служэнне словам і справай
«За пераклад з арыгінальных моў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове, што спрыяе ўзбагачэнню духоўнай спадчыны»… Гэтыя радкі з Указа № 1 ад 3 студзеня 2019 года Прэзідэнта Беларусі А. Р. Лукашэнкі аб узнагароджанні прэміяй «За духоўнае адраджэнне» за 2018 год паведамілі пра добрую навіну адразу для двух духоўных, навуковых і творчых калектываў — Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы па перакладзе Свяшчэннага Пісання і богаслужэнняў на беларускую мову і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, якія хоць і працавалі паасобку, але рабілі адну вялікую агульную справу. Яе вынікам стаў пераклад на беларускую мову Новага Запавету — адной з асноўных частак Кнігі кніг — Бібліі.
Як перакладалі тэксты Святога Пісання на беларускую мову? Колькі гэта заняло часу?
Якое значэнне для беларусаў мае «свой уласны» пераклад Бібліі? Каб адказаць на гэтыя і іншыя пытанні, аглядальнік «Беларускай думкі» сустрэўся з некаторымі ўдзельнікамі згаданага творчага працэсу.
Крыху перадгісторыі
Магчымасць чытаць Біблію на сваёй мове беларусы атрымалі аднымі з першых у славянскім свеце — нас тут апярэдзілі толькі чэхі. Яна з’явілася дзякуючы рупнасці Францыска Скарыны, які 6 жніўня 1517 года выдаў у Празе ўласны пераклад Псалтыра на родную для нашых продкаў мову (вельмі блізкую да тагачаснай старабеларускай літаратурнай), а затым на працягу наступных васьмі гадоў — яшчэ каля двух з паловай дзясяткаў іншых кніг Бібліі. Запатрабаванасць у суайчыннікаў Святога Пісання на зразумелай для іх мове падштурхнула да выдання біблейскіх кніг прадаўжальнікаў справы Скарыны — Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Пятра Мсціслаўца, Стафана Зізанія, Мялеція Сматрыцкага і інш.
Аднак у ХVІІ-ХІХ стагоддзях гэты пазітыўны працэс быў спынены. У Рэчы Паспалітай, а затым і ў Расійскай імперыі, у складзе якіх у выніку палітычных пературбацый па чарзе знаходзілася сучасная Беларусь, старабеларуская мова пачала выцясняцца польскай, рускай. На тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага ў гэты час не было зроблена ніводнага беларускамоўнага перакладу кніг Бібліі. Духоўнае адраджэнне і рост нацыянальнай самасвядомасці на пачатку XX стагоддзя зрабілі праблему адсутнасці кніг Святога Пісання на роднай мове вельмі актуальнай у рэлігійным жыцці беларусаў.
Каб ліквідаваць гэты недахоп, першымі за справу бяруцца грамадскія дзеячы Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Радаслаў Астроўскі, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Гальяш Леўчык, Аляксандр Уласаў, Кастусь Езавітаў. З часам да іх далучыліся праваслаўныя і каталіцкія святары — адпаведна Васіль Раманоўскі, Сяргей Паўловіч і Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч, пратэстанцкі пастар Лукаш Дзекуць-Малей. У 1920-1930-я гады ў іх перакладзе і інтэрпрэтацыі было выдадзена па-беларуску некалькі дзясяткаў біблейскіх тэкстаў і рэлігійных кніг. Трэба зазначыць, што гэты рух развіваўся і меў свае вынікі выключна на заходнебеларускіх землях і ў старадаўнім нацыянальна-культурным асяродку беларусаў — Вільні (цяпер — літоўскі Вільнюс), якія на той час уваходзілі ў склад міжваеннай Польшчы. У Беларускай ССР, як і ў цэлым у Савецкім Саюзе, згаданы перыяд быў пазначаны «войной с мракобеснем», таму гаворкі пра выданне для шырокай аўдыторыі Бібліі ўвогуле, а тым больш на беларускай мове, не магло нават і быць.
У адрозненне ад сацыялістычных рэалій СССР, увесь астатні свет жыў паводле іншых прынцыпаў, сярод якіх годнае месца адводзілася рэлігіі і свабоднаму веравызнанню грамадзян, у тым ліку і тых, хто жадаў «размаўляць з Богам» па-беларуску. I такую магчымасць для іх стваралі дзеячы беларускай эміграцыі. Прынамсі, у пасляваенны час перакладамі біблейскіх тэкстаў займаліся ксёндз Пётра Татарыновіч, уніяцкія святары Леў Гарошка і Аляксандр Надсан, пратэстанцкі прапаведнік Ян Пятроўскі. архіепіскап некананічнай Беларускак аўтакефальнай праваслаўнай царквы Мікалай (Мацукевіч), мовазнавец гісторык Ян Станкевіч…
Дзякуючы перабудове, у сярэдзіне 1980-х гадоў у Савецкім Саюзе былі рагледжаны многія ідэалагічныя догмы вернікі атрымалі магчымасць вярнуцца ў лона блізкай для іх душы рэлігіі і, галоўнае, адкрыта ўдзельнічаць у царкоўным жыцці. Як вынік гэтага працэсу, Божае слова на беларускай мове зноў аказалася запатрабаваным. I, каб даць беларусам такую магчымасць, да перакладу Бібліі звярнуліся пісьменнікі Анатоль Клышка, Васіль Сёмуха. Аб працягу сваёй, дарэчы,
распачатай яшчэ ў 1970-я гады, дзейнасці па ўзнаўленні рэлігійных кніг і самога Святога Пісання па-беларуску заявіў і пробашч касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, што знаходзіцца ў весцы Вішнева Валожынскага раёна, ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі…
Грунтоўны падыход
На хвалі рэлігійнага ўздыму пра неабходнасць наяўнасці кананічнага перакладу Бібліі задумалася і кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы. Патрэбна было, так бы мовіць, аўтарытэтнае выданне. Бо пераклады Бібліі, якія ўжо існавалі, не зусім адпавядалі сучаснасці і сваёй лексікай, і граматыкай. У1989 годзе па благаславенні тагачаснага яе прадстаяцеля Мітрапаліта Мінскага і Гродзенскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта (цяпер — Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі) была створана Біблейская камісія Беларускай праваслаўнай царквы па перакладзе Свяшчэннага Пісання і богаслужэнняў на беларускую мову. У яе склад увайшлі святары, якія, акрамя багаслоўскай, мелі яшчэ і гуманітарную адукацыю, і прафесійныя перакладчыкі, вучоныя-філолагі, пісьменнікі, прадстаўнікі іншых творчых колаў. Усяго каля трох дзясяткаў людзей, зацікаўленых у з’яўленні зіблейскіх тэкстаў па-беларуску.
— Калі ацэньваць пачатковы перыяд дзейнасці нашай камісіі, то з пазіцый часу трэба прызнаць, што колькасць не заўсёды спрыяла якасці вынікаў яе работы: колькі экспертаў — столькі думак і прапаноў, — зазначае прафесар Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі протаіерэй Сергій Гардун. — Справу ўскладняла і тая акалічнасць, што члены камісіі жылі ў розных месцах, усе мелі асноўную працу, таму для некаторых было праблемай сабрацца разам у вызначаны час. Гэта ўжо пасля мы выбралі адзіны дзень — чацвер, у які ўсім можна было прыехаць у Мінск, каб паказаць свае напрацоўкі, выказаць меркаванні і г. д.
З часам склад камісіі мяняўся ў бок свайго колькаснага змяншэння. Гэта было абумоўлена рознымі прычынамі — творчымі, побытавымі і інш. У выніку застаўся згуртаваны касцяк, які склалі старшыня камісіі протаіерэй Сергій Гардун, доктар філалагічных навук Іван Чарота, кандыдат філалагічных навук Уладзімір Васілевіч, протаіерэй Аляксандр Пачопка, кандыдат багаслоўя Алесь Кароль і Таццяна Матрунчык — выканаўчы сакратар.
— Яшчэ на пачатку было вырашана рабіць пераклад Новага Запавету па частках, бо гэта — фактычна зборнік, які складаецца з 27 асобных кніг, — распавядае С. Гардун. — Першая — Евангелле паводле Матфея — па-беларуску выйшла параўнальна хутка, у 1991 годзе, і мае такую асаблівасць: кніга выдадзена на чатырох мовах. Спачатку ідзе арыгінальны (старагрэчаскі) тэкст, потым царкоўнаславянскі, затым рускі сінадальны пераклад XIX стагоддзя і наш сучасны беларускі. Другая кніга — Евангелле паводле Марка — пабачыла свет у 1999 годзе. Затым былі Евангеллі паводле Лукі, Іаана і Дзеі Святых Апосталаў. У 2007 годзе мы выдалі богаслужэбнае Евангелле, у якое ўключылі Евангеллі паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана. У адрозненне ад папярэдніх выданняў, гэта кніга выйшла толькі на беларускай мове. Яна выклікала вялікую цікавасць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У прыватнасці, у Польшчы, дзе была перавыдадзена і зараз выкарыстоўваецца ў нядзельных школах. У 2017 годзе выйшла поўнае выданне Новага Запавету тыражом 6 тысяч экзэмпляраў. Яно разышлося па ўсіх епархіях Беларускай праваслаўнай царквы…
Іван ЧАРОТА, доктар філалагічных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:
— Яшчэ да стварэння нашай Камісіі беларусы мелі каля двух дзясяткаў перакладаў Новага Запавету. Такой колькасці маглі б пазайздросціць носьбіты любой мовы. Маглі б, калі б названыя пераклады адпавядалі актуальным патрабаванням, галоўнае з якіх – прыдатнасць для выкарыстання ў набажэнстве. Аднак па розных прычынах яны ў літургічны ўжытак увайсці не маглі. Менавіта таму ў канцы 1980-х гадоў і пачалася падрыхтоўка новага беларускамоўнага перакладу Свяшчэннага Пісання, які б адпавядаў належным крытэрыям нашай Царквы.
Вядома ж, пераклад мае розныя функцыі: місіянерскую, асветніцкую, уласна лінгвістычную, літаратурную, агульнакультурную… Але, як бы там ні было, галоўная з іх — прысутнасць у набажэнстве. I сёння мы, дзякуй Госпаду, маем такі пераклад.
Даваўся ж ён зусім нялёгка. Увесь час мы імкнуліся ўдасканальваць тэкст, як свой, так і зроблены папярэднімі складамі Камісіі. Так, у пераклад Евангелля паводле Матфея ў агульнай колькасці было ўнесена больш за 1800 паправак, Евангелля паводле Марка — каля 800, Евангелля ад Лукі — 300 і г. д. Пры гэтым мы не лічылі і не лічым, што вынік нашай працы ідэальны: проста зрабілі тое, што змаглі. А наступнікі, працягваючы гэту справу, магыма, зробяць лепш.
Перад камісіяй стаяла задача не проста перакладу на беларускую мову біблейскіх тэкстаў, а адмысловага, з выкарыстаннем агульнапрынятай багаслоўскай тэрміналогіі. Аднак яна па-беларуску на той час была не распрацавана і яе трэба было асвойваць ужо непасрэдна працуючы над перакладам, які рабіўся са старажытнагрэчаскага тэксту, што традыцыйна ўжываецца ў праваслаўі. У якасці ўзору для параўнання выкарыстоўваліся таксама розныя пераклады Бібліі на рускую, украінскую, польскую, англійскую і іншыя мовы.
— Што ж датычыць тэрміналогіі, то ў праваслаўным і каталіцкім перакладах яна розная, і тэрміны ў канфесіянальным плане вельмі адрозніваюцца, — прадаўжае гаворку протаіерэй Сергій Гардун. — Напрыклад, словы «царква» і «касцёл» абазначаюць будынак для малітвы. Але калі па-англійску абодва яны называюцца church, то ў нас гэта два розныя паняцці, якія не замяняюцца адно адным. Гэтак жа будуць адрознівацца і тэрміны ў дачыненні да розных царкоўных свят. Безумоўна, мы рабілі пераклад у першую чаргу для праваслаўных людзей, таму арыентаваліся на імёны, найбліжэйшыя да арыгінала (старагрэчаскага тэксту) і да варыянтаў, што беларусы прывыклі чуць у храмах на царкоўнаславянскай мове. Гэтым і абумоўлены наш выбар таго ці іншага слова.
Прынамсі, і ў праваслаўных, і ў каталіцкіх тэкстах ужываецца адно і тое ж слова «благаславенне». Многім свецкім аўтарам такі тэрмін не падабаецца і яны замяняюць яго на «дабраславенне». Але гэтае слова створана штучна ў XX стагоддзі — няма запісаў, дзе яно сустракалася б раней. Мы лічым, што такое словаўтварэнне няправільнае, бо ёсць старажытныя словы, якія ўжываліся заўжды. Так, слова «панядзелак». Яно азначае дзень тыдня, які ідзе «пасля нядзелі». Да XVII стагоддзя дзень, які мы называем па-беларуску «нядзеля», гэтак жа называўся і па-руску. Гэта потым ужо нашы суседзі сталі называць яго «воскресеньем». Але панядзелак з-за гэтага не перайменавалі ў «повоскресенье». Прыкладна такой жа логікі прытрымліваюцца і тыя, хто не дапускае ў беларускай мове слова «благаславенне» ці «благавешчанне» па прычыне, што слова «блага» стала ўжывацца з сэнсам «дрэнна». Такія моманты мы аналізавалі і рабілі адпаведныя высновы. I, дарэчы, словы «благаславенне» і «благавешчанне» мы «пакінулі ў спакоі», не сталі іх перайначваць на іншы лад, бо так заўжды гаварылі нашы продкі…
У працэсе сваёй працы члены Біблейскай камісіі ўважліва аналізавалі і ранейшыя пераклады Свяшчэннага Пісання на беларускую мову. Камусьці можа падацца дзіўным, але ўлічвалі перакладчыкі і вопыт Ф. Скарыны, які, варта нагадаць, 500 гадоў таму першым узнавіў Біблію па-беларуску. У прыватнасці, як адзначае айцец С. Гардун, яго калегі падчас творчага пошуку заўсёды памяталі пра намаганні нашага першадрукара і асветніка зрабіць біблейскі тэкст больш даступным і зразумелым для чытача.
— Францыск Скарына, можна сказаць, абеларусіў царкоўнаславянскую мову так, каб тэкст быў зразумслы звычайнаму «люду паспалітаму». I мы гэты яго прынцып памяталі. Бо звычайна, калі перакладаюць на беларускую мову, то імкнуцца прыдумваць тэрміны як мага больш непадобныя да рускамоўных. Мы такой мэты не ставілі, а якраз хацелі : ахаваць традыцыю — у мове Скарыны вельмі многа царкоўнаславянізмаў, у сваім перакладзе мы гэтую арыентацыю Скарыны на царкоўную праваслаўную традыцыю захоўваем, — падводзіць рысу нашай гаворцы протаіерэй Сергій Гардун.
Важная задача
Недахоп катэхетычнай літаратуры на беларускай мове адчуваўся ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў і ў парафіях каталіцкага касцёла. Каб змяніць сітуацыю да лепшага, у ліпені 1992 года дэкрэтам арцыбіскупа Казіміра Свёнтака, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага была створана Камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры, куды ўвайшлі дзевяць чалавек — чатыры святары і пяць свецкіх асоб. Яе кіраўніком быў прызначаны пробашч мінскага касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк. З часам склад камісіі мяняўся, але нязменнай заставалася задача, што стаяла перад ёй, — стварэнне дакладнага перакладу зместу літургічных і біблейных кніг на сучаснай беларускай мове. У прыватнасці ў 1990-х- да пачатку 2000-х гадоў былі падрыхтаваны і выдадзены па-беларуску «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі», малітоўнік «Ойча наш», катэхізіс «Падрыхтоўка да інфармацыі», кнігі «Малітвы вернікаў», Парадак хросту» і шэраг іншых.
У 2004 годзе Камісію рэарганізавалі ў Секцыю па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. У яе склад увайшлі перакладчыкі, тэолагі і філолагі: ксёндз канонік доктар тэалогіі Ян Крэміс, кандыдаты тэалогіі ксяндзы Аркадзь Куляха ОСD, Ян Кучынскі, Ігар Лашук, Валеры Быкоўскі, ксёндз прэлат Францішак Кісель, доктар біблейнай тэалогіі Марына Пашук, магістр класічнай тэалогіі Антон Кузьміч і філолаг бакалаўр Марыя Барткова. Кансультацыйную дапамогу секцыі аказвала прафесар біблеістыкі Універсітэта Кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве Ганна Кусьмірак.
Пераклад на беларускую мову Новага Запавету доўжыўся 15 гадоў. Першыя крокі працы былі звязаны з перакладам для «Рымскага Імшала» антыфонаў, якія змяшчаюць біблейныя цытаты. Разам з тым працягвалася праца над перакладам тэкстаў Святога Пісання для «Імшальнага лекцыянарыя» — адмысловага біблейнага зборніка літургічных чытанняў на кожны дзень. У яго з’яўленні была вялікая патрэба, бо ставілася задача, каб у касцёлах па ўсёй Беларусі падчас літургіі Божае слова чыталася па-беларуску аднолькава. Менавіта таму пераклады па меры гатоўнасці пачалі выдаваць асобнымі сшыткамі. Здаралася, што з дыяцэзій і нават асобных парафій паступалі заўвагі і ўдакладненні, радзей — канкрэтныя прапановы аб стылістычным ці граматычным выпраўленні таго ці іншага выразу. Усе гэтыя водгукі аналізаваліся, а найбольш слушныя, якія не пярэчылі распрацаванай беларускамоўнай тэалагічнай тэрміналогіі, прымаліся. Плёнам жа гэтай працы стала студыйнае выданне «Імшальнага лекцыянарыя» ў шасці тамах…
У 2012 годзе на падставе раней надрукаваных і затым з улікам прапаноў дапрацаваных членамі Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў асобных біблейных тэкстаў было падрыхтавана і пабачыла свет асобнае афіцыйнае выданне Евангелля на беларускай мове. Да кожнай з яго частак быў напісаны адмысловы ўступ. Паралельна вялася праца над поўным перакладам іншых кніг Новага Запавету, якія паступова змяшчаліся на афіцыйным партале Касцёла ў Беларусі, каб усе жадаючыя маглі азнаёміцца з тэкстам і выказаць свае прапановы.
Як зазначае доктар біблейнай тэалогіі Марына Пашук, пачынаючы такую працу, як пераклад Бібліі, трэба мець выразныя прынцыпы і кірунак. Асабліва пры перакладзе ўласных назваў, пэўных тэалагічных тэрмінаў і біблейных паняццяў. У цэлым Секцьія па перакладзе літургічных тэкстаў працавала ў добрых умовах: ужо існавала пэўная традыцыя каталіцкіх перакладаў біблейных тэкстаў, не было патрэбы ствараць нешта цалкам новае і займацца вынаходніцтвам. Аднак, калі штосьці не адпавядала гучанню сучаснай беларускай мовы, то перакладчыкам даводзілася шукаць іншыя адпаведнікі, каб яны як мага лепш успрымаліся на слых і каб пераклад быў больш жывым і камунікатыўным. Калі ж не хапала нейкіх біблейных тэрмінаў, то іх прыходзілася распрацоўваць. Паколькі пераклад рабіўся для прадстаўнікоў Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, які прытрымліваецца заходняй, лацінскай традыцыі, то ў першую чаргу за арыенцір у перадачы ўласных асабовых імёнаў і геаграфічных назваў браўся лацінскі тэкст Бібліі. Сам жа тэкст перакладу рабіўся цалкам з арыгінальнай мовы, а менавіта са старагрэчаскай.
Былі і цяжкасці. Даволі часта з розных варыянтаў перакладу вельмі складана выбраць нешта адно. Даводзілася браць пад увагу кантэкст, сэнс, агульны змест, каб захаваць адзінства ўсяго Святога Пісання. Трэба было звяртаць увагу на тое, як тыя ці іншыя словы будуць гучаць у паралельных месцах. I заўсёды ў перакладчыкаў былі падставы парадавацца, калі атрымлівалася знайсці найлепшы варыянт перакладу, які адлюстроўваў бы сутнасць арыгінала і перадаваў усю яго глыбіню. Так з’явіўся першы поўны афіцыйны рымска-каталіцкі пераклад Новага Запавету на беларускую мову. Між іншым, як падкрэслівае М. Пашук, ніхто не навязвае дадзены пераклад, так бы мовіць, для прыватнага выкарыстання. Кожны сам для сябе павінен вырашаць, якім шляхам яму ісці і якім перакладам карыстацца, каб мець духоўную карысць ад сустрэчы з Божым словам.
У згаданым выданні Новага Запавету перад кожнай з кніг, а таксама перад групай тэкстаў — Евангеллямі, пасланнямі святога Паўла і каталіцкімі пасланнямі — змешчаны ўводзіны, дзе апісаны акалічнасці і акрэслены прыкладны час напісання кніг, а таксама іх галоўная тэалагічная думка. Акрамя ўводзінаў, паводле каталіцкай традыцыі, у біблейным тэксце ёсць падзагалоўкі, якія дапамагаюць арыентавацца ў змесце кожнай з кніг Новага Запавету. Адметнасць гэтага выдання — дадатак. У ім змешчаны карты, якія знаёмяць з геаграфіяй тагачаснага свету і дапамагаюць прасачыць шлях падарожжаў святога Паўла, біблейны слоўнік, а таксама храналагічная табліца падзей, звязаных з гісторыяй збаўлення і агульнай гісторыяй чатавецтва.
— Характэрнай рысай беларускіх біблейных перакладаў з’яўляецца канфесіянальнасць, — сцвярджае старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла ксёндз канонік Ян Крэміс. — Розныя хрысціянскія вызнанні рыхтуюць свае пераклады Бібліі, паколькі маюць свой падыход да перакладу, сваю тэрміналогію і рэлігійную лексіку. З даследавання працэсу фарміравання розных перакладчыцкіх падыходаў да біблейнага тэксту вынікае: у Беларусі існуюць дзве моцныя перакладчыцкія традыцыі – Slavia Latina і Slavia Ortodoxa (заходняя і ўсходняя), што з’яўляецца своеасаблівым культурным і духоўным багаццем нашага народа.
Працягбудзе
Адметна, што і праваслаўны, і каталіцкі пераклады Новага Запавету былі выдадзены асобнымі фаліянтамі прыладна ў адзін час, у 2017 годзе, калі Беларусь адзначала 500-годдзе з часу выхаду ў свет Бібліі Францыска Скарыны. Іх прэзентацыі праходзілі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, а таксама ў розных рэгіёнах. Напрыклад, праваслаўны «Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» быў прадстаўлены шырокай грамадскасці ў Полацку, Віцебску, Гродне, а афіцыйнае рымска-каталіцкае выданне на беларускай мове Новага Запавету — у Лідзе, Магілёве, Навагрудку і Стоўбцах. Кіраўнікі дзвюх асноўных у Беларусі хрысціянскіх канфесій — Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч — высока ацанілі здзейсненую справу, назваўшы высокапрафесійны пераклад Новага Запавету на беларускую мову падзеяй агульнанацыянальнага маштабу, якая ўнясе свой важкі ўклад у далейшае развіццё беларускай культуры, заслужыць умацаванню духоўных асноў грамадства і дзяржавы.
Марыя БАРТКОВА, бакалаўр філалогіі, загадчык аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы:
— Мець пераклад на сваю родную мову Святога Пісання — цалкам заканамерная з’ява для любога народа. А для нашых суайчыннікаў-каталікоў — асабліва, бо афіцыйнай мовай Касцёла ў Беларусі з’яўляецца беларуская.
Трэба зазначыць, што дзейнасць нашай Секцыі грунтавалася не на пустым месцы — існавала шмат беларускамоўных каталіцкіх перакладаў біблейных тэкстаў. Аднак нашым заданнем было падрыхтаваць першы поўны афіцыйны рымска-каталіцкі пераклад Новага Запавету на сучаснай беларускай мове.
Лічу, што з гэтай працай мы справіліся паспяхова. Аб гэтым сведчыць вялікая запатрабаванасць Новага Запавету па-беларуску ў вернікаў і той факт, што ўвесь наклад першага выдання ўжо разышоўся. Прычым былі заяўкі на яго і з замежжа — фаліянт заказвалі прадстаўнікі беларускай дыяспары Літвы, Чэхіі і Польшчы.
Асабістых уражанняў ад працы ў Секцыі шмат, і ўсе яны станоўчыя. Дзякуючы рабоце над перакладам тэкстаў, удалося значна паглыбіць свой гісторыка-культурніцкі кругагляд: больш дэталёва ўнікнуць у перыпетыі хрысціянскай мінуўшчыны, удасканаліць сваё пазнанне біблейнага тэксту. Працаваць было не складана, бо побач былі аднадумцы, людзі, якія дасканала ведаюць сваю справу і якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, даць слушную падказку.
Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» — гэта высокая ацэнка нашай дзейнасці. Яна радуе і адначасова натхняе на правядзенне на такім жа годнымузроўні працы па перакладзе на беларускую мову тэкстаў Старога Запавету, над якім мы зараз і працуем.
Трэба зазначыць, што з выданнем Новага Запавету па-беларуску праца над перакладам Святога Пісання не спынілася.
У цяперашні момант і Біблейская камісія Беларускай праваслаўнай царквы, і Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі працуюць над перакладамі тэкстаў Старога Запавету. Як хутка можна будзе пабачыць вынік, прагназаваць цяжка. Бо гэта справа нялёгкая і мае шмат адметнасцей.
Сяргей ГАЛОЎКА