2023 Дзядзюля, А. Захапляльны свет картаграфіі

Дзядзюля, А. Захапляльны свет картаграфіі / Алена Дзядзюля ; фота Яўгена Пясецкага // Звязда. — 2023. — 23 мая (№ 96). — С. 12 : фат.

Пра выстаўку «Мастацтва старажытнай картаграфіі» ў Мінску, складальнікам якой стаў гісторык Л. Р. Казлоў.

Захапляльны свет картаграфіі

У Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна праходзіць выстаўка «Мастацтва старажытнай картаграфіі».

Яе складальнік — вядомы беларускі вучоны, гісторык, картограф, галоўны рэдактар «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» Леў Казлоў, якога калегі за апантанае захапленне, звязанае з пошукам і аднаўленнем старажытных карт, празвалі «беларускім Меркатарам» — у гонар фламандскага географа і картографа Герарда Меркатара, які сабраў навігацыйную карту свету на 18 лістах.

Выстаўка — своеасаблівы партал у мінулае, што дазваляе даведацца, як раней людзі ўспрымалі свет, якія спрэчкі вяліся вакол яго магчымых выяў.

Дзякуючы пошукам у архівах, бібліятэках, на аўкцыёнах і ў прыватных калекцыях Льву Раманавічу ўдалося пабачыць і ўзнавіць шыкоўную калекцыю старадаўніх дакументаў. У выніку яго працы ў экспазіцыях беларускіх музеяў з’явіліся раней невядомыя выявы беларускіх земляў, якімі карысталіся падарожнікі стагоддзі таму.

Для новай выстаўкі Леў Раманавіч абраў незвычаны падыход — акцэнт зроблены на тое, як раней афармляліся карты і атласы. Так, у Сярэднявеччы для такой справы картографы звярталіся па дапамогу вядомых выдаўцоў і мастакоў. Невыпадкова XVI—XVII стагоддзі лічаць залатой эпохай у развіцці картаграфіі. У той час такія старажытныя дакументы сапраўды былі падобныя да мастацкіх твораў. У атласах можна было пабачыць выявы прыгожых мясцін, побыт гарадоў, сюжэты легенд. На адной з карт, што трапіла ў экспазіцыю, можна заўважыць нават монстраў — такім чынам яе ўкладальнікі нагадвалі, наколькі складаным і небяспечным быў шлях маракоў. Гэты прыём з жахлівымі элементамі дапамагаў уздымаць цэны на прывезеныя заморскія тавары.

Між іншым, у той час друкаваліся толькі чорна-белыя выданні, далей яны ад рукі размалёўваліся акварэльнымі фарбамі. Каляровы ж друк з’явіцца толькі ў XIX стагоддзі…

Зараджэнне картаграфіі звязана з іменем вучонага Клаўдзія Пталемея, які жыў і працаваў у Александрыі Рымскай імперыі. У горадзе, калі ён быў захоплены арабамі, вырашаўся лёс Александрыйскай бібліятэкі, кнігі «не ўгодныя Алаху» было загадана знішчыць. Але некаторыя работы Пталемея захаваліся, яны былі таемна вывезены, а ў далейшым паспелі паслужыць людзям. Усё ж карты адыгрывалі пэўную эканамічную і палітычную ролю. Калі ішлі войны, змяняліся межы, развіваўся гандаль, неабходны былі інструменты для наладжвання «навігацыі». У Еўропе карты Пталемея пачнуць выкарыстоўвацца ў XV стагоддзі.

Пэўную ролю ў развіцці картаграфіі адыгралі манастыры. Так, у 1659 годзе манах Фра Маўро з Венецыі сабраў усе вядомыя даныя і памясціў іх на адной круглай карце.

Сярод адметных еўрапейскіх спецыялістаў можна згадаць Себасцьяна Мюнстэра, які жыў у XV—XVI стагоддзях. Ён быў ужо ў даволі паважным узросце, капі вырашыў сабраць розныя карты. Калі ён зразумеў, што ўжо не зможа паездзіць па Еўропе, разаслаў лісты знакамітым вучоным-картографам з прапановай далучыцца да агульнай працы. У выніку ён атрымаў даныя ад шасцідзесяці спецыялістаў.

У XVI стагоддзі актыўна развіваць гэту галіну сталі галандцы. Дзякуючы Абрагаму Артэліусу, які ў час падарожжаў па Еўропе сабраў багаты матэрыял, на свет з’явіўся адзін з першых атласаў.

На выстаўцы можна пабачыць партрэты знакамітых картографаў і асобныя з работ, якія дзякуючы іх намаганням пабачылі свет.

Экспазіцыя таксама дае ўяўленне пра гісторыю картаграфіі, дазваляе прасачыць, як па-рознаму падаваўся такі матэрыял, якія даныя былі запатрабаванымі ў пэўныя часы.

Алена Дзядзюля.

Фота Яўгена Пясецкага.