2021 Іўчанкаў Спецыфіка правапісу спалучэнняў галосных у запазычаных словах

Іўчанкаў, В. Спецыфіка правапісу спалучэнняў галосных у запазычаных словах / Віктар Іўчанкаў // Роднае слова. – 2021. — № 5. – С. 38–40.

СПЕЦЫФІКА ПРАВАПІСУ СПАЛУЧЭННЯЎ ГАЛОСНЫХ У ЗАПАЗЫЧАНЫХ СЛОВАХ

ПА МАТЭРЫЯЛАХ ГАЗЕТЫ «ЗВЯЗДА»

Напісанне запазычаных слоў у любой мове выклікае цяжкасці. Сучасныя даследчыкі не раз адзначалі: «Адным са складанейшых для засваення правілаў беларускай арфаграфіі з’яўляецца правапіс спалучэнняў галосных у запазычаных словах, таму што ён “заснаваны як на фанетычным, так і на марфалагічным прынцыпах правапісу, якія цяжка прымяняць паслядоўна, улічваючы разнастайнасць гэтых спалучэнняў, шматлікасць саміх лексічных адзінак, а таксама іншых дадатковых фактараў”» [1, с. 115].

У беларускім правапісе гэта датычыць перш за ўсё такіх спалучэнняў галосных, як іё (ыё), ія (ыя), іо пад націскам і іа не пад націскам, а таксама спалучэнняў іе і ые, йе, йа і йо. Зразумела, што слова ў іншым маўленчым асяродку павінна “падладзіцца” пад законы той мовы, у якую трапіла, хоць гэта не заўсёды атрымліваецца.

Пасля таго як запазычанне прыйшло ў мову, у яго пачынаецца “іншае жыццё”, незалежнае ад прататыпа. Бывае, у выніку семантычных працэсаў запазычанае слова настолькі засвойваецца мовай, што перастае ўспрымацца носьбітамі як замежнае, і яго паходжанне можа быць выяўлена толькі этымалагічным шляхам (вішня, шалаш, суп, катлета). А часам яно набывае зусім не тое значэнне, якое мела ў мове-крыніцы. Так, назоўнік дэфіле, што ўвайшоў у маўленчую практыку з французскай мовы (defile), мае першаснае значэнне ‘цясніна або вузкі, цесны праход’ (Булыка А. Слоўнік іншамоўных слоў, 1999, с. 487). У сучасных слоўніках лексема падаецца са стылістычнай паметай “ваеннае”, хоць прыклады выкарыстання гэтага слова ў прамым значэнні сёння адшукаць даволі складана. А вось у значэнні, якое з’явілася ў апошнія дзесяцігоддзі, — колькі хочаш: Некалькі месяцаў мы працавалі з дзяўчатамі па розных кірунках: дэфіле, акцёрскае майстэрства, этыкет, цырульнае мастацтва, візаж і іншыя (29.02.20).

Актуалізаваліся семы запазычанага слова дэфіліраваць ‘урачыста праходзіць (на парадах, дэманстрацыях)’ і ‘хадзіць туды-сюды, прагульвацца’. У сучасным разуменні дэфіле — ‘паказ моды’, аднак значэнне слова пашыраецца. Сталі магчымыя такія спалучэнні, як выкладаць дэфіле, карціннае дэфіле, навучанне дэфіле, ставіць дэфіле і г. д.

Запазычанне можа доўга не падпарадкоўвацца граматычным законам мовы, у якую трапіла. Напрыклад, нязменныя словы: глясэ, кіно, графіці, тарнада, трыа і інш. У гэтай лінгвістычнай гісторыі шмат цікавага… Дзіця, якое спасцігае мову, або малаадукаваны чалавек наўрад ці будуць гаварыць ехаць у метро, быць у кіно. Хутчэй аддадуць перавагу скланяльнай форме, што сёння не адпавядае норме. Памылцы ёсць тлумачэнне — закон аналогіі, які падсвядома дыктуе правіла, паводле яго словы ў нашай мове скланяюцца.

Як бачым, у асваенні запазычанага слова ёсць і граматычныя, і семантычныя, і стылістычныя цяжкасці. Нагадаем, што ў кірыліцы, у адрозненне ад лацінкі, наяўнасць ётаваных — даволі складаная арфаграфічная праблема. У словах славянскага паходжання яна не адчуваецца. Калі ж гаворка заходзіць пра запазычанні, пачынаюцца галаваломкі. Да гэтага пад увагу трэба ўзяць той факт, што ётаваных галосных у беларускай мове больш, чым, напрыклад, у рускай. Так, у беларускай мове ётаваныя галосныя на пачатку слова, пасля галосных і раздзяляльных знакаў абазначаюць два гукі: [й] + е ← [йэ], [й] + ё ← [йо], [й] + ю ← [йу], [й] + я ← [йа], [й] + і ←[йі].

У рускай мове апошняга пераходу не назіраецца. Як, дарэчы, і ва ўкраінскай: гукаспалучэнне [йы] там немагчымае, няма і мяккасці перад [ы]. Параўнаем функцыянаванне ётаваных галосных у трох усходнеславянскіх мовах (гл. табліцу ).

Табліца. Ётаваныя галосныя ва ўсходнеславянскіх мовах.

Беларуская моваРуская моваУкраінская мова
е←[йэ], ё←[йо], ю← [йу], я←[йа], і←[йі]: есці [йес’ц’і], ёмкасць [йомкас’ц’], юшка [йушка] з’ява [зйава], маіх [майіх]е←[йэ], ё←[йо], ю←[йу], я←[йа]: съел [сйэл], ёлка [йолкъ], вьюн [в’йун], лилия [л’ыл’ыйа]; аднак: соловьи [съл۸вйи]ϵ←[йэ], ї←[йи], ю←[йу], я←[йа]: ϵдыний [йэыдыныэй], їсти [йистыэ], в’юн [вйун], ялі/нка [йалынка]

Вядома, што ва ўкраінскім алфавіце няма літары ё. Спалучэннем ьо перадаецца мяккасць зычнага, а не раздзельнасць вымаўлення: не [слйоза], а [сльоза]. Паслядоўна перадаюцца ётаваныя галосныя ва ўласнай славянскай лексіцы.

Правапісу спалучэнняў галосных літар у словах іншамоўнага паходжання ў “Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (2008) аддаецца значная ўвага. Можна сцвярджаць, што правапісная практыка паслядоўна прыняла змены ў напісанні запазычаных слоў з ётаванымі галоснымі (тыпу ёёінг). Акрэслім найболып тыповыя выпадкі такога ўжывання.

Напісанне спалучэнняў галосных у словах неславянскага паходжання можа залежаць ад 1) націскной / ненаціскной пазіцыі; 2) размяшчэння спалучэння ў слове (прэпазіцыя, інтэрпазіцыя); 3) вымаўлення (раздзельна і разам); 4) размяшчэння пасля галоснага ці зычнага. Трэці пункт з пералічаных самы праблемны. Пра яго пагаворым у наступным артыкуле, калі прадметам аналізу стануць канкрэтныя выпадкі ўжывання імёнаў уласных тыпу Нью-Ёрк.

У “Правілах…” (2008), услед за “Правіламі…” (1959), прадпісваецца наступнае. Калі спалучэнні іо, йо ў запазычаных словах вымаўляюцца як два склады, тады яны на пісьме абазначаюцца літарамі:

іё (ыё) пад націскам: біёлаг (Потым пачалі атрымлівацца вершы… і неяк адразу ж зразумеў, што не хочацца мне быць вучоным-біёлагам, а вось пісьменнікам — яшчэ як!.. 31.08.20), бастыён (Ведаю, што быў напісаны і дакументальны раман “Керкінскі бастыён”… 15.01.21 ), Ліён (…адбудзецца віртуальнае слайд-падарожжа на радзіму кінематографа, у дом-музей сям’і Люм’ер у Ліёне. 30.11.20);

ія (ыя) не пад націскам: ажыятаж (Напрыканцы 2017-га ўзнік глабальны ажыятаж вакол спекуляцый з “крыптай”, што спарадзіла тысячы бескарысных токенаў і прычыніла інвестарам страты на мільярды долараў. 19.02.21), перыядычны (Трэба сказаць, што перыядычны кантроль за цэнамі ў краіне знаходзіўся ў полі зроку прафсаюзных спецыялістаў даўно. 19.02.21), нацыянальны (Нацыянальны конкурс “Каманда будучыні” пройдзез 11 да 26 сакавіка ў сталіцы. 11.03.21).

На пачатку слова спалучэнне іо ў запазычаннях можа вымаўляцца як два склады, тады яно на пісьме абазначаецца літарамі:

іо пад націскам: Іон (Лаўрэатамі прэміі ў гэтым годзе сталі азербайджанскі піяніст Фархад Бадалбейлі, армянскі фізік Сяргей Амбарцумян, кіргізскі кампазітар Муратбек Бегаліеў, малдаўскі пісьменнік Іон Друцэ… 1.06.16), Іосіф (“У цэлым дадзенае рашэнне аптымізуе працу супрацоўнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў”, — пракаментаваў Іосіф Ляшкевіч, дырэктар сельгаспрадпрыемства “Сяльцы”Глыбоцкагараёна. 28.11.20);

іа не пад націскам: Іанічнае мора (…навукоўцы даследуюць месца караблекрушэння XVI стагоддзя ў Іанічным моры, паведаміла міністэрства культуры і спорту Грэцыі. 13.10.14), Іакагама ([эканамічны форум] пройдзе ў маі 2018 годаў гарадах Токіа, Осака, Іакагама. 5.01.18), іарданскі (Пышнае свята “Купальскія гулянні” ўпершыню прайшло на іарданскай зямлі… 4.08.20).

Паміж галоснымі іё і ыё, ія і ыя ў беларускай мове вымаўляецца ўстаўны зычны [j], што адрознівае нашу мову ад рускай: біёлаг — биолог, аксіёма — аксиома, патрыёт — патриот і інш.

Спалучэнне іе абазначаецца на пісьме літарамі:

іе: гігіена, кліент, іерархія, іена, іерогліф, Іерусалім, іерыхонскі, іерадыякан, іераманах, іерарх, іерэй, квіетычны, кліент, сіена;

— ые: абітурыент, арыентацыя, арыета, аўдыенцыя, інгрэдыент, каэфіцыент, пацыент, трыера.

Неўнармаванасцю прымянення ў маўленчай практыцы характарызуецца арфаграма іе на пачатку запазычання. Гэта датычыць, напрыклад, напісання слова Іерусалім. Паданалізны матэрыял паказвае, што сёння існуюць два варыянты — Іерусалім і Ерусалім пры перавазе першага. Арфаграфічная сітуацыя выклікала шмат пытанняў падчас падрыхтоўкі праекта новай рэдакцыі правапісу. Напрыклад, прапаноўвалася на пачатку запазычанага слова іе перадаваць так: не Іерусалім, а Ерусалім; не Іерыхон, іерыхонскі, а Ерыхон, ерыхонскі; не Іельскі, Іена, а Ельскі, Ена.

Аналіз медыятэкстаў паказвае, што пры ўстойлівай тэндэнцыі да правільнага выкарыстання ўсё ж сустракаюцца некарэктныя напісанні слова Іерусалім і падобных да яго. Звернемся да медыйнай практыкі.

Напісанні слова Іерусалім, якія не адпавядаюць “Правілам…” (2008), складаюць крыху больш за 10% ад агульнай колькасці арфаграмных выкарыстанняў. Вось прыклады з газеты “Звязда” за перыяд з 2014 г. да лютага 2021 г.: Сімвалічна, што і сама Еўфрасіння… выправілася напрыканцы жыцця ў паломніцтва на Святую зямлю, у Ерусалім (28.02.21); Працягнуць праграму фільмы… “Таварыш дзіця”(Эстонія, 2018), “Падарожжа ў Ерусалім” (Германія, 2018) (3.12.19); Цяпер адна з іх — у Ерусаліме з дадатковым аддзяленнем у Модзіін-Іліце, а дзве іншыяў Брукліне (Нью-Ёрк) (17.10.19); …праводзіць гасцей з Беларусі… па турмаршруце “Малы Ерусалім” (17.01.19); 6 снежня 2017 года Трамп заявіў аб прызнанні Ерусаліма сталіцай яўрэйскай дзяржавы і пераносе амерыканскай амбасады ў гэты горад з Тэль-Авіва (16.01.18); Ён падкрэслівае становішча Ерусаліма як цэнтра эканамічнага жыцця царства ў другой палове VII стагоддзя да н. э. (29.09.16); Святкаванне Узвіжання запачаткаванае царквой пасля таго, якрымская імператрыца Алена здзейсніла паломніцтва ў Ерусалім у пошуках крыжа, на якім быўраспяты Ісус (27.09.16); Дарэчы, пра цярновы вянок Ісуса Хрыста згадваюць паломнікі IV- IX стагоддзяў, якія наведвалі Ерусалім (21.02.16); Акрамя таго, Абас заявіў, што на Блізкім Усходзе “не наступіць мір і бяспека да таго часу, пакуль Ерусалім не стане сталіцай Палестыны” (5.01.15). У апошнім выпадку можам назіраць некарэктнае ўжыванне лексемы Палесціна.

У выбарцы тэкстаў “Звязды” зафіксаваны праблемныя арфаграфічныя сітуацыі, якія маюць суб’ектыўны характар, звязаны са спецыфікай медыявытворчасці, а менавіта з такой экстралінгвістычнай уласцівасцю, як калектыўнае аўтарства публіцыстычнага тэксту. Так, у паданалізным медыятэксце “Звязды” ад 25.11.14 пад загалоўкам “Пасол Палесціны ў ААН: спробы Ізраіля змяніць статус Іерусаліма павінны быць ануляваныя” няма аднастайнага напісання слоў Палесціна і Іерусалім: Дзяржава Палестына (ДП) заклікала ў панядзелак Генеральную Асамблею (ГА) ААН дамагчыся анулявання ўсіх мер Ізраіля, накіраваных на змяненне статусу Ерусаліма, Мансур падкрэсліў, што “Аль-Кудс” (арабскае назва Іерусаліма) з’яўляецца сэрцам Палестыны; Паводлеяго слоў, “незаконныя спробы Ізраіля змяніць дэмаграфічны складнік і статус акупаванага ўсходняга Іерусаліма”. Навідавоку недагляд карэктара (рэдактара), пры тым, што загаловак выпраўлены некім іншым (адказным сакратаром ці самім галоўным рэдактарам?).

Наконт арфаграмы (арфаграма ёсць складанасць у выбары правільнага напісання па адпаведным правіле або па традыцыі) у лексеме Палесціна і яе інтэрпрэтацыях у розных даведніках пагаворым больш падрабязна іншым разам. Цяпер звернемся да традыцыйнай рэкамендацыі: «Зычныя д, т або дз, ц пішуцца ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем ва ўласных імёнах і назвах: Дадэ, Дэфо, дэ Бальзак, Дэтройт, Тэлаві, Атэла, Тэвасян, Тэкля, Тэкерэй, Тэрэза, Шаптыцкі, “Юманітэ”, Дзяніс, Гарыбальдзі, Дзвіна, Дзясна, Барадзіно, Уладзівасток, Градзянка, Плоўдзіў, Хрысціна, Цютчаў, Кацюбінскі, Вучэціч, Целяханы, Цімкавічы, Ціхвін, Быцень, Церак, Цюмень, Цюрынгія, Гаіці, Палесціна, Поці, Таіці і інш.» [2, с. 141].

Працягам недарэчных арфаграмных выпадкаў на паласе газеты, калі ў адным невялікім матэрыяле розніцца напісанне імя ўласнага Іерусалім, можна лічыць медыятэкст пад загалоўкам “Каталікі сёння святкуюць Уваход Гасподні ў Іерусалім, або Вербніцу” ад 25.03.18, у якім чытаем: У апошнюю нядзелю Вялікага посту вернікі хрысціяне святкуюць урачысты ўваход Ісуса Хрыста ў Ерусалім напярэдадні сваіх хросных пакут і Працэсія сімвалічна ўяўляе сабой людзей, якія выйшлі насустрач Збаўцу падчас Уваходу Гасподняга ў Іерусалім. Сітуацыя — аналагічная папярэдняй, калі ў загалоўку даецца нарматыўны варыянт, а ў самім тэксце — і нарматыўны, і ненарматыўны.

Падсумуем назіранні. Нарматыўнае выкарыстанне паданалізнай лексемы складае 94 выпадкі, а ненарматыўнае — 10 (10,6%). Заўважаецца тэндэнцыя да ўнармаванага выкарыстання імя ўласнага: Часта на кідушах майстры стараліся паказаць Іерусалім — той, якім яны яго сабе ўяўлялі, бо многім не тое што не пашчасціла пабываць на Святой зямлі, яны нават карцін з выявамі горада не бачылі (22.12.20); Гэта якраз быў час станаўлення гурта “Новы Іерусалім (16.04.20); Думкі пераносяць на два тысячагоддзі назад, калі Іерусалім быў у поўным падпарадкаванні Рыма (26.10.19); Таксама разглядаліся Іерусалім і Эйлат (13.09.18) і шмат іншых.

Такім чынам, разгледжаны прыватныя выпадкі перадачы спалучэнняў галосных у словах іншамоўнага паходжання, але гэтым не вычэрпваецца даволі вялікі пласт запазычанай лексікі, да аналізу якой звернемся ў наступных артыкулах нашай рубрыкі.

Матэрыялы Віктара Іўчанкава пад рубрыкай “Правапіс у дзеянні” друкуюцца з 2020 г.: “Правапіс літары о: пра што сведчыць частотнасць графемы” (№ 6), “Правапіс літары о: дынаміка засваенняў пісьмовай практыцы” (№ 7), “Літара а на медыйнай прасторы — выразнік беларускай адметнасці” (№ 8), “Фіналі -аль і -ар у медыйнай практыцы” (№ 9), «Літара я ў медыятэкстах газеты “Звязда”: выпрабаванне правапіснай практыкай» (№ 12).

Спіс літаратуры

1.      Гедзімін, Л. I. Правапіс спалучэнняў галосных у запазычаных словах: метадычны аспект Л. I. Гедзімін // Беларуская арфаграфія: здабыткі і перспектывы: : матэр. рэсп. навук.- практ. канф., прысвеч. 90-годдзю БДУ (Мінск, 20-21 кастр. 2011 г.). — Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2012. — С. 115-121.

2.      Іўчанкаў, В. I. Беларуская арфаграфія : апавяданні і гісторыі / В. I. Іўчанкаў. — Мінск : Пачатковая школа, 2010.

Віктар Іўчанкаў,

доктар філалагічных навук