2021 Чарота, І. Іван Пятровіч Шамякін i Сербія / Югаславія

Чарота, І. Іван Пятровіч Шамякін i Сербія / Югаславія / Іван Чарота // Полымя. – 2021. — № 10. – С. 115-118.

Іван Пятровіч Шамякін i Сербія / Югаславія

Тэма, да якой мы звяртаемся, зыходна прадугледжвае некалькі аспектаў. Між тым, у нас даўно ўжо пануе завядзёнка абыходзіцца калі не выключна, дык пераважна інфармацыяй пра здзейсненыя ў замежжы пераклады і выданні твораў таго ці іншага пісьменніка. Так што дазволім сабе і нашу гаворку распачаць з канстатацыі адпаведнага зместу, фармулюючы яе наступным чынам: выданне ў Бялградзе рамана Івана Пятровіча Шамякіна «Сэрца на далоні» (Шамјакин Иван. Срце на длану / Превод Д. Јакшиħ, поговор Л. Захаров. — Београд: Народна књига, 1965) уяўляе сабою вельмі значную вяху гісторыі літаратурных сувязей Беларусі з Сербіяй, ды і з Югаславіяй наогул. Ну а каб не сутыкнуцца з прынцыпова бясспрэчнай заўвагай, што падобныя сцвярджэнні трэба як след абгрунтоўваць, адразу ж возьмемся за факталагічны аналіз, які сам па сабе праграмуе выверанасць.

Перш за ўсё прымем да ведама пэўныя акалічнасці, якія адвольна інтэрпрэтаваць проста немагчыма. Скажам, тое, што перакладам менавіта гэтага рамана запачаткоўвалася знаёмства сербскахарвацкамоўных чытачоў з беларускай савецкай прозай перыяду пасля Другой сусветнай вайны; прычым выхад кнігі суправаджаўся дзвюма рэцэнзіямі ў аўтарытэтных літаратурных выданнях (Захаров Л. Судбине н сазнања // Стварање, 1965, бр. 9. С. 936—943); Петковиħ В. Пван Шамјакнн: Срце на длану // Књижевне новине, 29. 10. 1966. С. 4). Калі ж асэнсоўваць гэта ў шырэйшым часавым кантэксце, то высветліцца, што за два дзесяцігоддзі існавання сацыялістычнай Югаславіі (ФНРЮ — СФРЮ) кнігі беларускіх аўтараў у ёй не выдаваліся наогул, за выключэннем хіба што зборнічка народных казак (Белоруске народне бајке / Избор и превод Д. Перовиħ. — Београд: Народна књнга, 1963). Карацей кажучы, названае выданне шамякінскага рамана заслугоўвае, каб нашы бібліёграфы інфармацыю пра яго вылучалі з дапамогай тлустага шрыфту альбо суправаджалі трыма клічнікамі. Асабліва калі ўлічваць, што адназначна сціплымі таксама былі вынікі югаславянска-беларускіх кантактаў у папярэднія часы, прычым датычылася гэта і знаёмства са спадчынай нашых пісьменнікаў-класікаў. Так, за ўвесь перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі ў Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (КСХС, з 1929 г. — Каралеўства Югаславія) мелася адно толькі кніжнае выданне на сербскахарвацкай мове — аповесць «У Палескай глушы» Якуба Коласа (Коlаs .J. (Taras Gušča). U Poleskoj zabiti / Prev. S. Kirin. — Zagreb: Zabavna biblioteka, 1928). Праўда, на славенскай мове ў Трыесце была выдадзена яшчэ адна Коласава кніжка — «Малады дубок і іншыя аповеды» (Kolas J. Mladi hrast in gruge povesti / Prev. I. Dren. Trst: Goriška matica, 1933). А ў самім КСХС зусім невядомымі заставаліся творы Ф. Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Купалы, М. Багдановіча, З. Бядулі, не кажучы ўжо пра тых пісьменнікаў, што прыйшлі ў літаратуру пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, адносна якой югаславянскае Каралеўства мела супрацьлеглы курс у палітычным, ідэалагічным і духоўна-культурным планах.

Што ж датычыцца сувязей з Югаславіяй ужо сацыялістычнай эпохі, то, як гэта ні парадаксальна, збліжэнню і ўзаемадзеянню перашкаджаць зноў стала палітыка. Дакладней, разыходжанні актуальна-палітычных вектараў. Нягледзячы на тое, што нашы народы разам здабылі перамогу над фашызмам, культурныя сувязі між імі, не паспеўшы ўсталявацца, апынуліся ў жорсткай залежнасці ад разгортвання савецка-югаслаўскага палітычнага канфлікту, які ўспыхнуў у 1948 годзе і цягнуўся да сярэдзіны 1950-х. Ацэньваючы і далейшую гісторыю ўзаемаадносін, нельга не прызнаць, што супярэчнасці захаваліся ажно да развалу абедзвюх дзяржаў — паводле савецкай дактрыны, палітыка Югаславіі нязменна азначалася як рэвізіянісцкая. Разам з тым, аб’ектыўнасць усё ж такі патрабуе адзначыць, што праз дзесяць гадоў пасля ўтварэння ФНРЮ літаратурныя кантакты сталі паступова наладжвацца. Федэратыўную сацыялістычную ( а да таго ж — славянскую!) краіну пачалі наведваць-такі дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў. Сярод першых у складзе адной з такіх апынуўся аўтарытэтны беларускі паэт і грамадскі дзеяч Пятрусь Броўка. I вынікі, як кажуць, не прымусілі сябе чакаць: у адным з харвацкіх часопісаў з’явіліся пераклады трох яго вершаў ( Brovka P. Zarudela rujna, rumena oskoruša… — Potvrda srcem. — Mi smo — Hirošima / Prev. В. М. Divošiċ // Riječka, 1955, br. 7-10, s. 302, 305, 306-308), а праз некаторы час гэтае ж перыядычнае выданне змясціла і яшчэ тры творы (Brovka Р. Тrі рjesme: Skica. — Rodne rеčі. — Vojni оrkestar nа Вrodvaju / Рrev В. Мesaroviċ // Riječka revija, 1963, br. 5, s. 332-335). Згаданы часопіс быў не з катэгорыі сталічных і самых тыражных, аднак гэта быў той выпадак, калі ўсвядомлена здзяйснялася, як цяпер прынята гаварыць, прэзентацыя і творчасці канкрэтнага паэта, і нашай нацыянальнай паэзіі. Між тым, заўважаецца і належным чынам ацэньваецца гэта толькі пры ўважлівым рэтраспектыўным поглядзе і, што не менш важна, пры жаданні сапраўды асэнсаваць рэальны працэс. А ў агульнай сітуацыі таго часу гэтая з’ява заставалася, мяркуючы па ўсім, без асаблівай увагі.

Істотны зрух у югаслаўска-беларускіх кантактах намеціўся, хоць як след і не рэалізаваўся, вясной 1956 года, калі ў складзе турыстычнай групы Югаславію наведалі прадстаўнікі літаратурна-творчай інтэлігенцыі Беларусі — у прыватнасці, Максім Танк, Пімен Панчанка, Янка Брыль, Усевалад Краўчанка… Дарэчы, некаторыя з іх у рэспубліканскай перыёдыцы падзяліліліся сваімі ўражаннямі ад паездкі, тым самым паспрыяўшы нармалізацыі стаўлення да братняй краіны і яе грамадзян (Гл. : Беларусы пра Сербію і Югаславію / Белорусы о Сербии и Югославии. Укладанне, прадмова і каментарыі I. Чароты — Мінск: Белпрынт, 2015 С. 29—68). Як непасрэдна істотнае для нашай гаворкі падкрэслім, што кіраўніком гэтай самай турыстычнай групы быў Іван Пятровіч Шамякін. Праўда, магчымасць пазнаёміцца з яго ўспамінамі — цікавымі ў розных адносінах — з’явілася значна пазней (Гл. : Шамякін I. Ох, бабы! // Беларусы пра Сербію і Югаславію / Белорусы о Сербии и Югославии. Укладанне,прадмова і каментарыі I. Чароты — Мінск: Белпрынт, 2015. С. 29—68; паводле публікацыі: Беларуская думка. 2002, № 7).

Мяркуючы па ўсім, дарэчы, не без сувязі з прыгаданай паездкаю ў югаслаўскім перыядычным друку з’явіліся пераклады некалькіх твораў Янкі Брыля (Вrilj J. Nečemo joj reči. — Роbeda. — Маjka / Рrev. О. Вrajčiċ // Nedeljne informativne nоvіnе (Веоgrаd, 1958, br. 378; Вrilj J. Оn živi // Nedeljne іnformativne nоvіnе (Веоgrad), 1959, br 450; Вril J Оn živi. Рrеv. М. Š [N. Švajncer] // Роmurski vestnik, 4.02.1960).

Агульная карціна «асваення» літаратурнай прасторы Сербіі / Югаславіі беларускімі пісьменнікамі паступова дапаўнялася, але ўсё ж такі заставалася, так сказаць, кропачнай. З сярэдзіны 1960-х гадоў у сербскім друку сталі публікавацца таксама пераклады беларускай паэзіі — вершаў Максіма Багдановіча, Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Сяргея Грахоўскага, Еўдакіі Лось, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча і некаторых іншых. Ды гэта, зноў жа, былі творы асобныя і аб’ёмам невялікія. Кнігі з’явіліся там значна пазней. Першая з іх — зборнік А. Куляшова пад знарочыстай назвай «Беларускія бярозы» (Кулешов Аркадиj]. Белоруске брезе / Превели Р. Паjковиħ и М. Ђерковиħ / Неколико напомена о писцу и делу М. Ђ. — Београд: Петар Кочиħ, 1974), а другая — «Перапіска з часам» М. Танка (Таnk Маksim. Рrepiska sа vrenenom. Izbor, рrevod і рrеdgovor М. Đerkoviċ. — Веоgrаd: Novo delo, Kruševac:Ваgdаlа, 1986).

Дарэчы, з цяперашняй дыстанцыі нам можа здацца дзіўным, што пасля пераадолення югаслаўска-савецкага канфлікту і абрыву культурных сувязей спатрэбілася цэлая чвэрць стагоддзя, каб да сербскахарвацкамоўных чытачоў дайшлі творы Васіля Быкава (Биков Василь. Вучjи чопор / Превео с руског Мbлан Чолbħ ; предговор Иван Шоп; илустрациjе Г. Поплавски. — Београд : Вук Караuиħ; Москва : Прогрес, 1980; Биков Васиљ. Знак зла / Превела са руског Даница Jакшиħ. — Београд: Ново дело; Крушевац : Багдала, 1986). Крыху раней Васіль Уладзіміравіч быў прадстаўлены ў перакладзе на славенскую мову (Віkov V. Мartvі nе čutejo bolečin / Рrev D. Ž. // Ljbljanskі dnevnik, 12. 05. 1968— 13. 04. 1969; Віkоv V. Мrtvi nе čutejo bolečin / Іz ruščine рrev. Dušan Železnov. Ljubljana: Воrес, 1974; Віkоv V. Sotnikov. Роvest / Рrev. іz ruščinе Вrankо Аvsenak. Маkibor: Оbzorja, 1974). Аднак і гэтыя аповесці яго публікаваліся, падкрэслім, пасля выдання рамана I. П. Шамякіна «Сэрца на далоні». Немагчыма пакінуць без увагі тое, што абедзве кнігі Быкава на сербскахарвацкай мове — гэта выданні сумесныя, прычым першае з іх здзяйснялася, відавочна, па ініцыятыве савецка-дзяржаўнага боку, а другое выпусцілі разам два сербскія выдавецтвы, заснавальнікам і гаспадаром аднаго з якіх быў Момчыла Джэркавіч. Падкрэслім, што гэты тандэм выдаў таксама кнігу Максіма Танка, а М. Джэркавіч, акрамя таго, перакладаў раней і зборнік Аркадзя Куляшова. Уласна, у 80-я гады гэты сербскі паэт, перакладчык і выдавец быў калі не адзіным, то найактыўнейшым папулярызатарам літаратуры Беларусі ў Сербіі / Югаславіі, за што атрымаў самую высокую на той час нашу ўзнагароду — Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР.

Калі ж канцэнтраваць увагу на асноўным аб’екце нашага разгляду, трэба адзначыць, што раман I. П. Шамякіна з рускай мовы (хоць гэта ў выхадных звестках і не пазначалася) на сербскую пераклала Даніца Якшыч. Поўнай інфармацыі пра яе творчасць пакуль што адшукаць не ўдалося. На дадзены момант абмяжуемся вядомым: пазней яна перакладала «Знак бяды» Васіля Быкава (Гл. Прыведзеную вышэй бібліяграфічную даведку), а таксама раман Валянціна Пікуля пра імператрыцу Кацярыну II і Пацёмкіна.

А вось пра асобу аўтара грунтоўнага пасляслоўя, з дапамогай якога шамякінскі раман «Сэрца на далоні» ўводзіўся ў чытацкую прастору Югаславіі і якое цяпер спецыяльна перакладзена для часопіса «Полымя», варта сказаць падрабязней. Знаёмства з некаторымі іншымі публікацыямі гэтага аўтара, а таксама звесткі, сабраныя з розных крыніц (напрыклад, Leksikon ріsacа Jugoslavije, II. — Novi Sad: Маyica srpskа, 1979. S. 264—265; Jugosiovenski knjizevni leksikon. —Novi Sad: Маtiса srpska, 1984. S. 901; Руска емиграцuja у срnckоj култури XX века. Зборник радова. Т. II / Приредили М. Сибиновиħ, М. Межински н А. Арсењев. — Београд . С. 256), дазволілі скласці пра яго асобу досыць падрабязную даведку.

Горавіц-Захараў Леў (2.11.1903, Адэса — 25.10.1975, Бялград) — літаратурны крытык, публіцыст, пісьменнік-сатырык і перакладчык. У Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў апынуўся як член сям’і палітычных эмігрантаў з Расіі. Там завяршыў сярэднюю адукацыю (гімназія г. Скоп’е, 1921 год) і атрымаў вышэйшую (юрыдычны факультэт Бялградскага ўніверсітэта). З 1921 года выступаў у друку, супрацоўнічаючы з перыядычнымі выданнямі як Сербіі, так і рускай эміграцыі. Пісаў у асноўным на тэмы літаратуры і культуры, больш за ўсё — пра рускую літаратуру, на якой быў выхаваны. Своеасаблівым для эмігранцкага асяроддзя было яго стаўленне да літаратуры савецкай. Цікава, што яго публікацыям гэтай тэматыкі ўласціва не палітычная зададзенасць, а, наадварот, пазбяганне ці пераадоленне тэндэнцыйнасці. Такое ў надзвычай складаны перыяд 1920— 30-х гадоў было, мякка кажучы, не зусім тыпова, але якраз такі падыход спрыяў адэкватнаму стаўленню да сапраўды таленавітых пісьменнікаў Савецкай Расіі.

У час Другой сусветнай вайны Горавіц-Захараў апынуўся ў нямецкім канцлагеры. Пасля вызвалення ад фашысцкай акупацыі вярнуўся да ранейшых журналісцкіх і літаратурна-крытычных спраў, з часам усё больш паглыбляючыся ў літаратуразнаўства. Так ён выступіў як аўтар прадмоў і пасляслоўяў, а таксама як рэдактар-укладальнік сербскіх выданняў М. Гогаля, I. Тургенева, Т. Шаўчэнкі, Л. Андрэева, A. Талстога, А. Серафімовіча, М. Зошчанкі, М. Шолахава, Л. Ляонава, А. Грына, B. Пановай, I. Ільфа і Я. Пятрова, I. Эрэнбурга, Э. Багрыцкага… Дарэчы, выдаў свае асобныя кнігі па творчасці М. Шолахава і I. Ільфа і Я. Пятрова. Праявіў сябе таксама ў якасці сатырыка, аўтара ўдалых пародый. Акрамя таго, аказаўся не толькі запатрабаваным, але і высока ацэненым як перакладчык рускай паэзіі — у прыватнасці, твораў А. Пушкіна, А. Ахматавай, I. Буніна, В. Брусава, У. Маякоўскага, Э. Багрыцкага, Л. Мартынава, Я. Еўташэнкі. Якім чынам Л. Горавіц-Захараў выйшаў на творчасць Шамякіна, цяжка сказаць. Можна толькі яшчэ раз адзначыць, што перакладзенае намі пасляслоўе друкавалася таксама асобна як водгук у часопісе творчай інтэлігенцыі. Вось.тут зноў напрошваецца мімаходзь закранутае ў самым пачатку нашай размовы пытанне пра рознааспектнасць тэмы.

Але разгортваць яго будзем, дасць Бог, ужо іншым разам. А цяпер застаецца толькі прапанаваць чытачам «Полымя» безумоўна змястоўны артыкул югаслаўскага аўтара.

Іван Чарота