Іўчанкаў, В. І. Стылістыка праз усё жыццё… : да 100-годдзя з дня нараджэння Міхася Цікоцкага / Віктар Іўчанкаў // Роднае слова. — 2022. — № 2. — С. 63.
СТЫЛІСТЫКА ПРАЗ УСЁ ЖЫЦЦЁ…
Да 100-годдзя з дня нараджэння Міхася Цікоцкага
Часам цішыню медыятэкі імя М. Я. Цікоцкага факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта парушаюць гукі ўрачыстых мерапрыемстваў. I здараецца гэта толькі ў выключных выпадках, калі ўшаноўваюць выбітных журфакаўцаў. Так, у мінулым годзе ў ёй славілі прафесара Алега Слуку, прафесара Таццяну Дасаеву. Гэты год пачаўся з ушаноўвання легендарнай постаці факультэта журналістыкі — Аляксандра Свораба, які адзначыў 75-гадовы юбілей і 50-годдзе працы ва ўніверсітэце. Прайсці праз гэтую залу маюць гонар людзі, блізкія па духу і памкненнях Міхасю Цікоцкаму, заснавальніку беларускай стылістыкі, заслужанаму работніку адукацыі Рэспублікі Беларусь, доктару філалагічных навук, прафесару, ветэрану Вялікай Айчыннай…
Ціха гучыць фартэпіяна, клавішы якога краналі рукі не толькі Міхася Яўгенавіча, але і яго бацькі Яўгена Карлавіча Цікоцкага — слыннага беларускага кампазітара, народнага артыста СССР. I здаецца, што гісторыя і сучаснасць сышліся, каб сагрэць душы і сэрцы прысутных, наталіць родным словам, песняй і музыкай.
Рашэннем савета Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта медыятэка — жамчужына мультымедыйнай бібліятэкі — з 2012 г. носіць імя прафесара Цікоцкага. У ёй рэалізавана канцэпцыя бібліятэкі адкрытай прасторы, г. зн. даецца свабодны доступ да інфармацыі на розных носьбітах. Пра такую бібліятэку марыў Міхась Яўтенавіч, яе заўсёдны наведвальнік і адданы чытач.
Невычэрпная моц жыцця, натхненне, спагадлівае сэрца і сяброўскае стаўленне да людзей, дасведчанасць і высакародная інтэлігентнасць сышліся ў асобе Міхася Цікоцкага — арыстакрата па навуковым духу і вытанчанага ў філалагічным гусце стыліста. Імя беларускага вучонага непарыўна звязана з гісторыяіі роднам Беларусі.
Нарадзіўся Міхась Цікоцкі 20 лютага 1922 г. у Бабруйску. З 1933 г. — у Мінску, дзе ў 1941 г. закончыў сярэднюю школу. Да 1943 г. знаходзіўся на часова акупаванай тэрыторыі, потым перапраўлены партызанамі на самалёце ў Маскву. Увосень 1943 г. у складзе супрацьтанкавага знішчальнага батальёна пайшоў на фронт. Летам 1944 г. пад Кобрынам быў паранены. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, двума медалямі «За адвагу».
Пасля дэмабілізацыі ў 1946 г. Міхась Цікоцкі паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях газет «Савецкі селянін» і «Калгасная праўда», у часопісе «Вожык». Адначасова вучыўся ў завочнай аспірантуры пры кафедры тэорыі і практыкі савецкай журналістыкі, а праз тры гады паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Публіцыстыка Якуба Коласа». З 1953 г. — на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спачатку быў выкладчыкам, дацэнтам кафедры тэорыі і практыкі савецкага друку, а з 1965 г. і яе загадчыкам. У касгрычніку 1969 г. заснаваў кафедру стылістыкі і літаратурнага рэдагавання, якой кіраваў дваццаць гадоў.
Доктарскую дысертацыю на тэму «Праблемы публіцыстычнага стылю» даследчык абараніў у 1972 г., а праз год атрымаў вучонае званне прафесара. Удала спалучаючы веды ў галіне журналістьікі і мовазнаўства, ён грунтоўна даследаваў паэтыку журналісцкага слова. «Стылістыка публіцыстычных жанраў» М. Цікоцкага і сёння застаецца адзінай у сваім родзе. Гэтую кнігу ў свой час вывучалі нават у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. У фарміраванні новага навуковага напрамку — стылістыкі тэксту — прафесар Цікоцкі зноў стаў першым на Беларусі: выдаў аднайменны падручнік, у якім увасобіў мару любога стыліста — з’яднаць у адно цэлае элементныя складнікі тэксту праз асобу яго стваральніка.
Рупліва назапашанае ва ўласнай навуковай і творчай скарбонцы Міхась Яўгенавіч перадаваў наступнікам, перакідваў масток да спасціжэння моўных таямніц, адкрываў шлях да творчага пошуку.
Не стала Міхася Цікоцкага 24 сакавіка 2012 г.
Віктар ІЎЧАНКАЎ,
доктар філалагічных навук.