2021 г. – 195 гадоў з дня нараджэння Андрэя Міхайлавіча Кульчыцкага [Электронны рэсурс] // Краязнаўства Берасцейшчыны. – Рэжым доступу: http://kb.brl.by/index.php/homehttp .– Дата доступу: 12.02.2021.

2021 г. – 195 гадоў з дня нараджэння Андрэя Міхайлавіча Кульчыцкага (1826–1888), дзеяча Рускай Праваслаўнай Царквы, епіскапа Туркестанцкага, Кастрамскога і Галіцкага

Андрэй Міхайлавіч Кульчыцкі нарадзіўся ў 1826 г. у вёсцы Камень-Шляхецкі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер в. Акцябр Кобрынскага раёна Брсцкай вобласці) у сям’і святара. Атрымаў імя Андрэй у гонар святога апостала Андрэя Першазванага.

Андрэй Кульчыцкі навучаўся ў Літоўскай духоўнай семінарыі (1841–1847). 26 верасня 1847 г. рукапаложаны ў свяшчэнніка Петрапаўлаўскай царквы ў Кобрыне. Назначаны настаўнікам гарадскіх вучылішч. Драўляная Петрапаўлаўская царква, вядомая як «Сувораўская», патрабавала рамонту, на маладога свяшчэнніка ляглі клопаты па збору сродкаў.

Толькі пяць гадоў працягвалася служэнне айца Андрэя ў Кобрыне, пасля чаго ўвесь ход яго жыцця крута змяніўся. У 1852 г. ён аўдавеў (магчыма, жонка памерла пры родах). Па правілах таго часу, удовін святар для таго, каб працягваць сваё служэнне, павінен быў прыняць манаскі пострыг. 8 лістапада 1852 г. свяшчэннік Андрэй Кульчыцкі прыняў манаства і атрымаў манаскае імя Аляксандр.

У 1853 г. айцец Аляксандр (Кульчыцкі) для працягу духоўнай адукацыі паступіў у Санкт-Пецярбургскую Духоўную акадэмію. Вучоба ў акадэміі – адной з лепшых вышэйшых навучальных устаноў у тагачаснай Расіі – адкрывала перад маладым іераманахам бліскучыя перспектывы. 14 мая 1857 г. скончыў курс акадэміі са ступенню кандыдата багаслоўя.

У лістападзе 1857 г. А. М. Кульчыцкі быў залічаны ў Пекінскую духоўную місію выкладчыкам славянскай мовы. Місія з’яўлялася культурым цэнтрам па вывучэнні гісторыі і культуры Кітая, у перыяд з 1852 г. па 1866 г. у Расіі выйшлі чатыры тамы «Труды членов Духовной миссии в Китае». А. М. Кульчыцкі выкладаў у Албазінскім вучылішчы, якое было створана кітайскім урадам для вывучэння еўрапейскіх моў. Схіліў у хрысціянства да 78 чалавек. Падчас сямігадовага знаходжання ў Кітаі вывучаў традыцыі і побыт гэтай краіны. Адным са значных яго жыццёвых дасягненняў з’яўляецца складанне руска-кітайскага слоўніка.

У 1964 г. А. М. Кульчыцкі звольнены з місіі, атрымаў водпуск з пенсіёнам. Пасля вяртання ў Беларусь працаваў інспектарам Полацкай духоўнай семінарыі (1866). 20 красавіка 1869 г. Аляксандр (Кульчыцкі) узведзены ў сан архімандрыта.

У 1871 г. некалькі месяцаў служыў у Санкт-Пецярбургу – «череда священнослужения и проповеди». З лістапада 1871 г. – настаяцель Мікалаеўскай царквы пасольства Расіі ў Рыме. Пяць гадоў паміж Расіяй і Папскай дзяржавай не было зносін, цяпер жыццё праваслаўнай царквы ў Ватыкане пачало наладжвацца. Для новага настаяцеля Мікалаеўскага храма гэта быў няпросты час, па сутнасці архімандрыт Аляксандр (Кульчыцкі) выконваў дыпламатычныя функцыі ў Ватыкане.

У 1878 г. у саборы Аляксандра-Неўскай лаўры Аляксандр (Кульчыцкі) рукапаложаны ў епіскапа Туркестанскага. У Туркестане ён наладжваў зносіны з мясцовым насельніцтвам, бо Расія падначаліла гэтыя сярэднеазіяцкія тэрыторыі зусім нядаўна. Быў абаронцам праваслаўнай веры і рускага насельніцтва. У 1881 г. заснаваў пры возеры Ісык-Куль Свята-Троіцкі мужчынскі манастыр, які ўладкоўваўся з вялікай цяжкасцю, насельнікі там не затрымліваліся.

28 сакавіка 1882 г. царкоўны асветнік А. М. Кульчыцкі ўзнагароджаны ордэнам святой Ганны I ступені. З сакавіка 1883 г. – епіскап Кастрамскі і Галіцкі. Аўтар прац па гісторыі царквы, геаграфічных нататкаў і інш.

А. М. Кульчыцкі памёр 16 снежня 1888 г., пахаваны ў Кастрамскім Іпацьеўскім манастыры, у царкве праведнага Лазара.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Працы А. М. Кульчыцкага

  1. Брак у китайцев / Александр (Кульчицкий), иеромонах // Китайский благовестите, 1907. № 7–10 ; 1908. № 16/17, 23–26, 29–32 ; 1909. № 2–6. (Отдельный оттиск. Пекин, 1908).
  2. Религиозно-нравственное состояние инородцев Туркестанского края и необходимость учреждения для них Православной Миссии / Александр (Кульчицкий), епископ // Православный благовестник. 1893. № 20. (Отдельный оттиск. М., 1893).
  3. Несколько слов, поучений и речей / Александр (Кульчицкий), епископ. – СПб., 1887. – II, 201 с.
  4. Внутреннее состояние униатской церкви в конце XVIII века / Александр (Кульчицкий). – СПб., 1858.

Аб жыцці і дзейнасці А. М. Кульчыцкага

  1. Черепица, Н. В. Кульчицкий Андрей Михайлович / Н. В. Черепица // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 515.
  2. Чарапіца, В. М. Кульчыцкі Андрэй / В. М. Чарапіца // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001. С. 171.
  3. Чарапіца, В. Кульчыцкі Андрэй (у манастве Аляксандр) / Валерый Чарапіца // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 303.
  4. Александр (Кульчицкий) // Русский биографический словарь : в 25 т. СПб. М., 1896–1918. Т. 1.
  5. Мароз, В. В. XV стагоддзе. Кобрын / В. В. Мароз // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. Мінск, 2018. С. 44–48.
  6. Митрополит Астанайский и Казахстанский Александр (Могилёв). Преосвященный Александр Кульчицкий, православный миссионер (18261888) : жизнеописание / Митрополит Астанайский и Казахстанский Александр. – Москва, 2012. – 304 с.
  7. Кульчыцкі Андрэй Міхайлавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. гал. бібліёграф С. Д. Курачук ; дызайн вокладкі: інжынер П. С. Грыневіч. 2-е выд., дапрац. і дап. Кобрын, 2020. С. 85–86. (Серыя «Імёны на карце Кобрыншчыны»).
  8. 195 гадоў з дня нараджэння А. М. Кульчыцкага (1826) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 18.
  9. Глазов, В. Преосвященный Александр Кульчицкий с православной миссией в Пекине, Риме и Туркестане / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2014. 10 июня (№ 20). С. 20.
  10. Комаров Н. Свято-Троицкий миссионерский монастырь при озере Иссык-Куль в Туркестане / Н. Комаров // Православный благовестник. 1894. № 4, № 6, № 8. (Отдельный оттиск. М., 1894).
  11. Кончина и погребение в Бозе почившего Преосвященнейшего Епископа Александра // Костромские епархиальные ведомости. 1889. № 1.

Кобрынскі раён

Акцябр

Кульчыцкі Андрэй Міхайлавіч

Царкоўныя дзеячы

Святары

Гісторыкі