2021 Лазаравіч, Д. Погляд знутры: сербская літаратура

Лазаравіч, Д. Погляд знутры: сербская літаратура / Даяна Лазаравіч ; [гутарыла] Вольга Рацэвіч // Маладосць. – 2021. — №10. – С.85-88.

Гутарка з сербскай пісьменніцай Даянай Лазаравіч.

Погляд знутры: СЕРБСКАЯ ЛІТАРАТУРА

Лазаравіч Даяна нарадзілася 12 сакавіка 1993 года ў Шабаце. Скончыла базавы курс і магістратуру філалагічнага   факультэта Бялградскага ўніверсітэта. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза літаратурных перакладчыкаў Сербіі. Піша вершы, прозу і перакладае. Аўтар чатырох зборнікаў паэзіі, рамана і адной духоўнай біяграфіі. Пераклала больш за трыццаць кніг, у асноўным з рускай, беларускай і англійскай моў на сербскую.

Паэтычныя пераклады Івана Чароты.

Чарота Іван нарадзіўся 16 верасня 1952 годаў вёсцы Лышчыкі Кобрынскага раёна. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вядомы славіст, перакладчык, літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Сербскай Акадэміі навук і мастацтваў, акадэмік Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама Расіі і Сербіі. Больш за дваццаць пяць гадоў узначальвае бюро секцыі мастацкага перакладу і літаратурных сувязяў Саюза пісьменнікаў Беларусі, перакладае з сербскай, харвацкай, славенскай, македонскай, польскай і іншых моў на беларускую і рускую, а таксама з беларускай і рускай на сербскую. Яго наробак — больш за 1200 друкаваных перакладаў, у тым ліку звыш 70 кніжных выданняў.

Крануць душу чытача

Даяна Лазаравіч — маладая сербская пісьменніца і перакладчыца, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій. Даяна шмат робіць для папулярызацыі твораў беларускіх класікаў у Сербіі. У 2017 годзе пераклала зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок» на сербскую мову, у 2020-м «Спадчыну» Янкі Купалы, пазней — анталогію беларускай хрысціянскай паэзіі (2019) і зборнік беларускіх народных казак (2020).

У 2018 годзе за ўклад ва ўмацаванне літаратурных сувязей паміж Беларуссю і Сербіяй Даяна атрымала грамату імя Францыска Скарыны ад Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Дыплом супрацоўніка Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску, стала лаўрэатам прэміі імя Чынгіза Айтматава.

У нашай размове — яе погляд на бягучы літаратурны працэс Сербіі.

— Спадарыня Даяна, нам цікавы ваш погляд на традыцыі і сучасны стан сербскай літаратуры. Якія творы складаюць яе «залаты фонд»? Каго сербскія чытачы называюць класікамі?

«Залаты фонд» сербскай літаратуры складаюць класікі, вялікія імёны — Барыслаў Станкавіч (раман «Нячыстая кроў / Нечиста крв»), Ісідора Секуліч («Лісты з Нарвегіі / Писма из Норвешке»), Лаза Лазаравіч («Апавяданні / Приповетке»), Іва Андрыч (раман «Мост на Дрыне / На Дрини ħуприја»), Мілаш Црнянскі («Раман пра Лондан / Роман о Лондону»), Даніла Кіш («Раныя беды / Рани јади»), Міларад Павіч («Хазарскі слоўнік / Хазарски речник»), Меша Селімавіч («Крэпасць / Тврħава»), Барыслаў Пекіч («Час цуд / Време чуда»), Растка Петравіч («Дзень шосты / Дан шести»), Мома Капор («Уна / Уна»), Драгаслаў Міхаілавіч («Калі квітнелі гарбузы / Кад су цветале тикве»). Усе яны паўплывалі на свядомасць людзей і развіццё культуры па-свойму.

Рэкамендую пашукаць гэтыя і іншыя кнігі ў перакладзе прафесара Івана Чароты.

— Як развіваецца сербская літаратура сёння? Хто з сучасных пісьменнікаў найбольш папулярны ў Сербіі?

Сёння ў сербскай літаратуры, як кажуць мае суайчыннікі-сербы, «ёсць і збожжа, і пустазелле».

Я не люблю гаварыць пра тых, хто найбольш папулярны (бо часта выходзіць, што гэта пустазелле). Мяне цікавяць толькі найлепшыя з іх (збожжа). З сучасных аўтараў рэкамендую пачытаць творы Горана Петравіча, Драгана Лакічавіча, Давіда Альбахары, Уладзіміра Кецманавіча, Слабадана Станішыча, Ясмінкі Петравіч, Слаўкі Петравіч Груічыч, Весны Відоевіч Гайовіч, Невены Вітошавіч Чэкліч, Ліляны Хаб’янавіч Джуравіч.

— Маладыя беларускія літаратары ўсё часцей захапляюцца новымі літаратурнымі формамі і накірункамі. Ці адбываецца гэткае ж у Сербіі? Па-вашаму, які ўплыў гэта аказвае на літаратуру?

Сербскія маладыя літаратары таксама захапляюцца новымі літаратурнымі формамі і стылямі. Гэта нармальна, маладыя людзі шукаюць сябе. Але ўсё залежыць ад таго, у якім кірунку яны павярнулі.

Якасны літаратурны твор відаць адразу, і наўрад ці яго можа неяк сапсаваць форма.

— Ці карыстаюцца попытам электронныя кнігі?

Канешне, карыстаюцца. Электронныя кнігі становяцца ўсё больш папулярнымі. I ў гэтым ёсць свая логіка. Электронныя кнігі таннейшыя, больш даступныя, і людзі прывыклі чытаць з экрана. Я таксама карыстаюся электроннымі кнігамі, асабліва калі чытаю творы замежных аўтараў,. якія не магу знайсці ў сербскіх бібліятэках.

— Апошнія дзесяцігоддзі ў еўрапейскай літаратуры назіраецца адыход ад класічнага вершаскладання. А як сёння гэта выкарыстоўваюць паэты Сербіі?

Сучасныя паэты Сербіі шмат карыстаюцца верлібрамі. Часам гэта іх натуральны спосаб самавыяўлення, часам — лянота і адсутнасць адэкватнага выказвання. На мой погляд, дрэннага стылю пісьма няма. Ёсць толькі злоўжыванне ім.

— Даяна, раскажыце крыху пра сербскія літаратурныя часопісы. Склад іх рэдакцый, працэс падбору матэрыялаў, тыражы. Ці лёгка там апублікавацца маладым?

Літаратурных часопісаў у Сербіі шмат, але падыход да працы ў іх не заўсёды якасны. Ёсць 10—15 часопісаў-«доўгажыхароў» з прафесійнай рэдакцыяй і высокімі тыражамі. Высокім называю тыраж у 200 і больш экзэмпляраў. Самыя якасныя выданні фінансуюцца з бюджэту Рэспублікі Сербія.

Ці лёгка там апублікавацца маладым? Гэта залежыць ад многіх рэчаў, але якасць іх твораў на першым плане. Адны рэдакцыі адразу адмаўляюць пачаткоўцам. Іншыя ствараюць спецыяльную рубрыку для маладых аўтараў.

— Якую функцыю выконвае Саюз пісьменнікаў Сербіі? Ці цяжка ў яго ўступіць? Колькі чалавек у яго ўваходзіць?

Якая яго рэальная функцыя сёння — гэта прадмет шматлікіх дыскусій. Каб стаць сябрам Саюза, вы павінны мець прынамсі адну выдадзеную кнігу і рэкамендацыкі аднаго з сяброў Саюза. Гэта ўсё. Колькі там маладых людзей — вялікае пытанне. На мой погляд, Саюз павінен правесці вялікую працу, каб прыцягнуць моладзь. А ці будзе так, пабачым.

На дадзены момант больш за 2000 пісьменнікаў з’яўляюцца сябрамі Саюза пісьменнікаў Сербіі.

— Назавіце, калі ласка, сваіх любімых пісьменнікаў. Чаму менавіта яны?

Люблю чытаць творы пісьменнікаў-класікаў усіх нацый: і паэтаў, і празаікаў. Некаторыя я чытала па некалькі разоў.

Нялёгка сказаць, каго я люблю больш за ўсё. Напрыклад, я зноў і зноў перачытваю паэзію Уладзіслава Петкавіча Дыса, Ёвана Ёванавіча Змая, Ёвана Дучыча, Міраслава Антыча, Мілана Ракіча, Міры Алечкавіч, Дэсанкі Максімавіч, Душана Радавіча.

Што да празаікаў, то ў дзяцінстве я палюбіла горкую іронію Даніла Кіша і па гэты дзень цытую яго ў розных сітуацыях. Калі б мы былі сучаснікамі, напэўна, пасябравалі б.

Чаму яны?.. Ведаеце, калі ты нешта любіш, то табе не патрэбна асаблівая прычына.

Штосьці або хтосьці натхняе, дзівіць, напаўняе душу. Добры пісьменнік павінен дасягнуць менавіта гэтага, крануць душу чытача, а не шакіраваць яго.

— Даяна, а над чым вы працуеце цяпер? Ці чакаць у бліжэйшы час вашы пераклады твораў беларускіх пісьменнікаў?

У кастрычніку чакайце на сербскай мове кнігу Адама Багдановіча «Пережитки древнего миросозерцання у белорусов», выдавецтва «Алма» ў Бялградзе.

Да канца гэтага года з’явіцца зборнік беларускіх народных легенд, укладзены прафесарам Іванам Чаротам. Яшчэ мне вельмі падабаецца чытаць навуковыя артыкулы прафесара Чароты. Час ад часу я перакладаю іх і спадзяюся, што з’явіцца такі зборнік. Гэта маё вялікае жаданне.

Таксама публікую пераклады беларускіх пісьменнікаў-класікаў, а часам і сучасных пісьменнікаў у часопісах Сербіі, Босніі і Чарнагорыі.

Калі вы спытаеце мяне пра лічбы, магу сказаць наступнае. На дадзены момант у мяне 34 перакладныя кнігі, 270 публіцыстычных артыкулаў, 360 індывідуальных перакладаў вершаў і прозы ў часопісах, а таксама 50 навуковых артыкулаў і літаратурных аглядаў. Калі вы спытаеце мяне пра ўзрост — мне 28.

Дзякуй за цікавыя пытанні і ўвагу! Сардэчна вітаю рэдакцыю «Маладосці», усіх вашых чытачоў і дарагую Беларусь!

Гутарыла Вольга РАЦЭВІЧ