Чарота, І. А. Дыялог пакаленняў [Іван Чарота ; гутарыў] Цімафей Чарота // Маладосць. – 2022. — № 6. – С. 80-87 : фат.
Размова доктара філалагічных навук, прафесара, ураджэнца в. Лышчыкі Кобрынскага раёна Івана Чароты са студэнтам філалагічнага факультэта БДУ, унукам Цімафеем.
Дыялог пакаленняў
Чытачам «Маладосці» прадстаўляецца дыялог дзеда і ўнука, вельмі розных па поглядах і перакананнях, а тым і цікавы.
— Дзед, ёсць нагода пагаварыць і задаць табе многа розных пытанняў… А вось з чаго пачаць, не ведаю…
— У такім выпадку давай пачнем з таго, што ў нас з табою агульнае… Я маю на ўвазе не блізкае сваяцтва па крыві, а філфак БДУ, да якога ты маеш дачынне ажно цэлых два гады, а я — ўсяго толькі пяцьдзясят тры. Адпаведна, мы можам гаварыць пра тое, што істотна для цябе, у параўнанні з тым, што было і застаецца важным для мяне.
— Найхутчэй, у адпаведнасці з узростам і досведам, ты будзеш агучваць сваю варыяцыю шырока вядомага: «Няма таго, што раньш было»?
— А хіба ж не гэта якраз надае сэнс любому дыялогу пакаленняў? Галоўнае — каб маладыя людзі здольныя былі слухаць і разумець тое, што старыя намагаюцца ім данесці. У мяне ж ёсць пэўныя падставы спадзявацца, што параўнальны погляд на дарагую нашу альма-матар, не толькі дарэчны, але і карысны для вашай генерацыі. А ў якасці свайго зыходнага пасылу дазволю сабе заявіць, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт майго і твайго часу — дзве вялікія розніцы, як прывыклі выказвацца ў сродках масавай інфармацыі. Каб усвядоміць розніцу, трэба мець на ўвазе, што да 1969 года БДУ быў адзіным у рэспубліцы ўніверсітэтам і што ў наступныя два дзесяцігоддзі ён таксама заставаўся галоўнай навучальнай установай, а да таго ж па праву іменаваўся «флагманам навукі». I тады гэта ўсведамлялі ўсе…
Спрабуючы даходліва растлумачыць, што гэта азначае ў праекцыі на студэнцтва, прыгадаю адзін выпадак параўнальнага плана. Гадоў пятнаццаць таму давялося мне быць удзельнікам духоўна-гістарычнай канферэнцыі, якая часткова праходзіла ў Брэсцкім універсітэце, нядаўнім педінстытуце. I арганізатары, як гэта звычайна робіцца, каб запоўніць вялікую залу, у якасці слухачоў прывялі студэнтаў гуманітарных спецыяльнасцей. Седзячы ў прэзідыуме, я меў магчымасць назіраць за ўсёй аўтыторыяй, а найбольш мяне цікавіла рэакцыя прысутных студэнтаў на даклады. Відаць, заўважыўшы гэта, на перапынку падышоў да мяне брэсцкі калега і запытаўся: «Што, нашы студэнты адрозніваюцца ад вашых?» Раздумваць мне патрэбы не было, і я шчыра адказаў, што адрозніваюцца. «А чым?» — папрасіў удакладнення калега. Мой адказ быў такі: «У нашых студэнтаў адсутнасць увагі і відавочная абыкавасць абумоўліваецца пераважна тым, што яны, прайшоўшы папярэдне «элітныя» сярэднія школы, не лічаць патрэбным быць уважлівымі падчас лекцыі альбо дакладу: маўляў, нашто нам слухаць, калі мы гэта ведаем… А ў вашых студэнтаў агульная рэакцыя прыкладна такая самая, аднак з іншай матывацыяй: мы, канешне, гэтага не ведаем, аднак і не хочам ведаць…»
Што ж атрымліваецца? А тое, што маладыя ў лепшых выпадках — калі маюць галаву светлую, дзеля запаўнення патрэбнымі ведамі прыдатную,— здольныя ўспрымаць толькі асобныя, разрозненыя факты; прычым без належнай сувязі іх між сабою… У той час як сапраўдныя веды — гэта дакладнае ўяўленне пра максімальна вялікую сукупнасць фактаў звязаных і, што яшчэ важней, знойдзеных не абы-дзе.
Перасцерагаючыся, што растлумачыў не ўсё добра, згадаю яшчэ такі выпадак, мне вядомы не з жыцця, а з літаратуры. У свой час, «на зары савецкай улады», былі вельмі папулярнымі публічныя дыспуты, разлічаныя на моладзь, паміж Анатолем Луначарскім (народным камісарам асветы), і Аляксандрам Увядзенскім (так званым мітрапалітам). I на гэтым мерапрыемстве да высокапастаўленых дыспутантаў адзін малады чалавек звярнуўся з пытаннем: «А ці магу я сябе лічыць прыналежным да сапраўднай інтэлігенцыі?» «Ну, трэба мець вышэйшую адукацыю»,— пачаў фармуляваць адказ наркам. «Дык я вучуся ўжо ў другой вну!» — узрадаваўся хлопец. «Не, гэта не тое… Я меў на ўвазе, што вашы бацькі таксама павінны яе мець…» — пачуў амбітны пралетар удакладненне.
Калі ты, унучок, зразумеў апошнюю фразу літаральна, то глыбока памыляешся. Хітры Луначарскі тлумачыў хлопцу, што наяўнасць інтэлігенцыі ў грамадстве — тое, што выяўляецца не ў адзінках, а з’яўляецца вынікам пераемнасці, перадачы каштоўнасцей з пакалення ў пакаленне.
I гэта мае непасрэднае дачыненне да тэмы нашай гаворкі, бо ў адносінах да ведаў і да ўніверсітэцкай вучобы, на жаль, выяўляецца істотная розніца паміж нашымі пакаленнямі. Калі хочаш, можам удакладняць далей…
— Здагадваюся, канешне, што табе карціць падацца ў развагі, якім выдатным студэнтам быў ты, а вось я…
— Можаш быць спакойны, я і не збіраўся разглядаць нашы з табою «персанальныя справы», сябе хваліць — тым больш. Магу нават без комплексаў прызнацца, што як студэнт я дысцыплінаванасцю і заўважнай выкладчыкам руплівацю зусім не вылучаўся.
— У такім выпадку як жа ты збіраешся даказваць, што між намі рэальна істотныя адрозненні?
— Уласна, даказваць гэта асаблівай патрэбы няма. Дастаткова таго, што называецца эмпірычным вопытам нас абодвух. Але спачатку адзначу падабенства: і ў мой час, гэтаксама, які ў часы папярэднія, большасць студэнтаў на іспытах карысталася шпаргалкамі і ўжывала розныя штукарствы, каб перахітрыць экзаменатара. Гэта своеасаблівае спаборніцтва, якое і не трэба адмяняць. У ролі выкладчыка я да шпаргалак заўжды спакойна стаўлюся: па-першае, калі студэнт іх рыхтаваў, значыць у галаве нешта засталося; па-другое, мне ж патрэбна ацэньваць веды студэнта не па адным-двух пытаннях, а па сукупнаму матэрыялу курса, і адзнаку выставіць не за білет, напрыклад, № 13, а за ўвесь курс. А што датычыцца больш агульнага, то прынцыповую розніцу ва ўяўленнях пра веды і адносіны да іх я ўжо адзначыў. Хочацца дадаць толькі, што менавіта так, як я ўжо адзначыў, разумела веды ўсё маё пакаленне. Не меней істотна тое, адпаведна, што ўсе мы лічылі патрэбным веды атрымліваць. Скажу лепш так: у масе сваёй мы стараліся іх здабыць, а не проста атрымаць, застаючыся пасіўнымі, умоўнымі «атрымальнікамі». Так што пераважная большасць — сярод якой не апошнім быў і я, пры адкрыта прызнаных недахопах маёй натуры,— рэгулярна працавала ў бібліятэках; прычым запісваліся мы адразу ў некалькі. Філолагі, дарэчы, мелі вялікую перавагу, звязаную з тым, што Ленінка (так у той час называлася Нацыянальная бібліятэка) знаходзілася літаральна за дзвесце метраў ад будынка факультэта. Нават «акенцы» ў занятках дазвалялі туды хадзіць, і мы ўспрымалі гэта як справу, штодзённа патрэбную.
— Шчыра кажучы, я сапраўды не надта разумею, з-за чаго ў цябе песімізм, паколькі ў цяперашнім універсітэцкім навучанні не бачу нічога асабліва кепскага ні для цябе, ні для сябе. А вось пра савецкую сістэму адукацыі ў мяне, як і ў астатніх студэнтаў, уяўленні іншыя. Хіба не праўда, напрыклад, што яна была цалкам у падпарадкаванні камуністычнай ідэалогіі?
— Што ж, тады паспрабую коратка патлумачыць. I не будуць, пэўна, лішнімі, вось якія ўдакладненні. Сапраўды, з часоў «перабудовы» шырока распаўсюдзілася, а затым у свядомасці моладзі трывала замацавалася меркаванне, нібыта вышэйшая адукацыя савецкага часу была заідэалагізавана да поўнай страты жыццёвасці. Ды ўсё не так проста. Дзіўна, але ж сапраўды было многае, што трэба асэнсоўваць разважліва. Скажам, тое, што СССР пасля Вялікай Айчыннай вайны вяртаўся, няхай сабе парадаксальна, да вечных каштоўнасцей — не выпадкова ж «Маральны кодэкс будаўніка камунізму» своеасабліва дубліраваў запаведзі Божыя; як і тое, што краіна (лідар якой, М. Хрушчоў, адначасова з прыняццем згаданага «кодэкса» выхваляўся, што хутка пакажа савецкаму народу апошняга папȃ) праз дваццаць сем гадоў з размахам адзначыла 1000-годдзе Хрышчэння Русі. Я персанальна магу таксама служыць нейкай ілюстрацыяй таго, што сцвярджаю, бо ў савецкай сістэме і вучыўся, і працаваў, застаючыся беспартыйным, г. зн. не падпарадкаваным той быццам бы татальнай ідэалагізацыі. Што праўда, як студэнту мне даводзілася засвойваць «чырвоныя дысцыпліны» накшталт «Гісторыі КПСС», «Гістарычнага матэрыялізму», «Палітэканоміі сацыялізму», «Навуковага камунізму». Аднак канкрэтна таго, хто мне выкладаў «Навуковы камунізм», я дагэтуль успамінаю як сумленнага чалавека і разумнага спецыяліста. Зноў жа, пазней сам, выкладаючы савецкую літаратуру, павінен быў уключаць у экзаменацыйныя білеты пытанне пра «слынны» твор Л. I. Брэжнева — «Малая зямля». Ды перад экзаменам білет з гэтым пытаннем я проста здымаў са стала і хаваў, каб у студэнта заставалася магчымасць пра ўсё гаварыць сумленна, адкрыта, шчыра. Натуральна, патрыятызм і чалавечую годнасць ніхто не павінен быў адмаўляць. Аднак спецыяльнасць усё ж такі заставалася таксама пад увагаю сістэмы. I патрабаванні яна выстаўляла сур’ёзныя, аб’ектыўна высокія.
— Ну а наколькі гэта выяўлялася ў адзнаках?
— У нас хадзіў такі жарт: «Ёсць дзве мамагчымасці скончыць універсітэт: з чырвоным дыпломам, але з сінім носам, альбо з сінім дыпломам і з чырвоным носам…» Каб ты не пераводзіў на персаналіі, адразу скажу, што я, у канчатковым выніку, не трапіў ні ў адну з названых катэгорый. Калі ж сур’ёзна, то мушу прызнаць, што нас ацэньвалі ў асноўным справядліва. I практычна ўсе студэнты, якія мелі задаткі, рэалізоўвалі іх. Вядома, пры бягучых атэстацыях выяўляліся не толькі лепшыя індывідуальныя асаблівасці як студэнтаў, так і выкладчыкаў. Дарэчы, пры маёй вучобе ледзь не ў кожную сесію знаходзіўся прадмет, па якім здаць экзамен на добрую адзнаку ўдавалася не ўсім. Былі і такія выкладчыкі, міма якіх проста немагчыма «праскочыць». Ну а хто так ці інакш «прасоўваўся», атрымліваў права смела заявіць: «Што ж, К-ва (альбо Ц-ву) здаў — цяпер магу і жаніцца». Калі ж тваё пытанне абмяркоўваць ва ўсёй паўнаце, то я лічу, што пяцібальная сістэма ацэнкі ведаў з’яўляецца больш дасканалай (каб было месца для разваг, я б патлумачыў: іншая справа, калі дзесяцібальная карэгуецца сапраўднай сістэмнасцю. Напрыклад, калі вучням пачатковай, базавай і сярэдняй школ выстаўляюцца адзнакі ад 1 да 5, а ў школе вышэйшай — ад 5 да 10. Натуральна, дзеці на ніжэйшай ступені навучання не здольныя засвойваць тое, што адносіцца да ўзроўню вышэйшага. Такі самы падзел не выключаны і з яшчэ большай скрупулёзнасцю: на папярэдніх ступенях — ад 1 да 50, а на ўніверсітэцкай — ад 50 да 100. Зрэшты, дапушчальна пагадзіцца і з цяперашнім парадкам, толькі пры непарушнай умове — абавязкова карыстацца поўным дыяпазонам, пачынаючы з 0, праз 1, 2, 3… А так цяперашняя тройка ўраўнялася з колішняй, пры тым што пяцёрка дэвальвавала ў разы).
— Дык гэта ж залежыць, перш за ўсё, ад выкладчыкаў!
— Э не! Перш за ўсё — ад студэнцікаў. Але твая рэмарка вывела на важнае пытанне пра адносіны студэнтаў з выкладчыкамі. У нас яны былі досыць іерархізаванымі, што абумоўлена не толькі ўзростам, але і ўсімі сацыяльнымі ўмовамі, у тым ліку і высокім грамадскім статусам універсітэцкага выкладчыка. Своеасаблівай ілюстрацыяй можа паслужыць наступная «карцінка»: двое студэнтаў, не здаўшы своечасова залік па лацінскай мове, вымушаны ехаць на кватэру да выкладчыка П., які ўжо досыць паважанага ўзросту (казалі, выкладаў яшчэ ў дарэвалюцыйнай гімназіі). Той пускае хлопцаў у кватэру, але залік прымаць не спяшаецца, а заяўляе, што спачатку іх павінен паслухаць унук; і сам знікае. Хлопцы, хоцькі-няхоцькі, адказваюць унуку гадоў пяці. Праз пэўны час вяртаецца галоўны экзаменатар і задае адно пытанне: «Ну як?» «Слаба»,— канстатуе юны зцаўца класічнай мовы. Пасля гэтага студэнтаў адпускаюць ні з чым.
— I што, вы цярпелі такія здзвкі ад многіх выкладчыкаў?
— Наўрад ці варта ўспрымаць апісаны выпадак як ілюстрацыю тыповых адносін. Мне, калі азіраюся, бачна іншае. Скажам, тое, як дацэнт М. на экзамене, неяк сарамліва сціскаючы зубамі пазногаць мезенца левай рукі, пытаўся ў слаба падрыхтаванага студэнта: «А вы не пакрыўдзіцеся, калі я вам пастаўлю чацвёрку?» Студэнт, паколькі адказваў кепска, за што заслугоўваў двойку, спачатку ўздрыгваў ад нечаканасці, а потым паблажліва згаджаўся. Наогул жа выкладчыкі ў адносінах да нас трымаліся строга, а разам з тым вельмі па-людску. Здараліся і зусім нешэраговыя выпадкі. Апісваючы яшчэ адну сітуацыю, павінен адразу падкрэсліць, што ў нашым факультэцкім буфеце заўсёды прадавалася піва. А на святочны вечар (здаецца, быў ён прысвечаны Дню Перамогі) падвезлі і мацнейшых напояў. Мы, трое хлопцаў-першакурснікаў, заскочыўшы туды, воддаль ад стойкі пераміналіся з нагі на нагу — хацелі сёрбнуць крыху, для смеласці. Тут заходзіць дацэнт К., які ў нас чытаў вялікі двухсеместравы курс — ветэран вайны, баявы старшына, і бадзёра так звяртаецца да нас: «Што, мужыкі, па сто пяцьдзясят?» Мы, канешне ж, успрымаем яго зварот як жартоўны і хмыкаем. Ды ён тым часам буфетчыцы замаўляе чатыры шклянкі гарэлкі і падзывае нас. Збянтэжаныя, мы падыходзім, нязграбна чокаемся і разам выпіваем. Дык вось, на працягу больш як пяцідзесяці гадоў я з удзячнасцю ўспамінаю гэта. I ўдзячнасць мая — не за шклянку выпіўкі і не толькі за тое, што бывалы чалавек уважыў, што называецца, смаркачоў…
— Гэта цікава, бо сапраўды выпадак нестандартны… А давай яшчэ пагаворым пра тое, што ў нас агульнага. Раскажы, напрыклад, як вам плацілі стыпендыю.
— Са стыпендыяй у гады майго студэнцтва было ўжо аналагічна, як і цяпер. Хто стараўся вучыцца, яе атрымліваў — у звычайным памеры (35 рублёў), а калі здаваў сесію выдатна, то і ў павышаным; на пятым курсе памер звычайнай — да 45 рублёў. Існавалі таксама стыпендыі асабліва значныя, імянныя. Памер самай высокай з іх, Ленінскай, складаў 100 рублёў. Такой была і зарплата школьнага настаўніка з вышэйшай адукацыяй (пра гэта гавару таму, што ў школах тады працавалі многія і без вышэйшай адукацыі). А вось патрэбы ў той час былі зусім іншымі. Напрыклад, адзін наш калега не атрымліваў аніякай дапамогі з дому, паколькі застаўся без бацькі, а ў маці заробак быў вельмі сціплы. Дык гэты хлопец не толькі сам жыў на стыпендыю, але яшчэ і пасылаў кожны месяц па дзясятцы рублёў меншай сястры-школьніцы. Многія з нас падпрацоўвалі. Часцей за ўсё — разгружалі вагоны; некаторыя браліся за доўгатэрміновыя працоўныя абавязкі — дворнікаў, начных вартаўнікоў. Я меў істотныя прывілеі, паколькі ўжо з другога курса падпрацоўваў гідам-перакладчыкам — ездзіў па Савецкім Саюзе з югаслаўскімі турыстамі, што давала не толькі заробак, але і моўную практыку, і, што не менш важна, вызваленне ад заняткаў. Калі ж абагульняць вопыт пакалення, то павінен зноў падкрэсліць, што ўсё названае абумоўлівалася асноўнымі жыццёвымі патрэбамі.
— Даводзілася чуць, што ў ваш час кнігі былі дэфіцытным таварам? Гэта праўда? Затое цяпер кніг — колькі хочаш і якіх хочаш.
— Праўда. Аднак змену сітуацый трэба доўга тлумачыць. Калі ж адказваць коратка, то павінен звярнуць увагу перш за ўсё вось на што. Сапраўды, кніг стала намнога больш. Магчыма, нават замнога. Ды гэта не з’яўляецца сведчаннем лепшага стану. Інтэрнэт і рынак папяровых выданняў перанасычаны, якасць кніжнай прадукцыі рэзка ўпала, крытэрыі ацэнак твораў непараўнальна знізіліся… Уласна, цяпер нават сталым і дасведчаным людзям арыентавацца ў такім «кніжным свеце» няпроста. А што ўжо казаць пра юных студэнтаў!
I ў сувязі з гэтым я часткова разумею ваша пакаленне, вымушана абыякавае да ўсяго, што адбываецца з кнігамі на этапах іх напісання, апрабацыі, выдання, ўспрымання. А тым больш да таго, як складваюцца ўмовы функцыянавання выдавецтваў і аўтарытэтных часопісаў. А ў сувязі з чытацкім вопытам скажу: у савецкі час я выпісваў пяць-шэсць часопісаў «Літаратурную газету», «Літаратуру і мастацтва» .(…). Цяпер, не буду хлусіць, калі гляджу на цэны падпіскі, таксама толькі ўздыхаю…
— Дык гэта ж азначае, што ўсё істотнае для вас аджыло, у нябыт адышло? А таксама, што ні пісьменнікаў, ні чытачоў у традыцыйным для цебе разуменні ўжо не будзе?
— Па-мойму, зусім не азначае. Адчуваючы, што многія і з твайго пакалення, і з майго будуць пярэчыць, я ў працэсах змен бачу іншае. Згодзен, гэта крыху нечакана для маіх равеснікаў, бо для іх звыклай і незаменнай характарыстыкай нашага народа застаецца тое, што ён чытае больш за ўсіх на свеце. Між тым, я асаблівай бяды не бачу ў сітуацыі, калі чытаць будзе хоць 15% насельніцтва. Гэта цалкам нармальна. Прыкінь, што не больш чытачоў налічвалася ў залаты і сярэбраны вякі літаратуры ў Расіі. Не больш чытачоў налічвалася таксама на першую палову XX стагоддзя ў Заходняй Еўропе і суседняй Польшчы. Тут важней іншы аспект — што і нашто чытаць; з адпаведнымі задачамі філфака — выхоўваць чытачоў-грамадзян, якія не толькі здольны цаніць сапраўднае мастацтва слова, але і разумець сваё месца ў грамадстве.
— Аднак у СССР твайго часу, як ты сам казаў, колькасць чытачоў была значна большай?
— Казаў, і нічога не выдумаў. Прычым гэта цалкам заканамерна. У 1960- 80-я гады можна было назіраць, як большасць пасажыраў гарадскога транспарту чытае кнігі і газеты. Так што познесавецкія людзі мелі права ганарыцца і нават хваліцца сваёй схільнасцю да чытання. Разам з тым нельга абмінаць і супярэчнасці, якія тады, праўда, змен не прадвяшчалі і пагрозы не ўяўлялі. Я маю на ўвазе тое, што людзі многа чыталі і хадзілі на стадыёны, дзе выступалі паэты, аднак пры гэтым у грамадскай свядомасці дамінавала захапленне навукова-тэхнічным прагрэсам, калі не сказаць, што пакланенне яму. Дарэчы, калі я заканчваў школу, шырокую распаўсюджанасць і ледзь не вышэйшую атэстацыйную значнасць атрымаў верш Барыса Слуцкага, у якім рэгламентавалася: «Что-то физики в почете. / Что-то лирики в загоне. / Дело не в сухом расчете, / Дело в мировом законе». Адпаведна, хлопцы з філалагічнымі схільнасцямі лічыліся белымі варонамі, калі не паршывымі авечкамі. I ў наступныя дзесяцігоддзі такая тэндэнцыя не вельмі змянілася. Ды і цяпер на філфаку пераважаюць дзяўчаты, нягледзячы на тое, што прыёмныя камісіі наўрад ці забываюцца пра «аперацыю «Штаны», сэнс якой — усё-такі аддаваць перавагу абітурыентам-хлопцам; вядома, не парушаючы законаў і правоў дзяўчат. Я таксама заўжды з надзеяй углядаюся ў хлопцаў і гатоў іх падтрымліваць, але мушу прызнаць, што дзяўчаты-філалагіні ў масе сваёй больш адказныя, дысцыплінаваныя. Думаю, дадаткова няма патрэбы тлумачыць, што ў гэтым нашы пакаленні мала адрозніваюцца.
— Я не паспеў яшчэ спытацца пра тое, як вы калісьці бавілі свой вольны час. Маю на ўвазе відавочную розніцу ў магчымасцях, якую ты і сам адзначаў. Ды ці было ў вас штосьці такое, чаго няма ў нас?
— Можна было б і пабурчаць наконт сучасных забаў, як належыць старому чалавеку. Але не буду. Разумею, што старэчая зануднасць раздражняе альбо проста забаўляе. Некалі асобныя моманты з расказаў майго дарагога дзеда пра тое, як яны арганізоўвалі танцы і да іх рыхтаваліся, мяне смяшылі. Ну а пра сваю студэнцкую пару магу сказаць, што самыя цікавыя і прыемныя ўспаміны ў мяне звязаныя з інтэрнатам на Паркавай магістралі (цяперашні праспект Пераможцаў). Там, зрэшты, прайшло не толькі студэнцтва, бо ў гэтым інтэрнаце я пражыў пятнаццаць гадоў, адтуль і бацька твой у чатыры класы школы хадзіў… Але гэта асобная тэма.
А з успамінаў бесклапотнага студэнцтва ўсплывае многа чаго. Напрыклад, тое, як у нашым інтэрнацкім пакоі нарадзіўся рок-гурт «Лэйдбэжэн», адзіны ў рэспубліцы на той час. Ты нават не чуў пра такі? Ну і не бяды. Мы, яго стваральнікі, пра даўгавечную славу не клапаціліся. Для нас важна было самім узрушацца, складаючы музыку, цэлыя кампазіцыі, граючы і спяваючы да самазабыцця.
— На чым жа гралі?
— У складзе гурта нашага былі акардыяніст, гітарыст; астатнія ж віртуозна падтрымлівалі іх, выкарыстоўваючы звычайную расчоску, патэльню, парожнюю каструлю… Каб не інтрыгаваць далей, скажу, што экзатычная назва нашай творчай суполкі на зразумелую мову перакладаецца проста: «Лайдакі». Так мы самі сябе ўспрымалі і з сябе пацяшаліся.
— Дык атрымліваецца, што ў маладосці занудам ты не быў?
— Атрымліваецца, што мала толку табе ад цытаванага меркавання: «Блажен, кто смолоду был молод…» Тады паўтару гэта простымі словамі свайго мудрага дзеда, які той самы сэнс перадаваў так: «Усе былі маладымі: а значыць — і дурнымі». Іншая справа, што нягожа, калі дураслівасць, безалаберная інфантыльнасць так і застаецца. Таму дадаткова папярэджваю, што гэта не трэба блытаць з евангельскім пажаданнем: «Будзьце як дзеці!» Варта ўлічваць таксама, што з узростам усё ж такі павінна фарміравацца імкненне зразумець, дзеля чаго цябе паслаў Бог на гэты свет; ці хоць бы ўсведамленне, чаму нельга дапусціць, каб толькі з набліжэннем старасці адкрылася ісціна, ад якой страшна-такі: жыву я лёгка, але ж бесталкова, як быццам сапраўды тут вечны. Што ж, у пэўнай ступені легкаважнасць і безагляднасць уласціва ўсім маладым. Толькі многія, з узростам набываючы досвед, такі лад жыцця мяняюць.
I мне б вельмі хацелася, каб гэта ў як мага большай ступені датычылася вас — маіх унукаў і маіх студэнтаў. Разам з тым, разумею, што я пры ўсім жаданні мала што магу змяніць, паколькі цяперашнімі ўмовамі мне адведзена зусім сціплая роля.
— А што наконт вечнай праблемы «бацькі і дзеці»?
— Наконт «вечнасці» ты тут перабраў, паддаючыся навязанаму стэрэатыпу. Справа ў тым, што гэта свайго роду ідэалагема, якая стала распаўсюджвацца і наўмысна акцэнтавацца ў грамадстве, якое трэба падрыхтаваць да калізій паміж пакаленнямі, каб стварыць так званую рэвалюцыйную сітуацыю. А ўвогуле такія калізіі прыродай не праграмуюцца і здаровым соцыумам не прадугледжваюцца. Як гэта нармальныя бацькі ў нармальных умовах могуць супрацьпастаўляць сябе сваім дзецям? I чаму нармальныя дзеці павінны супрацьпастаўляцца нармальным бацькам, калі нормаю з’яўляецца толькі ўдзячнасць ім? Асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, калі бацькі бяруць на сябе ўтрыманне дзяцей да пяцідзесяцігадовага ўзросту… Так што не варта без развагі прымаць шкодныя стэрэатыпы. Іншая справа, і гэта небяспечна, што ў маладога пакалення цяпер абсалютызуецца эгаізм. Ну а што датычыцца ўзаемаадносін паміж дзядамі/бабулямі і ўнукамі, дык тут з’яўляюцца яшчэ дадатковыя станоўчыя моманты. Старыя не заўсёды ў свой час маглі, па прычыне занятасці працай і таго, што самі яшчэ не мелі належнага жыццёвага вопыту, укласці ў выхаванне дзяцей тое, што трэба па максімуму. I вось на ўнуках гэта кампенсуюць, часам нават не зважаючы на меру. Ды ў гэтым якраз і выяўляецца рэальная адсутнасць канфлікту між пакаленнямі. А яшчэ — нармальнасць, каб разам жылі хоць бы тры пакаленні… Разумею, што гэта маладых людзей стала палохаць. Як жа так? А што тады застанецца ад патрэбнай нам свабоды?!
— А ты задаволены сваёй сям’ёй?
— Хоць і не ўсё, і не заўсёды было гладка, чаму прычынай асаблівасці маёй натуры, але, цвяроза ўсё ацэньваючы, павінен сказаць, што не магу скардзіцца. Нават больш таго, маю права лічыць сябе шчаслівым. Найперш ад таго, што мяне любілі ўсе блізкія. Гэта я заўжды адчуваў і не перастаю цаніць. Я іх люблю таксама, незалежна ад таго, што многія ўжо адышлі ў лепшы свет. А жывых люблю асабліва.
— I нічога іншага не хочаш?
— Чаму ж не. Хацеў бы, напрыклад, каб было больш унукаў, а таксама праўнукаў. Але гэта ўжо ад вас залежыць.
— Жыццём сваім ты задаволены таксама?
— Зноў жа, ёсць усе падставы быць задаволеным. Бо не толькі сямейнае жыццё склалася, дзякуй Богу, спрыяльна. Я заўсёды займаўся тым, што па душы. У працоўна-службовых адносінах таксама сур’ёзных канфліктаў мне ўдавалася пазбегаць. Можа, у нейкай меры таму, што мяне кар’ера як такая ніколі не цікавіла. Галоўнай мэтай заўсёды было не ўхіляцца ад справы, якой пакліканы служыць. А ўсё астатняе лічу дадатковым і неабавязковым.
— Што ж ты вызначаеш у якасці галоўнай справы свайго жыцця ?
— Служэнне Слову (з вялікай літары, бо Слова — гэта адно з іменаванняў Бога). I служэнне Асвеце (таксама з вялікай літары, бо разумею як паняцце, утворанае ад Святла, г. зн. таксама Бога).
— А калі больш канкрэтна?
— Магу і канкрэтызаваць. Недзе ў гадоў 13—14 я адназначна ўсвядоміў, кім хачу стаць, паколькі кнігі крытыкаў і літаратуразнаўцаў мне здаваліся цікавымі больш за дэтэктывы (якія, дарэчы, мяне мала прыцягвалі і тады, і цяпер). Такую цягу заўважалі і школьныя настаўнікі. Мне давялося вучыцца ў чатырох школах; апошняя — СШ № 2 г. Кобрына плюс музычная. Зразумела, што ў кожнай з іх, калі я прыходзіў, была ўжо ўсталяваная «лесвіца» — свае выдатнікі і ўсе астатнія, адпаведна заслугам; так што патрэбна было кожны раз дабівацца таго месца, якое лічыў заслужаным. У музычнай школе сваё месца я бачыў між добрых, але не самых лепшых. Адчуваў, што гэта не маё і што ёсць больш здатныя. У агульнаадукацыйнай школе прайшоў сур’ёзнае выпрабаванне замежнай мовай. Нават праз чвэрць (і палову) стагоддзя аднакласнікі на сустрэчы выпускнікоў згадвалі, што калі на першым уроку настаўнік па-нямецку спытаў у мяне, якую я хачу адзнаку атрымліваць, то пачуў у адказ, таксама па-нямецку: «выдатна». Ледзь не ўвесь клас хіхікаў, што я, недарэка-вясковец, асмельваюся прэтэндаваць на такое… Наступны ўрок пачаўся з апытання мяне, і я атрымаў «выдатна». I так было да канца навучання ў школе. I той самы настаўнік, дзяжурачы па школе і ганяючы курцоў, для мяне рабіў выключэнне, а перад выпускам угаворваў, каб я паступаў у інстытут ваенных перакладчыкаў, начальнікам якога быў яго блізкі сябар. Ды ў ваенную сістэму ісці мне проста не хацелася, пры ўсёй павазе да настаўніка, і перакладчыкам быць не хацелася. А замежныя мовы я і потым вывучаў не без поспеху, бо з ранняга дзяцінства мне яны лёгка даваліся (я адначасова пачаў чытаць па-беларуску, па-руску, па-ўкраінску і па-польску, не надаючы гэтаму значэння). Між тым, пазней давялося зарабляць на хлеб перш за ўсё якраз перакладамі — і вуснымі, і пісьмовымі. Бо за выкладчыцкую працу плацілі і плацяць даволі сціпла; праўда, за перакладчыцкую апошнім часам таксама. Правідэнцыйнай кампенсацыяй, відаць, трэба лічыць тое, што ўжо ў сталыя гады я аказаўся далучаным да перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову, а гэта з’яўляецца выключнай школай філалогіі наогул. Асаблівае месца занялі ў маім лёсе сербская мова і сербістыка, якой я аддаў паўстагоддзя жыцця і дзякуючы ёй стаў акадэмікам Сербскай акадэміі навук і мастацтваў, носьбітам вышэйшых узнагарод гэтай краіны.
Увогуле ж, я «шматстаночнік» ці, як азначыў адзін старэйшы калега, працаўнік на «шматпольнай гаспадарцы», пра што сведчыць мая персанальная бібліяграфія: больш за 700 навуковых прац, а перакладных апублікавана каля 2000; усяго недзе 150 кніг і брашур, з якіх большая палова — перакладныя; і за мяжою я выдаў больш дзясятка кніг, папулярызуючы беларускую славеснасць.
— Значыць, арыгінальнай літаратурнай творчасцю не займаўся?
— Хм, займаўся ўсё жыццё. Бо крытыка і літаратуразнаўства — гэта ў поўнай меры заняткі творчыя, гэтаксама як і пераклад, асабліва паэтычны… Крытыкай мне давялося займацца больш за ўсё ў 1980-я гады. Лічу, што не зусім марна. Тады, напрыклад, з выдавецтва мне на рэцэнзію трапіў вялізны рукапіс Анатоля Сыса, з-за якога я ноч не спаў, бо незвычайна радаваўся, што магу падтрымаць такі яркі талент. I, дарэчы, стаў тытульным рэцэнзентам «Першай кнігі паэта» Сыса. Так што ў «недапісьменнікі» мяне наўрад ці запішаш. Неаднойчы, у тым ліку публічна, мне задавалі пытанне, ці пішу я вершы. I я шчыра адказваў, што пішу з самага маленства, толькі друкаваць іх не збіраюся, пакуль што. Справа ў тым, што прафесійны крытык і літаратуразнавец абавязаны мець строгія крытэрыі ў адносінах да любых тэкстаў, уключаючы і свае. Некалі адзін савецкі крытык безапеляцыйна выказаўся, што філолаг павінен умець напісаць раман, няхай сабе і кепскі. Дык вось я з гэтым не згаджаюся. Па-першае, «умець» не азначае «напісаць»; па-другое, нашто ж пісаць кепскія раманы, вершы… Улічваючы мой статус, каб студэнты крытыкавалі?
— I што ж ты, які лічыш сябе шчаслівым, мог бы пажадаць нашаму пакаленню?
— Ад шчырага сэрца жадаю, каб пры канцы зямнога жыцця вы таксама лічылі сябе шчаслівымі — і па сваіх заслугах, і дзякуючы Божай міласці.
Фота з архіва I. Чароты